Калі вы ўпэўненыя: «Лазня — гэта не маё», значыць, вам «пашанцавала» трапіць у няправільную лазню або ў рукі недастаткова кваліфікаванага спецыяліста. У гэтым перакананы заснавальнік Вышэйшай школы лазневага майстэрства Генадзь Мароз. Але, здаецца, цяпер расчараванняў стане менш, а прафесіяналаў «веніка і пары» — больш. У Беларусі з'явіліся чатыры новыя прафесіі, і лазеншчык — адна з іх.
Не заўсёды новае — пра высокія тэхналогіі і сферу ІT. Часам новае — добра забытае старое. Як у выпадку з майстрамі лазневай пары. Некалі прафесія «лазеншчык» была афіцыйнай, але ў савецкія гады страціла гэты статус. Відавочна, што лазеншчыкі ў Беларусі былі і год, і дзесяць гадоў таму — да афіцыйнага прызнання прафесіі. Але цяпер пасады, якія ўносяцца ў штатны расклад арганізацый, павінны адпавядаць кваліфікацыйным даведнікам, што забяспечваюць адзіныя падыходы, а кваліфікацыя спецыялістаў — прафстандартам. Пра тое, што трэба будзе зрабіць, каб пара была лёгкай, а лазеншчыкі — прафесіяналамі сваёй справы, мы спыталі ў самага вядомага ў нашай краіне «лазневых спраў майстра» Генадзя Мароза.
— З'яўленне афіцыйнай прафесіі — гэта толькі пачатак шляху. Людзей трэба спярша навучыць. Павінны быць падручнікі, а па першым часе — хоць бы метадычкі, па якіх будуць навучацца будучыя прафесіяналы. Гэта вялікая праца, бо трэба ўлічыць вельмі многія аспекты: і аспект здароўя, і псіхалагічныя нюансы, і розныя тэхнікі і методыкі. Важна, хто будзе навучаць людзей і дзе яны будуць праходзіць практыку — у буйных спа-цэнтрах, дзе існуюць лазневыя праграмы і ад іх не адыходзяць (я сам пісаў такія праграмы для некаторых вядомых беларускіх спа-цэнтраў) або ў маленькіх лазнях у аграэкасядзібах, дзе ёсць прастора для творчасці. Існуе шмат асаблівасцяў, якія трэба ўлічыць і пры пабудове працэсу навучання, і пры выдачы дыпломаў. Але ў цэлым, тое, што лазеншчык — ужо спецыяльнасць, велізарны крок наперад. Ён аблегчыць умовы работы тым, хто працуе ў гэтай сферы. Бо гэта праца, так бы мовіць, «у гарачым цэху» — шмат шкодных вытворчых фактараў: высокая тэмпература, павышаная вільготнасць, недахоп кіслароду і гэтак далей. Так што, мабыць, лазеншчыкам патрэбен і скарочаны працоўны дзень, і, скажам так, «малако за шкоднасць».
— А да з'яўлення новай прафесіі на якіх умовах праводзілася навучанне? Як вы самі сталі прафесіяналам?
— Гэта доўгі шлях, як у любой справе. Я вучыўся ў майстроў у Расіі, Украіны, Польшчы, краінах Балтыі, збіраў па крупінках веды аб нашай нацыянальнай лазні па ўсёй Беларусі. Вучыўся ў Мікалая Пятрова, унікальнага майстра з Санкт-Пецярбурга. Прафесіянал павінен прайсці навучанне ў лазневых школах, дзе даюць сур'ёзныя веды — яны ёсць ва Украіне, Санкт-Пецярбургу, у Казані, на Урале. Ёсць мая школа ў Мінску. Прафесіянал абавязаны валодаць дзясяткамі методык парання, ведаць, як не нашкодзіць госцю пры наведванні парыльні. Калі да лазеншчыка прыходзяць як да ўрача — з тым жа даверам з боку госця і з той жа мерай адказнасці з боку прафесійнага парыльшчыка, тады парэнне прынясе карысць. Мы, прафесійныя лазеншчыкі, пастаянна абменьваемся вопытам. Сёе-тое з беларускіх лазневых традыцый, напрыклад, прыжылося ў Татарстане, а нешта я ўзяў для сябе з лазневых традыцый розных краін.
