Вы тут

Язерскі: Будучыня за шматфункцыянальнымі ўстановамі культуры


Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкама Дзяніс Язерскі расказвае пра тое, чым жыве рэгіён і як плануе зацікаўліваць.


— Дзяніс Уладзіміравіч, у Гомелі і вобласці праводзяцца многія святы і сустрэчы, аднак якія з іх вы маглі б назваць сапраўдным брэндам рэгіёна і чаму?

— Назаву міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» у Гомелі, рэспубліканскі фестываль народнага гумару ў Аўцюках, рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» ў Акцябрскім і міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» ў Ляскавічах. Турыстычным брэндам Гомельскай вобласці лічу і асноўны тур маршруту «Залатое кальцо Гомельшчыны». Усе яны дазваляюць вобласці заставацца вядомай і запатрабаванай у міжнароднай турыстычнай супольнасці. Дарэчы, сёлета многія святы прысвечаны Году гістарычнай памяці, у тым ліку абласны конкурс фальклорных калектываў «Шануйце спадчыну сваю», IV рэгіянальны фестываль літаратуры, культуры, мастацтва і народных традыцый «На зямлі Кірылы Тураўскага» ў Жыткавічах і іншыя творчыя форумы.

— Цікава даведацца падрабязней пра святкаванне Года гістарычнай памяці…

— У нас плануюцца мерапрыемствы, прысвечаныя памятным і юбілейным датам населеных пунктаў (напрыклад, 880-годдзе з дня згадвання ў летапісе Гомеля і Рагачова), устаноў і арганізацый (200-годдзе з дня ўтварэння ў Гомелі жаночай гімназіі; 150-годдзе з дня выпуску першай прадукцыі на Добрушскай папяровай фабрыцы; 100-годдзе з дня ўтварэння Мазырскага драматычнага тэатра імя І. Мележа; 50-годдзе з даты адкрыцця Гомельскага цырка). Звернемся і да іншых значных юбілеяў — 60-годдзя з дня адкрыцця ў Гомелі першага тралейбуснага маршруту, 80-годдзя з дня стварэння Беларускага штаба партызанскага руху…

— Што наконт кірункаў, звязаных з тэмай Вялікай Айчыннай вайны?

— Арганізоўваем выстаўкі архіўных дакументаў, кніжныя выстаўкі ў бібліятэках, фотавыстаўкі, інфармацыйныя куткі, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне і тэматыцы Года гістарычнай памяці ўвогуле. Дарэчы, на снежань запланаваны выпуск кнігі «Без тэрміну даўніны. Генацыд на тэрыторыі Гомельшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны». Падрыхтоўка матэрыялаў для выдання ажыццяўляецца пры непасрэдным удзеле ўсіх зацікаўленых арганізацый: сродкаў масавай інфармацыі, музеяў, бібліятэк, пракуратуры, устаноў адукацыі, дзяржаўнага архіўнага фонду ды іншых. Летам плануецца адкрыццё рэканструяванага ваенна-гістарычнага мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынічка». Што важна: установам адукацыі, студэнцкім атрадам, піянерскім дружынам, вуліцам і плошчам населеных пунктаў прысвойваюцца імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны, герояў Савецкага Саюза, выдатных і знакамітых землякоў. Не забываем і пра адкрыццё інфармацыйных дошак у гонар заслужаных суайчыннікаў.

— Што адбываецца апошнім часам у бібліятэчнай сферы?

— На трансфармацыю дзейнасці бібліятэк, у першую чаргу, паўплывала эпідэміялагічная сітуацыя. У няпростых умовах апошніх двух гадоў намаганні бібліятэк былі накіраваны на пошук новых форм дзейнасці. Эфектыўная «аддаленка» стала для бібліятэк рэальнасцю, да якой неабходна было адаптавацца. Платформай для гэтага паслужылі сайты ўстаноў і супольнасці ў сацыяльных сетках, у якіх рэгулярна размяшчаецца інфармацыя аб акцыях, чэленджах, конкурсах, віртуальных выстаўках, праводзяцца апытанні, публікуюцца фотасправаздачы аб праведзеных мерапрыемствах.

Адным са знакавых праектаў з’яўляецца сеткавы інтэрнэт-праект «Бібліятэка. Перазагрузка», у якім удзельнічалі ўсе гарадскія бібліятэкі Светлагорска. Быў распрацаваны лагатып раённай сеткі бібліятэк, праводзіліся відэаагляды і відэасустрэчы з кнігамі, творчыя лабараторыі, майстаркласы, чытанні, літаратурныя анлайнвіктарыны, музейныя відэарэпартажы, анлайн-агляды віртуальных выставак, пазнавальная анлайн-гульня, анлайн-выстаўка мініяцюрных кніг, падрыхтаваны віртуальныя дасье пісьменнікаў-юбіляраў, анлайн-бюро кніжных навінак, буктрэйлеры па папулярных дзіцячых кнігах, анлайнапытанні «#СветлогорскНашГород» па гісторыі Светлагорска з варыянтамі адказаў. Інтэрнэт-флэшбук «Кніжны алфавіт» завяршыўся выпускам магнітных стыкераў з рэкламай кніг для чытачоў асобных узроставых груп 0+, 6+, 12+, 16+.

