Вы тут

На Магілёўшчыне захоўваюць старыя традыцыі ахвяраваць за блізкіх


Зінаіда Крыжэвіч родам з Краснапольшчыны, але пасля трагедыі на Чарнобыльскай АЭС яе вёска Крывеліцк скончыла сваё існаванне, і яна разам з сям'ёй пераехала ў Слаўгарад. Пра мінулае ёй нагадваюць старадаўнія фотаздымкі бацькоў Пелагеі Якаўлеўны і Васіля Ісакавіча Слаўнікавых. І абрад, які да канца сваіх дзён, выконвала яе маці.


Сям'я Пелагеі і Васіля Слаўнікавых. Дзеці злева направа: Людміла, Віктар, Анатоль (на руках), Васіль.

— Калі пачалася вайна, майго бацьку, які працаваў на машынна-трактарнай станцыі, адправілі пераганяць у Расію тэхніку, — расказвае яна сямейную гісторыю. — Адтуль і накіравалі на фронт. Маці засталася з сямю дзецьмі адна. І, каб бацька вярнуўся жывы, дала зарок рабіць кожны год 14 студзеня, на Васіля (дзень памяці свяціцеля Васіля Вялікага. — Аўт.) аброчны абед. І мы ў гэты дзень кожны год збіраліся за сталом і запрашалі суседзяў. Запальвалася свечка, чыталіся малітвы. На жаль, якія менавіта, не памятаю. Тады былі малыя, каб унікаць у сутнасць гэтай дзеі.

Зінаіда Крыжэвіч успамінае сваё дзяцінства, маляўнічую вёску на краі лесу, іх сялянскую хату з чырвоным кутом, дзе вісеў абраз Ісуса Хрыста. Пад ім 14 студзеня маці разам з жанчынамі, якія прыходзілі на абед, доўга чытала малітвы...

Бацька вярнуўся ў кастрычніку 1945 года, пасля Германіі іх перакінулі на Далёкі Усход супрацьстаяць японскім мілітарыстам. Але там ваяваць не прыйшлося. Было дзіўным, калі ён расказваў, што за ўсю вайну акрамя кантузіі не атрымаў ніводнай драпіны. Быццам бы анёл-ахоўнік нябачнай рукой адводзіў ад яго няшчасці.

Суразмоўца перажывае, што пры жыцці мала распытвала бацькоў. Тата ўсю вайну прайшоў, але ж амаль нічога не расказваў. Дзеці яго стараліся не хваляваць, бо бачылі, як балюча ён перажываў тыя ўспаміны. Адзінае, пра што ён ахвотна расказваў, у тым ліку і ўнукам, дык гэта пра яго цудоўнае ўратаванне. Да вайны ён быў чалавек няверуючы. І гэта не дзіўна, бо нарадзіўся ў рэвалюцыйным 1917 годзе. Але ўсё змяніў выпадак. На фронце працаваў кіроўцам трактара, якім цягаў гаўбіцы. Трэба было дастаўляць пушку на перадавую, а потым хаваць трактар, дзе прыйдзецца. Гэта было даволі праблематычна, і таму тэхніку даводзілася часткова закопваць. Жартаваў, што за вайну столькі зямлі перакапаў, колькі за ўсё астатняе жыццё не давялося. І вось аднойчы, калі фронт стаяў на Арлоўска-Курскай дузе, ён разам з таварышам па службе сядзеў у бліндажы. Снарады сыпаліся градам. Нямецкая артылерыя вяла прыцэльны абстрэл іх тэрыторыі. Васіль звярнуў увагу на цагляны будынак непадалёк і прапанаваў сябру для надзейнасці схавацца там. Сказана — зроблена. І толькі байцы перабеглі на новае месца дыслакацыі, як у іх бліндаж трапіў снарад. Ад папярэдняга сховішча нічога не засталося. Менавіта тады трактарыст-механік Васіль Слаўнікаў перастаў быць атэістам. І ўсё жыццё ўспамінаў, што застаўся жывы толькі дзякуючы Богу і малітвам жонкі.

— 14 студзеня стаў свайго роду днём нараджэння майго бацькі, — кажа Зінаіда Крыжэвіч. -У пасведчаннях і маці, і таты стаялі толькі гады нараджэння, а вось дат і назваў месяцаў не было. Таму і віншавалі бацьку ў дзень яго нябеснага ахоўніка. 14 студзеня людзі заўсёды прыходзілі да нас з падарункамі. А калі маці не стала (тата перажыў яе на 6 гадоў), мы, іх дзеці, рабілі аброчны абед самі. А паколькі малітваў, акрамя «Ойча наш», не ведаем, проста запальвалі свечку і сядзелі за сталом.

Пасля таго, як з жыцця пайшоў і Васіль Ісакавіч, яго дачка адзначае свяшчэнную для яе бацькі дату ўдвох з сужэнцам. Ікона, пад якой здзяйсняўся абрад у бацькоўскай хаце, перакачавала да старэйшай сястры, а потым да яе ўнучкі. Але абед усё роўна носіць сакральны характар. Жанчына ставіць на стол стравы, запальвае свечку і кліча на памінальны абед бацьку. І верыць, што нябачна і ён сядзіць за сталом.

Спадкаемніцамі абраду сталі дачка Зінаіды Крыжэвіч Сняжана і пляменніца Іна Скобелева. Дачка працуе на тэлебачанні, пляменніца — у школе. Дзякуючы іх цікаўнасці да мінулага свайго роду, пра старадаўні абрад, які існаваў у сям'і іх блізкіх, зроблена тэлеперадача і падрыхтавана невялічкая брашура. Матэрыял каштоўны тым, што захоўвае апісанне народных традыцый Магілёўшчыны.

