Вы тут

Усёпераможная Мона Ліза


Таблоіды свету ў панядзелак паведамілі пра чарговага дзівака, не, лепей сказаць, вар'ята, які здзейсніў замах на «Джаконду» ў Луўры. Ён не прычыніў шэдэўру шкоды, можа, і не асабліва збіраўся прычыніць, а хацеў, каб на яго звярнулі ўвагу. Таму пераапрануўся ў сталую кабету, узлез на інвалідную каляску, пад'ехаў да карціны на максімальна блізкую адлегласць і пляснуў на бранірованае шкло, за якім хаваецца карціна, кавалкам торта.


Фота: pexels.com

Такім чынам хуліган нібыта хацеў звярнуць увагу грамадскасці на экалагічныя праблемы Зямлі. Пад'ехаць на калясцы ці, вобразна кажучы, на нейкай крывой казе да таго, ад каго гэтыя пытанні залежаць, рызыкоўна, можна і ў каршэнь атрымаць ад ахоўнікаў. А Мона Ліза хоць і за куленепрабівальным шклом, але ўсё роўна даволі безабаронная. Яе можна калі не пакрыўдзіць, дык абразіць, ну хоць бы вэрхал учыніць, прымусіць пагаварыць пра сябе. Ды не выключана, што цяпер ахоўнікі Луўра будуць больш уважліва ставіцца да інвалідаў-калясачнікаў, якім там створаны асаблівыя ўмовы. Але ж пагаварылі дзень-два пра гэтага тортавага бамбіста, на трэці забудуць. Тым больш што карціна перажывала многа замахаў.

Больш за сто гадоў таму, у 1911-м, палатно ўкралі з Луўра. Такім чынам яшчэ адзін выскачка хацеў выказаць пратэст супраць таго, што шэдэўр знаходзіцца ў Францыі, а не на сваёй гістарычнай радзіме, у Італіі. Але ж у Парыж «Джаконда» трапіла некалі цалкам на законных падставах. Яе прадаў французскай кароне нашчадак вучня Леанарда да Вінчы, якому аўтар завяшчаў работу... Праз тры гады пасля выкрадання злодзея знайшлі, карціну вярнулі на месца.

А з сярэдзіны ХХ стагоддзя пайшло-паехала: у 1956 годзе адзін вар'ят пырснуў на палатно кіслатой, другі ў гэты ж год запусціў каменем. Не прайшло і 20 гадоў, у 1974-м, на карціну кідалі шклянку з фарбай, яшчэ праз тры дзесяцігоддзі кідалі кубкам. Але пасля 56-га года замахі не наносілі шкоды, карціна была надзейна захаваная пад асаблівым шклом. Ну і цяпер вось знайшоўся — не ён першы, не ён, відаць, апошні. А яна перажыве і будзе глядзець далей на гэтае дзіўнае чалавецтва, якое вось ужо за паўтысячагоддзя не вельмі і перамянілася. На жаль.

Даводзілася сустракаць меркаванне, што шкло абараняе шэдэўр не толькі ад вандалаў, але і замінае сапраўднаму візуальнаму кантакту з гледачом. Карціна гэтая, як вядома, асаблівая, створаная спосабам шматслойнага жывапісу. Яна складаецца з амаль празрыстых надзвычай тонкіх слаёў колеру, якія пакрываюць зыходны малюнак. Колеры пераходзяць адзін у адзін настолькі плаўна, што контурныя лініі раствараюцца. Дзіўна, але тут намалявана нават паветра. І гэтая ўсмешка, што ўжо столькі часу бударажыць сваёй загадкавай недасягальнасцю... Не ведаю, хутчэй за ўсё, і так, менавіта без шкла яна адкрывалася б іншымі гранямі і пачуццямі кожнаму, хто прыходзіць у гэтую залу Луўра, але з-за такіх во вандалаў мы не можам паглядзець на твор мастацтва цалкам ужывую.

У 2011 годзе, акурат праз стагоддзе пасля крадзяжу, мне пашчасціла паглядзець на «Джаконду». І першае, што ўражвае, — невялікія памеры карціны: 77х53 сантыметры. Можа, ад таго, што ісці туды вельмі доўга ледзь не лабірынтамі Луўра, як і задумана гаспадарамі галерэі, таму калі нарэшце прыходзіш, то падсвядомасць настроена ўбачыць палатно памерам, можа, з «Сіксцінскую мадонну». А перад табой — зусім невялікая карціна за шклом, да якой не падыдзеш блізка. І не толькі з-за музейных бар'ераў, але і з-за вялікай колькасці турыстаў. Літаральна перада мной, нібы бульбы з меха, высыпала некалькі груп кітайскіх наведвальнікаў, ды так, што туды было не падступіцца. Давялося любавацца наводдаль. І ўсё роўна, нават так, сіньёра Ліза Герардзіні зачароўвае. Ствараецца ўражанне што не ты глядзіш на яе, а яна сама назірае за табой. І яе погляд заўсёды накіраваны на цябе, як бы ты ні перамяшчаўся.

Недзе давялося чытаць, што Леанарда стварыў жывы твар жывога чалавека, цудоўным чынам аднавіў адухоўлены вобраз. Таму гэта нават не карціна, а прысутнасць. Як цяпер сказалі б, 3D альбо 5D-эфект, толькі спасцігнуты сярэдневяковым чалавекам. Ён жа нездарма лічыцца геніем, які апярэдзіў час.

Ну і наконт асобы Лізы ёсць шмат версій. Некаторыя лічаць, што ніякай Лізы Герардзіні не было наогул. Мастак увасобіў у творы рысы свайго любімага вучня, іншыя думаюць, што ў гэтай рабоце заключаны аўтапартрэт мастака. Ёсць версія, што аўтар стварыў нейкі зборны вобраз ідэальнай жанчыны. Але ж прататып, яго наяўнасць ці адсутнасць тут не важныя, асабліва праз столькі гадоў. Важна, што яна жыве, на працягу вякоў пра нешта думае, разважае, і гэтая яе ледзьве ўлоўная ўсмешка прымушае меркаваць, што яна нешта ведае такое, аб чым не здагадваемся мы. Можа таму так цягне да яе ўсялякіх вар'ятаў. Апантаныя шаленствам не могуць прайсці міма, каб не вызначыцца якой брыдотай. Але яна сцерпіць, яна перажыве іх. Ёй яшчэ сотні гадоў глядзець на такіх розных нас.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.