Сярод новых анлайн-праектаў для дзяцей — «А вы ведаеце, што?..» і «Усё аб усім» Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна. У адрозненні ад папярэдніх праектаў, дзе прыярытэт аддаваўся мастацкім кнігам, яны накіраваны на знаёмства з навукова-папулярнай і даведачнай літаратурай. Іх задача — расказаць пра выданні з фондаў бібліятэк, навучыць дзяцей працаваць з імі, пазнаёміць з цікавымі фактамі па тэме.

— Ці змяняецца якасна і колькасна сельская бібліятэка?

— Колькасць напрамую залежыць ад дэмаграфічнай сітуацыі. Скарачэнне колькасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці цягне за сабой і працэс аптымізацыі бібліятэчнай сеткі. Але аптымізацыя — гэта не заўсёды закрыццё. У першую чаргу яна прадугледжвае аб’яднанне клубаў і бібліятэк (там, дзе гэта магчыма і мэтазгодна) і стварэнне бібліятэк-клубаў і клубаў-бібліятэк. Бадай, будучыня — менавіта за такімі шматфункцыянальнымі ўстановамі культуры, прыходзячы ў якія чалавек атрымлівае максімальную колькасць паслуг пры максімальна эфектыўным выкарыстоўваннісамога аб’екта культуры, што спрыяе захаванню бюджэтных рэсурсаў. На пачатак года ў вобласці налічвалася 378 сельскіх бібліятэк, з іх 30 — бібліятэкі-клубы. Актыўна працуюць і маршруты бібліёбуса. Такім чынам, інфармацыйнае абслугоўванне насельніцтва працягваецца.

Гаворачы аб якасці працы, важна разумець і яе значнасць, у першую чаргу ў краязнаўчай сферы. Сельская бібліятэка застаецца адзінай установай, якая займаецца пошукам, сістэматызацыяй, захаваннем і папулярызацыяй гісторыка-культурнай спадчыны сваёй мясцовасці. У якасці прыкладу прывяду дзейнасць Казлоўскай сельскай бібліятэкі Светлагорскага раёна, якая стварыла патрыятычны праект «Ваенны музей у чамадане», мэта — пазнаёміць маладое пакаленне з падзеямі вайны на тэрыторыі мясцовасці. Да ўдзелу ў праекце бібліятэкар прыцягнула членаў Парыцкага пошукавага атрада «Эстафета памяці», ваеннага камісара Светлагорскага і Акцябрскага раёнаў, старшыню Парыцкага выканкама. Удзельнікі праекта наведалі сельскія школы, дзе правялі медыяўрокі мужнасці, воінскай славы, медыягадзіны памяці, падчас якіх расказвалі аб аперацыі «Баграціён», подзвігах і мужнасці салдат Перамогі, Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Светлагорскага раёна. Акрамя таго, у межах праекта быў створаны Падлеткавы пошукавы атрад, арганізавана экскурсія на мемарыяльны комплекс «Ала».

— Якія тэндэнцыі назіраеце ў музейнай справе?

— У вобласці налічваецца 26 устаноў па профілі музейнай дзейнасці. У 2021 годзе назіралася ўстойлівая дынаміка росту колькасці наведвальнікаў музеяў — амаль 719 тысяч чалавек, калі ў 2020 годзе не было і 506). Што тычыцца выставачнай дзейнасці, то адбылося 1165 выставак (у 2020-м — 1081 экспазіцыя). Цікавыя звесткі і па арганізацыі экскурсійнага абслугоўвання — 13 375 экскурсій, калі ў 2020-м іх было 10 066. Сярод музеяў найбольшую колькасць наведвальнікаўпрынялі Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі абласны музей ваеннай славы, Мазырскі аб’яднаны краязнаўчы музей, карцінная галерэя Гаўрыіла Вашчанкі, Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей з філіялам у Красным Беразе — мемарыял «Дзецям — ахвярам вайны», сядзіба Козел-Паклеўскіх. Дарэчы, у верасні мінулага года адбылася знамянальная падзея — у Юравічах адкрыўся новы музейны аб’ект «Старажытная стаянка першабытнага чалавека», які стаў філіялам Калінкавіцкага дзяржаўнага краязнаўчага музея.

— А куды параіце завітаць нашым чытачам?

