Вы тут

Людзі чакаюць бібліёбус і вырашэння бытавых праблем


Прыезд бібліятэкі на колах стаў даволі звыклай з'явай для многіх жыхароў аддаленых вёсак Карэліцкага раёна. Але месцічы ведаюць: разам з кнігамі ў вёску прыедуць і прадстаўнікі розных службаў, напрыклад райаддзела па надзвычайных сітуацыях і міліцыі. Далучаюцца і работнікі культуры. Магчымасцю сустрэчы карыстаюцца мясцовыя ўлады. Так адбылося і гэтым разам. Прыезд бібліобуса стаў падставай для вясковых сходаў у Красненскім сельвыканкаме.


Напрыканцы весны мабільная бібліятэка праехала па маршруце Загор'е — Горная Рута — Кальчычы — Астухава — Навашына. Каб падарыць святочны настрой вяскоўцам, да вандроўкі далучыўся народны ансамбль песні «Забава» Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Бібліятэкар са стажам Таццяна Рахманько расказвае, што ў зоне яе абслугоўвання больш за 30 вёсак. Усе яны размеркаваны па 10 маршрутах. Самы працяглы — пад нумарам чатыры, куды ўваходзіць пяць вёсак. Ёсць і вельмі малыя вёсачкі, як, напрыклад, Руднікі ці Альшаны, дзе пражывае ўсяго некалькі чалавек.

— Людзі чакаюць нас. Цікавяцца сучаснай прозай, у тым ліку і беларускай. Выбар даволі вялікі: гэта і мастацкія выданні, і часопісы. Мы ўжо больш-менш ведаем попыт нашых чытачоў і вязём кнігі адпаведна з іх запытамі. Ёсць і спецыяльныя часопісы, напрыклад, па садоўніцтве ці рукадзеллі. На любы густ. Шмат дзіцячай літаратуры, бо сярод чытачоў — 25 дзяцей. Літаратура даецца на рукі, а ў наступны прыезд мяняецца. Фонд нядрэнны, а калі чагосьці не хапае, мы можам заказаць кнігу нават у Нацыянальнай бібліятэцы. Быў такі выпадак, калі чалавеку спатрэбілася спецыфічная літаратура для навуковай працы, — тлумачыць бібліятэкар.

Бібліёбус выязджае ў раён некалькі разоў на тыдзень. Графік публікуецца ў раённай газеце. Да паездак далучаюцца прадстаўнікі РАУС, МНС, прафсаюза мясцовай гаспадаркі, работнікі культуры. А для сельвыканкамаў — гэта яшчэ адна магчымасць правесці міні-сход. Цяпер, пасля пандэміі, такая сувязь стала больш актыўная. Людзі ахвотна прыходзяць на сустрэчы, бо акрамя кніг, актуальнай інфармацыі можна даведацца аб вырашэнні некаторых надзённых пытанняў у мясцовай улады.

— Нядаўна прайшоў сход, дзе акцэнтавалася ўвага на папарэджанні пажараў, на бяспечных паводзінах дзяцей на вадаёмах. Наступае лета, дзятва прыязджае на канікулы ў вёску, да бабуль і дзядуль, якія павінны несці за іх адказнасць, — зазначыла ў размове старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Ляйко.

Ёсць нямала пытанняў, якія хвалююць вяскоўцаў не адзін год. І самае набалелае — добраўпарадкаванне дарог. Тыя, што вядуць ад трасы ў вёску, і дарогі праз населены пункт. Многія з іх выклікаюць справядлівыя нараканні жыхароў.

— У сельскіх Саветаў на балансе дарог няма, яны знаходзяцца на абслугоўванні ДРБУ. І фінансавання для іх амаль не выдзяляецца, яны быццам нічые. І таму гэта адна з асноўных праблем, — кажа старшыня сельвыканкама. — Мы па кожнай дарозе выходзім з хадайніцтвам, пішам заяву па звароце грамадзян. Вось, напрыклад, нам нядаўна прыйшоў адказ з дарожнага ўпраўлення, што будзе зроблены ямачны рамонт у ліпені — жніўню\і. Згодна з графікам, вядзецца грэйдзіраванне. У рамонце дарог дапамагае і мясцовая гаспадарка.

Актуальнае для сельскай мясцовасці пытанне і вывазу смецця. Сельвыканкам сумесна з ЖКГ вядуць работу па недапушчэнні забруджвання навакольнага асяроддзя. Вызначаюцца месцы для складзіравання смецця, адкуль потым камунальнікі яго вывозяць. Адпаведныя дагаворы заключаны з больш чым 90 % насельніцтва. На летні перыяд дакументы афармляюцца з дачнікамі. Сельвыканкам скіраваны на тое, каб дагаворы па вывазе смецця мелі ўсе жыхары вёсак. Для людзей паслуга каштуе не дорага, хаця жыллёва-камунальнае прадпрыемства нясе па ёй пэўныя страты.

Па словах Тамары Ляйко, нямала зваротаў у сельвыканкам ад нашчадкаў, якія вяртаюцца ў бацькоўскія дамы і вырашаюць пытанні добраўпарадкавання сядзіб. Ёсць і такія, хто жадае набыць дом у маляўнічых мясцінах раёна. Побач і Нёман, і возера Свіцязь. Некаторыя купляюць дамы, якія перададзены сельвыканкамам, і пераязджаюць з горада ў вёску.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена Карэліцкай раённай бібліятэкай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».