Вы тут

Дэпутаты Магілёўскай вобласці вывучылі вопыт Кругляншчыны з выездам на месца


Круглае стала месцам правядзення 38-й сесіі Магілёўскага аблсавета дэпутатаў. Пытанні, якія тут разглядаліся, датычыліся эфектыўнасці выкарыстання нерухомай маёмасці і ролі органаў мясцовага самакіравання ў жыццезабеспячэнні насельніцтва. Акрамя дэпутатаў, у рабоце сесіі прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва аблвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, абласных арганізацый і службаў.


Ініцыятывы падтрыманы

Круглянскі раён — гэта райцэнтр і 139 населеных пунктаў, у якіх пражывае больш чым 13 тысяч чалавек, прычым у 88 з іх колькасць насельніцтва складае каля 20 чалавек. Наколькі камфортна ім жывецца? Удзельнікі пасяджэння наведалі шэраг аб'ектаў, каб наглядна ўбачыць, якая праводзіцца работа па стварэнні працоўных месцаў, арганізацыі вольнага часу, уцягванні насельніцтва ў жыццё раёна. Тутэйшы дэпутацкі корпус працуе адначасова па ўсіх кірунках. І тое, што гэта не проста словы, даказвае 15 рэалізаваных за апошнія гады грамадскіх ініцыятыў.

— Мы правялі работы па добраўпарадкаванні двух гідралагічных помнікаў прыроды мясцовага значэння — крыніцы каля Цяцерынскай ГЭС і непасрэдна ў аграгарадку Цяцерына, — кажа старшыня Круглянскага райсавета Сяргей Храмцоў. — Работы па добраўпарадкаванні выкананы сіламі грамадзян і пры партнёрскім удзеле Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў.

З дапамогай народных абраннікаў рэалізаваны дзве ініцыятывы мясцовага Дзіцячага парламента. Гэта добраўпарадкаванне спуску да ракі Друць, капітальны рамонт танцпляцоўкі з закладкай капсулы часу («МС» падрабязна пісала, як шчыравалі ўсе зацікаўленыя на гэтым аб'екце) і стварэнне сучаснай варкаўт-пляцоўкі на гарадскім стадыёне. У фінансаванні прымалі ўдзел жыхары, мясцовыя прадпрыемствы і зноў-такі асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. У аграгарадку Старое Радча, куды да бабулі ў госці школьнікам прыязджаў вядомы артыст і вядучы Сяргей Бадроў, абсталявалі спартыўную пляцоўку і правялі свята. За кошт сродкаў мясцовага сельгаспрадпрыемства і пры непасрэдным удзеле жыхароў вёскі тут быў усталяваны памятны знак артысту, які трагічна загінуў.

Практыкуецца традыцыя правядзення свята вёскі ў населеных пунктах, якія ў нядаўнім мінулым мелі статус цэнтральных сядзіб калгасаў і саўгасаў. Сёлета будуць святкаваць чацвёрты раз.

Дэпутат Запрудскага сельсавета Марыя Акулік ініцыіравала адкрыццё ў аграгарадку Запруддзе групы здароўя «Асарці». Спартыўны інвентар набыты пры партнёрскім удзеле абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў. Сама Марыя Рыгораўна не толькі ідэйны натхняльнік, але і кіраўнік «Асарці». Група, дарэчы, аб'ядноўвае прыхільнікаў здаровага ладу жыцця не толькі аграгарадка, але і найбліжэйшых вёсак.

— Практыку работы органаў мясцовага самакіравання абагульняем і тыражуем, — звяртае ўвагу старшыня райсавета. — На сустрэчах з органамі мясцовага самакіравання, раённых мерапрыемствах заўсёды адшукваем магчымасць заахвочвання самых актыўных і ініцыятыўных членаў.

Фота Алега Мякінькага.

Прыклад «Усходняга»

Вядома, што развіццё любога раёна звязана з рэалізацыяй сацыяльна значных інвестыцыйных праектаў, якія даюць магчымасць задзейнічаць у рабоце незапатрабаваную маёмасць і стварыць працоўныя месцы. Адным з цікавых аб'ектаў, якія наведалі ўдзельнікі пасяджэння, стала прыватнае прадпрыемства «Усходні». На вялікіх плошчах (агульная амаль два гектары) так званай «незавершанкі» створана вытворчасць, звязаная з апрацоўкай і выдаленнем адходаў, а таксама другасным выкарыстаннем матэрыялаў. У перапрацоўку ідуць ПЭТ-бутэлькі, адходы поліэтылену і поліпрапілену розных марак і відаў. Акрамя гэтага, асвоены рэцэптуры вытворчасці фарбавальніка на аснове поліэфіраў, акрылу і поліпрапілену. У будучыні тут збіраюцца запусціць лінію па мыцці забруджаных плёнак, у тым ліку сельгасстрэйчу.

— У кожным раёне праводзіцца работа па ўцягванні ў гаспадарчы абарот нявыкарыстанай маёмасці. Завод «Усходні» — адзін з нямногіх прыкладаў, калі на такой плошчы створана сур'ёзная вытворчасць, — адзначыў старшыня Камітэта дзяржмаёмасці Магілёўскага аблвыканкама Алег Мякінькі. — Гэта адзін з найлепшых прыкладаў падобнай арганізацыі на перыферыі. Тут вельмі зацікаўлены ў выкарыстанні пустых плошчаў і стварэнні працоўных месцаў. Менавіта на такіх вытворчасцях максімальна рэалізоўваюцца магчымасці заканадаўства.

