Вы тут

«Студатрадаўскі рух — найлепшае, што БРСМ ўзяў ад камсамола»


Чарговы герой рубрыкі «Плеяда маладых» — другі сакратар ЦК БРСМ, куратар рэспубліканскага студатрадаўскага руху Аляксандр Прохараў. Як вясковы настаўнік гісторыі стаў значнай асобай самай буйной маладзёжнай арганізацыі краіны, які конкурс на месца ў найлепшыя працоўныя атрады Беларусі і ад чаго спяваюць сэрцы студатрадаўцаў — у новым інтэрв'ю «Плеяды маладых».


— Аляксандр, што, на ваш погляд, уяўляе сабой сучасны студатрадаўскі рух?

— Гэта вельмі магутны рух, які аб'ядноўвае штогод дзясяткі тысяч маладых людзей. Справа іх рук — не разавыя «акцыі» і не выключна заробкі, а магчымасць быць датычным да ўзвядзення знакавых аб'ектаў краіны. Сярод іх — Нацыянальная бібліятэка, Мінск-Арэна, стадыён «Дынама», Аўгустоўскі канал, Музей ВАВ, Беларуская АЭС. На мой погляд, студатрадаўскі рух — найлепшае, што сучасны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі ўзяў ад камсамола.

— Каб стаць студатрадаўцам, неабходна быць членам БРСМ?

— Кожны малады беларус мае магчымасць прыняць удзел у гэтым руху, але ў нас ёсць конкурс на ўступленне ў атрад. У найлепшыя — дзесьці 7 чалавек на месца. Такому конкурсу могуць пазайздросціць многія ВНУ. Прыярытэт аддаецца актывістам саюза моладзі, але членства ў БРСМ не абавязковая ўмова.

— Як тады запісацца ў студатрад?

— Мы распрацавалі маладзёжны прома-праект «Выбірай студатрад» для ўсіх навучальных устаноў. Малады чалавек запаўняе анкету, якую перадае ў пярвічную арганізацыю БРСМ. Там ён адзначае працягласць сваёй работы, сферу пажаданай дзейнасці, чаканні па заробку. Летась мы апрабавалі ў Мінску чат-бот, праз які можна было пакінуць заяўку на ўступленне ў студатрад. Ён добра сябе паказаў, і сёлета мы распаўсюдзілі такую форму на ўсю Беларусь. Акрамя таго, на сайце БРСМ ёсць анлайн-прыёмная, дзе таксама можна пакінуць заяўку.

— Колькі ўжо ахвотных атрымаць месца працы?

— Мы атрымалі ўжо больш за 27 тысяч заявак.

— І ўсіх зможаце ўладкаваць?

— У мінулым годзе мы працаўладкавалі 34 тысячы маладых людзей. Увогуле, ставім амбіцыйную задачу — зрабіць Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў маладзёжным цэнтрам занятасці.

— Верагодна, самае папулярнае пытанне — колькі можна зарабіць у студатрадзе?

— Студатрады — гэта не толькі пра грошы, але і пра асаблівую атмасферу. Калі казаць пра канкрэтныя лічбы, то яны добрыя. Па-першае, у студатрадах ільготныя падаткі (ад падаходнага падатку вызвалены). Другое — заробкі залежаць ад профілю. Самыя высокія ў будаўнікоў. У цэлым, сёння на рэспубліканскіх праектах заработная плата ад 750 да 1200 рублёў за поўны месяц.

— На якіх прадпрыемствах і будпраектах задзейнічаюць студатрады сёлета?

— Трэці год моладзь працуе на «Атланце» — уладкуем каля 300 чалавек на пазіцыю слесара-зборшчыка халадзільнага абсталявання. Упершыню будзем працаваць на Мінскім трактарным заводзе і Мінскім аўтамабільным заводзе. Выходзім на новы ўзровень супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай. Нас чакаюць манцёрамі пуцей і праваднікамі. Будуць нашы хлопцы і дзяўчаты важатымі ў лагеры «Зубраня», працягнуць будаваць сацыяльныя аб'екты ў Астраўцы. Усебеларускай маладзёжнай будоўляй стане ўзвядзення музея ў Хатыні.

Гэты год знакавы выхадам на міжнароднае супрацоўніцтва, у першую чаргу з Расіяй. На конкурснай аснове наша моладзь з Наваполацка прайшла на міжнародную студэнцкую будоўлю ў Кузбасе. Мы ўдзельнічаем у некалькіх усерасійскіх студбудоўлях на нафтагазавых аб'ектах у Якуціі і Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Зараз вядзём перамовы аб удзеле нашых студэнцкіх атрадаў ва ўзвядзенні аб'ектаў на касмадроме «Усходні». Магчыма, ужо ў гэтым годзе наша моладзь адправіцца туды.

