Вы тут

Лацінская Амерыка пайшла налева. Чаму ў заходнім паўшар'і паглыбляецца раскол?


Праз некалькі дзён у Лос-Анджэлесе пачнецца саміт Амерык. Глабальнае мерапрыемства праходзіць раз на тры гады. Першы кантынентальны саміт быў арганізаваны ў 1994-м у Маямі. Апошні быў у сталіцы Перу. Слоган цяперашняга мерапрыемства — «Пабудова ўстойлівай і справядлівай будучыні ў заходнім паўшар'і». Аднак гэта той выпадак, калі назва не адпавядае рэальнаму зместу. Як заўважаюць эксперты, саміт Амерык у Лос-Анджэлесе з-за дэструктыўнай пазіцыі ЗША асуджаны на правал. Прынамсі, аб гэтым заявіў франка-іспанскі журналіст і пісьменнік Ігнасіа Раманет, паведаміла інфармагенцтва Prensa Latіna. Ён лічыць, што каля 17 ці 18 краін могуць адсутнічаць на сустрэчы. Чаму ў заходнім паўшар'і паглыбляецца раскол?


Зневажальны ўдар

Лацінская Амерыка можа нанесці Джо Байдэну зневажальны ўдар, заўважыла газета The New York Tіmes. Саміт Амерык павінны быў прадэманстраваць лідарства ЗША ў заходнім паўшар'і, аднак адмова лідараў цэлага шэрагу дзяржаў Лацінскай Амерыкі ўдзельнічаць у мерапрыемстве падрывае гэтую мэту. «Усё больш кіраўнікоў дзяржаў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна падумваюць аб байкоце», — паведаміла New York Tіmes. Такім чынам усяму свету будзе прадэманстравана слабасць, а не сіла Вашынгтона, тлумачыць газета.

У прыватнасці, размова ідзе аб лідарах Мексікі, Гандураса, Балівіі і групы карыбскіх дзяржаў. Асноўнай прычынай іх рознагалоссяў з Байдэнам стала рашэнне апошняга не запрашаць на саміт прэзідэнтаў Нікарагуа і Венесуэлы, а таксама афіцыйных прадстаўнікоў Кубы. Так, Андрэс Мануэль Лопес Абрадор наўпрост заявіў, што «калі будуць выключэнні, калі запросяць не ўсіх, то дэлегацыя мексіканскага ўрада паедзе, а асабіста я — не».

Як паведамляе Prensa Latіna, прэзідэнт Мексікі публічна падкрэсліў: «Тое, што ўрад Злучаных Штатаў робіць з Кубай, з'яўляецца генацыдам». Ён нагадаў аб інтэрвенцыянісцкай і агрэсіўнай палітыцы ЗША ў Амерыцы. Аб тым, як у 1847 годзе ЗША адабралі ў Мексікі палову яе тэрыторыі, якая сёння складае восем штатаў ЗША. «Ніхто не мае права заяўляць ад імя ўсёй Амерыкі ці вырашаць, хто ўдзельнічае ў саміце. Мы незалежныя, свабодныя, суверэнныя краіны, мы не дзейнічаем па гегеманісцкіх мандатах замежных урадаў, мы паводзім сябе ў адпаведнасці з нашымі гістарычнымі працэсамі, якія ва ўсіх выпадках увасоблены ў канстытуцыях народаў. Мы хочам адзінства і братэрства ў Амерыцы, «не» пагрозе або прымяненню сілы ў міжнародных адносінах, «так» — юрыдычнай роўнасці дзяржаў, міжнароднаму супрацоўніцтву ў мэтах развіцця, абароне правоў чалавека і барацьбе за мір. Ні Куба, ні Аргенціна, ні Калумбія, ні якая-небудзь іншая краіна ў Лацінскай Амерыцы не збіраюцца ўрывацца ў Злучаныя Штаты, і для Злучаных Штатаў няма сэнсу гэта рабіць», — заявіў прэзідэнт Мексікі. І заклікаў ЗША да фарміравання іншых кантынентальных адносін.

