Вы тут

Беларусь рэалізоўвае праект па стварэнні сістэмы экалагічнай асветы


Важным напрамкам рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў, а таксама міжнародных прыродаахоўных канвенцый з'яўляецца экалагічнае інфармаванне і асвета грамадскасці. А поспех падобных мерапрыемстваў залежыць ад таго, наколькі актыўна грамадскасць уцягнута ў іх рэалізацыю, у тым ліку мясцовыя згуртаванні, якія пражываюць на канкрэтных тэрыторыях.


У сярэдзіне мая ў аграгарадку Трабы Іўеўскага раёна запрацаваў аб'ект комплекснай сістэмы экалагічнай асветы грамадскасці. У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык, прадстаўнікі духавенства, тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды, Іўеўскага райвыканкама, Трабскага сельвыканкама, Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду, грамадскага аб'яднання «Беларускі экалагічны рух», адміністрацыі Трабскага ясляў-сада — сярэдняй школы, яе вучні і мясцовыя жыхары.

Аўтары праекта паставілі сабе мэту — стварыць і наладзіць функцыянаванне ў рэгіёне ўстойлівай мадэлі экалагічнай асветы для мясцовых згуртаванняў. Потым яе можна будзе маштабаваць у іншых кутках Беларусі. Для выканання мэты быў створаны комплекс дэманстрацыйных аб'ектаў для экалагічнай асветы мясцовых жыхароў і турыстаў. Спецыялісты таксама пачалі працаваць над інфармаваннем па актуальных праблемах аховы навакольнага асяроддзя і павышэннем узроўню экалагічнай свядомасці.

Падчас праекта ў рэкрэацыйнай зоне аграгарадка Трабы былі распрацаваны і ўсталяваны стэнды з інфармацыяй аб прыродным патэнцыяле тэрыторыі і актуальных экалагічных праблемах рэгіёна. Каб праводзіць семінары і трэнінгі па экалагічнай тэматыцы, там пабудавалі пляцоўку для арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Яшчэ адной важнай часткай пілотнага праекта стала акцыя па ачыстцы прыбярэжнай паласы ракі Клява ад смецця і яе добраўпарадкаванне. Акрамя таго, міністр і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства пры падтрымцы навукоўцаў Акадэміі навук Беларусі зарыбілі раку для павышэння ўстойлівасці функцыянавання яе экасістэм. Трэба адзначыць, што гэты прыродны аб'ект мае важнае значэнне для функцыянавання воднай сістэмы Нёман — Балтыйскае мора.

Кіраўнік Мінпрыроды Андрэй Худык выказаў упэўненасць, што аб'ект комплекснай сістэмы экалагічнай асветы грамадскасці, які з'явіўся ў аграгарадку Трабы, стане цудоўным прыкладам, а таксама заахвоціць добраўпарадкоўваць тэрыторыі ў іншых населеных пунктах нашай краіны.

У планах аўтараў пілотнага праекта — абсталяванне лакальнага цэнтра экалагічнай асветы, створанага на базе ВПК Трабскі яслі-сад — сярэдняя школа, дэманстрацыйнымі стэндамі і спецыяльнымі трэнажорамі, падрыхтоўка інфармацыйных матэрыялаў па праблемах змены клімату, захавання біяразнастайнасці, кіравання воднымі рэсурсамі і іншых аспектах аховы навакольнага асяроддзя. Збіраюцца таксама праводзіць інфармацыйныя сустрэчы з мясцовым насельніцтвам.

Напрыканцы мерапрыемства яго ўдзельнікі ўзялі ўдзел адразу ў дзвюх акцыях — «Дрэва героя», ініцыяванай Мінпрыроды і прымеркаванай да Года гістарычнай памяці, і «Бэз Перамогі» — сумеснай беларуска-расійскай традыцыі, распачатай у 2011 годзе Саветам Батанічных садоў дзвюх краін. На набярэжнай Клявы яны высадзілі больш за 200 саджанцаў ліпы, бэзу, розных відаў вярбы і кустоў.

Праект па стварэнні комплекснай сістэмы экалагічнай асветы грамадскасці рэалізаваны Мінпрыроды сумесна з грамадскім аб'яднаннем «Беларускі экалагічны рух» пры фінансавай падтрымцы Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду.

Таццяна ІВАНОЎСКАЯ

Фота mіnprіroda.gov.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.