Вы тут

Пачынаецца сезон лецішчаў, пакуль ёсць і недарагія


У свой час, як толькі долар пайшоў уверх, кватаранты запатрабавалі зніжку, а некаторыя і зусім былі вымушаны пакінуць займаныя метры, бо гаспадары цану не скідвалі. Цяпер рубель умацаваўся, але былы спакой на рынак вяртаецца павольна. Намецілася тэндэнцыя, калі на рынку арэнды жылля Мінска з'яўляюцца новыя сезонныя рабочыя. Цікава, ці паўплывала гэта на цэны, а таксама на даступнасць для кватарантаў усіх тыпаў кватэр? За колькі цяпер здаецца жыллё ў Мінску і ці ёсць на яго попыт? У тым ліку і на дачы.


Фота pixabay.com

Зусім танныя кватэры зніклі

Мы яшчэ памятаем, як 30—45 дзён таму на сталічным рынку арэнды сталі з'яўляцца жыллёвыя аб'екты ў не зусім зручных месцах, але па цане 140 долараў па курсе. Кватаранты тады яшчэ носам круцілі, выбіралі кватэру як мага лепшую. Прайшоў месяц, і зусім бюджэтныя кватэры былі «вымыты» з рынку. Зараз па самым мінімальным цэнніку здаюцца аднапакаёвыя кватэры за 160 долараў. Гэта кватэры ў маласямейцы альбо стандартныя памяшканні са старой мэбляй мінулага стагоддзя. За 170 долараў зараз можна адшукаць амаль новую кватэру абсалютна без мэблі. Бюджэтным у Мінску лічыцца і аднапакаёвае жыллё з цэннікам да 200 долараў па курсе.

Злёгку падняўся цэннік і для двухпакаёвых кватэр. Цяпер цана на іх пачынаецца з 220 долараў. Месяц таму было на 20 долараў меней. Аднак у спальных раёнах не зусім ліквіднае такое жыллё прапануецца па кошце 230—250 долараў. Стандартныя двухпакаёвыя кватэры з сучаснай мэбляй і бытавой тэхнікай зараз здаюцца не танней чым за 300—320 долараў па курсе. Паводле статыстыкі, самы вялікі цэннік на кватэры ў Мінску трымаецца ў раёне «Новай Баравой», станцыі метро «Усход», у цэнтры і мікрараёне Лебядзіны. Танней за ўсё сыходзяць кватэры ў Ангарскай, Дражні, раёне вуліцы Казінца, Навінках, а таксама ў пасёлках Сокал і Сосны.

Але, нягледзячы на гэта, агульная тэндэнцыя, на думку аналітыкаў, практычна не змянілася. Прычына — рынак перапоўнены кватэрамі ў той момант, калі арандатараў з кожным днём усё менш. Студэнты ўжо сядзяць на «чамаданах», а новы сезон «свежых» студэнтаў яшчэ не наступіў.

Кватэры на суткі зноў у трэндзе?

Нягледзячы на недахоп кватарантаў, не ўсе ўласнікі гатовыя ісці на саступкі, вынік — мноства кватэр завісаюць у рэкламе, а таксама сыходзяць у разрад кватэр на суткі. Справа ў тым, што ў другой палове мая ў Мінску назіраўся самы сапраўдны бум на прыватныя, пасутачныя кватэры.

Кажуць, у майскія святы ў Мінску зноў (як у найлепшыя гады) немагчыма было знайсці свабодную кватэру на суткі. Гэта да нас пасля амаль двухгадовага ковіднага перапынку вярнуліся турысты з Расіі. Больш за тое, у Беларусь паехалі і жыхары балтыйскіх краін. І, сапраўды, напярэдадні майскіх свят кватэры на суткі разыходзіліся як гарачыя піражкі.

