Вы тут

Конкурс апавяданняў. Зоя Наваенка — Трохфазны ток


Зоя Максімаўна Наваенка — з пакалення дзяцей вайны. Тое, што давялося перажыць малой дзяўчынцы, урэзалася ў яе памяць на ўсё жыццё. Праз шмат гадоў яно ляжа ў аснову яе дакументальнай аповесці «Дзяцінства ў тумане вайны». Па прафесіі Зоя Максімаўна выкладчык, скончыла хіміка-біялагічны факультэт Віцебскага педінстытута імя Кірава (цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава). Выйшла замуж за кадравага ваеннага, а гэта — пастаянныя пераезды з аднаго гарнізона ў іншы. Таму давялося папрацаваць у розных школах Беларусі. І толькі калі жыццё нарэшце ўвайшло ў спакойны рытм, больш за 25 гадоў выкладала біялогію ў СШ № 3 горада Глыбокае. Да актыўнай літаратурнай працы звярнулася ўжо ў сталым узросце. Канешне, вялікі настаўніцкі стаж не мог не знайсці сваё адлюстраванне ў некаторых яе творах, пра што сведчыць і апавяданне «Трохфазны ток».

Алесь БАДАК


Ці маеце вы хоць якое-небудзь уяўленне або разуменне аб трохфазных токах? І не трэба, калі не плануеце прысвяціць сваё далейшае жыццё энергетыцы.

Але вось па фізіцы тэма: «Трохфазны ток». Трэба вызубрыць, бо ніякіх мазгоў у многіх дзяўчынак не хапае ўсё запомніць па гэтай тэме. А вось у Люські хапае. Мне часам увогуле здаецца, што для паняццяў фізікі і матэматыкі ў яе мазгоў лішак.

Сядзіць Люська за партай побач з выдатнікам Лёшкам, якому трохфазны ток зразумелы як божы дзень. А Люська стараецца ад яго не адстаць.

І каму, як не Лёшку, насіць дадому Люсьчын цяжкі партфель, дзе ў адной з кніжак прытаіўся трохфазны ток?! Ён і носіць. Зайздросцяць дзяўчаты Люсьцы. Лёшка ўвесь з сябе. Фігура Апалона. Харызма яшчэ тая! Але перад сабой Лёшка бачыць толькі Люську. Астатнія — так, аднакласнікі, сябры-таварышы.

Вось і пара закончыць апавяданне, калі б не з'явіўся аднойчы ў класе худы, бледны да сінечы новенькі — Генка Збруеў...

Але ён з'явіўся на ўроку фізікі. Мы ўсе адразу загарнулі падручнікі. Ведалі калі з'явіўся новы вучань з іншай школы, дык наш настаўнік Мікалай Мікалаевіч пачне яго грунтоўна «трэсці», вытрасаючы багаж ведаў па прадмеце. Патрасе і выведзе геаметрычную фігуру з мышыным хвосцікам: геаметрычны малюнак адсутнасці ведаў.

Пры ўсім тым заўважце: настаўнік ніколі не пакрыўдзіць, не зняважыць вучня, не закрычыць. У гэты момант усе эмоцыі ад яго кудысьці адлятаюць. Мікалай Мікалаевіч проста спакойна слухае коснаязыкага новенькага, які заікаецца, збіваецца, дарэмна стараецца са сваіх разрозненых ведаў збудаваць багаж.

Вердыкт выносіцца ў выглядзе ўжо апісанай фігуры, якую настаўнік не толькі ў журнале малюе, але і ў дзённіку, і ў сваім асаблівым сшытку (для памяці, як ён кажа).

Вось гэтым разам Мікалай Мікалаевіч выклікаў новенькага. Багажу ведаў не выявіў. Але... не паставіў двойку! Мы былі ўсе ў шоку. Што гэта за выключэнне? Нашы «троечнікі», якія хацелі справядлівасці, далі Генку мянушку Гліст.

Мянушка Генку падыходзіла: вельмі ўжо худы, доўгі, тонкі. Здавалася, падзьме мацнейшы вецер яму ў спіну — і ён тут жа паляціць у паветры. Колер твару бледна-шэры. Усе вучні не выдзяляліся паўнатой. Аднак Генка быў сярод нас не толькі анарэксічна худы, але і хмуры, з заўсёды сумным поглядам. Ён не быў шумным. Не шукаў сяброў сярод аднакласнікаў.

