Вы тут

Пра што расказваюць лялькі


Мінчанка Вольга Вайніцкая шые для сваіх керамічных лялек традыцыйнае беларускае адзенне

Апошнім часам у беларускім грамадстве ёсць вялікая цікавасць да нашай гісторыі. Працуюць энтузіясты, якія вывучаюць беларускія традыцыйныя строі, спрабуюць іх узнавіць, паглыбіцца ў патаемны свет сімвалаў і вобразаў – вышытых і вытканых. Прычым бадай што ў кожным рэгіёне Бацькаўшчыны, адзначаюць даследчыкі, народныя строі мелі свае адметнасці. “Вывучаць гісторыю беларускага касцюма значна цікавей, калі ты сам яго і ствараеш, – прызнаецца майстрыха Вольга Вайніцкая. – Прычым калі робіш касцюм на ляльку, то ён атрымоўваецца такім жа самабытным і шматгранным, як і касцюм для чалавека – хіба толькі ў мініяцюры. А ляльку я апранаю, падбіраю для яе касцюм толькі тады, калі яна ўжо зроблена”.


Спачатку майстрыха робіць спецыяльную форму, затым у яе заліваецца шлікер (вадкі гліняны раствор), адліваецца лялька. Далей – абпал гліны, збіранне лялькі. Потым на яе памер шыецца касцюм: “І ствараецца ён з улікам усіх нюансаў таго або іншага рэгіёна, захоўваецца нават той прамавугольны крой, які выкарыстоўвалі продкі: каб не прапаў ніводзін міліметр палатна. Якое, дарэчы, я сама тку на невялічкім станочку. Каб стварыць тканую спаднічку ляльцы, амаль тыдзень патрэбен. Увесь касцюм шыю ўручную, бо электрамашынка не заўсёды прыдатная для маленькіх дэталяў”.

У дапамогу ёй шматлікія кніжкі. Майстрыха можа і пракансультавацца ў дасведчанага майстра ці навукоўцы. Неяк разам з другой лялечніцай хадзіла да знаўцы беларускага традыцыйнага адзення Марыі Віннікавай, якая – старэйшая навуковая супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы й літаратуры НАН Беларусі. Потым, успамінае, цікава было ўвасабляць парады Марыі ў лялечны касцюм:  “Добра, калі ёсць каму расказаць пра асаблівасці крою, дзе ў Беларусі сарочка вышываецца па рукавах, а дзе ўздоўж, як паменьшыць узор, каб перанесці яго на маленькі хвартушок лялькі, як навіць на яе галаву наметку (жаночы галаўны ўбор) і многае іншае”.

Працэс “нараджэння” беларускай лялькі – гэта глыбокае спасціжэнне тонкасцяў цэлага комплексу прадаўніх рамёстваў, якімі валодалі нашы продкі. Вольга Васілеўна ўмее вышываць, ткаць, шыць, вязаць: навучылі маці з бабуляй. У апошняй на гарышчы доўга зберагаліся кросны: яна сама ткала посцілкі ды ручнікі. Вырабляла бабуля і лялькі з ануч, як было тое даўней, “а вочы ім алоўкам падмалёўвала”.

Вольга Вайніцкая стварыла ўжо каля 50 лялек у традыцыйных строях. Яе прынялі ў Беларускі Саюз майстроў народнай творчасці. А першай у лялечнай калекцыі была кампазіцыя “Пляткаркі”: дзве вяскоўкі пляткараць пра мясцовыя навіны. Жанчыны самабытныя, каларытныя, прыцягальныя. Вобразы майстрыха падгледзела ў жыцці. Прызнаецца: гэта яе найлюбімыя лялькі, як і кампазіцыя “Калядоўшчыкі”.

Раней Вольга Васілеўна працавала мастаком-мадэльерам, і толькі прыглядалася да строяў, у якіх людзі шпацыруюць па вуліцы. А калі пачала рабіць лялькі, ёй стала цікава ўглядацца і ў твары людзей: у магазіне, транспарце – усюды, дзе тое можна рабіць, бо кожны заняты сваім клопатам. Звычайна, расказвае, многія твары засяроджаныя, бываюць і цікаўныя, жывыя, светлыя. Такія майстрыха спрабуе паўтарыць, калі лепіць тварыкі будучых лялек. Хоць многія лялечнікі сцвярджаюць, што лялька сама “дыктуе ім свой вобраз”, Вольга Вайніцкая мяркуе: лепш яго прыдумляць самім майстрам. “Маленькіх чалавечкаў хочацца мне бачыць вясёлымі ды прыцягальнымі, – кажа майстрыха. – Таму ў дрэнным настроі нельга садзіцца за працу. Ды і яны цябе такую да сябе не падпусцяць”. Усе лялькі вырабляе “для сябе”, бо, на яе думку, іх нельга ствараць для кагосьці. Потым часта раздорвае сваіх прыгажунь блізкім, сябрам і знаёмым – як часцінку сябе: “Так прыемна, калі ў адказ у чалавека зіхацяць ад захаплення вочы!”. А вось лялькі ў традыцыйных строях прызначаны пераважна для выстаў: “Туды прыходзіць шмат дзяцей. Прыгажосць беларускіх традыцыйных касцюмаў ім прасцей спасцігаць на ляльках, і менавіта яны бываюць найбольш захопеныя такім відовішчам”.