Палітыка супраць народаў

Што датычыцца Жаіра Балсанару, якога доўгі час называлі стаўленікам ЗША і прыхільнікам дыктатур, то, як паведамляе The New York Tіmes, у яго апошнім часам таксама склаліся прахалодныя адносіны з Вашынгтонам. Услед за прэзідэнтам Мексікі міністр замежных спраў Чылі Антонія Урэхола заявіла, што яе краіна робіць захады для забеспячэння ўдзелу Кубы, Нікарагуа і Венесуэлы ў cаміце Амерык. Як паведаміла La Tercera, яна патлумачыла, што надышоў час для дыялогу без рознагалоссяў. Легендарны балівійскі палітык, лідар «Руху да сацыялізму» Эва Маралес прадказаў правал палітыкі ЗША, якія маюць намер выключыць Венесуэлу, Кубу і Нікарагуа з Саміту Амерык. «Злучаныя Штаты зноў пацерпяць правал у сваёй інтэрвенцыянісцкай і шантажысцкай палітыцы супраць народаў, якія абараняюць сваю годнасць і свабоду. Венесуэла, Куба і Нікарагуа — неад'емная частка Лацінскай Амерыкі», — напісаў колішні прэзідэнт Балівіі ў сваім афіцыйным акаўнце ў Twіtter.

Цяпер у Аргентыне, Балівіі, Чылі, на Кубе, у Гандурасе, Мексіцы, Нікарагуа, Перу, Сент-Вінсенце і Грэнадзінах, Венесуэле ва ўладзе знаходзяцца левыя, нагадала eadaіly.com. Паражэнне на парламенцкіх выбарах у Калумбіі для Вашынгтона таксама з'яўляецца сур'ёзнай праблемай, якая ўплывае на яго агульную стратэгію правядзення інтэрвенцыйнай палітыкі. У тым ліку ў Лацінскай Амерыцы — на «заднім двары» ЗША. Асцерагаючыся падобнага сцэнарыя на прэзідэнцкіх выбарах, якія маюцца адбыцца, у Калумбіі, экс-прэзідэнт краіны Урыбэ пачаў кампанію ў СМІ аб тым, што вынікі галасавання былі сфальсіфікаваныя.

Прыход да ўлады сацыяліста Радрыга Чавеса таксама не ўпісваўся ў планы ЗША. Як заявіла eadaіly.com костарыканскі публіцыст і грамадскі дзеяч Алена Польстэр, нападкі на Чавеса ў СМІ працягнуліся і пасля інаўгурацыі 8 мая. Асабліва пільна сочаць за ягонымі міжнароднымі кантактамі. «Радрыга Чавес у першы ж дзень праўлення выдаў два дэкрэты (мабыць, каб заваяваць вялікую папулярнасць у народзе): пра тое, што маскі больш насіць не абавязкова, а таксама пра вакцыны — што незаконна патрабаваць абавязковую вакцынацыю, кожны сам вырашае добраахвотна. Ужо на наступны дзень яго раскрытыкавалі: маўляў, пытанне аб вакцынацыі не мае права вырашаць прэзідэнт, а толькі Камітэт вакцынацыі Міністэрства аховы здароўя. Самыя тэрміновыя задачы Чавеса цяпер — выканаць перадвыбарныя абяцанні: знізіць цэны на лекі, на электрычнасць і на рыс (які з'яўляецца тут асноўным прадуктам харчавання). З лекамі вельмі складана таму, што асноўную масу медыкаментаў (75 працэнтаў) закупляе Каса сацыяльнага страхавання і забяспечвае застрахаванае насельніцтва бясплатна, а астатнія 25 працэнтаў — занадта малая колькасць, каб можна было таргавацца за зніжэнне цэн. З рысам таксама цяжка, бо мясцовыя рысавыя алігархі ваююць за свае прыбыткі. Што да электрычнасці, то перашкода — уздутыя заробкі і шматлікія прэміі работнікам дзяржаўнага Электрычнага інстытута, на абароне інтарэсаў якіх стаіць звышмагутны прафсаюз. Ужо пайшлі размовы, што новы прэзідэнт «асцерагаецца журналістаў». Гэта не так, проста любое яго выказванне спрабуюць выкарыстоўваць супраць яго. Інфармацыйная вайна не скончана», — адзначыла Алена Польстэр.

