Непадалёк ад Баранавічаў, побач з дарогай, якая вядзе на Навагрудак, стаіць помнік. «Стой! Прахожы! — заклікае спыніцца шыльда на ім. — У гэтым месцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся Калдычэўскі лагер смерці. 22 000 міралюбівых людзей загінулі ад рук нацысцкіх катаў».
Месца масавага знішчэння грамадзян знаходзілася ў вёсцы Калдычэва. Сёння гэта невялікі, але жылы і шумны населены пункт: па дарозе, якая дзеліць вёску на дзве паловы, у розныя бакі снуюць машыны. Каб даведацца, які жах тут адбываўся ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі, сапраўды, варта спыніцца. І калі ёсць такая магчымасць, прысесці: у многіх, хто даведваецца гісторыю гэтага месца ўпершыню, ад пачутага могуць падкасіцца ногі.
Канцлагер быў створаны ў студзені 1942 года. Тут утрымліваліся ваеннапалонныя і мірныя жыхары з навакольных раёнаў. Тэрыторыя надзейна ахоўвалася. Кіламетры калючага дроту, дзоты, укапаныя ў зямлю, танкі, пражэктары — уцячы адсюль не было шанцаў. З вязняў жорстка здзекаваліся: выразалі нажом кавалкі скуры, праколвалі язык, заганялі пад пазногці іголкі, ламалі пальцы, ставілі голымі нагамі на гарачую патэльню, аддавалі на разарванне сабакам...
Трымаць сувязь са знешнім светам зняволеным забаранялася. Людзей марылі голадам. І гэта пры непасільнай цяжкай фізічнай працы! Вязні хварэлі на тыф, дызентэрыю. Медыцынскай дапамогі, вядома, ім ніхто не аказваў. Яшчэ наадварот: фашысты наўмысна садзейнічалі распаўсюджванню хвароб, а адпаведна, і павелічэнню смяротнасці. Нягледзячы на свае пакуты, вязні лагера павінны былі яшчэ і працаваць: у цяжкіх умовах, па 10—12 гадзін у суткі. Здабывалі ў ледзяной вадзе торф, выраблялі цэглу, займаліся сталярнай, бондарнай, скураной, шавецкай і кравецкай справамі. За гэта іх кармілі баландай і невялічкім кавалкам хлеба.
Многія з вязняў не дажылі да вызвалення. І справа не ў недаяданні, фізічнай нагрузцы і болю, якому яны штодня падвяргаліся. Людзей наўмысна знішчалі...
Факты злачынстваў акупантаў і іх памагатых расследавала надзвычайная камісія пад старшынствам сакратара Гарадзішчанскага райкама КП(б)Б Сямёна Ляснічага, якая працавала на месцы трагедыі па гарачых слядах — восенню 1944 года. Падчас агляду месцаў знішчэння і пахавання трупаў і іх астанкаў, а таксама па шматлікіх паказаннях сведак камісія ўстанавіла, што, акупаваўшы 27 чэрвеня 1941 года Гарадзішчанскі раён, «гітлераўскі ўрад і яго ўстановы (гестапа, СД, воінскія камендатуры) з першага дня свайго панавання і на працягу трох гадоў не спынялі ў Гарадзішчанскім раёне расстрэлы, катаванні, павешанні і масавае знішчэнне ні ў чым не вінаватых савецкіх грамадзян, а таксама іх выган на катаржныя працы ў Германію».
У лістападзе 1942 года ў канцлагеры была пабудавана крэмацыйная печ. Паводле дакументаў Баранавіцкай гарадской камісіі, Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, у ёй было спалена 660 трупаў зняволеных, якіх прывезлі з баранавіцкай і стаўбцоўскай турмаў. Больш печ не выкарыстоўвалася. Людзей, якія яе будавалі, забілі.
