Вы тут

Ветэран педагагічнай працы і стваральнік ансамбля «Лучына» Кацярына Ляшкевіч


Сённяшні мой аповед будзе пра надзвычай цікавага чалавека, пра ветэрана педагагічнай працы Кацярыну Максімаўну Ляшкевіч, якая зусім нядаўна святкавала васьмідзесяцігадовы юбілей і якая нават у вельмі паважаным узросце знаходзіць час і сілы на рэалізацыю, як яна лічыць, справы ўсяго жыцця. На працягу дзесяткаў гадоў яна ніколі не баялася і не баіцца зараз спрабаваць штосьці новае і цікавае, у тым ліку мяняць месца жыхарства. Яна не страціла бадзёрасці і аптымізму і стварыла фальклорны ансамбль «Лучына». Пра ўсё па парадку... 


Кацярына Максімаўна нарадзілася 5 мая 1942 года ў вёсцы Малыя Арлы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. З дзяцінства яна вельмі любіла чытаць. Калі надышоў час выбіраць прафесію, то дзяўчына вырашыла стаць настаўніцай пачатковых класаў, бо ёй вельмі хацелася працаваць менавіта з малымі дзецьмі.

Мара спраўдзілася: яна скончыла Пінскае педагагічнае вучылішча і стала настаўніцай пачатковых класаў. Як успамінае ветэран педагагічнай працы, у Столінскім раённым аддзеле адукацыі на размеркаванні на працу яе спыталі, які школьны прадмет у яе самы любімы, бо ў тыя часы вельмі не хапала настаўнікаў, асабліва ў вясковых школах, і магчыма было выкладаць любыя дысцыпліны школьнай праграмы. 

Кацярына Максімаўна адказала, што хоча працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Так яна апынулася ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе ёй даверылі шостыя і сёмыя класы. 

Спачатку працаваць ў школе было нялёгка, бо не хапала вопыту, але потым усё наладзілася. Наступныя гады ёй давялося працаваць у розных вёсках Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. 

Сустрэча выпускнікоў.

Ветэран педагагічнай працы ўзгадвае, што акрамя настаўніцкай дзейнасці ёй вельмі падабалася ладзіць з вучнямі розныя канцэрты, асабліва на бацькоўскіх сходах.
З выпускнікамі таго часу Кацярына Максімаўна падтрымлівае сувязь і цяпер. Многія з іх ужо сталі бабулямі і дзядулямі, выйшлі на пенсію, але памятаюць сваю першую настаўніцу, прыязджаюць на сустрэчы выпускнікоў у родную школу.

У вёсцы Альпень Столінскага раёна яна пражыла даволі працяглы час – дзесяць гадоў, а потым яны з мужам і дзецьмі пераехалі ў п.г.т. Мікашэвічы (Цяпер горад — Зв. аўтара), дзе яе сям’я атрымала кватэру і дзе яна працягвала працаваць настаўніцай пачатковых класаў.

З мужам Кацярына Максімаўна выгадавала траіх дзяцей: дзве дачкі і аднаго сына. На жаль, муж рана памёр, таму апошнія гады перад пенсіяй педагог пражыла ўжо адна, працуючы ў п.г.т. Астрамечава Брэсцкага раёна. 

А потым у жыцці нашай гераіні з’явіўся Брэст. Горад ёй вельмі спадабаўся, таму яна не толькі вырашыла пераехаць сюды сама, але і зацікавіла сваіх дзяцей, якія на той час жылі ў розных куточках Беларусі. 

Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, у 2008 годзе ветэран працы стварыла фальклорны ансамбль пад назвай «Чапурушачкі» (На мясцовым дыялекце гэта слова абазначае дзяўчын, якія не хочуць працаваць і непакояцца толькі пра сваю прыгажосць (Зв. — аўтара). Паступова да ансамбля далучыліся новыя ўдзельнікі (зараз іх 10 чалавек). З новымі ўдзельнікамі ў калектыва з’явілася і новая назва — «Лучына».

Ансамбль «Лучына».

Так, творчае аб’яднанне і стала для нашай гераіні справай усяго жыцця.

Удзельнікі ансамбля выконваюць старадаўнія народныя і аўтарскія песні на рускай, беларускай, польскай і ўкраінскай мовах. Ладзяць інсцэніроўкі народных беларускіх святаў, удзельнічаюць у тэматычных канцэртах, перш за ўсё ў Брэсце і Брэсцкай вобласці.

«Лучына» на фестывалі ў Любліне, Польшча.

Кацярына Максімаўна карпатліва збірала аўтэнтычныя народныя касцюмы для свайго ансамбля ў Маларыцкім, Кобрынскім і Драгічынскім раёнах Брэсцкай вобласці.
Яна не толькі кіруе музычным ансамблем, але і збірае старадаўнія прадметы народнага побыту. У яе калекцыі: друкарская машынка, прас, калыска, калаўротак, лапці, рушнікі і іншыя рэчы, некаторым з іх каля ста гадоў. Таксама «Лучына» выкарыстоўвае такія прадметы на сваіх выступленнях.

Кацярына Максімаўна лічыць, што вельмі важна трансляваць веды праз народную культуру падрастаючаму пакаленню. Таму спадзяецца, што творчасць ансамбля «Лучына», а таксама калекцыя прадметаў даўніны, дапамогуць сучасным дзецям не забыць мінулае сваёй краіны, што як ніколі актуальна ў Год гістарычнай памяці.

З гэтай нагоды ветэран педагагічнай працы наведвае фальклорныя аб’яднанні дадатковай адукацыі пры УА «Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр моладзевай творчасці», дзе вучыць дзяцей прасці кудзелю, як гэта рабілі ў яе сям’і ў даўнія часы, расказвае пра народныя традыцыі.

Сустрэча з педагогам адбылася вельмі шчырай, цёплай і цікавай, тым больш што Кацярына Максімаўна не толькі ахвотна расказала пра сябе, але і паказала сваю каштоўную калекцыю і праспявала некалькі народных песень. Упэўнена, што ў ветэрана педагагічнай працы можна павучыцца аптымізму і актыўнай жыццёвай пазіцыі. 

Святлана СЁМІНА, настаўніца англійскай мовы ДУА «Сярэдняя школа № 10 г. Брэста» 

Фота з архіва К. М. Ляшкевіч.

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.