Вы тут

...Ракі зімуюць, дзе зімавалі. А маглі б — у Францыі!


Знаёмы расказаў досыць цікавую гісторыю, са сваёй радзімы прывёз. Калі не схлусіў, то тамтэйшыя ракі маглі б апынуцца ў Парыжы.


...Справа ў часы перабудовы была. Тады шмат што мянялася: нешта — да лепшага, нешта — да горшага. А калі карацей, то на нашу Расоншчыну прыехалі сапраўдныя французы — даследчыкі напалеонаўскіх бітваў. Найбольш іх цікавіла тая, што адбылася каля вёскі Клясціцы.

Непадалёк ад яе тыя навукоўцы і запыніліся: пасяліліся ў палатках, але і там адчувалі сябе досыць камфортна. Ды і як жа інакш, калі гэта былі французы: як Джо Дасен, як Мірэй Мацье, як Поль Марыа ды Марына Уладзі... Папулярнасць гэтых людзей у тыя часы проста зашкальвала! Ды і самі прыезджыя аказаліся вельмі сімпатычнымі: яны так шчыра захапляліся нашай прыродай і людзьмі, так цікавіліся жыццём і захапленнямі...

Не дзіва, што аднойчы на возеры падышлі да рыбакоў, падзівіліся на ўлоў... Прычым не без падстаў, бо мужчыны налавілі не толькі рыбы, але і ракаў нацягалі, нават наварылі іх, цэлае вядро!

Было на што запрашаць французаў...

Тыя, вядома ж, доўга не адмаўляліся (хіба крыху — для прыліку). А потым кульнулі па чарцы-другой, пакаштавалі ракаў — павесялелі. Прызналі, што тутэйшыя піва ды гарэлка настрой падымаюць не горш за іхнія каньякі і віны. А ўжо ракі!.. «Нічога смачнейшага мы раней не елі!» — казалі даследчыкі...

Адзін — найхітрэйшы — нават масты стаў наводзіць: цікавіцца, ці шмат гэтых ракаў водзіцца ў тутэйшых вадаёмах? («Ды хоць каўшамі бяры!» — сказалі рыбакі). Ці лёгка іх налавіць? («Нам? Для вас?.. Што раз плюнуць!»). І ці можна было б гэты прадукт адправіць у Парыж?

Нехта іншы мог бы сказаць, што трэба падумаць. Рыбакі (сярод іх быў і нехта з начальства) пад чарку і тут жа паабяцалі «нарасціць пагалоўе» — забяспечыць не толькі Парыж, а ўсю чыста Францыю!

Вынікам вось гэтых спантанных перамоў былі моцныя поціскі рук, такія ж абдымкі, клятвы ў сяброўстве і супрацоўніцтве.

...Праўда, нараніцу пра іх ужо мала хто помніў. Ну пасядзелі, ну выпілі гарэлкі, ну пасёрбалі юшкі, паелі ракаў — ну французаў пачаставалі.

Нешта абяцалі ім?.. Але што?

Рыбакам — ды пасля ўчарашняга — напружваць мазгі не хацелася. Хтось, праўда, успомніў, што французаў як быццам цікавілі ракі, але ж таму чалавеку ніхто не паверыў, бо дзе тая Францыя? І нашто ёй тутэйшыя ракі?

У французаў (як-ніяк навукоўцы!) памяць аказалася лепшая, і таму недзе праз год, калі тыя ж самыя ці іншыя рыбакі, сочачы за паплаўкамі, спакойна паседжвалі ды палежвалі на сваіх прыкормленых месцах, да калгаснай канторы падруліў фургон-рэфрыжэратар з замежнымі нумарамі: французы прыехалі па замоўлены тавар, па... ракаў.

...З сённяшняй званіцы ўсё гэта здаецца малаверагодным, але ж часу прайшло няшмат. Можа, не сышлі ў лепшы свет тыя рыбакі? Хай тады напішуць, што насамрэч было і як.

Іван ГАРАЛЬЧУК

г. Мінск


І злоўлены, і не злодзей — як быццам...