Пасля вайны Надзвычайная дзяржаўная камісія, якая таксама працавала на месцы злачынства, у радыусе да двух кіламетраў выявіла суцэльныя месцы пахавання, у тым ліку 14 ям-магіл з вялікай колькасцю чалавечых астанкаў. У цэнтры канцлагера была знойдзена яма-магіла ў форме літары Т памерам 35 на пяць метраў. Пры ўскрыцці эксперты выявілі целы мужчын, жанчын і дзяцей, зваленых у бязладзіцы — тварам уніз, з адведзенымі назад рукамі, звязанымі калючым дротам. Пасля медыцынскага даследавання было ўстаноўлена, што іх смерць наступіла ў выніку скразных агнястрэльных кулявых раненняў галавы, якія суправаджаліся значнымі разбурэннямі костак зводу і асновы чэрапа. Дзеці загінулі ад удушша — у яму-магілу, за рэдкім выключэннем, іх кідалі жывымі. На малых падалі дарослыя, якія душылі дзяцей уласнымі целамі.
Загінулыя мужчыны былі апрануты ў адзенне грамадзянскага ўзору. Пры іх выявілі рэчы асабістага карыстання: грабеньчыкі, насоўкі, складныя нажы, кашалькі. Жанчыны ляжалі голыя. Каля магілы і ў самой яме знаходзілася вялікая колькасць пустых гільзаў ад нямецкіх аўтаматаў і карабінаў. Усяго толькі ў яме-магіле, як высветлілі спецыялісты, знаходзіліся астанкі тысячы чалавек. Сярод ахвяр нацыстаў было 28 дзяцей, 105 жанчын і 867 мужчын, якіх расстралялі 27 чэрвеня 1944 года. Да вызвалення Беларусі заставаліся лічаныя дні...
Адступаючы, на аўтамашынах немцы вывозілі зняволеных з канцлагера ў лес Міхнаўшчына і праводзілі масавыя расстрэлы там. Спрабуючы схаваць сляды сваіх злачынстваў, нацысты забівалі і ў асобных выпадках зганялі ў Германію людзей, якія прымалі ўдзел у пахаванні трупаў. Магілы зраўноўваліся з зямлёй, на іх месцы садзілі лес — цяпер гэта бярозавы гай Арабаўшчына.
У лютым 1961 года следчым удалося дапытаць былога зняволенага Калдычэўскага канцлагера А. Ф. Дастаеўскага. У лагер смерці мужчына трапіў у маі 1944 года. Яго арыштавалі за сувязь з партызанамі. У канцлагеры знаходзіўся да 1 ліпеня 1944 года. У сувязі з набліжэннем Чырвонай Арміі разам з іншымі зняволенымі быў накіраваны ў Германію. У раёне Варшавы ўцёк. Неўзабаве горад быў вызвалены савецкімі войскамі.
«Унутры канцлагера мелася цагляная турма прыкладна на 260 чалавек, у якой утрымліваліся зняволеныя, — апісваў умовы існавання ў Калдычэўскім лагеры смерці вязень. — У выглядзе жылля для вязняў канцлагера былі прыстасаваны драўляныя надворныя пабудовы былога памесця, у якіх раней утрымлівалася скаціна. Унутры гэтых баракаў мне быць не прыйшлося, бо я ўвесь перыяд знаходжання ў Калдычэўскім канцлагеры ўтрымліваўся ў турме».
Штаб аховы, па яго словах, размяшчаўся ў двухпавярховым драўляным былым панскім доме. У асноўным у ахову ўваходзілі асобы з ліку мясцовых жыхароў, якія пайшлі на службу да нямецкіх захопнікаў. Гэта былі беларусы і рускія, якія служылі ў войсках СС, або, як іх зняволеныя называлі, «эсдаўцы» — гэта значыць супрацоўнікі карнага органа СД. Кожны з іх насіў нямецкую ваенную форму зялёнага колеру, меў зброю.
За найменшую правіннасць, а часам і без усялякай на тое нагоды зняволеных збівалі. «Шырока прымянялася гумовая дубіна, якой любы з ахоўнікаў у любы час мог збіваць вязня канцлагера колькі яму хацелася, — згадваў А. Ф. Дастаеўскі. — Праца на торфараспрацоўках была вельмі цяжкая, да таго ж зняволеныя былі занадта знясіленыя. Кожнаму давалі па паўтара літра пахлёбкі або, як яе зняволеныя называлі, баланды. Для прыгатавання гэтай стравы выкарыстоўвалі мяса здохлага каня. Першы час ужываць яго было агідна, але потым вязні канцлагера прызвычаіліся, бо нікому не хацелася паміраць з голаду. Акрамя гэтага, кожнаму зняволенаму выдавалася прыкладна 250 грамаў эрзац-хлеба напалову з пілавіннем».