— Вы кажаце, што студатрады — гісторыя не пра грошы. А што тады прыцягвае моладзь?

—У нашай краіне створаны ўсе ўмовы для развіцця студатрадаўскага руху. Кіраўнік дзяржавы ўдзяляе гэтаму асаблівую ўвагу. Дзякуючы яго асабістай падтрымцы, дзяржава дае дзіўную магчымасць дакрануцца да будаўніцтва і рэканструкцыі найважнейшых знакавых аб'ектаў. Быць удзельнікам руху з дзясяткам тысяч чалавек дарагога варта. Узаемавыручка, мэтанакіраванасць, адказнасць за справу — гэта пра сучасныя студатрады. Удзел у студатрадаўскім руху прадугледжвае не толькі працу, але і культурную, спартыўную, экскурсійную праграмы. Падчас працы моладзь спаборнічае ў спорце, мастацтве і вытворчых паказчыках — так выбіраецца найлепшы атрад. Моладзь пасля цяжкага працоўнага дня нават піша песні. Штогод у нас з'яўляецца дзясятак песень ад студатрадаў. Што іх схіляе да гэтага? Рамантыка, яднанне.

— Вы таксама былы студатрадавец. У якіх праектах самі прымалі ўдзел?

— З маімі калегамі мы будавалі малочнатаварныя комплексы ў Віцебскай вобласці. Гэта таксама значная дапамога ва ўмацаванні харчовай бяспекі краіны. Я ганаруся тым, што некалі быў датычны да студатрадаўскай дзейнасці.

— Вы з сям'і педагогаў. Чаму працягнулі дынастыю?

— Складанае пытанне... Гісторыя мне падабалася заўсёды. Цікава сачыць за развіццём краін і сацыяльнымі працэсамі. Ды і педагогіку лічу адной з самых гуманных прафесій, якая закладае падмурак яшчэ ў школе. Да пераезду ў Мінск я сумяшчаў працу ў БРСМ з настаўніцкай практыкай — выкладаў гісторыю. Хай калегі не скардзяцца, але гэта самы важны прадмет. Гісторыя дапамагае будаваць прычынна-выніковыя сувязі, аналізаваць сённяшнія падзеі, вывучаючы мінулае, прадбачыць, як мы будзем развівацца далей.


Іншыя матэрыяла рубрыкі «Плеяда маладых»:


— Вы гарадскі жыхар, віцябчанін. Але першым месцам вашай работы пасля ВДУ імя П. М. Машэрава была школа ў невялікім аграгарадку Бабінічы. Як гэта — быць маладым настаўнікам у вёсцы?

— Сёння вёска ўжо не тая, што 30—40 гадоў таму. Вясковыя дзеці ні ў чым не абмежаваны: ні ў доступе ў інтэрнэт, ні ў спадарожнікавым тэлебачанні, ні ў іншай інфраструктуры. Як маладому спецыялісту мне адразу далі класнае кіраўніцтва. Я нёс адказнасць не толькі за сябе, але і за тых 17 чалавек, што былі ў маім класе. А там кожны са сваімі інтарэсамі, асаблівасцямі характару, трэба да кожнага знайсці асаблівы падыход. З-за пражывання ў сельскай мясцовасці дзеці больш звязаны з працай. З імі было камфортна. Тут пытанне не ў тым, як гэта, а ў тым — якія людзі побач. Мне пашчасціла з дырэктарам школы Таццянай Камароўскай. Яна многаму навучыла.

— Вы, зразумела, былі актыўным студэнтам, верагодна, добра вучыліся. Чаму для размеркавання выбралі вясковую школу?

— Лічу, што, калі ты зрабіў свядомы выбар прафесіі, адвучыўся пяць гадоў, неабходна паспрабаваць сябе. І пасля пяці гадоў нельга казаць, што выбар быў няправільны. Пра што ты тады думаў гэтыя пяць гадоў?! Але я і хацеў працаваць з дзецьмі. Казаць, што жыццё маладога настаўніка нецікавае, неяскравае — падман.

— Як вы трапілі ў БРСМ?

— Пасля вучобы ў Акадэміі кіравання я атрымаў пасаду ў ідэалагічным аддзеле Наваполацкага гарвыканкама, дзе адказваў за моладзь горада. Праз час мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў якасці кіраўніка шматтысячнай Наваполацкай гарадской арганізацыі БРСМ. Запыт і патрабаванні да кіраўніка былі высокія, але згадзіўся. Мяне абралі на пасаду, дзе працаваў тры з паловай года.

— Чаму Наваполацк называюць маладзёжнай сталіцай краіны?

