Вы тут

Дзень абароны дзяцей. Якія меры падтрымкі маладых грамадзян дзейнічаюць у краіне


У Беларусі 1 мільён 847 тысяч дзяцей, а гэта 20% насельніцтва. Кожнае пятае дзіця выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. Пра сістэму дзяржаўнай падтрымкі непаўналетніх расказалі спецыялісты напярэдадні Міжнароднага дня аховы дзяцей. 


Кожнае чацвёртае дзіця атрымлівае дзярждапамогу

Для матэрыяльнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі ў нашай краіне функцыянуе сістэма дзяржаўных дапамог. Іх 11 відаў. Самыя значныя — адзінаразовая дапамога пры нараджэнні дзіця і штомесячная — па догляду за дзіцяці да трох гадоў. Апошняя прызначаецца незалежна ад даходаў сям’і і ўплаты страхавых узносаў. Адзінаразовая дапамога пры нараджэнні першага дзіця складае 10 БПМ, на сёння гэта больш за тры тысячы рублёў. Пры нараджэнні другога і наступных дзяцей такая выплата складае ўжо 4,5 тысячы рублёў (14 БМП). 

Штомесячная дапамога па догляду за дзіцяці да трох гадоў перавышае мінімальны заробак і складае на першае дзіця 35% ад сярэдняй заработнай платы работніка за квартал. Сёння гэта 540 рублёў. На другое дзіця — 617 рублёў (40% сярэдняй зарплаты), дзіця-інваліда — 694 рублі. 

— Сем’ям пры нараджэнні другога дзіця і наступных выплочваецца дзве дапамогі: на дзіця да трох гадоў у павышаным памеры і на дзіця ад трох да 18 гадоў у памеры 50% БПМ. Агульны памер двух дапамог складае 770 рублёў у месяц, — расказала кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Коваль.

Усяго ў Беларусі сістэмай дапамог ахоплена больш за 420 тысяч дзяцей — кожае чацвёртае дзіця ў краіне. У 2021 годзе расходы на іх выплату складі 2,7 мільярды рублёў. Беларусь — адна з тых нямногіх краін, дзе ў адпачынку па догляду за дзіцяці можна знаходзіцца да трох гадоў і атрымліваць увесь гэты час дапамогу. Можна працаваць на палову стаўкі ці на даму і атрымліваць гэту выплату ў поўным памеры. Пры афармленні дзіця ў дашкольную ўстанову памер дапамогі таксама не мяняецца. У адпачынку па догляду за дзіцяці цяпер знаходзіцца 225,7 тысяч чалавек. 

Для шматдзетных сем’яў у Беларусі дзейнічае праграма па паляпшэнні жыллёвых умоў. Цягам года такія сем’і накіроўваюцца на будаўніцтва кватэр. Штогод больш за 12 тысяч шматдзетных сем’яў паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы. Летась гэта зрабілі 12 002 сем’яў. Ім выдаткавана 128 мільёнаў рублёў крэдытных сродкаў і 342,3 мільёна субсідый.

Каля 1000 дзяцей штогод нараджаецца з дапамогай ЭКА

Беларусь займае 35-е месца сярод 175 краін свету па рэйтынгу шчаслівага дзяцінства, расказала загадчык лабараторыяй праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ «Маці і дзіця» Маргарыта Дзевялтоўская. Наша краіна займае адно з вядучых месцаў у свеце па ўзроўні смяротнасці нованароджаных — яна ў нас рэкордна нізкая і складае 2,6 на 1 тысячу нованароджаных. 

— У нас актыўна развіваюцца тэхналогіі, звязаныя з аказаннем дапамогі дзеця, якія нарадзіліся з экстрэмальна нізкай масай цела. Выжывальнасць дзяцей, якія нарадзілісяз вагой менш за 1,5 кілаграмы, адна з самых высокіх у свеце і перавышае 83%. Інвалідызацыя дзяцей, якія нарадзіліся з вагой менш за кілаграм не перавышае 17-18%, — расказала Маргарыта Дзевялтоўская.

У Беларусі штогод нараджаецца каля тысячы дзяцей з дапамогай дапаможных тэхналогій, у прыватнасці, ЭКА. Медыкі ажыццявілі 800 спроб бясплатнага ЭКА, з іх 500 у РНПЦ «Маці і дзіця». Яе эфектыўнасць — 40%, гэта значыць са 100 спроб 40 сталі паспяховымі.

Каля сотні бацькоў летась здолелі вярнуць дзяцей у сям’ю

У 2021 годзе 1200 дзяцей засталіся без папячэння бацькоў з розных прычын. 

— За апошнія 5-10 гадоў назіраецца дакладная тэндэнцыя па змяншэнні колькасці дзяцей, якія застаюцца без папячэння бацькоў па прычыне іх пазбаўлення бацькоўскіх правоў. З 2015 года іх колькасць скарацілася на 23%. Не можа не радаваць і той факт, што бацькі наладжваюць адносіны з дзецьмі і вяртаюць іх у сем’і. Летась па прычыне аднаўлення ў бацькоўскіх правах вернуты ў сям’ю 105 дзяцей з замяшчальных сем’яў. А 95 бацькоў аднавіліся ў бацькоўскіх правах у аносінах да 124 дзяцей летась. У адносінах 10 бацькоў (не вялікая колькасць, але кожны такі выпадак адметны) адменена рашэнне суда аб адабранні дзіця, — расказала галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўанга ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена Сімакова. 

Колькасць замяшчальных сем’яў у Беларусі ў апошнія гады не павялічваецца, і звязана гэта з тым, што сёння меншая колькасць дзяцей мае патрэбу ва ўладкаванні ў такія сем’і. Пры гэтым у Беларусі функцыянуе 291 дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзе выхоўваецца 1822 дзіцяці. Толькі 6% з гэтых дзяцей з’яўляюцца біялагічнымі сіротамі, астатнія дзеці маюць бацькоў, якія не могуць займацца іх выхаваннем, бо не стварылі належныя ўмовы ці самі сталі крыніцай гвалту ці пагрозы іх жыццю і здароўю. Акрамя таго, у краіне 1748 прыёмных сем’яў і 6299 апякунскіх.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.