Увесь перыяд свайго знаходжання ў лагеры вязняў білі, прыніжалі. Напрыклад, ахоўнік мог загадаць чалавеку ўпасці на зямлю — незалежна ад таго, суха там ці брудна. Часта зняволеныя поўзалі па гразі: глядзець на гэта карнікам было задавальненнем. Падчас допытаў на вязняў нярэдка напускалі сабак.
А. Ф. Дастаеўскі не быў сведкам масавых расстрэлаў людзей, але пра забойствы вязняў у ноч з 29 на 30 чэрвеня 1944 года ведаў. «Перад уцёкамі гітлераўцаў, ноччу з 29 на 30 чэрвеня 1944 года, з нашай камеры і з суседніх па два-тры чалавекі зняволеных сталі выводзіць на тэрыторыю лагера, — апісваў ён тыя падзеі. — Калі развіднела, мы ўбачылі праз рашотку акна камеры, што зняволеных з турмы выводзілі ўжо распранутых і разутых, са звязанымі назад рукамі. Рукі былі скручаны калючым дротам. Выклікаліся вязні на расстрэл і днём. У выніку з 24 чалавек, якія знаходзіліся ў камеры, у тры гадзіны дня засталося ўсяго сем-восем чалавек. Расстрэльвалі людзей у бярозавым гаі, які знаходзіўся за два кіламетры ад канцлагера».
Сярод вязняў Калдычэўскага канцлагера быў і П. К. Арцюх. Мужчына ўтрымліваўся там дзевяць сутак, але і гэтага хапіла, каб запомніць тыя падзеі на ўсё жыццё. Вось што ён распавядаў: «У лагер штодзённа прывозілі новыя партыі савецкіх грамадзян. Для зняволеных былі створаны жудасныя ўмовы, людзі жылі ў хляве для жывёл, спалі на драўляных нарах на голых дошках, баракі былі перапоўнены людзьмі, на нарах не хапала месца, многія зняволеныя, у тым ліку і я, спалі проста на зямлі. У бараках было шмат пацукоў, якія не давалі спаць людзям, а тых, хто спаў, пачыналі грызці і кусаць, таму пастаянна іх трэба было разганяць».
Мужчына пацвярджаў, што перад прыходам Чырвонай Арміі ахова канцлагера пачала знішчаць зняволеных, якіх расстрэльвалі ў бярозавым гаі. Не шкадавалі нават дзяцей. «Калі пачаўся світанак, усіх зняволеных мужчын, у тым ліку і мяне, выгналі з барака ў двор лагера, — сведчыў П. К. Арцюх. — У двары ўжо стаялі пастаўленыя ў шэрагі жанчыны і дзеці, а таксама мужчыны. Каля машыны стаялі два чалавекі, якія звязаных людзей укладвалі, як дровы, у некалькі радоў, пакуль не нагрузяць людзей у кузаў аўтамашыны да ўзроўню бартоў. Пасля гэтага на аўтамашыну, прама на людзей, садзіліся ахоўнікі лагера, узброеныя кулямётамі, і машына з лагера сыходзіла. Неўзабаве вярталася назад з ахоўнікамі лагера, але без зняволеных. Ахоўнікі пры гэтым былі п'яныя і вельмі жорстка абыходзіліся са зняволенымі».
Пакуль мужчына стаяў і чакаў сваёй долі, бачыў, як да аўтамашыны падвялі жанчыну, якая трымала на руках дваіх дзяцей ва ўзросце прыблізна аднаго і двух гадоў. Яшчэ двое, дзесьці чатырох і пяці гадоў, стаялі каля жанчыны, прыціскаючыся да яе ног. «Паліцэйскія схапілі жанчыну за рукі і, адвёўшы іх назад, пачалі звязваць дротам, — даваў свае паказанні пасля вайны відавочца. — Дзеці, якіх жанчына трымала на руках, упалі на зямлю. Адзін з паліцэйскіх падняў дзіця з зямлі, узяў за ногі і ўдарыў галавой аб колы аўтамашыны, кінуў яго ў кузаў. Пры гэтым усе жанчыны галасілі, крычалі, прасілі аб дапамозе, плакалі дзеці. Звязаную жанчыну кінулі ў кузаў аўтамашыны. У гэтую раніцу, як я сам падлічваў, знаходзячыся ў страі, на расстрэл былі вывезены 54 жанчыны. Былі сярод іх і дзеці...»
