Вы тут

І асвячалі братоў Слова і вера


Новыя факты з жыцця Якуба Коласа ды ягоных родзічаў прыадкрываюцца ў нашым часе

Спасцігаць таямніцы жыцця класікаў, глыбіню іх твораў можна бясконца. І кожная з сустрэч у Коласавым доме таму сведчаннем. Колькі ўсяго прыхоўвалася ў вялікай Коласавай душы! Згадаем хаця б радкі з казкі «Кучаравае дрэва» (1925 год, прысвечана Змітраку Бядулю): «А былі ў яго думкі, глыбока затоеныя, для чужых вачэй і вушэй непрыметныя і нячутныя. Часамі яны супакойваліся і нібы знікалі зусім, а часамі віхрыліся, бы мяцеліца ў полі, балючы след пакідалі дзесь там, у глыбінях, але сукрыта жылі ды жылі. Хто іх ведаў? Хто іх чуў? Ніхто. Адчувала іх толькі само Кучаравае дрэва ды той вецер-лятун трохі ведаў. Ой, шмат чаго ведае ён! Недарма ж ён віхрыцца па свеце. Нават голас былінкі не міне яго вуха.» І напрыканцы твора з цыкла «Казкі жыцця», які сам Пясняр называў у ліку значных творчых набыткаў: «Эх, многа цяжкіх хвілін перажыло Кучаравае дрэва! У глыбі ёсць нікому невідочныя скрыжалі, а на іх запісаны мукі і боль, аб якіх часам ніхто не ведае і не здагадваецца».


Марыя Міцкевіч з Рукапісам Евангелля

Творцу баліць — і «думкі, глыбока затоеныя», прасочваюцца ў алегарычныя творы з аўтабіяграфічнай падсветкай. А на тое, каб пісаць эзопавай мовай, у Якуба Коласа былі важкія прычыны. Помніцца, на пачатку 90-х вадзіў лодачныя паходы па Нёмане, як інструктар базы адпачынку «Высокі бераг», адзін са шматлікіх Коласавых родзічаў. Гэта пра яго мы на вёслах спявалі: «Выплывалі распісныя Іван Іваныча чаўны...». Быў ён з роду Лёсікаў — як і маці Песняра, Ганна Юр’еўна. Неяк пайшлі мы з цёзкам да ягонага бацькі, у Мікалаўшчыну. І сівы дзед у размове згадваў, як наведваў калісьці Коласа ў ягоным кабінеце ў Акадэміі навук. То найбольш запала ў памяць вяскоўцу, што акадэмік, гасцінна сустрэўшы родзіча-земляка, тут жа паказаў пальцам у столь ды прашаптаў: «Толькі абы чаго не кажы...»

Ну пэўна ж не на Усявышняга намякаў, паказваў мудры акадэмік — хоць і ўгору…

Удзельнікі святочнай імпрэзы ў Коласавым доме

Не ведалі мы, вывучаючы ў школах і ВНУ творчасць класіка ды старонкі яго біяграфіі, што ў ЗША жыве ягоны брат Міхась. Некаторыя нюансы таямніцы мы прыадкрылі ў публікацыі: «Далёкі родны брат. Пра тое, што ў Якуба Коласа за акіянам жыве родны брат Міхась Міцкевіч, раней не пісалі ні ў школьных падручніках, ні ў савецкіх СМІ». — ГР, 9.09. 2017. Міхась Міхайлавіч (творчы псеўданім Антось Галіна) быў вернікам: перакладаў Евангеллі, выдаваў часопіс «Голас Царквы», быў апекуном Сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Ню-Ёрку. Але вось жа: і Якуб Колас, аказваецца, як і брат, быў глыбокім вернікам.
Пра тое ішла размова ў часе традыцыйнай сустрэчы ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Пры тым з-за кавідных абмежаванняў ранейшая Калядная імпрэза пераўтварылася ў «Масленіцу ў Доме Коласа». Літаратурна-музычны праект, як і раней, прайшоў з удзелам шаноўных, доўгачаканых гасцей: архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, прэс-сакратара Пінскай епархіі іерэя Іаана Гарбунова, журналісткі з Лунінца Таццяны Канапацкай.

