Вы тут

Ахвяры, хейтары, назіральнікі... Што можа падсцерагаць удзельнікаў кіберканфлікту?


Непрыемныя паведамленні і каментарыі ў інтэрнэце, здзекі анлайн, запужванне і пагрозы, распаўсюджванне плётак ці паклёпу, у тым ліку з дапамогай фота, выключэнне асобы з нейкіх груп ці анлайн-гульняў, стварэнне фэйкавых акаўнтаў або спецыяльных груп для цкавання... Усе гэтыя з'явы — праявы кібербулінгу — цкавання і пераследу з дапамогай электронных прылад і рэсурсаў, якіх з часам і развіццём тэхналогій, пэўна, будзе станавіцца яшчэ больш. Пры гэтым нельга казаць, што з'яўленне інтэрнэту зрабіла свет больш небяспечным — проста цяпер з усімі рэальнымі пагрозамі і рызыкамі можна сутыкнуцца ў сеціве, сцвярджаюць спецыялісты. Падчас фестывалю «Школа, вольная ад насілля (булінгу)», які празшоў у аздараўленчым лагеры «Зубраня», яны расказалі, як пазнаць кібербулінг і што варта рабіць, каб пераадолець праблему інтэрнэт-цкавання.


Забаўка віртуальная, пакаранне рэальнае

Калі кагосьці аднойчы абразілі — гэта насілле, калі гэта адбываецца з кімсьці, хто не можа сябе абараніць, сістэматычна і перыядычна, — гэта булінг. У канфлікце вінаватыя абодва бакі, а ў булінгу ахвяра не вінаватая, што б яна ні рабіла і як бы сябе ні паводзіла. Канфлікт, як правіла, цягнецца не надта доўга і можа вырашыцца — бакі пагавораць і дамовяцца. Булінг жа можна толькі спыніць — ахвяра не можа дамаўляцца з крыўдзіцелем, патлумачыла Таццяна Колас, педагог-псіхолаг Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ імя М. Танка:

— Людзі часта канфліктуюць у інтэрнэце, і часам канфлікт цяжка адрозніць ад кібербулінгу. Аднак у апошняй з'явы маюцца прыкметы. Пры булінгу заўжды ёсць агрэсія і насілле. Такія сітуацыі крыўдзіцель паўтарае намерана і перыядычна. Пры гэтым булер заўжды мацнейшы (неабавязкова фізічна, а проста больш папулярны, мае больш падпісчыкаў і г. д.). Аднак часам кібербулінг можа пераходзіць у рэальнае жыццё, калі да ахвяры прымяняюць фізічнае насілле.

Няма адназначнага адказу, чаму адбываецца цкаванне ў сеціве. Крыўдзіцелі могуць кіравацца рознымі прычынамі, аднак мэта іх адна — пакрыўдзіць ахвяру. Некаму проста сумна, і ён такім чынам забаўляецца, не думаючы пра наступствы. Для некага гэта спосаб помсты ці зайздрасці. А хтосьці хоча даказаць свой аўтарытэт ці пераадолець уласную няўпэўненасць за кошт абразы іншых.

— Цкаванне ўсё часцей пераходзіць у інтэрнэт, бо гэта не так прыкметна. Цкаваць некага ў рэальным жыцці складана — гэта могуць заўважыць іншыя і спыніць. У інтэрнэце рабіць так значна прасцей: наўрад ці хто на гэта зверне ўвагу і пакарае, — расказала псіхолаг. — Калі дзіця цкуюць у класе, пра гэта ведае клас ці паралель школы, калі ў інтэрнэце — пра гэта ведае значна больш людзей і крыўдзіць яго могуць кругласутачна. Булеры смялейшыя ў віртуальнай прасторы, бо кіруюцца ілюзорным пачуццём бяспекі і ананімнасці. Аднак важна разумець, што любое дзеянне ў сеціве пакідае за сабой лічбавы след, і калі будзе разбор, то яго адшукаюць. За дзеянні ў віртуальным свеце прадугледжана пакаранне — у свеце рэальным.

Караля робіць світа, або Як ратавацца

У канфлікце заўжды прысутнічаюць тры бакі. Крыўдзіцель, ад якога сыходзіць агрэсія. Ахвяра, на якую скіравана агрэсія. І назіральнік, які не прымае ўдзелу ў канфлікце, аднак ускосна ўцягнуты ў яго, паколькі, хоць і не падтрымлівае крыўдзіцеля, аднак і не рэагуе і сочыць за тым, што адбываецца. Негатыўныя наступствы булінгу адбываюцца на ўсіх яго ўдзельніках, абазначыла Таццяна Колас:

— Караля робіць світа. Калі агрэсар піша нешта непрыемнае ахвяры, а на гэта ніхто не рэагуе і не лайкае, булер бачыць, што яго насмешкі ніхто не падтрымлівае. І неўзабаве гэта яму надакучыць, бо ён не адчуе ніякага трыумфу. Любому крыўдзіцелю, каб атрымліваць асалоду ад працэсу, патрэбны сведкі.