Цудам пазбегнуць фашысцкай расправы ўдалося партызанскай сувязной В. К. Ізвекавай. Неаднойчы яна станавілася сведкай тых здзекаў, якія з людзей учынялі фашысты. «Неўзабаве пасля майго прыбыцця ў канцлагер з нашай турмы была выклікана на допыт жанчына па імені Міля, — успамінала вязень. — Прыкладна праз тры гадзіны яе прывалаклі тры карнікі і кінулі да нас у камеру паўжывую. Міля была ва ўзросце 25 гадоў. Сукенка на гэтай жанчыне была ўся парваная і мокрая. Цела яе было чорнае ад сінякоў, на спіне яе да самай галавы была выразана паласа скуры, валасы выдраныя, пальцы рук былі выкручаныя і знявечаныя. На абедзвюх руках вышэй кісцей былі раны. Міля некалькі гадзін была ў непрытомным стане, на яе было страшна глядзець». Калі дзяўчына апрытомнела, яна расказала сукамерніцам, як з яе здзекаваліся. Праз суткі яе забралі — у канцлагеры Мілю больш ніколі не бачылі.
За некалькі дзён да ўцёкаў акупанты і іх памагатыя асабліва лютавалі. Усіх 18 жанчын з іх камеры вывелі на калідор турмы і загадалі распрануцца да ніжняй бялізны. «Жанчыны польскай нацыянальнасці павінны былі здымаць і споднюю бялізну, — сведчыла пасля вызвалення перад судом В. К. Ізвекава. — Усім нам звязалі назад рукі і павялі ў бярэзнік да месца расстрэлу. Да нашай групы яшчэ далучылі дзвюх жанчын. Калі прывялі нас да ямы, дзе адбываўся расстрэл, я ўбачыла, што месца расстрэлу было ачэплена карнікамі з ліку аховы канцлагера. У яме ляжала шмат трупаў, некаторыя яшчэ былі жывыя і сцякалі крывёю, некаторыя выдавалі храп, захлыналіся крывёю, а асобныя спрабавалі зрушыцца з месца. Гэта была жудасная карціна, і глядзець на яе ў мяне не хапала сіл».
Вязень канцлагера ўспамінала, як да ямы падвялі жанчыну, якая трымала на руках прыкладна двухмесячнае дзіця. Адзін з карнікаў выхапіў малое з рук маці, узяў яго за ножкі і з размаху стукнуў галавой аб ствол бярозы. Затым забітае немаўля кінуў у яму. Маці дзіцяці расстралялі. «У ліку ахвяр, якіх карнікі падвялі да ямы, апынулася цяжарная жанчына, — са слоў В. К. Ізвекава запісана ў архіўных дакументах. — Адзін з карнікаў, прозвішча яго не ведаю, з насмешкай падышоў да гэтай цяжарнай жанчыны, якая была распранута дагала, і штыком вінтоўкі распароў ёй жывот. Тут жа гэтая жанчына без выстралу была скінута ў яму, дакладней яна туды сама ўпала пасля таго, як ёй распароў жывот карнік».
У сваіх паказаннях відавочца тых падзей не расказвае, як ёй самой удалося выжыць. Аднак ці гэта галоўнае!? Напэўна, нехта павінен быў застацца ўжывых, каб расказаць усю праўду аб тым, што рабілі на нашай зямлі акупанты, як здзекаваліся са сваіх жа землякоў памагатыя нацыстаў, для якіх, мяркуючы па ўсім, моцную небяспеку ўяўлялі жанчыны і дзеці, нават ненароджаныя...
Вераніка КАНЮТА
Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук
Фота з адкрытых крыніц
Цяпер на продаж прапаноўваецца менш як 7,5 тысячы кватэр, а раней звыш 10 тысяч
І для свята, і для далейшага развіцця.
Аб сваёй рэалізацыі, рабоце і удзеле ў праекце «Звёздный путь» спявачка распавяла ў інтэрв’ю.