Вы тут

Трэба ў розных краях пабываць: творы і ўражанні мастака Уладзіміра Садзіна


У той час, калі не было інтэрнэту, а тэлебачанне яшчэ не магло дазволіць сабе падрабязныя рэпартажы пра жыццё іншых народаў і далёкіх краін, а паглядзець хацелася: як жа там, дзе нас няма? — на дапамогу прыходзіла выяўленчае мастацтва. Творцы, каму пашчасціла вандраваць па свеце ў складзе розных дэлегацый ды ў якасці савецкіх турыстаў, захоўвалі вобраз тых мясцін, якія пабачылі. Адным з такіх творцаў быў Уладзімір Садзін, а вынік яго назіранняў можна пабачыць на выстаўцы «Мастацтва падарожнічаць», што праходзіць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.


Тут краявіды, якія калісьці з’яўляліся для жыхароў Беларусі экзотыкай, гарадскія пейзажы з іншх краін, помнікі архітэктуры, якія далёка не кожны мог тады пабачыць на свае вочы, — але гэта рабіў магчымым Уладзімір Садзін, аматар вандровак у далёкія землі. Яго работы можна з цікавасцю разглядаць у наш час — а іх прадстаўлена больш за 50. У яго графіцы ёсць адчуванне розных культур, якое не мяняецца з-за развіцця тэхнікі. Краіны Еўропы ды Азіі, Афрыка ды Амерыка з яе рытмам — аўтар улавіў адметнасці, якія захоўваюцца праз эпохі. Таксама як адчуваецца і любоў. 

Мастак, якога назаўсёды звязалі са Слуцкам: сюды ён прыехў пасля вайны. Пабачыўшы пасляваенную Еўропу, абраў на сталае жыццё Беларусь, хоць сам паходзіў з Пензенскай вобласці. Краіну жыцця выбіраюць сэрцам. Яна не проста дае дом і дах над галавой, яна дае жыццёвы імпульс, які дазваляе чалавеку рэалізавацца як асобе. Садзін вызваляў Беларусь — і яна прынала яго як чалавека і творцу. Пасля вайны ён здзейсніў мару дзяцінства, атрымаўшы адукацыю ў Маскоўскім народным універсітэце мастацтваў. Але стаў і заставаўся мастаком са Слуцку, будучы нават удзельнікам усесаюзных ды рэспубліканскіх выставак. Тут ён настаўнічаў у Доме піянераў (дарэчы, дзякуючы яго выкладчыцкай апантанасці Беларусь атрымала шэраг выдатных мастакоў, сярод якіх браты Басалыгі, Георгій Скрыпнічэнка, Уладзімір Акулаў ды іншыя). Што казаць: пашчасціла з настаўнікам яго вучням. Мала таго, што Садзін сам быў выдатным графікам, сябрам Саюза мастакоў Беларусі, дык яшчэ і выхоўваў вучняў праз знаёмства з сусветнымі тэндэнцыямі. Бо яго вандроўкі адкрывалі шлях да сусветнага мастацтва — музеяў, каталогаў, выставачных залаў. Ён мог захапіць — і яго адчуванням давяралі. У тым ліку і гледачы, жыхары Слуцка, якім ён адкрываў далёкія землі падчас выставак. 

Зямная вандроўка Уладзіміра Садзіна скончылася ў 2010 годзе, але памяць пра яго жыве не толькі ў Слуцку, ганаровым грамадзянінам якога творца з’яўляўся. Ён ствараў работы, якія цікавыя звычайным гледачам, дзе б яны не жылі, і які б час ні быў на двары — бо ў кожным творы акрамя краявідаў і аб’ектаў ёсць іх персанальнае адчуванне, аўтарскі погляд, што чапляе. Незрарма многія работы Садзіна знаходзяцца ў прыватных калекцыях і ў музеях не толькі Беларусі, але Расіі, ЗША, Казахстана, Японіі, Германіі і іншых краін. Лета — найлепшы час для падобнай выстаўкі. Звычайна ў гэты час нас цягне ў падарожжы. Вось і выдатны варыянт пабачыць розныя мясціны адначасова, асабліва калі шмат якія краіны яшчэ не адкрыліся для шырокага турызму. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.