Марыя Міцкевіч з новай кнігай

З мудрым пастырскім словам да супрацоўнікаў музея, гасцей і ўдзельнікаў імпрэзы звярнуўся Уладыка Сцяфан. Пры тым акцэнтаваў увагу, што, незалежна ад таго, у якім часе, у якіх грамадска-палітычных умовах мы жывём — кожны з нас за стан сваёй душы адказны сам. Узвышаную, душэўную атмасферу святочнасці пашырыў па ўсім Коласавым доме, дзе заўсёды любілі ды любяць музыку й спевы, мужчынскі хор «Всехсвятский» прыходу ў гонар Усіх Святых у Мінску (хор заснаваны ў 2013 годзе). Пры тым мастацкі кіраўнік Дзмітрый Такмакоў, яго паплечнікі выступалі таксама як салісты. Арганічна гучалі ў своеасаблівым Храме беларускага слова вядомыя песні «Падаюць сняжынкі», «Ты мне вясною прыснілася» ды іншыя.

Так выглядае фрагмент рукапіснага Евангелля — у сшытках, якія перадаў на Бацькаўшчыну Антось Галіна (Міхась Міхайлавіч Міцкевіч): унучцы свайго брата, Марыі Міхайлаўне Міцкевіч

Дырэктар музея Ірына Мацяс у часе імпрэзы казала: у юбілейны год, калі адзначаюцца 140-я ўгодкі Песняра, у Коласавым доме прадстаўляюць усю вялікую, таленавітую сям’ю Міцкевічаў. (Цікава пададзена інфармацыя пра братоў і сясцёр Кастуся Міцкевіча, прыкладам, на сайце «Шляхамі Якуба Коласа» — ён распрацаваны выкладчыкамі ды навучэнцамі Навагрудскага сельскагаспадарчага ліцэя, кіраўніца праекта — Наталля Стацэвіч.) А паколькі летась былі выдадзены кнігі Евангелля ў перакладзе Міхася Міцкевіча, то зладзілі на свяце іх прэзентацыю. Пра тое, як склалася жыццё Міхася, распавяла Коласава ўнучка й зберагальніца рукапісаў-перакладаў Евангелля Марыя Міхайлаўна Міцкевіч. Міхась, нагадала, як і Кастусь (пазней Якуб Колас), закончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, стаў настаўнікам, а таксама пісьменнікам і публіцыстам. Добра ведаў, любіў і пашыраў роднае слова. І хоць закінуў лёс яго за акіян, аднак і там служыў і слову, і Усявышняму, прычым заставаўся да канца жыцця (1897 — 1991) у веры праваслаўнай. Важную частку творчай спадчыны Міхася Міцкевіча складаюць яго рэлігійныя пераклады на беларускую мову. Спадарыня Марыя наведвала родзіча ў Ню-Ёрку ў 1990-м, ён і перадаў ёй свае сшыткі з перакладамі: «Хацелася іх зберагчы, таму задумалі выданне кнігі». У яе ўвайшлі факсімільныя копіі тэкстаў, напісаных ад рукі прыгожым почыркам. Кніга пабачыла свет дзякуючы руплівай талацэ беларускіх вернікаў, у тым ліку і з падтрымкай Уладыкі Сцяфана, у выдавецтве Зміцера Коласа.

Сакратар-каардынатар Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы Таццяна Матрунчык у часе імпрэзы нагадала, што і сам Пясняр, як і брат, быў глыбокім вернікам: «Якуб Колас у душы меў Бога, і пра тое ёсць шмат згадак у яго вершах». А праца Міхася Міцкевіча прыдалася, калі ў 90-я гады працавала ў Беларусі Біблейская камісія БПЦ: рукапісы, сшыткі заакіянскага беларуса былі на кожным яе пасяджэнні. Яны вывучаліся, даследаваліся, пры тым прызнавалася: гэта адзін з лепшых перакладаў кніг Евангелля на беларускую мову. І рабіў духоўную працу Коласаў брат не дзеля славы сваёй — у імя Бога і царквы. Выпісаў Міхась Міцкевіч кнігу для царкоўнага штодзённага ўжытку, таму ўсе чатыры Евангеллі адпаведным чынам аформленыя: з падзеламі на зачалы (урыўкі), з іх нумарацыяй. Ёсць і тлумачэнні: што ў які час у царкве чытаецца ва ўсе дні года. І рабілася праца дзеля таго, «каб слова Божае па-беларуску гучала ў царкве».

