Вы тут

Падмурак краіны


Недзе сустрэў такое вызначэнне: «Беларусь — краіна шчаслівага дзяцінства». І гэта сапраўды так. У Беларусі гэта аксіёма. Дзеля дзяцей жывуць не тое што сапраўдныя бацькі, нават дзядулі і асабліва бабулі. Беларусы ў паважаным узросце збіраюць грошы не на падарожжа па свеце. Замест сэлфі сярод Альпаў альбо каля Эйфелевай вежы нашы старыя на самым бачным месцы выстаўляюць фатаграфію з унукамі.


Але ж некаторыя нават кпяць з гэтага. У іх разуменні «пэрамэны» павінны былі адбыцца нават у поглядах беларускіх пенсіянераў. Маўляў, яны з дбайных гаспадароў павінны былі ператварыцца ў міжнародных валацуг. А ці не здаецца вам, што вось гэтыя замежныя падарожжы — гэта спроба не адпачынку (дарогу і нават нязначную змену клімату і моладзь адчувае — што казаць пра людзей ва ўзросце), а ўцячы ад сябе. Калі замест дзіцячага гоману ў пакоях у галаве сталых людзей звініць пытанне: а які ён, вынік жыцця для сябе, на «лайце», па-еўрапейску? Разумееш гэта, калі памылкі нельга выправіць. Так мо яно і трэба адрывацца бабулям і дзядулям ад сваіх кветнікаў і агародаў, «адрывацца» і ў сэнсе слэнгу ўнукаў. Адпачыць, змяніць дзейнасць і гэтак далей. Але ж галоўнае — не адарвацца ад радавога запавету. Аб прадаўжэнні гэтага самага роду.

Нам, сучаснікам, цяжка нават уявіць, якія выпрабаванні цярпелі беларусы на сваёй зямлі, пакуль свая зямля не стала сваёй у межах асабістай дзяржавы. Але ж беларусы засталіся ў свеце. Не зніклі ў скляпеннях дэфензівы, на папялішчах Хатыні, падчас радыяцыйнай навалы. Выжылі. Засталіся. Жывём поўным сэрцам. Дзякуючы працягу роду. Кажуць, што пасля вайны — заўжды ўсплёск нараджальнасці. Нястача, галеча, але ж ніякіх табе дэмаграфічных ям. Пяцёра-шасцёра дзяцей у кожнай сям'і. У сялянскай хаце не больш чым два жылыя пакоі, жыллё па-гарадскому — увогуле адна кухня на некалькі сем'яў. Дэфіцыт, канфлікты былі. Але нараджэнне дзіцяці адзначалі вясковай вуліцай, гарадскім пад'ездам. Зараз нават лавак у невялікіх вёсках няма. Не пасуюць сучаснай агароджы. І ў такіх умовах выраслі, атрымалі адукацыю і знайшлі сябе. У пакалення родам з 1940—1980-х амаль няма так званых свабодных мастакоў. Сапраўдныя мастакі былі Бялыніцкі-Біруля, Міхаіл Савіцкі. Не было цукерак, не хапала падручнікаў, але ж была прага да жыцця. Таму нараджалі дзяцей. І выхоўвалі. Без памперсаў і мацярынскага капіталу. Не было ні сацыяльных педагогаў, ні гендарных факультатываў — быў нараджальны бум. Пакуль не пачалі лепей жыць.

Памятаеце фільм «Белыя росы»? Фільм-люстэрка эпохі развітога сацыялізму. Буслянка дзеля больш камфортных умоў пад бульдозер. А бусел — гэта жаданы госць у кожнай сям'і. Як толькі пыльныя вясковыя вуліцы заасфальтавалі, а хаты зацьмілі шматпавярховымі будынкамі, галоўнае адышло ў цень. Сталі губляць запаветы продкаў і дзяцей па паліклініках. Багацце любога народа. Кажучы па-дзяржаўнаму, галоўны рэсурс краіны. На гэта любых грошай не шкада. Як і на бяспеку краіны.