— Цяпер, калі прафесія прызнана афіцыйна, трэба будзе думаць, як ліцэнзаваць навучанне, хто і дзе будзе навучаць. Пакуль я навучаў лазеншчыкаў па ўласнай ініцыятыве і на ўласным энтузіязме. З іншага боку, я вучыў спецыялістаў найбуйнейшых беларускіх спа-цэнтраў. У лазнях і спа-цэнтрах мае выпускнікі лічыліся «інструктарамі», «масажыстамі», «рабочымі па абслугоўванні» і г. д. Зараз усё будзе па-іншаму. Чалавек цяпер ведае, што ён абаронены законам і ў яго ёсць абавязкі. І, самае галоўнае, гэта зменіць стаўленне да прафесіі і з боку грамадства, і з боку саміх прадстаўнікоў прафесіі. Цяпер нярэдка лазеншчык — гэта «насячы дроў, растапі печ і не перашкаджай». Майстар лазнева-аздараўленчых паслуг — зусім іншы ўзровень і, адпаведна, зусім іншая адказнасць.
— Колькі часу доўжыцца навучанне ў школе?
— Базавы курс займае 20 гадзін: 5 дзён па 4 гадзіны заняткаў. Але дзякуючы яму людзі толькі пачынаюць разумець, што можна рабіць у лазні. З першага дня навучання патрэбна практыка: спрабаваць тыя ці іншыя методыкі ў парыльні на сябрах і сваяках, адпрацоўваць тэхніку рухаў дома, бо многія рухі трэба давесці да аўтаматызму. І канспекты вучні пішуць, і відэа здымаюць. А наогул, гэта бясконцы шлях у прафесію — як і ў любой справе. Таму што ў лазні, як нідзе, важны індывідуальны падыход. Прафесіянал — той, хто ведае, як трэба парыць госця менавіта ў дадзены момант, прымаючы пад увагу яго фізічны і псіхалагічны стан, здароўе, настрой.
— Ці можна нанесці шкоду няправільным параннем?
— Лёгка. Напрыклад, распаўсюджаны негатыўны эфект — галаўны боль у кліента на наступны дзень пасля наведвання лазні. Справа ў тым, што парыльня — месца з паніжаным утрыманнем кіслароду, і калі госць прабыў там занадта доўга, на наступны дзень у яго будзе балець галава. Бываюць і больш сур'ёзныя «пабочныя эфекты»: галавакружэнне, страта прытомнасці. Вельмі важна ацаніць стан госця, даведацца, якія ён прымае прэпараты, якія ў яго ёсць абмежаванні па здароўі і гэтак далей. Я перш за ўсё пытаюся ў кліента: «Што я павінен ведаць пра вас?». І ў адпаведнасці з гэтым веданнем варта карэкціраваць праграму парання. Я ўжо не кажу пра магчымасць негатыўнага псіхалагічнага вопыту лазні. У многіх за плячыма няўдалы вопыт парання. Непрафесійныя лазеншчыкі пакінулі ім негатыўныя эмоцыі, і цяпер пераканаць іх амаль немагчыма. І гэта вельмі сумна. Ну, а супрацьпаказанняў у лазні з прафесійным парыльшчыкам (падкрэслю: з прафесійным!) усяго некалькі: першыя тры месяцы цяжарнасці, скурныя хваробы, хранічныя хваробы ў перыяд абвастрэння, вострыя запаленчыя захворванні (з ковідам або грыпам у лазню ісці не трэба!), анкалогія. Як бачыце, ні гіпертаніі, ні хранічнай кардыялогіі ў гэтым спісе няма.
— Ад чаго можа вылечыць лазня?
— Правільнае паранне можа вырашыць многія праблемы. Але варта разумець: лазня лечыць здаровага чалавека. Яна проста ўзмацняе ўсе працэсы, якія адбываюцца ў арганізме. Напрыклад, умацоўвае імунітэт. Калі арганізм змагаецца з хваробай, лазня яму дапаможа. Напрыклад, на пачатку прастуднага захворвання, пакуль яшчэ няма тэмпературы, але вы адчуваеце, што захворваеце. Але наогул яе функцыя — у іншым. Чалавек павінен атрымаць зняцце фізічнага напружання і псіхасаматычных эфектаў. Правільная лазня «змывае» негатыў, агрэсію, незадаволенасць. Застаюцца толькі пазітыўны настрой і адчуванне напоўненасці новымі сіламі.
— У гэтым сутнасць вашай аўтарскай праграмы «Пара Мароза»?
