У Выдавецкім доме «Звязда» за апошнія паўтара гады склалася добрая традыцыя выдаваць лепшае, што ёсць у айчыннай паэзіі, невялікімі зборнікамі. Пабачылі свет кнігі Анатоля Сыса, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Леаніда Дранько-Майсюка, Віктара Шніпа, Алеся Бадака. Тыражы — ад 500 да 1100 экзэмпляраў. Навінка — калектыўны зборнік «Спрадвечны бераг».
У падзагалоўку кнігі, укладзенай Віктарам Шніпам: «Вершы паэтаў Гродзеншчыны». Разам сабраны творы Міхася Васілька, Юркі Голуба, Мар’яна Дуксы. Яны, хаця і паэты розныя па ўзросту, розныя па сваіх мастацкіх зацікаўленнях, — творцы, якія свае жыцці прысвяцілі правінцыі, не рваліся ў сталіцу. Яны знайшлі філасофію жыцця сярод блізкіх, родных людзей. «Пакуль драмаў здалёк абшар,/ дарога лісце зацкавала,/ завея з прагай барыша/ адхон снягоў напіцавала./ Замерзлі вербы след у след,/ завіслі ўтомленыя высі,/ і сам, братове, як аслеп, / пакуль для жыткі штольню высек» (Юрка Голуб. «Пры жыцці»).
Словы, вынайдзеныя гарадзенцамі, падобныя на зіхоткія брыльянты. І зусім не таму, што шмат у іх фарбаў і красак. У іх — і творы, складзеныя ў 1920-я гады заходнебеларускім паэтам, кіраўніком у час Вялікай Айчыннай вайны Скідальскім падпольным антыфашысцкім камітэтам паэтам Міхасём Васільком таксама, — шмат сапраўднага жыцця. «Не для славы імкнуся цябе я тварыць, / Мая песня, мой заклік свабодны,/ Я хачу праз цябе ад душы гаварыць, / Выліць любасць сваю, што у сэрцы гарыць,/ Да загонаў зняволеных родных./ Не для тых яна будзе ў прасторах звінець./ Каго песціць жыццё на прыволлі./ Яе словы жывыя не ім зразумець,/ Бо не пустку ў грудзях, а душу трэба мець./ Каб адчуць яе смутак нядолі». (Міхась Васілёк. «Не для славы», 1927 г.).
Літаральна ўсе старонкі кнігі «Спрадвечны бераг» — цёплае прывітанне сённяшняму часу, размова пра наш народ і нашу краіну, шчымлівыя лірычныя і спавядальныя радкі, знаёмства з якімі выклікае сапраўдную асалоду.
«Спрадвечны бераг» — добры прыклад паважлівага стаўлення да роднай беларускай літаратуры, жаданне выдавецтва зрабіць сапраўды падарунак сваім чытачам.
Мікола БЕРЛЕЖ
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.