— У мяне вельмі добрыя ўспаміны пра Наваполацк, шмат што з ім звязана. Мая жонка з Наваполацка. Гэта самы малады горад краіны. Калі паглядзець гісторыю, то з Наваполацка і пачаўся студатрадаўскі рух у Беларусі. Наваполацк — горад ударнай усесаюзнай будоўлі.

Спачатку горад каля нафтаперапрацоўчага завода не планаваўся. Меркавалі, што на працу людзі будуць дабірацца з Полацка. Але маладыя камсамольцы вырашылі заставацца тут. Так і пачалося будаўніцтва горада. Самая вялікая вуліца і зараз называецца Маладзёжнай. Ды і горад дастаткова малады. Прысутнічае маладзёжны дух. Зразумела, што горад, які калісьці будавалі камсамольцы, сёння мае найлепшыя студэнцкія атрады ў Беларусі і стаў адным з лідараў у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

З байцамі студатрадаў Магілёўскай вобласці.

— Аляксандр, якія хобі ў намесніка кіраўніка самай буйной маладзёжнай арганізацыі краіны?

— Як і ў любога хлопца: спорт, футбол, баскетбол, плаванне. Але часу на гэта, зразумела, мала. Шмат камандзіровак, сустрэч, перагавораў. Праца 24/7. Выхадных няма, бо часта мерапрыемствы мы ставім на гэтыя дні. Люблю гісторыю. Калі ёсць магчымасць, вывучаю архіўныя дакументы па гісторыі роднай краіны.

— Пагаворым пра вашу сям'ю. Вы бацька двух сыноў...

— Так, у нас блізняткі, ім па чатыры гады.

— А па характары яны розныя?

— Верагодна, больш пра гэта скажа мая жонка. Жартую, але, ведаеце, іх настрой і паводзіны адрозніваюцца па тыднях. Гэты тыдзень больш спакойны Паша, другі тыдзень, наадварот, ён большы балаўнік. Быццам усё з ног на галаву перакульваецца: Кірыл стаў Пашам, а Паша — Кірылам. Але ўвогуле па характары падобныя і вельмі сябруюць, заступаюцца адзін за аднаго.

— Чым бы вы хацелі, каб у дарослым жыцці займаліся вашы дзеці?

— Мне не важна, якую спецыяльнасць абяруць, калі гэта будзе ім цікава. Іншае пытанне — якімі яны будуць людзьмі, з якімі чалавечымі якасцямі.

— Нядаўна міністр адукацыі на сустрэчы з Прэзідэнтам выдаў мару Аляксандра Лук'янава, кіраўніка БРСМ, паляцець у космас. А якая мара ў вас?

— Ведаеце, трэба ставіць амбіцыйныя мары, якія сваёй плённай працай магчыма дасягнуць. Верагодна, я хацеў бы, каб мае бацькі ганарыліся мной як сынам, а дзеці ганарыліся як бацькам. Важна, каб і ад тваёй штодзённай працы была канкрэтная карысць.

— Як спецыяліст, які перыяд у гісторыі можаце назваць самым значным для нашай краіны?

— Мне падабаецца час Полацкага княства, ВКЛ. Але ў нас кожны перыяд гісторыі знакавы яркімі падзеямі. Нам ёсць чым ганарыцца як у мінулым, так і ў сучаснасці.

— Як вы думаеце, падзеі апошніх гадоў заслужаць асобнага параграфа ў падручніках па гісторыі Беларусі гадоў праз 20?

— Мне здаецца, што ў параграфе будзе пра супрацьстаянне Захаду і Усходу, якое сёння ідзе адкрыта. Пасля Другой сусветнай вайны казалі пра двухпалярны свет. З аднаго боку быў магутны Савецкі Саюз, а з іншага — заходні свет і ЗША. З развалам Саюза ўсе загаварылі пра існаванне аднапалярнага свету, дзе парадак дыктаваў Захад. Думаю, у падручніку будзе асаблівы раздзел, як беларусы сваёй працавітасцю, адзінствам і згуртаванасцю чарговы раз годна супрацьдзейнічаюць любым цяжкасцям.

— Многія героі нашай рубрыкі не любяць гэтае пытанне і асабліва калі я кажу слова «дэвіз». У вас ёсць нейкі выраз, які адлюстроўвае вашы прынцыпы па жыцці?

— Мне падабаецца выраз з «Дванаццаці подзвігаў Геракла»: «Толькі слабыя ўздыхаюць пра тое, што ўжо адбылося і плачуць аб незваротным. Той жа, хто моцны душой, імкнецца згладзіць мінулае добрымі справамі ў будучыні». І таксама да душы тое, як казаў Прэзідэнт на сустрэчы з піянерамі і моладдзю краіны: «Толькі наперад».

Марыя ДАДАЛКА

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».