Здзівіла ўсіх Люська. Новенькі з'явіўся ў класе ў адзін з дзён трэцяй чвэрці. А праз два дні пасля яго прыходу Люська сабрала свае падручнікі ды і перасела да Генкі. Да гэтага ён сядзеў адзін.

Лёшка быў ашаломлены. Ён здзіўлена заморгаў махнатымі прыгожымі вейкамі і прамовіў: «Ну і ну»!

Люська ж усім заявіла, што, паколькі яна з'яўляецца старастай класа, дык не павінна дапусціць, каб былі адстаючыя, ды яшчэ па фізіцы. Маўляў, Мікалай Мікалае-
віч ваяваў, ардэнаносец, а мы справіцца з нейкім токам не можам. Сорам!

Не ведаю, ці данесла яна да Генкі паняцце, што такое трохфазны ток і з чым яго ядуць, але Люська перастала заўважаць іншых хлопцаў, апрача Генкі. Нейкія токі звязалі іх у «не разлі вада».

Лёшка сядзеў адзін. Ганарлівыя дзяўчаты (ні адна!) не захацелі заняць Люськінага месца.

А Генка стаў часцей усміхацца. Перастаў быць закрытым. Умеў трапна і разумна пажартаваць.

Адцвіла чаромха. Знёс вецер яе белае адзенне, рассеяў па ваколіцах. Зацвіў блакітна-ружовы бэз. Пачаліся школьныя экзамены. Мы, дзяўчаты, дурэючы ад спякоты, хадзілі ў лёгкіх сукеначках, а хлопцы — у кашулях з кароткімі рукавамі.

А Генка ўсюды, у любое надвор'е насіў кашулю з доўгімі рукавамі. Мы думалі, што ён саромецца сваёй худзізны.

Аказалася, не так. Хоць... так! Саромеўся, але справа была не ў худзізне...

Перад экзаменам па фізіцы, прыйшоўшы на кансультацыю, усе звярнулі ўвагу на тое, што няма Люсі і Гены. Гэтыя «не разлі вада» кудысьці прапалі. Не прыйсці на кансультацыю да Мікалая Мікалаевіча? Ну, заўтра на экзамене задасць ён ім шмат дадатковых пытанняў.

Але Мікалай Мікалаевіч, разабраўшы пытанні, якія маглі выклікаць цяжкасці пры адказах, пачаў вось такі расповед:

— Дзеці! На кансультацыі па ўважлівай прычыне адсутнічаюць Люся і Гена. Яны паехалі ў вёску на пахаванне сябра Гены, з якім ён быў у канцлагеры Асвенцім. Дзеці там былі адняты ад матуль. Матулі знаходзіліся ў адным блоку, а дзеці... У дзяцей для нямецкіх салдат бралі кроў. Да вызвалення канцлагера ў Гены і яго сябра ўзялі кроў па два разы. На трэці — дзеці паміралі. Часам паміралі і пасля двух разоў, часам — і пасля аднаго. Гену і яго сябру Толю пашанцавала. Іх салдаты-вызваліцелі вынеслі на руках. Потым аказалася, што мама Гены жывая, а мама Толі загінула. Вось і гадаваўся Толя ў роднай цёткі ў вёсцы. Быў вельмі слабы, захварэў на сухоты. Ад імя ўсіх настаўнікаў і класнага кіраўніка, які паехаў з імі, да вас адна толькі просьба: ніколі не гаварыць з Генам на гэтую тэму. Ні-ко-лі!

Калі Мікалай Мікалаевіч змоўк, у класе хвіліны са дзве стаяла цішыня.

А потым падняўся Лёшка:

— Калі ад каго-небудзь я пачую слова «гліст», дык не крыўдуйце. «Цёмная» таму забяспечана.

Усе глядзелі на Лёшку і разумелі: ён дараваў Люсьцы яе здраду, яе каханне да Генкі. Трохфазныя ці чароўна-ангельскія токі перасталі мучыць яго сэрца зайздрасцю і рэўнасцю.

На лінейцы, прысвечанай заканчэнню школы, Гена і Люся стаялі побач. Гена быў у белай кашулі з кароткімі рукавамі, і з-пад аднаго рукава па ўсім перадплеччы цягнуўся доўгі-доўгі рад расплывістых бледнавата-блакітных невыводных лічбаў. Кляймо фашызму. І гэтага ён саромеўся?

Няхай рознай фазнасці токі праходзяць праз нашы сэрцы дабром і святлом. А дапамагчы ў гэтым могуць самыя лепшыя людзі: настаўнікі і бацькі.

Зоя НАВАЕНКА

Прэв’ю: pixabay.com 

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».