Асабіста мяне захапілі яе лялькі ў вясельных касцюмах – на Рэспубліканскай выставе традыцыйнага мастацтва “Жывыя крыніцы”. Адна пара – жаніх і нявеста ў стылізаваных вясельных строях 1910 года, з Цэнтральнай Беларусі (пачатак XX стагоддзя), другая пара – у вясельных строях з вёскі Кузьмічы Любанскага раёна 1956 года. Вясельныя касцюмы, якія стварае Вольга Вайніцкая для лялек, старэйшае пакаленне яшчэ памятае, а для моладзі гэта ўжо гісторыя. “Толькі нядаўна сучаснікі пачалі цікавіцца вясельнай модай 50-х, 60-х гадоў: адшукваюць фотаздымкі продкаў у вясельных касцюмах, вывучаюць іх ды імкнуцца аднавіць”, – расказвае Вольга Вайніцкая. Касцюм для першай “пары маладых” і яна падгледзела на старым фотаздымку. Уражвае бялюсенькая сукенка нявесты і вянок з белымі васковымі кветкамі на яе галаве. Па словах майстрыхі, мастацтва вырабу такіх васковых кветак прыйшло да нас з Заходняй Еўропы. Тыя вянкі ды букецікі называліся «флердаранж», што значыць «кветка апельсіна», беласнежныя кветкі памаранцавага дрэва. Для жаніха рабілі бутаньерку ў пару да вянка. Упрыгажэнні былі вельмі дарагімі, даступнымі толькі заможным людзям. Васковыя вянкі з часам пашырыліся, да іх простыя людзі дадавалі лісцікі з паперы. Сяляне маглі карыстацца адным вянком усёй вёскай па чарзе. Зберагалі яго ў чырвоным куце за абразамі. Мода на васковыя вясельныя ўпрыгажэнні знікла ў сярэдзіне XX стагоддзя, такія вянкі цяпер сустрэнеш толькі ў музеях.

А Вользе Васілеўне захацелася стварыць такі для лялькі. Таямніцы вырабу прыадкрыла ёй адна са знаёмых майстрых. Праца захапіла Вайніцкую: не заўважыла, як прамінула больш за два месяцы. Кветкі для васковага вянка вырабляла па адмысловай тэхналогіі, спачатку з паперы, якую потым макала ў воск. Майстрыха плануе стварыць цэлую серыю лялек у вясельных касцюмах. Паралельна і елачныя цацкі пачала вырабляць: гэта усё тыя ж лялькі ў мініяцюры. Робіць іх не з керамікі, а з ваты і пап’е-машэ. Адзенне для елачных лялек не шые, а падмалёўвае прама на іх. Некалькі такіх цацак-лялек з аўтэнтычнай афарбоўкай ёсць на выставе “Жывыя крыніцы”: побач з лялькамі ў вясельных строях.

Яна любіць ствараць і “фантазійныя” лялькі, калі галоўнае ўжо не дакладнасць, а “палёт фантазіі”: “Тады можна прыдумваць адзенне, якое захочаш, не захоўваючы нейкія ўсталяваныя каноны. І касцюм для любой лялькі можна стварыць значна хутчэй, чым такі ж для чалавека, на выхадзе ён і значна таннейшы”. Для Вольгі Вайніцкай стварэнне лялек – прыемнае баўленне часу, якога шмат на пенсіі: “Наўрад ці адкрыю сваю справу, бо з узростам тэмп жыцця іншы. Ды і хуткі тэмп, канвеер пры вырабе лялек не патрэбен, іх не варта штампаваць. Лялькі любяць спакой і засяроджанасць. Я супакойваюся, як толькі пачынаю імі займацца. У мяне свой лялечны свет, свая казка, а рэальны свет хай пачакае”.

Ганна Лагун

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?