Сюр замест долара

Сёлета ў Бразіліі будуць прэзідэнцкія выбары, у якіх на змену Балсанару з вялікай верагоднасцю прыйдзе культавы левы палітык Лула да Сілва. Раней экс-лідар Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва (Лула) адзначыў, што галоўным вінаватым у крызісе ва Украіне з'яўляецца прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. А праамерыканскімі сімпатыямі Лула наогул ніколі не адзначаўся.

Днямі ён заявіў аб вылучэнні сваёй кандыдатуры на прэзідэнцкіх выбарах і прадставіў перадвыбарную кампанію. Лула абвясціў таксама аб стварэнні новага руху, куды ўвайшлі сем палітычных фарміраванняў. Пакуль, па даных сацапытанняў, каля 45 працэнтаў выбаршчыкаў мае намер падтрымаць Лулу да Сілву супраць 30 працэнтаў прыхільнікаў Балсанару. Лацінская Амерыка можа і павінна ўвесці ў абарачэнне агульную для ўсіх краін паўднёвай Рыа-Грандэ валюту па прыкладзе еўрапейскай і пазбавіцца ад амерыканскага долара, які гэтыя краіны выкарыстоўваюць для ўзаемаразлікаў. Запуск лацінаамерыканскага сюра, як прапанаваў назваць гіпатэтычную разліковую адзінку Лула да Сільва, будзе адной з задач прэзідэнцкага тэрміну, калі яму ўдасца выйграць выбары.

Усё гэта, вядома ж, не прайшло па-за ўвагай Вашынгтона. Аб абвастрэнні інфармацыйнай вайны ў перыяд перадвыбарнай кампаніі ў найбуйнейшай лацінаамерыканскай краіне сведчыць тая акалічнасць, што амерыканская кампанія «Мета», якая складаецца з Facebook, Іnstagram і WhatsApp, аб'явіла аб падрыхтоўцы дзеянняў па прадухіленні распаўсюджвання дэзынфармацыі і распальвання нянавісці на сваіх платформах на працягу перадвыбарнага перыяду. Гэта фактычна азначае кантроль за кантэнтам. Паводле лічбавай версіі газеты OGlobo, сярод мер — укараненне Цэнтра выбарчых аперацый, у якім нацыянальныя і замежныя спецыялісты па тэхналогіях будуць аналізаваць кантэнт, які публікуецца ў сетках, з дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту.

У выпадку цалкам верагоднай перамогі Лулы да Сілвы ў Бразіліі ў левых лідараў рэгіёна з'явіцца рэальны шанц стварэння магутнага блока для правядзення (ці хоць бы дэкларацыі) незалежнай ад ЗША палітыкі. Тут важная і цяперашняя пазіцыя Мексікі. Андрэс Мануэль Лопес Абрадор імкнецца пазіцыянаваць краіну ў ідэалагічным плане, заявіў доктар палітычных навук, прафесар Нацыянальнага аўтаномнага ўніверсітэта Мексікі Марыё Альберта Урача ў інтэрв'ю аргенцінскаму навінаваму парталу Іnfobae. Лопес Абрадор хоча «ідэалагічна пазіцыянаваць Мексіку як важака новых лацінаамерыканскіх левых, якія ўключаюць краіны поўдня Цэнтральнага рэгіёна кантынента і Карыбскага басейна, і стаць іх ідэалагічным лідарам, каб увайсці ў гісторыю», растлумачыў вучоны. Ён адзначыў, што саюз лацінаамерыканскіх «левых» закліканы, на думку яго прыхільнікаў, стаць процівагай «амерыканскаму імперыялізму» ў яго ідэалагічным выяўленні, а не ў яго эканамічным аспекце.

