Вы тут

Разам на зямлі і ў космасе


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі касмадром Усходні ў Амурскай вобласці

Сустрэліся прэзідэнты братніх дзяржаў 12 красавіка, у знакавы дзень, калі ў свеце адзначаецца Міждународны дзень палёту чалавека ў космас ці, як нам звычна з дзяцінства, Дзень касманаўтыкі. Нашы калегі з БелТА былі на месцы падзеі, паведамлялі: Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прыбылі на касмадром на верталёце. Там азнаёміліся з ходам будаўніцтва стартавага касмічнага комплексу, паразмаўлялі з лётчыкамі-касманаўтамі, супрацоўнікамі касмадрома. І там жа ў фармаце сам-насам прэзідэнты абмяркоўвалі актуальныя пытанні ў развіцці двухбаковых адносін, сумесныя меры па супрацьдзеянні санкцыйнаму ціску з боку калектыўнага Захаду, абстаноўку ў рэгіёне і свеце, падзеі ва Украіне.


Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін выступаюць на касмадроме. Фота БелТА

Як раней паведамляла БЕЛТА, спецыялісты Беларусі і Расіі ў сферы касмічнага супрацоўніцтва ўжо вядуць работу над стварэннем расійска-беларускага касмічнага апарата дыстанцыйнага зандавання Зямлі звышвысокага пашырэння ды расійска-беларускай касмічнай сістэмы на яго аснове. Яшчэ больш канкрэтыкі агучана ў ходзе сустрэчы наконт праекта па падрыхтоўцы да касмічнага палёту беларускіх грамадзян, у тым ліку для сумеснай работы на МКС. Адбор кандыдатаў для падрыхтоўкі да касмічнага палёту і фарміраванне прапаноў у яго навуковую праграму беларускі бок павінен завяршыць да 15 чэрвеня. Потым пройдзе канчатковы адбор з ліку кандыдатаў. Працэс, як бачым, ідзе, прычым шпаркімі тэмпамі.

Адзначым, што касмадром Усходні – першы грамадзянскі касмадром у Расіі: паблізу горада Цыялкоўскі. Узводзіцца, паводле інфармацыі з дзяржкарпарацыі “Роскосмос”, для забеспячэння незалежнага доступу ў космас, гарантаванага выканання міжнародных і камерцыйных касмічных праграм, скарачэння затрат для выкарыстання размешчанага ў Казахстане касмадрома Байканур і паляпшэння сацыяльна-эканамічнага становішча ў Амурскай вобласці. Там у 2012-2016 гадах (1-я чарга будаўніцтва) узведзены ўніверсальны стартавы комплекс для ракет-носьбітаў серыі “Союз-2”. Другая чарга будаўніцтва ўключае ўзвядзенне стартавага стала пад ракеты-носьбіты “Ангара-А5” і спадарожнай інфраструктуры. Плануецца завяршыць работы да канца 2022 года. Прычым у 2019-м карпарацыя “Роскосмос” прапанавала Беларусі “разгледзець магчымасць удзелу беларускіх будаўнічых кампаній ва ўзвядзенні аб’ектаў касмадрома Усходні ў Амурскай вобласці”. На розных узроўнях пытанне прапрацоўвалася, і 5 красавіка Прэзідэнт Расіі ўнёс у Дзярждуму законапраект, згодна з якім такое супрацоўніцтва стане магчымым. Гаворка найперш пра выкананне работ і аказання паслуг, звязаных з будаўніцтвам і рэканструкцыяй аб’ектаў наземнай касмічнай інфраструктуры касмадрома. Законапраект 6 красавіка быў прыняты ў першым чытанні ды накіраваны на зацвярджэнне ў Савет Федэрацыі.

Юрый Гагарын і Валянціна Церашкова. Фота ТАСС

Дарэчы. Першай у свеце жанчынай-касманаўткай стала Валянціна Церашкова, якая мае моцныя беларускія родавыя карані. Яе бацька, Уладзімір Аксёнавіч, быў родам з вёскі Вылава Бялыніцкага раёна Магілёўшчыны, маці, Алена Фёдараўна, у дзявоцтве Круглова – з вёскі Ерамееўшчыны Дубровенскага раёна Віцебшчыны. І сама касманаўтка прызнавалася: у дзяцінстве гаварыла па-беларуску. Валянціна Церашкова здзейсніла касмічны палёт 16-19 чэрвеня 1963 года ў якасці камандзіра касмічнага карабля “Восток-6” па праграме групавога палёту з караблём “Восток-5”, пілатуемым Валерыем Быкоўскім. Працягласць палёту склала двое сутак 22 гадзіны 50 мінут. За гэты час яе касмічны карабель 48 разоў абляцеў вакол Зямлі.

Іван Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.