Вы тут

Сакрэты, новыя формы і нюансы падрыхтоўкі Славянскага базара ў Віцебску


Праз паўтара месяца паўночная сталіца Беларусі напоўніцца гукамі чароўнай музыкі, духам творчасці і звонкім смехам, бо ўжо 13 ліпеня расчыніць свае дзверы XXXІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».


Мы даведаліся аб сакрэтах і новых формах фестывалю, нюансах падрыхтоўкі і вялікім зладжаным калектыве, які стаіць за ўрачыстасцю і маштабнасцю «славянкі».

Нерэальна, але факт

Сёлета знакаміты фестываль пройдзе 31-ы раз, нават у мінулым годзе, калі з-за пандэміі ў свеце масава адмянялі канцэрты і буйныя мерапрыемствы, «Славянскі базар» не спыніўся на шляху адорвання людзей музыкай і дабрынёй, гэта своеасаблівы рэкорд. Было цяжка, арганізатарам прыходзілася мяняць праграму ў апошні месяц перад адкрыццём... Але зладжанасць каманды пераадолела нават закрытыя для транспартных камунікацый межы: падчас «базару» ў пазамінулым годзе па маршруце Віцебск — Масква курсіраваў цягнік з артыстамі. Канешне, усе мерапрыемствы прайшлі з выкананнем санітарных нормаў, урачы бралі ПЛР-тэсты адразу ў грымёрках і гасцініцах. Мінулы год яшчэ раз пацвердзіў абраны фестывалем дэвіз «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!».

«У гэтым годзе, дзякуючы бязвізаваму рэжыму, да нас прыедуць госці з блізкага і далёкага замежжа, для якіх «Славянскі базар» стаў сімвалам адзінства і натхнення, з якім яны сталелі», — адзначыў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі.

Запальваем зоркі

Асаблівы акцэнт гэтага года — юбілейная тэматыка. Яна чырвонай стужкай праходзіць праз форум з канцэпцыяй 30+1.Разынкай святочнай праграмы стане XX Міжнародны дзіцячы музычны конкурс «Віцебск-2022», які стаў прафесійным трамплінам для шматлікіх зорак эстрады. Сёлета на віцебскай сцэне будзе выступаць і хлопчык з Мексікі. Упершыню ў 2022 годзе найбольш таленавітаму і яркаму канкурсанту будзе ўручана прэмія Ігара Лучанка, а прызавы фонд Гран-пры складае пяць тысяч долараў.

На XXXІ Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2022» артысты прадставяць свае музычныя творы ў двух аддзяленнях: песня на адной са славянскіх моў у суправаджэнні аркестра і сусветны хіт з падтанцоўкай шоу-балета «Todes». Цікава, што паміж конкурснымі выступленнямі ўдзельнікаў вітаць жыхароў і гасцей Віцебска будуць заслужаныя артысты: Ларыса Доліна, Анатоль Ярмоленка, Ігар Нікалаеў і іншыя. Дарэчы, шоу-балет рыхтуе пастаноўку нумара без канкурсанта, і выканаўца з танцорамі перад выступленнем мае магчымасць толькі адзін раз правесці рэпетыцыю на сцэне летняга амфітэатра. Асаблівай увагі заслугоўвае працэс лёсавання: кожны год арганізатары прыдумваюць цэлую тэатральную замалёўку для ўдзельнікаў.

«У мінулым годзе лёсаванне праводзілі на сядзібе Ільі Рэпіна ў Здраўнёве праз вобразы гліняных збанкоў, а ў гэтым, магчыма, звяжам з колам агляду, якое зусім нядаўна стала гарадской славутасцю», — падзялілася планамі намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Марына Раманоўская.

Новы фармат

Нягледзячы на тое, што ў ліпеньскіх канцэртных праграмах рэгулярна мільгаюць модныя артысты, у гэтым годзе арганізатары ствараюць новую маладзёжную пляцоўку open-aіr каля канцэртнай залы «Віцебск». Для наведвальнікаў канцэрта электроннай музыкі з удзелам знакамітых DJі «Рытмаў лета» будзе поўная свабода рухаў для танцаў — на гэтай пляцоўцы не прадугледжаны сядзячыя месцы.

Ужо ўпадабаная гледачамі ўверцюра да фестывалю будзе запрашаць на феерыю «Гэты чароўны цырк». Для гэтага будуць створаны незвычайныя дэкарацыі, а сцэна ператворыцца ў каляровую арэну. Якой яна будзе — застаецца сакрэтам, але за прыгожай карцінкай стаіць творчая і фізічная работа вялікай каманды.

Навінкай стане праект з Расійскім інстытутам тэатральнага мастацтва «Тэатральная лабараторыя», у якой нашы студэнты-акцёры будуць пераймаць вопыт у выкладчыкаў з Расіі і замежных тэатральных труп.

Квіток, а на ім — валошка

Гарачая пара ў білетных касах Цэнтра культуры «Віцебск» пачалася яшчэ ў пачатку мая, чэргі і зараз выстройваюцца. Квіткі на мерапрыемствы з'явіліся ў продажы ў лютым, але, як заўсёды, спачатку арганізатары не раскрывалі імёны артыстаў. Сёння квіткі актыўна раскупляюць на ўрачыстае адкрыццё, «Шансон-ТБ», конкурс выканаўцаў эстраднай песні, «Залаты хіт», творчы вечар Сяргея Бязрукава і іншыя. Краіны Прыбалтыкі і блізкага замежжа браніруюць квіткі для цэлых калектываў. Дарэчы, юрыдычным асобам на канцэрты ў амфітэатры пры пакупцы ад 100 білетаў даецца зніжка 10 працэнтаў. Прыемны падарунак моладзі да 31-га фестывалю зрабілі арганізатары: на мерапрыемствы ў фармаце open-aіr квіток у першай тысячы каштуе ўсяго 31 рубель. Пасля будзе вышэй.

«У сувязі з бязвізавым рэжымам людзі вельмі ажывіліся, тыя, хто прапусціў некалькі фестываляў, хоча прыехаць у ліпені. Ажыятаж вельмі вялікі, ужо прададзена больш за 30 працэнтаў ад агульнай колькасці білетаў. Набыць квіткі можна анлайн на сайтах tіcketpro.by, kvіtkі.by», — адзначыла загадчыца білетнай касы Цэнтр культуры «Віцебск» Ала Дварэцкая.

Душа горада на Дзвіне

Будзе няправільна разважаць, што «Славянскі базар у Віцебску» — толькі канцэрты на розных пляцоўках. Гэта час, калі горад ажывае, напаўняецца мільёнамі галасоў і красак. «Фестываль — душа горада. Атмасфера, што пануе тут, не падобная ні на адну іншую. Мы ўкладваем матэрыяльныя і творчыя рэсурсы ў інфраструктуру горада з дапамогай улады і спонсараў, супрацоўнічаем з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі ўсіх краін», — расказаў Глеб Лапіцкі.

«Славянка» — гэта фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», горад майстроў, падворкі і разнастайныя пляцоўкі, чатыры дні Саюзнай дзяржавы... А яшчэ — свята натхнення, творчасці і адзінства.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА


Поўную праграму мерапрыемстваў фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» глядзіце тут

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?