Калі вы падвяргаецеся булінгу, трэба памятаць, што абсалютна любая праблема мае рашэнне. Ні ў якім разе не вінаваціць сябе — гэта не з вамі нешта не так, а проста вы сталі зручнай ахвярай у пэўны момант. Не рэагаваць на каментарыі крыўдзіцеляў, каб не даваць эмацыянальнай рэакцыі і водгуку і не падсілкоўваць агрэсію булера, як бы ні хацелася адказаць, патлумачыць ці супярэчыць. Рабіць скрыншоты — як бы ні было крыўдна і прыкра захоўваць пра сябе негатыў: у будучыні, калі справа дойдзе да разбору з'явы, гэта дапаможа даказаць, што вас булілі. Заблакіраваць крыўдзіцеля — і лепш высветліць, дзе на сацыяльнай старонцы знаходзіцца такая функцыя, загадзя. Звярнуцца да адміністратара інтэрнэт-рэсурсу — яны адгукнуцца на просьбу і дапамогуць, бо ўсе зацікаўлены ў тым, каб на іх рэсурсе не было булінгу.

Часам немагчыма справіцца з булінгам у адзіночку, і неабходна, каб умяшаўся нехта трэці. Чалавеку збоку прасцей дапамагчы, асабліва калі гэта дарослы. Падзяліцца перажываннямі — неабходна звярнуцца да асобы, якой вы давяраеце і якая мае для вас аўтарытэт (сваякі, школьны псіхолаг ці яшчэ нехта), каб падзяліцца з ім праблемай. Урэшце, гэта можа быць і званок на лінію псіхалагічнай дапамогі. Дзейнічаць у рэальным жыцці: калі ахвяра, напрыклад, вучыцца з булерам у адной школе, можна расказаць аб праблеме класнаму кіраўніку, псіхолагу, адміністрацыі. Не баяцца рашучых дзеянняў — калі вы атрымліваеце прамыя пагрозы ці ўжо зрабілі ўсё, пералічанае вышэй, трэба звяртацца ў міліцыю.

Калі нехта стаў сведкай цкавання ў інтэрнэце, гэта нельга ігнараваць. Можна падтрымаць ахвяру — неабавязкова пачынаць актыўна сябраваць з гэтай асобай. Дастаткова падысці да яе і пагаварыць і не пісаць нешта накшталт «не перажывай, з усімі такое здараецца». Не варта паддавацца агрэсіі і абараняць ахвяру, сварачыся з крыўдзіцелямі. Агрэсію нельга перамагчы агрэсіяй. Можна пачаць збіраць доказы кібербулінгу: рабіць скрыншоты, звярнуцца да адміністратара рэсурсу ці параіць зрабіць гэта ахвяры.


Як абараніць сябе ад кібербулінгу. Забяспечыць бяспеку свайго акаўнта. Перш чым апублікаваць у інтэрнэце нейкую інфармацыю пра сябе, падумайце, навошта вы гэта робіце. Нельга ўказваць асабістую інфармацыю, накшталт лакацыі месца, дзе вы жывяце. Сачыце за сваёй інтэрнэт-рэпутацыяй, бо будучыя работадаўцы абавязкова прагледзяць, што вы змяшчаеце на сваіх старонках. Вытрымлівайце этыку зносін у сеціве, якая фактычна нічым не адрозніваецца ад паводзін у рэальным жыцці.


  • Наступствы кібербулінгу. Кожны з удзельнікаў: ахвяра, булер і назіральнік, — калі не будуць старацца змяніць сітуацыю, пачнуць мяняцца.
  • Ахвяра стане замкнёнай, злоснай і раздражнёнай, атрымае праблемы са здароўем (галаўны ці страўнікавы боль, бяссонніца, непрыманне ежы), у яе з'явяцца апатыя і суіцыдальныя думкі.
  • Булер (хейтар) будзе залежаць ад чужога меркавання, перастане давяраць іншым, стане канфліктным і будзе пастаянна баяцца пакарання.
  • Назіральнік (сведка) стане няўпэўненым у сабе, у яго пачнуць прытупляцца эмоцыі, ён будзе баяцца ператварыцца ў наступную ахвяру і адчуе віну за сваё бяздзеянне, пачне ўспрымаць насілле як норму.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».