Вы тут

Кансультацыя юрыста. Як беларусцы даказаць, што яна ўдава афрыканца?


Дзяўчына з невялікага райцэнтра Беларусі выйшла замуж за студэнта-афрыканца. У шлюбе ў іх нарадзіўся сын. Жыццё ішло. Але аднойчы муж паехаў на радзіму вырашаць нейкія сямейныя пытанні, а праз некаторы час яго сваякі даслалі паведамленне, што ён... памёр. Перажыўшы першы шок, жонка вырашыла атрымаць пасведчанне аб яго смерці, каб абазначыць свой статус удавы. Аднак сваякі мужа замест патрэбнага дакумента пасля яе шматлікіх просьбаў даслалі на пошту толькі копію медыцынскай даведкі з бальніцы, дзе ён памёр. Даведка таксама выглядала даволі дзіўна, зыходзячы з яе перакладу: даныя сужэнца супадалі толькі часткова, не было ўказана яго прозвішча і дата нараджэння, выклікала пытанні і пячатка бальніцы, якая дрэнна чыталася. Паехаць на радзіму мужа асабіста, каб атрымаць пасведчанне, жанчына не магла. Дарагі пералёт і адсутнасць якойсьці дапамогі з боку сваякоў мужа ніяк гэтаму не спрыяла. Каб выпатрабаваць даведку з радзімы мужа, яна звярнулася па дапамогу да спецыялістаў, і вось тут пачаўся сапраўдны дэтэктыў...


Фота: pexels.com

Сярод памерлых не значыцца

Шлюбаў з іншаземцамі ў нашай краіне заключаецца не сказаць, каб вельмі шмат, аднак у агульнай колькасці адносін, што рэгіструюцца, яны займаюць 7 %. Спецыялісты штораз папярэджваюць жаніхоў і нявест, якія збіраюцца звязаць жыццё з замежнікам, што, акрамя кахання і жадання, трэба мець яшчэ і ўяўленне аб сваіх правах і абавязках у інтэрнацыянальным шлюбе. Асабліва калі плануецца яшчэ і нараджэнне дзяцей. Тым не менш праблемы працягваюць з'яўляцца, і далёка не ўсе іх удаецца вырашыць.

— Паколькі з краінай, адкуль родам муж гераіні, у Беларусі не заключана Канвенцыя аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах, выпатрабаваць пасведчанне аб смерці афіцыйна немагчыма. А даведка (у тым выглядзе, у якім яе атрымала жанчына) ад сваякоў памерлага мужа не мае юрыдычнай моцы, — патлумачыла Крысціна Обухава, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама. — Разам з тым, каб аформіць свой юрыдычны статус пасля смерці мужа, ёй трэба мець на руках легалізаванае пасведчанне аб яго смерці. З дапамогай нашых дзяржорганаў мы накіравалі запыт кампетэнтным органам замежнай дзяржавы, якія пасадзейнічалі ў выпатрабаванні неабходнай інфармацыі. Аказалася, што афіцыйных звестак пра смерць сужэнца... няма.

Паколькі жанчына не можа паехаць на радзіму мужа, каб на месцы самастойна высветліць, што здарылася, і атрымаць неабходныя дакументы, яна можа падаць дакументы на развод.

— Скасаванне шлюбу ў дадзенай сітуацыі — бадай што адзінае выйсце. Абвясціць мужа ў пошук ці прызнаць яго памерлым у жанчыны не атрымаецца, паколькі ён іншаземны грамадзянін, які самастойна паехаў да сябе на радзіму. Тым больш што на сувязь выходзілі яго сваякі са сцвярджэннем, што ён не знік, а памёр, — падкрэсліла Крысціна Обухава.

Скасаваць шлюб без мужа

Як беларусцы скасаваць шлюб з іншаземцам, калі ён адсутнічае ў Беларусі і дакладнае месцазнаходжанне яго невядомае, расказала Галіна Сасноўская, адвакат Гомельскай абласной калегіі адвакатаў.

Скасаванне інтэрнацыянальных шлюбаў, калі адзін з сужэнцаў — беларус, а другі — іншаземны грамадзянін (як і ўступленне ў шлюб) адбываецца ў нашай краіне згодна з заканадаўствам. Калі абодва сужэнцы пражываюць на тэрыторыі Беларусі, то развесціся яны могуць у агульным парадку. Адзін варыянт: па ўзаемнай згодзе шляхам падачы сумеснай заявы на скасаванне шлюбу ў загс (калі ў пары няма агульных непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак). Другі варыянт: развод судом па іску аднаго з сужэнцаў.

— Складанасці з разводам узнікаюць, калі сужэнец-іншаземец пражывае ў іншай краіне ці калі яго месцазнаходжанне невядомае. Пры скасаванні шлюбу з замежнікам, які пражывае ў іншай краіне, згодна з законам, неабходна звяртацца з іскавай заявай па месцы жыхарства адказчыка, то-бок, у кампетэнтныя органы дзяржавы, дзе ён жыве. З гэтага правіла ёсць выключэнні. Ісцец можа звярнуцца з іскам аб скасаванні шлюбу ў суд па месцы свайго жыхарства, калі пры ім знаходзяцца непаўналетнія дзеці або калі з-за стану здароўя выезд па месцы жыхарства адказчыка для яго цяжкі.

Калі месца жыхарства сужэнца-іншаземца невядомае або ён не мае месца жыхарства ў Беларусі, то іск можна прад'явіць па месцы знаходжання маёмасці замежніка або па яго апошнім вядомым месцы жыхарства ў Беларусі.

— Са скасаваннем шлюбу заўжды цесна звязаны пытанні аб тым, з кім далей будуць пражываць агульныя непаўналетнія дзеці, а таксама пытанні, якія датычацца падзелу сумесна нажытай маёмасці, — звярнула ўвагу Галіна Сасноўская. — Спрэчкі аб далейшым пражыванні непаўналетніх вырашаюцца згодна з законам той краіны, дзе пражывалі сужэнцы з дзецьмі. Калі муж і жонка жылі ў розных дзяржавах, то ўлічваецца грамадзянства дзіцяці. Спрэчкі аб падзеле маёмасці сужэнцаў вырашаюцца згодна з заканадаўствам дзяржавы, дзе яны сумесна пражывалі. Калі муж і жонка валодаюць маёмасцю і ў Беларусі, і ў іншай краіне, то прыйдзецца звяртацца ў суды абедзвюх дзяржаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.