— Найперш у музеі пры бібліятэках. Так, у Гомельскай абласной універсальнайбібліятэцы дзейнічаюць тры музеі. Музей рэдкай кнігі — найбуйнейшае сховішча рарытэтных выданняў на аснове кніжнай калекцыі князёў Паскевічаў, падобных якому няма ў нашым рэгіёне, і адно з самых буйных на тэрыторыі краіны. Літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны і Мемарыяльная зала народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка — гэта экспазіцыі, прысвечаныя жыццю і творчасці народных пісьменнікаў Івана Мележа, Івана Навуменкі, Івана Шамякіна і Андрэя Макаёнка. Для дзіцячай аўдыторыі пры аддзеле абслугоўвання навучэнцаў 1—5 класаў абласной бібліятэкі дзейнічае Музей казак «Прыгоды Пінокіа» Калодзі і «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» Талстога. Таксама гасцям і жыхарам горада варта наведаць Музей аўтографа цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. І. Герцэна. У пачатку года ў яго фондзе налічвалася каля 2000 аўтографаў. Самы шырокі раздзел калекцыі прысвечаны літаратурнаму аўтографу.

Асаблівай папулярнасцю карыстаецца праект «Ельскі фартушок», які ўжо па праве стаў брэндам Ельскага раёна. Этнаграфічная калекцыя «Ельскі фартушок» — адзін з першых буйных і пастаянна дзеючых праектаў Ельскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, які налічвае больш за 800 экспанатаў народнай творчасці. Дзецям, безумоўна, будзе цікава наведаць

«Музей цацкі краін свету» пры дзіцячай бібліятэцы № 3 Светлагорска. Ён налічвае больш за 400 экспанатаў з 27 краін, сярод якіх — нацыянальныя цацкі, сувеніры, даведнікі, дыскі, кнігі-цацкі.

Гэта, вядома ж, далёка не поўны пералік музейных экспазіцый, прадстаўленых у бібліятэках вобласці. Мабыць, у кожным раёне нашай вобласці наведвальнікам ёсць што паглядзець у бібліятэках, пачынаючы з краязнаўчых куткоў сельскіх бібліятэк з атрыбутамі сельскага побыту, і заканчваючы прадстаўленымі вышэй музейнымі экспазіцыямі.

Цікава ведаць

Па стане на 1 студзеня 2022 года ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны ўключана 866 матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей (1010 аб’ектаў), размешчаных на тэрыторыі Гомельскай вобласці, з якіх 167 помнікаў архітэктуры (307 аб’ектаў),  37 археалогіі (378 аб’ектаў), 317 помнікаў гісторыі (317 аб’ектаў), 7 помнікаў мастацтва (7 аб’ектаў), 1 помнік горадабудаўніцтва; 2 матэрыяльныя рухомыя гісторыка-культурную каштоўнасці (265 адзінак) і 13 нематэрыяльных праяў творчасці чалавека. Агульная колькасць складае 881 гісторыка-культурная каштоўнасць.

У сувязі з арганізаванай Міністэрствам культуры падрыхтоўкай элемента «Беларускае мастацтва выцінанкі» для ўключэння ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА) супрацоўнікі Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці працуюць над дэкларацыяй аб папярэдняй, добраахвотнай і свядомай згодзе майстроў, накіравалі ліст падтрымкі прапановы аб уключэнні намінацыі ў спіс ЮНЕСКА.

У 2021 годзе выконваліся рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 21 аб’екце гісторыка-культурных каштоўнасцей. 36 — гэта помнікі гісторыі і культуры, 13 — помнікі архітэктуры. Сёлета патрабуецца завяршыць прывядзенне ў належны стан фасадаў гісторыка-культурных каштоўнасцей, распрацоўку і размяшчэнне на афіцыйных сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў эскізаў аконных запаўненняў, а таксама комплексных рашэнняў фасадаў помнікаў архітэктуры ў гарадской забудове.

Актуальная інфармацыя аб гісторыка-культурных каштоўнасцях і забеспячэнні захаванасці гісторыкакультурнай спадчыны размешчана на афіцыйных сайтах райвыканкамаў і Гомельскага гарвыканкама ў раздзеле «Гісторыка-культурная спадчына». На сайце галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама ў раздзеле «Культура» створаны падраздзел «Гісторыка-культурныя каштоўнасці». На анлайн-сэрвісах Яндэкс.Карты, Google.Map нанесены архітэктурныя аб’екты і помнікі гісторыі. У сацыяльных сетках апублікавана карта з аптымальным маршрутам агляду музейных аб’ектаў і гісторыка-культурных каштоўнасцей. На геапартале ЗІС практычна ў поўным аб’ёме адлюстраваны звесткі аб помніках археалогіі вобласці, уключаных у Дзяржаўны спіс.

Сярод значных падзей, якія плануюцца сёлета ў рэгіёне, — міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся» (Ляскавічы), рэспубліканскае свята «Дзень беларускага пісьменства» (Добруш), міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» (Гомель), абласны фестываль духавых аркестраў «Фанфары Гомельшчыны» (Добруш) і іншыя.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?