Вы тут

Пячаткай часу засведчана


Міхась Машара... Упершыню гэтае імя я адкрыў са старонак Маладзечанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг». Існавала калісьці такая вобласць, а мой Івянецкі раён, якога таксама ўжо не існуе, уваходзіў у яе склад. Быў я вучнем Дзераўнянскай сярэдняй школы. Чытаў газету ўважліва, бо дасылаў часам свае селькараўскія заметкі. А Машара друкаваўся даволі часта. Гэта сёння Маладзечна для мяне надта знаёмы, можна сказаць, свой горад, а тады нават не ўяўляў яго аблічча. І вось верш пра яго, радкі якога адразу запалі ў памяць: 


Разросся ён ажно да Галіна. 

Вартуюць браму там ільвы. 

Вайной скалечаны, паранены, 

Паўстаў з руін і зноў жывы. 

Няшмат паэтычных імён ведалі мы, школьнікі таго часу. Ведалі хіба тых, каго вывучалі ў школе. Ды іх і не так багата было пасля вайны. Пра што сведчыла і анталогія «Беларуская савецкая паэзія», выдадзеная ў 1949-м да 30-годдзя БССР. Паколькі мая цётка Ванда загадвала сельскай бібліятэкай, гэтая кніга трапіла ў мае рукі. У ёй знайшоў і ўжо знаёмага мне паэта. Мужна гучалі радкі пра яго змагарнае юнацтва ў былой Заходняй Беларусі. У вершы «Званар» яны сапраўды падобны да рэха звону: 

Звані, званар, 

Звані трывогу! 

У самы большы звон удар! 

Звані на бой, на перамогу, 

На радасць новую, званар! 

Вядома ж, тады я і падумаць не мог, што аднойчы пазнаёмлюся і нават пасябрую з Міхасём Антонавічам. Быў пачатак 1967 года. Адслужыўшы ў войску, я вярнуўся на трэці курс філфака БДУ, адкуль мяне прызывалі на службу. Маімі аднакурснікамі былі зусім незнаёмыя, маладзейшыя за мяне хлопцы і дзяўчаты. Як быццам нейкім чужаком адчуў сябе. Адразу пачаў падумваць пра перавод на завочнае навучанне. 

Неяк зайшоў у Саюз пісьменнікаў Беларусі, у той яшчэ стары будынак па вуліцы Энгельса. А там твар у твар сутыкнуўся з Аляксеем Русецкім, якога ведаў па колішнім семінары маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Аляксей Сцяпанавіч (а працаваў ён літкансультантам) прапанаваў мне двухтыднёвую бясплатную пуцёўку ў Дом творчасці, у Каралішчавічы. Там, прагульваючыся па добра ўсыпаных снегам лясных сцяжынах, я і пазнаёміўся з Машарам. Ён неўзабаве запрасіў мяне ў свой пакой на другім паверсе. На стале, дзе ляжалі кнігі і дабраваты стосік яшчэ не спісанай паперы, з’явілася і пляшка, шклянкі ды нейкая сціплая закусь, прынесеная нядаўна са сталоўкі. 

Міхась Антонавіч расчуліўся, калі я працытаваў па памяці радкі з таго самага маладзечанскага верша, і тут жа прызнаўся, што лічыць іх прахаднымі, а самае галоўнае для яго тое, што напісалася зусім нядаўна. Ён працаваў над трылогіяй пра жыццё працоўных былой Заходняй Беларусі. Было тое жыццё цалкам змагарным. Пра гэта можна меркаваць па рамане Піліпа Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах», вершах Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Міхася Васілька ды многіх іншых паэтаў. У Машары былі свае старонкі тых гераічных падзей. Ужо выйшла з друку першая частка трылогіі «Крэсы змагаюцца», цяпер аўтар дапісваў другую — «Сонца за кратамі». Жыў тым, пра што пісаў, і нашы размовы часцей за ўсё тычыліся тых далёкіх падзей, удзельнікам якіх ён з’яўляўся. 

За пісьмовым сталом кола прысутных часта пашыралася. З’яўляліся тут і каларытныя Рыгор Кобец, Анатоль Вялюгін... Мне, маладзейшаму, заставалася толькі сядзець, уважліва слухаць, не матаючы ні на які там вус. Матаць на вус, на тую самую магнітную стужку, я пачну пазней, калі праз год возьмуць на працу на Рэспубліканскае радыё. Тады і запрашу Міхася Антонавіча запісацца са сваімі новымі вершамі, бо і нагода была — надыходзіла яго 70-годдзе. А голас раптам прапаў. Не прачытаў, а прасіпеў на стужку цэлую падборку. У эфір давялося даваць вершы ў выкананні акцёра. 