У пікавыя дні знайсці свабоднае арэнднае жыллё ў сталіцы было практычна немагчыма, а цэны на пакінутыя варыянты раслі проста на вачах. Ажыятаж быў такі, што 7 мая цэны на кватэры даходзілі да 140 долараў за суткі. І людзі былі гатовыя засяліцца хоць куды, па любых цэнах. Пры гэтым яшчэ 1 мая гэтыя ж кватэры здаваліся за 70 долараў, і ніякага ажыятажу не было.

Унікальнасць сітуацыі ў тым, што калі раней людзі браніравалі святочныя даты за месяц-два, то зараз гэта адбылося літаральна за некалькі дзён. Расіяне казалі, што засумавалі па Мінску, два гады тут не былі. Многія пасля сталіцы ехалі ў іншыя месцы — у Брэст, Белавежскую пушчу, Брэсцкую крэпасць. Хтосьці сумясціў адпачынак з рабочымі пытаннямі, шопінгам, сустрэчамі з сябрамі і сваякамі. Адны хлопцы з Расіі прыехалі на пару дзён, але ім так спадабалася ў Мінску, што яны ўжо забраніравалі кватэру на два тыдні ў ліпені.

Акрамя расіян, павялічылася ў Мінску і колькасць гасцей з краін Балтыі. Для грамадзян гэтых дзяржаў дзейнічае бязвізавы ўезд у Беларусь, і многія вырашылі скарыстацца гэтай магчымасцю.

Першыя дачы: чым бліжэй, тым даражэй

Перспектыва правесці ўсе лета ў душным горадзе мала каго парадуе. Аднак лецішча пад Мінскам, куды можна збегчы на выхадныя ад мітусні, ёсць не ва ўсіх. І тут добры варыянт — зняць участак з садовай хаткай у спецыяльным кааператыве або проста ў вёсцы.

Днямі абмяркоўвалі з калегам планы на лета. Яго сям'я вырашыла, што было б выдатна выхадныя праводзіць разам на прыродзе. Сваёй дачай пакуль абзавесціся не паспелі, і зняць домік здалося ім вельмі павабным варыянтам. Знайшлі аб'явы ў інтэрнэце, патэлефанавалі, а ў адказ: участак здаём у арэнду толькі на цэлае лета.

На думку нашага эксперта, ганаровага старшыні Беларускай асацыяцыі «Нерухомасць», дырэктара агенцтва нерухомасці «БЕЛЦТН» Мікалая Прасталупава, зараз вялікая частка ўласнікаў дачных участкаў — людзі, якім ужо глыбока за 60. Часам даглядаць сваю загарадную нерухомасць не хапае здароўя. Дзеці і ўнукі часта не гараць жаданнем дапамагаць у гэтым, але і ад ліквіднага аб'екта цалкам не адмаўляюцца.

«Зялёная» моладзь цікавіцца адпачынкам на прыродзе толькі ў разрэзе «адцягнуцца» на выхадныя і пажадана ў катэджы з усімі выгодамі. Адпачыў — і зноў у горад.

Так што цяпер досыць вялікая колькасць дачных домікаў і прасторных вясковых дамоў шукае сваіх кліентаў сярод нешматлікіх сямейных пар, у якіх ёсць свая аўтамашына і жаданне праводзіць час на прыродзе з абмежаваным наборам камфортнасці для гарадскога жыхара.

Прапаноў сапраўды маса. І проста адпачыць удалечыні ад мітусні, і ў агародзе пакорпацца, рыбу палавіць, пазагараць, у лес схадзіць, шашлыку паесці — варыянтаў безліч. Мы для сябе выбралі тры тыпы адпачынку пры бюджэтных выдатках.

Першы варыянт прадугледжвае невялікі жылы дом на два спальныя пакоі ў дачным кааператыве, побач з аграгарадком недалёка ад сталіцы (8 кіламетраў ад МКАД). Ацяпленне пячное, сезонная вада, каналізацыя цэнтральная. Амаль да самога дома ходзіць грамадскі транспарт, ёсць немаладая мэбля, няма ЗВЧ-печы, тэлевізара, але ёсць ванная і добрыя суседзі. Гаспадары кажуць, што спакойнае і ціхае месца. Такую амаль гарадскую дачу прапаноўваюць за 250 долараў у эквіваленце на доўгачасовай аснове, але гатовыя і на варыянты супрацоўніцтва. Гэты домік добры тым, што з яго амаль у любы час можна трапіць у вялікі горад і назад.