Амаль усе гарады цяпер аблеплены так званымі царскімі сёламі. Дамы там — проста на зайздрасць: прасторныя, высокія, з гаражамі-лазнямі, альтанкамі, з ландшафтным дызайнам... І, што важна, гаспадараць там не толькі цары ды рознае вялікае начальства — дзе-нідзе і просты люд сустракаецца. Наша бухгалтарка, напрыклад, жыве, Зоя.

Дом яны з мужам некалі з разлікам ставілі: каб дочкі маглі зяцёў прывесці, каб унукам было дзе пабегаць, каб з вёсак бацькоў пазабіраць, калі пастарэюць...

Яны так планавалі — атрымалася ўсё іначай. Дочкі жывуць далёка за межамі, старых не выцягнуць з родных хат. Факт, што ў Зоіным катэджы на восем пакояў хіба свякроўка з месяц пажыла, бо адзінокая і якраз хварэла. Вось тады і адбылася з ёй цікавая прыгода.

Калі па парадку (як Зоя расказвала), то звычкі хату замыкаць бабуля ніколі не мела: і дома ў вёсцы, і тут, у «царскім сяле», на ганак выйдзе, дзверы нечым падапрэ і пайшла, бо, казала, ну што там красці?! Ды і людзі ж вакол.

Яны і праўда былі — на вуліцы, у гародах... А таму з самай раніцы бабуля прытуліла кіёк да ўваходных дзвярэй і махнула да суседкі (брамку не зачыніла).

Пасядзелі там (надвор'е добрае было), пагаманілі, прыкінулі, што ў агародах зрабіць, каб дагадзіць нявесткам...

Зоіна свякроў дзеля гэтага, вярнуўшыся дамоў, на высокі ганак паднялася (пад домам — два гаражы і майстэрня), узяла ключы, замкнула хату, пайшла ў гарод, у парнік...

Аж да абеду там калупалася, пакуль есці не захацела. А дзверы ў дом адчыніла і як не самлела: каля самага парога, на дыванку, нейкі прыблуда спіць... І гэтак жа соладка! Ну нічога не чуе!

Бабуля (добра такі слепаватая) нагнулася, каб паглядзець, хто такі. Незнаёмы. Бедны, худы... Сівы... Падобна, п'янаваты... Але ж «дзіця чалавечае»! Што рабіць? Пад галаву падсунула падушачку, накрыла «госця» пледам, пайшла супчык варыць.

...Ці не на пах яго мужчына прачнуўся, зайшоў у кухню, вінавата залыпаў вачыма: сказаў, што зранку «трубы гарэлі», а выпіць не было за што. Убачыў адкрытую брамку, зайшоў спытаць, ці не трэба нешта зрабіць... На дварэ і ў доме нікога. А ў бары — недапіты каньяк. Вось і прылажыўся... А захацеў сысці — дзверы ўжо замкнутыя. І ў акно не выскачыш, бо высока ды і людзі вакол — мігам міліцыю выклічуць...

Карацей, дзявацца не было куды: стаў чакаць гаспадароў, каб неяк дамовіцца, бо ён жа нічога ж не ўкраў — каньяк хіба выпіў...

Бабуля гарачага супу яшчэ наліла, катлетак пагрэла, даведалася, што Сеня з недалёкай вёскі, з жонкай даўно ў разводзе, маці памерла. Ён жыве адзін, на пасёлку вось тут часта падпрацоўвае: робіць, каму што трэба.

...Зоіна свякроў у той дзень работы яму не знайшла, а вось суседцы ён граду ўскапаў і рэдзьку пасеяў — нешта зарабіў.

І назаўтра прыйшоў — павітаўся...

І потым, калі свякроў ужо ў вёску з'ехала, цераз плот у Зоі пытаўся, як яна там, ці жывая-здаровая? «Дзякуй» яшчэ перадаваў — за тое, што не здала яго, што ён на свабодзе, хоць мог бы апынуцца ў турме.

