Вы тут

Віктар Жыбуль: Праз «чорны ход» — у літаратуру!


Паэт, удзельнік знакамітага калісьці «Бум-Бам-Літа»; літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук, даследчык, вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва актыўна выступае на літаратуразнаўчых канферэнцыях, прысвечаных даваеннаму літпрацэсу. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калі ў хаце дыверсант» (1996), «Рогі гор» (1997), «Прыкры крык» (2001), «Дыяфрагма» (2003), «Забі ў сабе Сакрата!» (2008, у суаўтарстве з Верай Бурлак), «Стапеліі» (2012), «Дзяцел і дупло» (2016); аўтар ідэі і арганізатар літаратуразнаўчых экскурсій па Мінску, сёння Віктар Жыбуль распавядае пра вытокі яго захаплення гісторыяй сталіцы і як праз хобі пачаў пісаць па-беларуску.


— Віктар, ты — карэнны мінчанін. Раскажы, як абудзілася цікавасць да роднага горада.

— Пачалося ўсё з тапанімікі, тады нават у школу яшчэ не хадзіў. У нас дома быў тэлефонны даведнік з назвамі ўсіх вуліц — зачытваўся імі як займальнай казкай! Было цікава даведацца, што ў горадзе ёсць вуліцы з вельмі незвычайнымі назвамі накшталт Камароўскае кальцо, Экскаватарная, Меліярацыйная, Базісная (хоць і не разумеў, што гэта такое), Міліцэйская, Авангардная; існавала аж восем Чыгуначных завулкаў, пяць — Радыятарных, гэта захапляла. Мелася таксама карта горада з пазначанымі маршрутамі транспарту, але вуліцы на ёй адзначаны былі не ўсе. Разглядаў і ўяўляў, дзе там могуць быць непазначаныя вуліцы. Тады ж, у гадоў сем, марыў стаць таксістам, бо ўжо добра ведаў горад…

З цягам часу стала недастаткова ведаць назвы вуліц, захацелася на кожнай з іх пабываць, і калі такое здаралася, звяртаў увагу на дамы і будынкі, што там месціліся, — апроч тапанімікі захапіла і гісторыя: калі што было пабудавана, што з’явілася раней на тым ці іншым месцы…

— Як без інтэрнэту шукаў інфармацыю?

— У школьныя гады пачаў збіраць бібліятэчку пра Мінск. Выразаў матэрыялы з газет, дзе распавядалася пра розныя раёны і асобныя будынкі, старыя назвы і перайменаванні. Так, у «Вячэрнім Мінску» любімай рубрыкай была «Старое. Новае. Вечнае». А ў старэйшых класах зрабіў ксеракопію даведніка «Увесь Мінск» 1911 года — знайшоў кнігу ў Нацыянальнай бібліятэцы.

Натуральна, узнікалі думкі: дзе прымяніць веды? Удзельнічаў у розных віктарынах па гісторыі горада, трапляў у лік пераможцаў. А ў 1994 годзе быў абвешчаны паэтычны конкурс пад назвай «Родны горад». Перада мной на стале ляжаў стос кніг па тэме… Вырашыў скарыстаць свае веды і тут, напісаў вершаваны нарыс «Драўляная Грушаўка»: «У прадмесцях старых беларускай сталіцы // жывуць забудовы мінулых гадоў // будынкі касцёлаў, муры, камяніцы // і шэрагі простых драўляных дамоў…» І зноў апынуўся сярод пераможцаў! Такім чынам, зацікаўленасць Мінскам дапамагла праз «чорны ход» трапіць і ў літаратуру — гэта была першая сур’ёзная спроба па-беларуску. Дагэтуль нават не спрабаваў друкавацца. Адчуў, што мне зусім не складана пісаць на роднай мове…

— Падчас вучобы ва ўніверсітэце цікавасць твая не знікла, а, наадварот, паглыбілася і пашырылася…

— Пісаў дысертацыю аб авангардызме ў айчыннай паэзіі 1920—1930-х гадоў, а пазней мае літаратуразнаўчыя і мінсказнаўчыя цікаўнасці перакрыжаваліся: тады якраз пачалі ладзіцца фэсты экскурсаводаў і мне прапанавалі правесці экскурсію па Трактарным пасёлку, у якім вырас… Давялося шукаць пэўныя дакументы, падвучыць гісторыю пасёлка. Звярнуўся да літаратурных твораў, каб аздобіць экскурсію, знайшоў усё, што было напісана пра пасёлак альбо дзе ён згадваецца, у якіх творах выяўленчага мастацтва «засвяціўся», у якіх фільмах мільгануў… Зрабіў экскурсію з культуралагічным падтэкстам, цытатамі з твораў Петруся Броўкі, Андрэя Александровіча, Веры Лютавай, Сяргея Пясецкага, які пісаў пра гэтыя мясціны задоўга да таго, як з’явіўся пасёлак.

Пачаў праводзіць экскурсіі не толькі па сваім раёне, але і па іншых, звязаных з постацямі нашай літаратуры. Так, прайшла тэматычная экскурсія, прысвечаная нефармальнаму згуртаванню 1930-х «ТАВІЗ». Было цікава паказаць на мясцовасці іншым, дзе знаходзілася шашлычная, у якой часта сядзеў Валерый Маракоў, па якіх вуліцах любілі шпацыраваць нашы паэты, дзе жыў Міхась Багун, у якога яны любілі збірацца, якая вуліца найбольш адлюстравалася ў творах таго часу…

Потым надышла эпоха кавіду, і ўсё перайшло ў папяровае вымярэнне. З часопіса «Роднае слова» папрасілі напісаць артыкул пра Міколу Аўрамчыка. Стаў чытаць яго творы — а там шмат згадак пра розныя мінскія рэаліі! Ёсць нават кніжка пад назвай «Універсітэцкі гарадок» з адпаведнай выявай на вокладцы! Згадваюцца розныя месцы, напрыклад, пешаходны мост праз чыгунку, што быў за вакзалам. Аўрамчык піша, як яны з Міколам Сурначовым пераходзілі па тым мосце. Пазней мост асацыіраваўся ў паэта з загінулым сябрам… Так, зразумеў: у кожнага пэўнае месца выклікае асабісты, толькі яму блізкі ўспамін — такім чынам, у кожнага з нас свой Мінск і яго ўспрыманне… Пасля таго, як быў надрукаваны артыкул пра сталіцу ў творах Аўрамчыка — «Ад Маскоўскае шашы да Суражскага базару...» (радкі з яго верша), — у рэдакцыі часопіса прапанавалі аўтарскую рубрыку пад назвай «Шпацыр з пісьменнікам». З таго часу напісаў пра сталіцу ў творах Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Уладзіміра Караткевіча, Алеся Наўроцкага, Уладзіміра Карпава і іншых аўтараў…

— Якія раёны сталіцы, акрамя таго, дзе мінула дзяцінства, табе найбольш цікавыя?

— Там, дзе скрыжаванне Партызанскага праспекта з Цэнтральнай вуліцай, фасадныя дамы прывакзальнага раёна нейкага іншага горада. А калі заходзіш углыб, мноства прыватных драўляных і каменных домікаў таксама нагадваюць іншыя гарадкі. Мару пра тое, каб астраўкі горада, што нагадваюць іншыя гарады, захаваліся. Часам хочацца абстрагавацца ад ваяўнічага ўрбанізму, дзе ўсё ў шклобетонных забудовах, і прайсціся, развеяцца, уявіць, як тут жылі раней.

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Фота з асабістага архіва В. Жыбуля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?