Трук каланіялізму

Тым часам краіны Баліварыянскага альянсу для народаў Амерыкі (ALBA) назвалі ідэалагічна матываванай адмову ўлад ЗША запрашаць прадстаўнікоў кіраўніцтва шэрагу дзяржаў рэгіёна на саміт Амерык, які адбудзецца ў Лос-Анджэлесе. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках XXІ саміту кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін аб'яднання, які прайшоў нядаўна ў Гаване. «Гэта аднабаковае рашэнне ўяўляе сабой сур'ёзную гістарычную няўдачу ў адносінах паміж краінамі паўшар'я, якая абражае народы Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Яны падтрымліваюць права ўсіх краін кантынента быць запрошанымі і ўдзельнічаць у названым мерапрыемстве на роўных умовах і падкрэсліваюць, што краіна, якая прымае сустрэчу ў Лос-Анджэлесе, не мае права ўстанаўліваць выключэнні або ўмовы, што парушаюць суверэнітэт і незалежнасць», — адзначаецца ў дакуменце.

Сярод асноўных тэм абмеркавання падчас сустрэчы лідараў краін Баліварыянскага альянсу былі праблемы міжнароднай напружанасці, пытанні рэгіянальнага парадку дня і эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама барацьба з каранавірусам. Гэта гандлёва-эканамічнае аб'яднанне краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, створанае 14 снежня 2004 года па ініцыятыве тагачаснага прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса і лідара Кубы Фідэля Кастра. У альянс уваходзяць дзесяць краін: Антыгуа і Барбуда, Балівія, Венесуэла, Грэнада, Куба, Нікарагуа, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, Сент-Кітс і Нэвіс, Садружнасць Дамінікі.

Краіны Баліварыянскага альянсу асудзілі дыскрымінацыйнае стаўленне ЗША да Кубы, Нікарагуа і Венесуэлы. Дзяржавы інтэграцыйнага блока расцэньваюць аднабаковае выключэнне гэтых краін як сур'ёзную гістарычную няўдачу ў адносінах, якая абражае народы Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. У выніковай дэкларацыі сустрэчы высокага ўзроўню альянс пацвердзіў сваю прыхільнасць да інтэграцыі і адзінства народаў рэгіёна ў адпаведнасці з прынцыпамі салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці, супрацоўніцтва і эканамічнай узаемадапаўняльнасці.

На думку аналітыка Коста-Рыканскага народнага цэнтра сацыяльных даследаванняў (CPCES) Оскара Барантэса, амерыканскі саміт — гэта «трук гегеманісцкай палітыкі англасаксонскага каланіялізму». «Яны спрабуюць правесці кантынентальную сустрэчу, каб узаконіць глабальную вайну пры дапамозе марыянетак нацысцкага фашызму, не мяркуючы, што вядуць свет да катастрофы татальнай дыктатуры аднапалярнасці, якая кіруецца арыстакратыямі ўльтракапіталу ў іх прагнасці да бясконцасці заняволіць чалавецтва», — заўважыў Оскар Барантэс.

Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што Злучаныя Штаты павінны мець магчымасць і мужнасць выслухаць усе краіны кантынента ці адмовіцца ад правядзення саміту. «Новая эра, да якой імкнецца кантынент, не дапускае выключэнняў», — напісаў кіраўнік Кубы ў сацсетцы. Як адзначаюць аналітыкі, саміт у Лос-Анджэлесе можа прывесці да паглыблення рознагалоссяў паміж ЗША і суседзямі і ніякім чынам не прывядзе да ўстойлівага і справядлівага становішча ў Паўднёвай і Паўночнай Амерыцы. Падобна на тое, што новая эра, пра якую расказаў Дыяс-Канэль, насамрэч набліжаецца.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Здароўе

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Асцярожна: ежа! Як папярэдзіць харчовыя атручэнні

Як папярэдзіць харчовыя атручэнні.

Культура

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

След Рагнеды і два Менскі. Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю

 Што «накапалі» археолагі і як гэта змяняе погляд на беларускую гісторыю.

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.