А. ПАПКОВІЧ

г. Гомель


Сватаўство «генерала»

...Фаіну Бог нічым не абдзяліў: і прыгажуня, якіх пашукаць, і разумніца, і гаспадыня. У маладосці ад кавалераў адбою не было! Ды яна чакала аднаго — вернага, добрага і на ўсё жыццё.

Шкада, але ж так не атрымалася. Першы муж не разумеў, якая жанчына яму дасталася — на гарэлку яе прамяняў. Другі быў якраз такім, як Фаіна марыла, аднак...

Толькі дзесяць гадкоў яна з ім пражыла: ён рана памёр.

Фаіна з той пары крыж на сабе паставіла, вырашыла жыць адна.

Ну чаму б і не? Работа цікавая, дзеці амаль дарослыя: чым можа, тым дапаможа ім. З сяброўкамі яшчэ сустракаецца, дом у парадку трымае. І ніякіх комплексаў з-за таго, што мужа няма. Хіба аднойчы...

Фаіна тады шпалеры сабе выбірала, пазнаёмілася з прадавачкай. Слова за слова — расказала ёй крыху пра сябе, пакінула нумар тэлефона. Гандлярка абяцала цюль падабраць пад новыя шпалеры... Але ж пазваніла раней і зусім не для гэтага. Сказала:

— Фаіначка, я ноч не спала — пра цябе ўсё думала! Ну не павінна такая жанчына адна заставацца!.. У мяне на прыкмеце ёсць ну такі ўдавец... Ты не пярэч!

(«Свацця» была настолькі рашучая, што зрабіць гэта Фаіна проста не паспявала.)

— ... Я вас пазнаёмлю. Яго Вадзімам завуць.

...Уражанні ад першай сустрэчы і сапраўды аказаліся прыемныя: удавец той быў досыць сімпатычны, акуратны, інтэлігентны, з ім было аб чым пагаварыць... Кветкі Фаіне прынёс, чаго даўно не было... Падумала: «А можа, і сапраўды — рызыкнуць?»

Была ні была: запрасіла чалавека дамоў, прыняла як найлепшага госця і з хваляваннем слухала, што ў іх, на жаль, не той узрост, каб доўга бегаць на спатканні.

— Ды і навошта яны, — пытаў Вадзім, — калі ты жанчына што трэба!

Фаіну «чапанула» гэтае нечаканае ты. А госць тым часам працягваў:

— Мне будзе добра з табой... Я хоць сёння магу застацца.

Гэтыя словы ўжо насцярожылі.

А тым часам жаніх ужо дыктаваў умовы. У доме, маўляў, ён хацеў бы чысціні і цішыні, бо кампаній не пацерпіць, на стале — пажадана ўсё дыетычнае. Сын яго далёка жыве — прыязджае рэдка зусім, а таму і Фаініны дзеці дакучаць не павінны...

Апроч таго, Вадзім (жанчына слухала яго — не перабівала) прасіў яе прасцей апранацца — не прыцягваць залішніх позіркаў, паздымаць са сцен фотаздымкі, а то яму непрыемна...

За гэтымі «пунктамі» быў... з дзясятак яшчэ, і Фаіне іх трэ было выканаць, каб стаць яму сапраўднай жонкай.

— Дзеля гэтага, — Фаіна старалася быць спакойнай, — ты прапануеш мне зачыніць мой дом для родных дзяцей? Для маіх сяброў? Адмовіцца ад сваіх прывычак? Слугаваць?! А каму? Бач ты, генерал знайшоўся!

Госць збянтэжана лыпаў вачыма, а Фаіна ўжо адчыняла дзверы:

— Прабач, — сказала, — больш не трымаю. Аўтобус праз сорак хвілін. Шчасліва даехаць!

З гэтым пажаданнем яна выпхнула жаніха з пакоя, а потым...

Адрэзала сабе пірага, наліла ў кубак гарбаты — уладкавалася ў фатэлі і, прыгадаўшы нядаўняга госця, гучна рассмяялася: «Бач ты, чаго захацеў — служку з мяне зрабіць... Дык жа дудкі!»

...З партрэтаў на сцяне Фаіне ўсміхаўся муж.

А. САНЬКОВА

г. Віцебск.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?