Вы тут

Пад Купалавым крылом


У чарговы раз Лагойшчына вітала юныя паэтычныя таленты, удзельнікаў форуму маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча». Першы раз ён адбыўся ў 1993 годзе. За гэты час праз яго прайшло каля чатырохсот маладых паэтаў, імёны многіх з якіх сёння можна сустрэць на старонках беларускіх літаратурных выданняў. Арганізатарамі выступілі Галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама, Мінская бібліятэка імя А.С.Пушкіна і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Сёлетні форум асаблівы, бо адбываецца ў юбілейны год Песняра, чыё імя носіць. Творы, дасланыя на конкурс, чытала прафесійнае журы, якое ўзначальваў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. Сябрамі журы сталі старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў, намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» — галоўны рэдактар часопіса «Полымя» Віктар Шніп, старшыня Мінскага абласнога аддзялення СПБ Леанід Крыванос, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Мінскай вобласці Ірына Карнавухава. Пачынаючыя аўтары, чые творы былі прызнаныя лепшымі, і прынялі ўдзел у форуме. 


Праграма была насычанай. Напачатку ў Харужанцах наведалі філіял музея Янкі Купалы «Акопы», усклалі кветкі да помніка Песняру. Для ўдзельнікаў форуму правяла экскурсію народны майстра па лазапляценні Алена Гурэцкая. Потым у Лагойску ў Мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча прайшоў творчы семінар, дзе адбыліся заняткі па секцыях. Віктар Шніп, які ўжо дзесяць разоў быў сябрам журы конкурса, падзяліўся ўражаннямі:

— Мы з Ірынай Карнавухавай і Леанідам Крываносам разам з маладымі творцамі абмяркоўвалі вершы, якія былі пададзены на конкурс «Слова Купалы да творчасці кліча». Спадзяюся, што мы сваёй шчырасцю не адбілі моладзі жаданне пісаць далей, бо яны ўсе яшчэ на самым пачатку, калі можна так сказаць, паэтычнага марафона, які ў сапраўдных творцаў працягваецца да апошніх дзён жыцця, і ў гэтым марафоне не ўсім даюцца заслужаныя ўзнагароды і гучаць апладысменты. У мяне з сабой была кніжка вершаў «Васільковы мёд», і я падпісаў яе сямнаццацігадовай паэтцы з Маладзечна Амаліі Каральковай. І не толькі таму, што яна мая зямлячка, а таму, што ў яе вельмі добрыя вершы. Першыя два месцы паэтычнага конкурсу занялі і атрымалі адпаведныя дыпломы сёстры Грыбовічы Дар’я і Анастасія з Мядзельскага раёна — іх паэзія мяне таксама ўразіла.

Завяршала форум свята паэзіі «Не загаснуць зоркі ў небе...» ў Лагойскім Доме культуры, прысвечанае 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы. Маладыя паэты разам з мэтрамі выступілі на сцэне, калектывы мастацкай творчасці Лагойскага раёну аздобілі свята сваім майстэрствам.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?