Выступае хор «Всехсвятский»

Пасля імпрэзы Уладыка Сцяфан у размове са мной згадаў, што ў Пінску ёсць дошка ў памяць пра шлюб, вянчанне Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) і ягонай абранніцы Марыі Каменскай. Дошка ўстаноўленая на сцяне званіцы Свята-Варварынскай царквы. Як вядома, у Пінску Якуб Колас жыў у 1912 — 1915 гадах, працаваў настаўнікам. Там сустрэў настаўніцу Марыю, з якой ажаніўся ў 1913-м і правёў у шлюбе больш за 30 гадоў. У Пінску ж нарадзіўся Даніла, старэйшы з трох іх сыноў. «З біяграфіі Песняра вядома, што і Канстанцін Міхайлавіч, і Марыя Дзмітраўна былі настаўнікамі ў Чыгуначнай школе Пінска, да таго ж і вернікамі,— гаварыў Уладыка. — То і вянчаліся пэўна што ў царкве Чыгуначнай. А былі ж раней звароты ад вернікаў да губернатара і епіскапа, каб тую царкву зрабіць як бы карпаратыўнай, Чыгуначнай. Так і стала, з тае нагоды яе адрамантавалі. Калі я пра тое даведаўся (а ў пінскім храме ў метрычнай кнізе захаваўся запіс пра заключэнне шлюбу паміж Канстанцінам Міхайлавічам і Марыяй Дзмітраўнай), то падумаў: а было б добра ўшанаваць памяць пра падзею.

Дарэчы, ёсць меркаванні, быццам яшчэ адна была царква, але я думаю, што гэта яна і ёсць. Каб ушанаваць памяць, мы кантактавалі з унучкай Песняра — Марыяй Міхайлаўнай Міцкевіч, з тагачасным дырэктарам Коласаўскага музея Зінаідай Мікалаеўнай Камароўскай. Нашы супольныя дзеянні далі плён, і ўрэшце станоўчае рашэнне па мемарыяльнай дошцы было прынята. Яе мы разам адкрылі ўрачыста і асвяцілі ў 2015 годзе».

Адзначым, што мова Якуба Коласа блізкая ад нараджэння і самому Уладыку Сцяфану (свецкае імя: Ігар Пятровіч Корзун). «Бо я ж сам родам адсюль, ад Мінска кіламетраў 30: з вёскі Карзуны, што каля Смілавіч, — ахвотна расказваў Уладыка. — Бацькі сяляне былі. Прычым я нарадзіўся ў 1944-м і заспеў той час, калі ўсе прадметы ў школе вяліся па-беларуску, акрамя хіба што рускай мовы й літаратуры. У школе была ў нас добрая настаўніца: Таццяна Васілеўна Сакалова. То можна было заслухацца — так цудоўна гаварыла па-беларуску. І ў вёсцы ж усе па-беларуску гаварылі». Не забывалі родную мову бацькоў, па словах Уладыкі, навучэнцы Маскоўскай духоўнай семінарыі, а таксама й Маскоўскай духоўнай акадэміі (там ён, ужо маючы спецыяльнасць агранома ды адслужыўшы ў войску, вучыўся ў 1972-79 гадах): «Нас там на той час беларусаў было 18 чалавек, і ўсе паміж сабою па-беларуску гаварылі».

«На пачатку было Слова...» У жыцці братоў Міцкевічаў і вера, і роднае слова былі, нягледзячы на ўсе знешнія абставіны, важнымі складнікамі жыцця іх духоўнага. То й сёння іхні досвед вялікага служэння Слову і Усявышняму — нам усім добры прыклад.

Калі матэрыял быў падрыхтавана да друку, прыйшла тужлівая вестка: 22 красавіка памёр архіепіскап Пінскі ды Лунінецкі Сцяфан (Корзун). Яму было 78 гадоў. А менавіта Уладыку Сцяфана многія вернікі ведалі як вялікага прыхільніка роднай мовы, як выдатнага знаўцу творчасці Якуба Коласа. У інтэрнэце больш падрабязна пра тое пісалі нашы калегі пад знакавым загалоўкам: “Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі: Хочаце мудрасці? Чытайце «Новую зямлю»” – Звязда, 3.11.2018.

Вечная памяць. Царства нябеснае Уладыку Сцяфану.

Іван Ждановіч
Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.