Але вернемся ў Каралішчавічы. У цеснай вясёлай сябрыне выказацца жадаецца кожнаму. Але не кожны можа разгаварыць чалавека так, каб ён падзяліўся з табой самым важным са свайго перажытага. На гэта здатны быў Анатоль Вялюгін. Хітравата цмокаючы цыгаркай, ён і дае кірунак усёй размове. Сам Міхась Машара, паўнаваты, але для сваіх гадоў рухавы чалавек, круглы твар якога распагоджвае нейкая па-жаночаму мяккая ўсмешка, у размове загараецца як свечка, калі выцягвае з памяці штосьці гарачае. Часта згадваецца вёска Таболы, рака Дзісёнка. Там, на Шаркаўшчыне, прайшла яго маладосць. 

А нарадзіўся на хутары Падсосна, які належаў абшарніку Кавалеўскаму. Паэт добра памятаў пераезд з хутара ў вёску. У 1914 годзе скончыў Шкунцікаўскую школу, уладкаваўся пісарчуком у канцылярыі Ігуменскай воласці. Потым вучыўся ў вышэйшай пачатковай, а пасля рэвалюцыі — у адзінай працоўнай школе 2-й ступені ў Глыбокім. Летнія вакацыі 1918 года правёў, працуючы справаводам Германавіцкага валвыканкама. 

Восенню тутэйшую мясцовасць захапілі палякі. Савецкіх служачых адпраўлялі ў астрогі. Дайшла чарга і да Міхася. Яго арыштавалі, але тут жа выпусцілі пад нагляд паліцыі як малалетка. Свядомым барацьбітом яму дапамог стаць Сямён Іванавіч Серада, стары бальшавік, удзельнік рэвалюцыі 1905 года. З далечыні часу на ўсё даўняе глядзім мы часам спрошчана ды павярхоўна. А яно ж было, і ўсё засведчана пячаткай часу: і яго ўдзел у арганізацыі гурткоў Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў родных мясцінах, і рэдагаванне ў Вільні прагрэсіўнай газеты «Наша воля» (1927). У 1928 годзе трапіць за краты. Вершы разам з аўтарам будуць гартавацца ў славутай віленскай турме «Лукішкі», дзе затрымаецца больш як на чатыры гады. 

Гэта быў якраз самы пачатак яго творчасці, хоць пісаць пачынаў яшчэ вучнем. Вершы, напісаныя ў турме, сябры дапамаглі пераправіць на волю, і ў 1928 годзе яны былі выдадзены невялікай кніжыцай пад назвай «Малюнкі». Потым з’явіліся кнігі «На сонечны бераг!» і «Напрадвесні». Слова паэта пакідала турэмныя муры і пераўвасаблялася ў зброю на барыкадах. А сэрца прагнула іншай песні: 

Як глянеш так на сцежкі за сабою, 

як сумна даль тых пройдзеных дарог, 

ні светлых дзён, ні ласкі, ні спакою; 

бурлівы вір змагання і трывог. 

 

Пасля астрогу трывала асталяваўся ў Таболах. Ажаніўся і пачаў жыць, хоць і нялёгкім, але блізкім яму жыццём. «Чаго я толькі не рабіў за гэты час, — прызнаваўся потым, — быў лесарубам, кожную вясну працаваў на румах і ганяў плыты, капаў канавы, трапаў лён купцам, махаў ад усходу да захаду сонца касой на панскіх сенажацях і палетках, пільнаваў кулацкі сад і рамантаваў дарогі. І пісаў вершы, паэмы, п’есы». 

У Каралішчавічах я ўпершыню пачуў ад яго пра мастака Язэпа Драздовіча. У рамане «Сонца за кратамі» яму адведзена некалькі раздзелаў. Шчырае, але нейкае крыху дзіўнае сяброўства атрымалася ў паэта і мастака, калі меркаваць па дзённіках Драздовіча. Можа, таму што першы любіў аседласць, а другі размяняў свой лёс на жыццё вандроўнае; даймалі яны ўвесь час адзін аднаго жартамі, прыдумкай самых розных прыгод, адначасова і цягнучыся адзін да аднаго. Узяўшы сабе псеўданім Язэп Нарцызаў, Машару мастак празваў Міхасём Звінячым. Ці не ад таго верша «Звон». А, можа, таму, што ў зборніку «З-пад стрэх саламяных» адзін з васьмі раздзелаў называўся «Звінячае». У паэтаў бываюць самыя іх любімыя словы. Мабыць жа, і ведаў Язэп Драздовіч, што гарнулася сэрца паэта разам з думамі зусім да іншага звону: 

Ў кашулі белай палатнянай 

З сяўнёй я выйшаў на раллю. 

