Вы тут

Патэлефануйце, калі ласка...


Сонейка яркае, вераб'і цвыркаюць. Вясна. Таццяну пацягнула на прыроду, хоць па лесе прайсці. Толькі ісці няма куды. У яе няма дачы, затое — кватэра ў цэнтры — сто чатырнаццаць квадратных метраў. Што з гэтымі метрамі рабіць? Хоць ваўкоў ганяй! Можа, прадаць і купіць меншую?


Думкі прадаць кватэру былі разумныя. Накладна плаціць камуналку за такі метраж і прыборкі шмат. Вялікія кватэры — для вялікай сям'і ці багатых, якія маюць абслугу, як у царскі час. А яна жыве з дачкой, якая вось-вось выскачыць замуж і вылеціць, як птушка з гнязда.

Але... тут прайшло яе дзяцінства, тут выйшла замуж, тут вырасла яе Ірынка.

Вясна абуджае, і Таццяна патроху вызвалялася ад дэпрэсіі. Туга адступала, і клопаты вярталі да жыцця. Упершыню за апошні год убачыла неба — блакітнае, бяздоннае... А так усё хадзіла вочы долу.

Год мінуў, а помніцца, як учора было: ёй на працу патэлефанавала дачка: «Дзядзька Сеня збірае свае рэчы!» Кароткая фраза — як удар маланкі! Бегла дадому, спрабуючы абагнаць блізкую бяду. Сэрца шалёна калацілася, і ўпершыню ў яе, худышкі-гіпатоніка, падняўся ціск. У метро ўсё паплыло перад вачыма...

Яна не паспела... Ён сышоў, не патлумачыўшы, не пакінуўшы запіскі, толькі ключы на століку ў кухні. Таццяна доўга рыдала з нейкай безвыходнасцю. Рыдала так, што Ірынка паклікала суседку, тая паіла яе валяр'янкай і казала: «На Сямёне свет клінам не сышоўся», «усе мужыкі сво...»,» «добра, што ён кінуў цябе ў сорак сем, а не ў шэсцьдзясят...». А Таццяна слухала яе і не чула, як быццам суседка была дзесьці далёка...

Потым яна амаль кожны дзень пісала яму лісты. Цэлы год. Доўгія, поўныя смутку і любові, па некалькі старонак. Яна складвала іх у стол, не адважваючыся адправіць. Марыла: ён прачытае яе лісты і зразумее, як горача яна яго любіць, папросіць у яе прабачэння, і ўсё будзе як раней... Учора яна сустракалася з ім па справе. Збіраючыся на сустрэчу, доўга круцілася перад люстэркам, потым узяла папку з лістамі... Ён прачытаў старонку і сказаў: «Навошта мне іх чытаць, калі ты тут? Скажы мне ўсё ў двух словах». Яна хацела сказаць, як яго кахае, але перахапіла дыханне. Забрала папку і, не азіраючыся, пайшла. Ён здзіўлена паклікаў яе, але яна паскорыла крок.

Зноў плакала, а потым цвёрда вырашыла выкінуць Сямёна з сэрца, з галавы, з жыцця... «Пачну новае жыццё, я змагу», — паўтарала яна сабе. І змагла... прымусіць сябе заняцца генеральнай прыборкай.

Перамывала кубкі з содай, старанна і грунтоўна.

— Табе дапамагчы? — зазірнула Ірынка.

— Не, — адказала яна і павярнулася ў бок здзіўленага позірку дзяўчынкі.

Сама, без старонняй дапамогі, з серванта вывалілася фарфоравая супніца і адным махам рассыпалася на дробныя кавалачкі. Гэта было дзіўна... У Ірыны шырока расплюшчыліся вочы, і, каб яе супакоіць, Таццяна вымавіла:

— Гэта на шчасце.

Затым Таццяна незнарок зачапіла сувенір каля тэлевізара — зноў звон разбітага фарфору... Але ёй чамусьці нічога не было шкада. «Так трэба, — падумала, — гэта сыходзіць мінулае».

— Выпі валяр'янкі і нічога не рабі сёння, — параіла Ірына. — А лепш схадзі да доктара, хай выпіша што-небудзь заспакаяльнае, я сама тут прыбяру.

«Ірына кажа правільна, — падумала Таццяна, — трэба схадзіць да доктара, папіць таблеткі, бо сплю чатыры гадзіны ў суткі»...

І вось яна чакае каля кабінета ўрача. Побач сядзіць мужчына з кнігай.

«З кнігай у паліклініку?»— здзівілася яна і зноў задумалася. Мужчына нібы прачытаў яе думкі: «Думаў, што буду доўга ў чарзе чакаць, вось і ўзяў». Яна паціснула плячыма і ўсміхнулася. «А дзе вы працуеце?» — спытаў мужчына. Яна адказала. Мужчына пытаўся пра нешта яшчэ, расказаў анекдот... Таццяна з ветлівасці слухала, не ўнікаючы ў сутнасць.

Зайшла ў кабінет да ўрача і забылася пра суразмоўцу. Ёй выпісалі рэцэпт, але, выходзячы з кабінета, яна зноў сутыкнулася з тым мужчынам. Ён галантна раскланяўся і працягнуў візітоўку: «Патэлефануйце, калі ласка, тут мае каардынаты».

«Георгій Байкоў», — прачытала яна і кінула візітоўку ў сумачку толькі таму, што побач не было скрыні. Праз тыдзень палезла па ключы і натрапіла на візітоўку. Дастала, каб выкінуць, але нечакана падумала: «А што, калі пазваню?» Вядома, было дзіўна тэлефанаваць незнаёмаму чалавеку толькі таму, што ён папрасіў. Але ў яе жыцці апошнім часам было шмат дзіўнага...

Яна набрала нумар:

— Вы прасілі патэлефанаваць.

— Таня! — узрадаваўся Георгій як старому сябру.

«Адкуль ён ведае маё імя?» — здзівілася яна і адказала:

— Так.

— Мне трэба з вамі сустрэцца па неадкладнай справе. На прыпынку каля паліклінікі. Праз гадзінку зможаце?

Георгій стаяў з кветкамі. Ён адчаканіў усю інфармацыю выразна, па-вайсковаму: «Жыву адзін. Дзеці ўладкаваныя. Маю двухпакаёвую кватэру побач з прыпынкам. У мяне шэры кот Мік. Зойдзем да мяне на каву, пагаворым. Я ўжо ўсё падрыхтаваў». Прапанова была адкрытай. Жанчына ўспыхнула і хацела яго паслаць, але... усё, што адбывалася ў апошнія дні, было дзіўным...

На стале стаяла віно і салата з морапрадуктаў.

— Мая фірмовая, — сказаў Георгій.

Таццяна ніколі не ела такой смачнай салаты.

— Я вам запішу рэцэпт, — усміхаўся Георгій.

Аказваецца, ён працаваў кухарам у рэстаране. Яна засмяялася:

— Я думала, вы палкоўнік: пастава як у вайскоўца.

Яны пасмяяліся і адразу адчулі палёгку пасля ўзаемнай збянтэжанасці.

— Не, я ўсяго толькі кухар. Але я добры кухар і добры чалавек, і вы мне вельмі спадабаліся...

Ёй было цёпла, спакойна... І Таццяна засталася ў Георгія. Па раніцах ён рыхтуе ёй каву. А тую тоўстую папку з лістамі яна спаліла. Калі шчаслівы ў сучаснасці, навошта табе мінулае?

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».