Алег Мякінькі заўважае, што ўвядзенне ў гаспадарчы абарот незапатрабаванай нерухомасці пераследуе які мінімум трыадзіную мэту. Гэта пазбаўленне ад аб'екта, які аказвае дадатковую нагрузку на балансаўтрымальніка, ліквідацыя пагрозы няшчасных выпадкаў на такім аб'екце і ўцягванне ў эканоміку чалавечага патэнцыялу.

— Сёння на заводзе «Усходні» працуе каля ста чалавек, прычым частка з іх — абавязаныя асобы, якія павінны кампенсаваць выдаткі, затрачаныя дзяржавай, напрыклад, на ўтрыманне дзяцей, — падкрэслівае важнасць праблемы суразмоўца. — Для той работы, якой яны тут займаюцца, не патрэбна адукацыя, спецыяльная падрыхтоўка. Усе неабходныя веды работнікі атрымліваюць пры паступленні на работу. І тое, што знаходзяцца людзі, якія ўкладваюць грошы ў вытворчасць, тым самым садзейнічаюць развіццю раёна, вельмі важна. Яны з'яўляюцца добрым прыкладам для іншых.

Слаўная гісторыя

Захаванне традыцый, увекавечванне памяці воінаў і партызан Вялікай Айчыннай вайны — адзін з прыярытэтных кірункаў работы мясцовай улады. За сродкі Фонду міру і абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў заменены помнік спаленым жыхарам у вёсцы Гаёнка Цяцерынскага сельсавета, заменена мемарыяльная дошка на брацкай магіле ў аграгарадку Камсенічы. На будынку раённай паліклінікі ўстаноўлена мемарыяльная дошка медыкам — членам патрыятычнай падпольнай арганізацыі барацьбы за вызваленне Радзімы. Яшчэ дзве памятныя дошкі — настаўніку замежнай мовы, падпольшчыку Аляксандру Дарашкову і першаму дэпутату Вярхоўнага Савета БССР Вользе Ярковіч, якая загінула ў канцэнтрацыйным лагеры ў Германіі, — з'явіліся на сценах будынкаў Комсеніцкага ВПК і ЗАТ «ААБ-Агра Цяцерына». На будынку круглянскай СШ № 1 устаноўлена мемарыяльная памятная дошка настаўніку біялогіі і ваеннай справы капітану Уладзіміру Ладышкіну. За кошт сродкаў, сабраных на суботніку, вядуцца работы па ўсталяванні памятнага знака на месцы масавага расстрэлу жыхароў раёна.

— З мінулага года працягваецца актыўная работа па ўвекавечанні памяці тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, — рэзюмуе старшыня Круглянскага райвыканкама Сцяпан Палоннікаў. — Мы не забываем пра сваіх гераічных землякоў.

Старшыня райвыканкама звярнуў увагу і на тое, якая работа праводзіцца па падтрымцы народных ініцыятыў і стварэнні ўмоў для здаровага ладу жыцця. Мясцовая футбольная каманда «Зара» пэўны час была прадметам гонару круглянскіх заўзятараў, яна станавілася пераможцам шматлікіх прэстыжных конкурсаў. Зараз робіцца ўсё для таго, каб узняць былы аўтарытэт.

У партнёрстве з насельніцтвам

На прыкладзе Цяцерынскага сельсавета ўдзельнікі сесіі азнаёміліся, як суб'екты гаспадарання ўзаемадзейнічаюць з насельніцтвам. Яны пабывалі на ЗАТ «Цяцерына» і прыродаахоўнай установе «Цяцерынскае» (для аматараў палявання і рыбалкі тут створаны выдатныя ўмовы), якія з'яўляюцца, як той казаў, бюджэтаўтваральнымі на тэрыторыі сельсавета. Вопытам работы з адзінокімі і адзінока пражываючымі грамадзянамі падзяліліся прадстаўнікі раённага ўпраўлення па працы, занятасці і абслугоўванні насельніцтва. На прыкладзе дзейнасці Савета грамадскага пункта аховы правапарадку і аглядальных камісій ацанілі поспехі па прафілактыцы гібелі людзей на пажарах. Сваімі прыкладамі па лініі самазанятасці падзяліліся фермеры і прадстаўнікі асабістых падсобных гаспадарак. А выкладчыкі Цяцерынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы расказалі, якая работа праводзіцца па грамадска-патрыятычным выхаванні.

— Цеснае ўзаемадзеянне з насельніцтвам дазваляе нам даведацца, што турбуе жыхароў, — адзначае старшыня райвыканкама. — Сустрэчы, круглыя сталы, дыялогавыя пляцоўкі, дні інфармавання, дні жывёлавода, кантакты наўпрост з людзьмі дазваляюць нам своечасова вырашаць праблемы. Разам з насельніцтвам вядзецца добраўпарадкаванне месцаў агульнага карыстання, рэалізоўваюцца народныя ініцыятывы. Асабліва шчыльна працуем з моладдзю. Аказваем усебаковую падтрымку Маладзёжнаму парламенту, касцяк якога складае патрыятычны клуб «Адзінства».

Для паўнаты ўражанняў дэпутаты наведалі таксама знакаміты этнатурыстычны комплекс «Мікалаеўскія сажалкі», які карыстаецца павышаным попытам нават у расіян. Дарэчы, на яго тэрыторыі функцыянуе чатыры музеі, калекцыі якіх пастаянна папаўняюцца.

Круглянскі раён прадэманстраваў, што тут ёсць шмат такога, чаму можна павучыцца.

Старшыня аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык адзначыла высокі ўзровень ўзаемадзеяння мясцовай ўлады з насельніцтвам у вырашэнні пытанняў мясцовага значэння. Выканаўчы дырэктар Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых дэпутатаў Паліна Церашкова таксама заўважыла, што дзякуючы ініцыятыўнасці насельніцтва ў асацыяцыі склалася цеснае супрацоўніцтва з раёнам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?