І над ажыўшымі палямі 

Аўсяным золатам звіню. 

Крытыка тагачасная вельмі прыязна ставілася да Міхася Машары. Вось, да прыкладу, водгук крытыка А. Сакалінскага: «Піша ён вершы не для забаўкі, і не для таго, каб з гора выплакацца, і не для таго, каб праклінаць бяздолле сваё асабістае і народнае, і не для таго, каб любавацца красой, а перадусім для таго, каб выявіць прад народам сваю няўхільную веру ў лепшае заўтра Беларусі». У перадваенны час Міхась Машара — адзін з самых папулярных паэтаў у Заходняй Беларусі. 

А потым быў памятны верасень 19З9 года. «Была восень, але ў грудзях цвіла вясна», — пісаў паэт. І на ўсё жыццё засталіся ў яго памяці вечары і сустрэчы ў Беластоку, дзе ён быў абраны дэпутатам Народнага сходу. У блакноце Міхася Антонавіча Янка Купала пакіне запіс: «Дзень добры, таварыш Машара. На вызваленых землях Заходняй Беларусі! Жывіце радасна і шчасліва, як мы, старэйшыя, жывём. Я. Купала, Беласток. 29/Х-39г.». Але пройдзе зусім няшмат часу, і векапомныя і радасныя падзеі ўз’яднання азмрочацца вайной. З народным песняром Міхась Машара сустрэнецца ўжо ў Казані. У гасцініцы «Татарстан» ім давядзецца начаваць у адным нумары. Працуючы ў франтавым друку, а потым і ўзначальваючы рэдакцыю літаратурна-драматычнага вяшчання радыё, Міхась Антонавіч думкамі заўсёды быў у сваёй «азёрнай краіне», сярод тых, хто змагаўся і на франтах, і ў тыле ворага, набліжаючы нашу перамогу. Мужна, але і пранікнёна гучаць яго радкі таго часу: 

На ўсіх узгорках між азёраў 

наш гнеў засадаю залёг, 

І помста ходзіць у дазоры 

на скрыжаванні ўсіх дарог. 

 

Калі ж над крыллем навальніцы 

азёры гнеўна закіпяць, 

тады не спіцца чужаніцам, 

асінай здраднікі дрыжаць. 

Гэта з таго самага верша «Мая азёрная краіна», які даў назву самай яго знакавай паэтычнай кнізе. Як прызнаваўся сам, у жыцці заўсёды пачуваўся «чалавекам вясковых прастораў і цішыні палёў». І на літаратурнай ніве, як і на ніве хлебнай, быў ён працаўніком нястомным. І літаратурную спадчыну пасля сябе пакінуў таксама немалую. Дзясяткі кніг прозы, паэзіі, творы драматургіі, кнігі для дзяцей... Думаю, мог бы значна багацейшым быць паэтычны засевак. Аднак у апошнія гады амаль цалкам пераключыўся на прозу. Здагадваюся, што перавагу ў гэтым творчым выбары дыктавала само багацце жыццёвага матэрыялу, назапашанага ў гады маладыя. Што тычыцца паэтычнага слова Машары, дык яно не пазбаўлена роздуму, ціхае ды шчырае, часам усхваляванае. У гады пазнейшыя крыху іншае, чым у малалосці, больш разважлівае ды роздумнае. Як і гэтыя радкі пра расстанне: 

Расстанне рознае бывае — 

На дзень, на год і назаўсёды. 

Лісток да дрэва не вяртае, 

Сарваны лютай непагодай. 

 

Расстанне цяжкае, паверце, 

З дзіцямі, з маці і з любімай. 

Але страшней усякай смерці 

Расстанне вечнае з радзімай. 

Яшчэ раз пераконваюся: нішто не знікае ні ў табе, ні ў часе, калі яно засведчана пячаткай самога часу. У нашым выпадку так яно і ёсць. 

Казімір КАМЕЙША 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».