Але ці вырашае матэрыяльнае заахвочванне праблему? Мацярынства за грошы —нібыта сурагатны бізнес. Ці ўвогуле можна купіць шчасце быць маці? Я не пра ЭКА. Пра адчуванне таго, што ты падаравала жыццё. Абавязкова трэба падтрымліваць свядомых шматдзетных бацькоў. Але ці можна грашыма выхаваць тых дарослых, хто ўвогуле не займаецца выхаваннем сваіх дзяцей.

А чаму б, напрыклад, не заснаваць медаль Маці — за траіх дзяцей. Зразумела, ордэн Маці — за выхаванне пяцярых. Дык вось такія ўзнагароды даюць менавіта паважаным жанчынам за насамрэч добра выхаваных дзяцей. Вось менавіта ўзнагароджаным у першую чаргу і няхай дапамагае дзяржава. Тады некаторыя бацькі перастануць родных дзяцей ператвараць у сродак маніпулявання і заробку.

Бо насамрэч дзяржава ў нас шмат увагі ўдзяляе падтрымцы мацярынства і дзяцінства. Зараз аб вельмі цяжкім. Аб смяротнасці. Нашы ўрачы нібы чараўнікі — навучыліся адваёўваць жыццё немаўлят, што ўмяшчаюцца ў іх далонь. У Еўропе нават такія, прабачце, «плады» па-за ўлікам статыстыкі. Вось і атрымліваецца: дзяржава, нібы родная маці, пыхціць над кожным немаўлём. І нават каля галоўнага будынка суверэнітэту — Палаца Незалежнасці — РНПЦ «Маці і дзіця». Гэтая ўрбаністычная дэталь — быццам рыса дзяржаўнай палітыкі.

Але ж ці можна праграмамі ды інструкцыямі, банкаўскімі рахункамі і дзяржаўнымі данатамі ажывіць жыццёвую прагу да працягу роду. Падтрымаць — так! Але ж ажывіць? Гэта як рака. Можна з дапамогай меліярацыі змяніць рэчышча, нават зрабіць больш паўнаводнай. Але без невычэрпных падземных вытокаў нават маленькая рачулка высахне да дна. Так і з нараджэннем дзяцей. Без нацыянальнага жадання застацца ў гісторыі — ніяк.

А цяпер падумайце, чаму так навязваюць жахлівую ідэалогію «чайлд фры» — бяздушную моду на бяздзетнасць. Брытанскія газеты ўжо не саромеюцца апавядаць пра таксічнасць дзяцей, украінскія дэпутаты нават прапаноўвалі стэрылізаваць бедных жанчын.

А колькі «экспэртаў» з міжнародных фондаў займаюцца рэгуляваннем нараджэння. Яны вам раскажуць і пра закабальванне мацярынствам жанчын, і пра моду на адукаванасць і сталасць бацькоў, нават цягу да міжнароднага турызму і «дэмакратызацыю» сямейных адносін. Мараль адна — займайцеся чым заўгодна, але не нараджайце дзяцей. Канцэпцыя нічым не адрозніваецца ад трэцяга рэйху — захоп жыццёвай прасторы. Зараз без адзінага стрэлу.

Мы шмат чаго страцілі свайго роднага-побытавага. Нават аўтэнтыку сялянскай сядзібы — хату бацькоў — альбо ўвогуле зносім — на дровы, альбо... А ў гэтых сценах моц не толькі адмысловай смалістай драўніны, пах лесу, у гэтых сценах — гісторыя нашых сем'яў. Гісторыя перамог. Над нястачай, над акупантамі. Гісторыя свайго роду. А мы хату бацькоў еўрапеізуем. Добра, што пасля гэтага суцэльнага «еўрарамонту» ў агульнай хаце застаецца месца для калыскі для нашых дзяцей. А ў чырвоным кутку палітычнай рэчаіснасці — не постмадэрнісцкі кіраўнік, а вобраз сапраўднага бацькі.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.