— Так, і дасягаецца эфект за кошт кантрасту: чым мацней награваецца арганізм, тым мацней яго трэба астудзіць. Пара і высокая тэмпература прымушаюць паступаць у капіляры на 30 % больш крыві, чым звычайна, чалавек пацее, з арганізма выводзяцца шлакі. Рэзкае астуджэнне прыводзіць да сціску капіляраў, сасуды вызваляюцца ад халестэрынавых бляшак, дасягаецца магутны ачышчальны эфект. У маёй праграмы нямала прыхільнікаў у розных краінах свету.
— Наколькі прафесія «лазеншчык» запатрабаваная?
— Вельмі запатрабаваная. Паўсюдна адкрываюцца лазні, і, галоўнае, яны мяняюць сваю сутнасць. У савецкія гады лазні будаваліся так, каб там было зручна менавіта мыцца, а не парыцца: велізарная зала з каменнымі лавамі, душамі, шайкамі і маленькая парыльня. Гэта было звязана з тым, што тады вялікая колькасць людзей у гарадах жыла ў бараках або ў прыватным сектары, дзе не было магчымасці памыцца. Старэйшае пакаленне і сёння кажа: «Мыцца ў лазні». У нашы часы з тым, каб памыцца, ні ў кога праблем няма, а лазні выкарыстоўваюцца для парання, спа-працэдур, аздараўлення і рэлаксу. І, адпаведна, у гэтай сферы патрэбныя прафесіяналы. Сярэдні ўзрост маіх вучняў — каля 30 гадоў, сярод іх — і хлопцы, і дзяўчаты. Ёсць людзі, якія вучацца паранню для сябе: пабудавалі лазню на сваім прысядзібным участку і хочуць карыстацца ёю правільна. Ёсць уладальнікі аграэкасядзіб, якім гэтыя веды неабходныя. Ёсць тыя, хто бачыць сябе ў прафесіі (напрыклад, хоча ўладкавацца ў спа-цэнтр), атрымлівае дадатковую кваліфікацыю ў бьюці-сферы ці сферы спа або вырашыў памяняць месцамі хобі і працу.
— Дарэчы, колькі зарабляе прафесійны лазеншчык?
— Гэта залежыць ад кваліфікацыі. Кліенты ж ідуць і едуць з-за мяжы не ў лазню наогул, а да канкрэтнага майстра з рэпутацыяй. Скажу толькі, што ў маёй лазні гадзіна парання сёння каштуе 120 рублёў.
— А асабіста вам які від лазні больш па душы?
— Я прыхільнік класічнай беларускай лазні, асноўнае правіла якой — сума тэмпературы і вільготнасці не павінна быць большай за 120. Калі тэмпература ў парыльні, дапусцім, 55°, то вільготнасць павінна быць, адпаведна, 65 %. У беларускай лазні ёсць асноўныя рысы, узрост якіх, напэўна — тысячы гадоў. Гэта, напрыклад, менавіта бярозавыя венікі. Для параўнання: украінцы аддаюць перавагу венікам дубовым: у іх гістарычна склалася ўдарная тэхніка, а ў нас падчас парання больш выкарыстоўваліся масажныя рухі. Яшчэ адна асаблівасць — вялікая колькасць вады на аднаго чалавека (50 і больш літраў). І гэта вельмі правільна, бо вада змывае і фізічнае недамаганне, і псіхалагічныя праблемы. Мне хацелася б, каб беларуская лазня стала брэндам. Каб майстроў у Беларусі было шмат. Гэта дазволіць нашай лазневай традыцыі стварыць свой імідж — як, напрыклад, у той жа японскай афура або ў турэцкага хамама.
— Каму падыходзіць прафесія «лазеншчык»?
— Не ўсім. Калі ў адным з спа-цэнтраў я паказваў тэхнікі на масажным стале, ахвотных навучыцца было мноства. Але калі мы зайшлі ў парыльню і накідалі пару, многія адсеяліся: «Мне гэта не падыходзіць, я буду лепш масажам займацца». Асабіста мне падабаецца парыць, я гатовы пацець і трываць нязручнасці, звязаныя з павышанай тэмпературай, вільготнасцю, недахопам кіслароду, фізічнымі нагрузкамі. Я заўсёды кажу сваім вучням: да вас прыйшоў госць — парадуйцеся яму! Калі вы будзеце думаць: «Там яшчэ дзесяць чалавек чакаюць, ды калі ж яны скончацца! Як я ўсё паспею!», госць такое стаўленне абавязкова адчуе. Прафесія лазеншчыка — на мяжы з псіхалогіяй, нават з эзатэрыкай. Таму так важна любіць сваю справу. Абы-як у лазні працаваць не атрымаецца.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.