Вы тут

У НББ прэзентавалі кнігу «Жывая традыцыя рамёстваў»


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя двухтомнага выдання «Жывая традыцыя рамёстваў», з якога можна даведацца, як адбывалася вяртанне і развіццё народных традыцый. У 1990—я гады здавалася, што народныя промыслы і рамёствы сыходзяць. Парушаліся традыцыйныя сувязі, моладзь з’язджала з вёсак, і майстры ўжо не маглі перадаваць навыкі праз сям’ю. Рынак быў завалены таварамі, не ставала попыту на вырабы ўмельцаў. Часам старадаўнія сакрэты па вырабу ўнікальных рэчаў захоўвалі адзінкавыя носьбіты. Калі яшчэ на Палессі, Гомельшчыне, Брэстчыне можна было сустрэць народных майстроў, то на Віцебшчыне спецыялісты ўжо разводзілі рукамі: «Як нам адраджаць рамёствы, традыцыйныя строі, многае знікла яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, а тое, што яшчэ заставалася, „дапаліла“ вайна». Але традыцыю ўдалося «злавіць за хвост», аздобіць новымі ідэямі. 


Калі краіна стала незалежнай, паўстала пытанне аб самавызначэнні беларускага народа.

— У нас раптам адкрыліся вочы на тыя скарбы, якія мы ледзь не страцілі, — узгадвае старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз майстроў народнай творчасці», доктар мастацтвазнаўства, прафесар Яўген Сахута. — Мы павінны былі вызначыць, чым выдзяляемся сярод еўрапейцаў. Традыцыйная культура — тое, чым мы можам ганарыцца, бо ў Заходняй Еўропе шмат ужо было страчана. 

Нават у канцы ХХ стагоддзя яшчэ захоўваліся аўтэнтычныя віды і формы традыцыйнага фальклору, бабулі і дзядулі маглі распавесці пра святы, абрады, звычаі і паказаць, як працаваць на ткацкім станку ці чараваць з глінай.

Неабходны былі і адпаведныя захады для таго, каб змяніць стаўленне грамадства да народнага мастацтва і задаць стымулы для яго адраджэння і развіцця. У 1999 годзе быў прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) ў Рэспубліцы Беларусь». Важна было стварыць новую сітэму для зберажэння і прасоўвання традыцыйных народных здабыткаў. У краіне пачалі ўзнікаць дамы і цэнтры рамёстваў і народнай творчасці, рамесніцкія школы, цэнтры ганчарства і ткацтва. Сёння ў Беларусі іх ужо больш за сотню. Трэба сказаць, што такая справа была новай для краіны. Многія цэнтры ствараліся з нуля, неабходна было выпрацоўваць методыкі, шукаць носьбітаў, вучыцца і прадумваць, як здабытыя веды папулярызаваць і перадаваць маладым майстрам. 

Шматлікія ўзоры традыцыйнага народнага мастацтва захаваліся менавіта дзякуючы дзейнасці цэнтраў і дамоў рамёстваў, дзе па крупіцах праз шматлікія экспедыцыі, даследванні, гутаркі з мясцовымі жыхарамі вышуквалася каштоўная інфармацыя. Былі сабраны гука- і відэа- запісы, рукапісныя і фотаматэрыялы, калекцыі прадметаў народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладного мастацтва. Пры цэнтрах ствараліся музейныя экспазіцыі, здабытымі сакрэтамі старэйшыя спецыялісты дзяліліся з калегамі. І зараз тут працуюць секцыі і гурткі, ладзяцца майстар-класы. А дзеці, якія сюды прыходзяць, пачынаюць лепш разумець каштоўнасць нацыянальнай культуры.

Сёння цэнтрам і дамам рамёстваў ёсць чым пахваліцца. Дзякуючы намаганням іх супрацоўнікаў вернуты, здавалася б, з небыцця ўнікальныя тэхнікі, адноўлены рэгіянальныя нацыянальныя касцюмы, некаторыя з іх ствараліся па ацалелых фрагментах. Адроджаны двухасноўнае, разрэджанае, закладное ткацтва, паазерскія маляваныя дываны. У Гродзенскім раёне дзетак знаёмяць з мясцовай традыцыяй упрыгажэння велікодных яек-пісанак, у Навагрудскім — з выцінанкамі-выбіванкамі. Быхаўшчына можа пахваліцца сваімі саламянымі павукамі, Бяроза — шчэпавымі птушкамі. Многія вернутыя традыцыі ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Своеасаблівай справаздачай аб такой маштабнай рабоце па вяртанню і развіццю народных традыцый стала двухтомнае навукова-папулярнае выданне «Жывая традыцыя рамёстваў». Яно падрыхтавана ў межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гады пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Ініцыятары і ўкладальнікі кніг — Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур з удзелам абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці. У двухтомніку паказаны здабыткі дамоў, цэнтраў рамёстваў і іх філіялаў, дамоў народнай творчасці і цэнтраў традыцыйнай народнай культуры, гурткоў і студый, сталых і маладых майстроў.

Прэзентацыя кнігі ладзілася ў межах выстаўкі «Жывыя крыніцы», што праходзіць ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. У ёй прынялі ўдзел кіраўнікі абласных цэнтраў народнай творчасці, дамоў і цэнтраў рамёстваў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота: nlb.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.