Дарэчы, аброчныя абеды дагэтуль практыкуюць у Краснапольскім раёне — у вёсцы Буглаі. Пра гэтых людзей таксама ёсць тэлеперадача. Мне ж падрабязнасці расказала мясцовая збіральніца фальклору, метадыст Краснапольскага раённага цэнтра культуры Валянціна Марчанка.

Валянціна Калініч з вёскі Буглаі праводзіць гэты абрад ужо болей чым 35 гадоў. Усё пачалося з таго, што ў яе цяжка захварэла дачка, спатрэбілася дапамога нават сталічных урачоў. Дзяўчынку ледзь выратавалі. І вось адна бабулька параіла жанчыне рабіць аброчны абед.

З тых пор кожны год 9 студзеня Валянціна Іванаўна запрашае аднавяскоўцаў і сваякоў памаліцца за здароўе яе дачкі і паабедаць. Госці прыносяць цукеркі, пячэнне, іншыя падарункі і кладуць іх на стол у Чырвоным куце: для іх гэта Прастол Божы. Абрад пачынаецца з чытання Акафіста Нараджэнню Хрыстову. Пад абразамі запальваюцца тры свечкі і гучыць малітва. Дачка Ала, дзеля якой гэты абрад робіцца, верыць, што пад надзейнай аховай. Яна лічыць, што абразы «асвячаюць прастору хаты» і што «не мы на іх, а яны на нас глядзяць вачыма святых і благаслаўляюць». Ала выжыла насуперак усім прагнозам медыкаў: перамагла энцэфаліт, анкалогію, уцалела ў двух аўтамабільных аварыях. І маці верыць, што дачка жыве не толькі намаганнямі ўрачоў, але і малітвамі і яе абяцаннем перад Богам.

У гэтай жа вёсцы жыве яшчэ адна жанчына, якая робіць абед 2 жніўня — на Ілью. Яна дала такі зарок пасля таго, як ад маланкі, якая моцна ўдарыла ў яе дом, разляцелася шкло ў трэльяжы і ледзь не загінуў сын.

— Адкуль ідзе такая традыцыя, невядома, — паціскае плячыма Валянціна Марчанка. — Але ж некаторыя дагэтуль асуджваюцца або, як той казаў, даюць зарок перад Богам. Бачылі на крыніцах розныя стужачкі вісяць, ручнікі? Вельмі часта гэта знак менавіта таго, што нехта ўзяў на сябе адказнасць рабіць нешта богаўгоднае. Сітуацыі бываюць розныя. Але гэта сапраўды працуе.

Іераманах Афанасій каментуе, што такія абрады не ідуць у разрэз з верай.

— Гэта, іншымі словамі, — даць абяцанне перад Богам і людзьмі рабіць нешта карыснае, — кажа ён. — Вельмі часта гэтыя абяцанні выкліканы жаданнем камусьці дапамагчы і адвесці ад сябе і блізкіх гнеў Божы. Напрыклад, жанчына не мае дзяцей і абяцае чымсьці дапамагчы сіротам, напрыклад, шыць ім адзенне. Чалавек, магчыма, разумее, што дзесьці саграшыў, але не заўсёды здагадваецца, у чым. І такім чынам знаходзіць выйсце, каб паказаць Богу, што ён раскайваецца.

Суразмоўца прыводзіць прыклад, як адна жанчына з вёскі Бярозаўка Слаўгарадскага раёна пасля вайны жыла ў зямлянцы і паабяцала Богу, што, калі ў яе з'явіцца свой дом, яна будзе спраўляць абед на Хрышчэнне і запрашаць да сябе людзей, каб маліліся і частаваліся. У 1944-м ёй дапамаглі пабудаваць невялічкі дамок, і яна да канца свайго жыцця выконвала абяцанне, дадзенае перад Богам.

Яшчэ адна жанчына — Ефрасіння Андрэева, у дзявоцтве Кардова, з Усох таго ж раёна, пасля вайны дала абяцанне, што будзе «адпраўляць крыніцу» — чысціць, даглядаць, збіраць людзей, маліцца, рабіць абед на Ушэсце, каб толькі яе брат, які знік у ваеннай віхуры, знайшоўся. І праз нейкі час ён адгукнуўся, паведаміў, што жыве ў Амерыцы. Жанчына была пераканана, што Бог пачуў яе і прыняў ахвяру. На радзіму брат не вярнуўся, але сувязь з сястрой трымаў. І завяшчаў, каб пасля смерці яго прах быў пахаваны менавіта на радзіме. Сама жанчына пайшла з жыцця якраз на Ушэсце. Прычым вельмі цудоўным чынам. Яна паспела прыгатаваць аброчны абед і памыцца ў лазні. Людзі раніцай прыйшлі і бачаць: бабулечка ў труне ляжыць, а на стале прыгатаваны ёю абед.

Пакуль пісала, успомніла, што і мая бабуля Вольга таксама давала зарок перад Богам, каб яе сын Сцяпан вярнуўся жывы з вайны. Ён атрымаў цяжкае раненне ў горла, але выжыў. На жаль, не даведалася, які крыж яна ўзяла на сябе, каб несці яго перад Богам. Але на ўсё жыццё запомніла, што яна ніколі не дазваляла сабе павысіць голас і заўсёды казала: у цябе каменьчыкам, а ты — хлебушкам.

Былы настаяцель храма Дзмітрыя Растоўскага ў вёсцы Выдранка Краснапольскага раёна айцец Віктар, які, на жаль, заўчасна пайшоў з жыцця, наогул называў абяцанні перад Богам малым подзвігам, бо, як ён казаў, існуе нямала сіл, якія супраць іх выканання, а людзі пастаянна, з году ў год, захоўваюць абрад, моляцца і трымаюць свой зарок.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Іны Скобелевай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».