Другі абраны мною варыянт знаходзіцца ў Мінскім раёне (15 кіламетраў ад МКАД). Гэта «лёгкая», не ўцепленая дача, якая здаецца толькі на летні сезон. Пажадана — сям'і, можна з дзецьмі. Плошча ўчастка невялікая — усяго 7 сотак, затое побач з тэрыторыяй лес і маляўнічае месца. Ацяпленне пячное, вада сезонная, а каналізацыя на вуліцы. Стан мэблі апісаны досыць проста: другаснае жыллё. У доме два пакоі і веранда, побач з участкам — сасновы лес, на ўчастку можна вырошчваць гародніну. Гэты просты варыянт ацэньваецца ўжо танней — 200 долараў у месяц.

Здаецца на працяглы тэрмін невялікі (два спальныя месцы) домік у аграгарадку Калодзішчы. Гэта як аднапакаёвая кватэра-студыя, дзе пакой сумешчаны з кухняй. У доме ёсць усе выгоды, але ацяпленне пячное. Уладкаваны кухня і туалет, немаладая мэбля плюс пральная машына, ванны пакой, камін і паркоўка. На тэрыторыі — мангал, сад і агарод. Да Мінска на аўтамашыне — 20 хвілін, на аўтобусе — 30 хвілін. Пераважна сям'і з дзецьмі або маладой пары. Цана — 400 рублёў (155 долараў) плюс камунальныя плацяжы (максімум 100 рублёў). У дадзеным выпадку падкупляе тое, што ў хаце ёсць камфартабельны туалет і ванна-душ з гарачай вадой. Праўда, за гарачую ваду трэба папрацаваць.

У гэтай сітуацыі мы адабралі ўчасткі, размешчаныя недалёка ад Мінска, максімум за 20 кіламетраў: каб прасцей было дабірацца туды пасля працоўнага тыдня ў пятніцу.

Калі выбіраць далей — кіламетраў 50—70 ад кальцавой дарогі, — то на дадзены момант існуюць прывабныя дачныя домікі, за якія ўласнікі просяць наогул дробязі — 50—60 долараў у эквіваленце. У цэлым усе ўладальнікі дач, да якіх мы звярнуліся, хацелі б здаць домік на лета. Адзін, асабліва руплівы з іх, так апісаў свае чаканні: «У мяне гэтым летам не атрымаецца часта бываць на дачы. Таму не бачу сэнсу не падарыць камусьці задавальнення. Натуральна, мне зручна здаць участак на цэлае лета адной сям'і. Лецішча — сваё, асабістае, і не хацелася б перадаваць з рук у рукі».

Разам з тым большасць арандадаўцаў гатовая да дыялогу. А значыць, бакі пры жаданні змогуць знайсці рашэнне, пры якім ім не прыйдзецца моцна ахвяраваць сваімі інтарэсамі.

Ці ёсць попыт на элітнае жыллё?

Нягледзячы на агульны стан рынку, эксперт адзначае: попыт на элітныя кватэры пакуль ёсць. Дарагое жыллё кропкава разбіраюць арандатары з-за мяжы, але і тут ёсць момант.

Жыллё з рамонтам з 2000-х, якое раней здавалася за 1000—2000 долараў па курсе, сёння мала каго прыцягвае за гэтыя грошы. Выключэннем могуць быць кватэры ў пэўных месцах горада і з рамонтам з якасных матэрыялаў.

Разам з тым добрым попытам карыстаюцца дыхтоўныя катэджы ў прыгарадзе. Людзі гатовыя здымаць загараднае жыллё пад Мінскам на лета за 800—1500 долараў у месяц, але гэта ўжо людзі крыху з іншымі даходамі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».