Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Акула»


Iншым разам час нібы спыняецца або запавольваецца настолькі, што бачны кожны штрых руху падаючай талеркі, як быццам яна не падае, а павольна-павольна перамяшчаецца, як на кінастужцы. Маю некалькі такіх выпадкаў, аб адным распавяду.


Нельга абысці тое, чаго баішся. Я баюся пералётаў, захварэць, за сваіх блізкіх і акул. Смешна сказаць, за тысячы кіламетраў ад акіяна, а акул баюся. Дзеці адпачываюць на беразе акіяна, тэлефаную: «Не адплывайце ад берага, там акулы». Раз баюся, значыць, дзесьці ўбачу. Спадзяюся, што ў акварыуме за шклом.

Пераадольваючы фобію, лячу ў Паўднёвую Караліну. Жудасна баюся, проста да страты пульсу, але лячу. Там дачка і ёй патрэбна падтрымка. Адзінаццаць гадзін палёту ў напружанні. Як толькі падлога пачынае сыходзіць з-пад ног, сэрца падае ніжэй гэтай падлогi. 

Прыляцела, невымоўна ўзрадавалася, ледзь сцюардэс не расцалавала. Дачка пытаецца, куды б я хацела з’ездзіць: у Нью-Ёрк, Лас-Вегас або ў горы. Кажу: «Хачу ўбачыць акіян». Дачка здзіўляецца: «Чаму акіян?». Адказваю: «Таму, што ён старэйшы за чалавецтва, роданачальнік жыцця. Загадкавы, як космас, ён — магутнасць і стыхія. Хачу паглядзець, памацаць, панюхаць, акунуцца». 

Праз некалькі дзён мы едзем на бераг Атлантычнага акіяна. Тут усё іншае: людзі, адносіны, зямля. Яна чырвоная, як у фільме «Знесеныя ветрам». Стаю на беразе і разумею, чаму акіян называюць сівым: ён шэра-сталёвы. Не сіні, не чорны, не бірузовы, а шэра-сталёвы.

А бераг шэры, спрасаваны з найтанчэйшых часціц. Іду па пляжы, а адчуванне, што іду па мацерыковым плато. І па ўсім пляжы прама з зямлі б’юць маленечкія фантанчыкі. На іх ніхто не звяртае ўвагі, усе прывыклі, а мне цікава! Я такіх нідзе не бачыла. Заходжу ў акіян, прыглядаюся да дна, і бачу: такія ж фантанчыкі б’юць і пад вадой. Пляж практычна пусты, пляжны сезон скончыўся. Вада шэрая, бурлівая. Уяўляю, што робіцца, калі шторм.

Адчуваю сябе драбнюткай пылінкай сусвету. І няпраўда, што чалавек пакарыў мора і акіяны, заваяваць іх нельга, можна толькі абразіць забруджваннем, на жаль. Але за абразу трэба адказваць. Не хацелася б, каб змыла хваляй, хоць за абразы акіян мае права так паступаць. 

Кажу яму: «Я супраць забруджвання навакольнага асяроддзя, — і, пераймаючы Маўглі, як пароль прамаўляю запаветныя словы: — Мы з табой адной крыві». Вырашаю ўвайсці ў прахалодную ваду, іду па спадзістым схіле. Пагрузіўшыся па грудзі, спыняюся і качаюся на хвалях. Гляджу на далёкае-далёкае неба, лаўлю лёгкi подых акіяна і знаходжуся ў нірване.

Купанне — гэта асалода. Гэта ўзаемная ласка цела і вады, людзі ходзяць купацца не толькі для таго, каб быць чыстымі, а яшчэ і каб атрымаць ласку вады. Калі плывеш, вада гладзіць цябе ўсяго, дастаўляючы асалоду, а можа, і ёй прыемна, што ты ў ёй плывеш. Разважаючы такім чынам, я задаволена качаюся на хвалях. 

Пачуццё гармоніі парушыла жаданне азірнуцца на беглыя хвалі. Павярнулася — і час спыніўся. Разгубленасць і страх прыпынілі час. Разумею: такога быць не можа, але свет застыў у нерухомасці. 

Замер акіян, застыла ў нязручнай позе навіслая хваля і нават вецер спыніўся, не рухаецца ні адзін атам. Фатальная хвіліна заўсёды нерухомая. Вельмі блізка ад мяне, раскрытая цалкам, ва ўвесь свой двухметровы рост, з плаўнікамі, хвастом і вачыма, пад навіслай хваляй нерухома завісла акула.

Яе чорныя вочы поўныя неспасціжна далёкай абыякавасці. У свядомасці грукае: «Гэтага не можа быць». Не веру ўбачанаму і паўтараю: «Гэтага не можа быць! Чаму менавіта са мной? Божа, я толькі прыехала. Я яшчэ нічога не паспела паглядзець!» Усё гэта праносіцца ў думках. Мне здаецца, што праходзіць хвілін пяць, а потым я спахопліваюся, кідаюся бегчы да берага і ўсё прыходзіць у рух. Усё ж такі дакладна — мы прыходзім на зямлю, каб прайсці праз свой страх.

І тут я ў поўнай меры адчула сілу супраціву вады, яна трымала. Як у сне, калі бяжыш з усіх сіл, але перасоўваешся вельмі павольна. Вада была пругкай і не выпускала. Я праходзіла свой урок, наканаваны кімсьці загадзя. 

Акула за мной не пагналася, відавочна была сытая, але самой сустрэчы ў акіяне было дастаткова, каб ускалыхнуць эмоцыі, пачуцці, па-іншаму зірнуць на каштоўнасці і адчуць час. «Час не змяняе свой ход — гэта аксіёма, але можа змяняць сваю шчыльнасць. І гэта залежыць ад сонца», — так кажуць навукоўцы. Няўжо яно ў той момант так змяніла сваю шчыльнасць, што стала нерухомай кропкай? Ці ўсё-ткі час можа спыняцца, хоць і не для ўсіх?

Што ўтоена ад чалавека за гранню яго звыклага ўспрымання? Гэта невядома. З мноства індывідуальных светаў скроены адзін вялікі свет. У кожнага з нас свой час і свой свет, які разам з намі прыходзіць і сыходзіць. І цяпер я ведаю дакладна, што мой час можа змяняць свой ход, патрэбны толькі асаблівыя эмоцыі.

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.