Вы тут

Новы пераклад «Запісак Самсона Самасуя»


У маім перакладзе на рускую мову выйшаў раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя»

Рада паведаміць чытачам газеты пра выданне, што год таму пабачыла свет (Санкт-Пецярбург, выдавецтва “Гйоль”, 100 экз.). Дзякуючы таму больш даступным у рускамоўнай аўдыторыі стаў раман, які спецыялісты ставяць у адзін шэраг з творамі такіх вялікіх сатырыкаў літаратуры, як Арыстафан, Рабле, Свіфт, Гогаль.


Я – дачка рэпрэсаванага пісьменніка Андрэя Мрыя, у жыцці Андрэя Шашалевіча, які родам быў з вёскі Доўгавічы: цяпер яна ў Мсціслаўскім раёне Магілёўшчыны. Я не ведала свайго бацькі, як і мае старэйшыя браты Юрый, Артур і сястра Аксана. Чаму? Бо наш бацька быў двойчы рэпрэсаваны: у 1934 і ў 1940 гадах. Я, дарэчы, нарадзілася ў 1940-м. І ўсе мы, дзеці, выхоўваліся ў розных сем’ях у сваякоў. Толькі мне лёсам наканавана было найбольш быць пры маці: яна, Соф’я Андрэеўна Зыкава, і была жонкай Андрэя Мрыя. У меру магчымасцяў мама клапацілася, каб я ведала мову свайго народа і магла чытаць творы бацькі. Беларускую мову я ведаю, ды, на жаль, яна ў мяне цяпер пасіўная. Большую частку жыцця пражыла ўдалечыні ад родных мясцін – у Петразаводску, на Поўначы, як і мая старэйшая сястра Аксана (у замужстве Рухіна). Дарэчы, у выдавецтве “Гйоль” выйшла наша з ёй кніга ўспамінаў “Незримо рядом” (2019). Яна прысвечана памяці бацькі ды ягонага брата, драматурга Васіля Шашалевіча, таксама двойчы рэпрэсаванага. Я разаслала кнігу ў бібліятэкі Расіі ды Беларусі.

Дык вось, у Петразаводску ў мяне была праблема з маім беларускім вымаўленнем. Сваякі, у тым ліку сястра, якая з малых гадоў жыла на Поўначы, прыкладалі намаганні, каб я правільна гаварыла па-руску. То дзякуй Богу, што беларускую мову я ўсё ж не забылася, і яна мне вельмі дапамагла ў працы над перакладам рамана бацькі. Дарэчы, для новага перакладу я спрабавала знайсці дасведчанага спецыяліста. Добрыя людзі, у тым ліку і мой сябар журналіст Іван Ждановіч, падказалі: паколькі базавае веданне мовы я маю, то змагу сама перакласці твор. Гэта і натхніла мяне на сур’ёзную справу.

З-за рэпрэсій творчасць Андрэя Мрыя была пад забаронай больш за паўстагоддзя. Толькі з 1988-га аднавіліся перавыданні рамана: спачатку ў часопісе “Полымя” (1988. №№ 1, 2, тыраж 8406 экз.). У 1993-м выйшла першае кніжнае выданне: зборнік Андрэя Мрыя “Творы”, які падрыхтаваў Яўген Лецка (“Мастацкая лiтаратура”, 1993; тыраж 7500 экз.). Першы пераклад рамана “Запіскі Самсона Самасуя” на рускую мову зрабіў Іван Кірэенка, ён апублікаваны ў часопісе “Нёман” (1989, № 4, тыраж 111000 экз.). Гэта вельмі якасны пераклад, ім карыстаецца па гэты час і Аксана Рухіна, старэйшая мая сястра. І ўсё ж пры больш глыбокім падыходзе да таго тэкста відавочна: у нашым часе патрабны карэкціроўкі шматлікіх месцаў першага перакладу, яго недакладнасцяў і вольнасцяў.

Для працы над сваім перакладам я абрала выданне рамана ў серыі “Мая беларуская кніга” (“Попурри”, 2015, тыраж 2500 экз.). У працэсе даводкі, шліфоўкі тэксту кансультавалася з дасведчаным спецыялістам – гэта Якуб Лапатка, які пераклаў “Калевалу” на беларускую мову. І спадар Якуб падказаў мне правільны кірунак у працы: захаванне цікавых беларусізмаў зыходнага тэксту. Скажам, у першых жа фразах першага скрутка (такая структура тэкста) ёсць выраз “нос у мяне бульбай” – ён і пакінуты. Далей выкарыстала зыходны беларускі варыянт “Хадора святая” (а не Феодора святая), і беларусізм “дурыкам жыць” зыходнага тэксту. Нямала таксама іншых прыкладаў таго ж роду.

Цяпер некалькі слоў пра галоўнага героя рамана ды аўтарскае стаўленне да яго. Глыбока ўнікнуўшы ў сутнасць твора, я не схільная лічыць Самсона цалкам злым, інфернальным стварэннем, якім, заўважу, яго бачыць Валерый Назараў, аўтар даследавання “Тайнапiс Андрэя Мрыя: Падтэкст рэалiй у творчасцi пiсьменнiка” (2016). На мой погляд, Самсон Самасуй хутчэй бяздумна-паслухмяная, чым цалкам апантаная д’яблам натура. Вядома, нарабіў ён бед нямала. Скажам, нашкодзіў сялянам, заклікаўшы моладзь да аздараўлення фізкультурай, пры тым выбраўшы непадыходнае для такіх заняткаў месца. Так, ён раўнівы ды помслівы ў дачыненні да супернікаў. Так, ён кар’ерыст, які з усіх сіл пнецца ва ўладу. Але ж яго спарадзіла сама бюракратычная сістэма маладой савецкай дзяржавы: гэта яна заахвочвала і ўзносіла невукаў, пракладвала ім дарогу. У лісце “Другу трудящихся Иосифу Виссарионовичу Сталину” Андрэй Мрый адзначаў, што “массовый читатель в главном герое прекрасно разбирался, видел в нем проходимца, который своими административными действиями дискредитирует советскую власть и разлагает новую жизнь”. Пісьменнік шкадаваў, што раман заставаўся невядомым для рускамоўных чытачоў.

Для ілюстравання рамана мы абралі кадры з тэлеспектакля Уладзіміра Арлова “Пратарчака жыцця, або Запiскi Самсона Самасуя” (1989-1990), а таксама плакаты з часопіса “Шэдэўры савецкай рэкламы 1920-х гадоў” – усяго 42 ілюстрацыі. У кнігу ўвайшоў таксама згаданы ліст Іосіфу Сталіну, напісаны, відаць, на пачатку 1941 года ў дні зняволення ў Белбалтлазе, які знаходзіўся ў пасёлку Вічка Мядзведжагорскага раёна.

Новы пераклад рамана выдадзены невялікім тыражом (100 экз.). У мяне яшчэ засталося 30 экз. “Запісак...” і 15 экз. кнігі ўспамінаў “Незримо рядом”. Хто пажадае мець іх, можна звяртацца на мой адрас nprushin@mail.ru Пішыце: дамовімся пра тое, як іх пераслаць.

Наталля Прушынская, г. Петразаводск, Рэспубліка Карэлія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».