Вы тут

Крэмніевая вада ад алергіі і ў якасці апрацоўкі насення перад пасевамі


Мы з сям’ёй жывём у Мінску ў Фрунзенскім раёне. Не сказаў бы, што ваду з-пад крана нам піць нельга, але ўсё ж такі, без мінімальнай апрацоўкі (хоць бы адстойванне) прымаць яе ў ежу мы асцерагаемся. Дык вось, для здаровага харчавання сваёй сям’і мы карыстаемся не толькі здымнымі фільтрамі, але і актывуем ваду крэмніем. Звычка класці цёмныя каменьчыкі ў вядро з вадой была яшчэ ў маёй бабулі. А днямі я пачуў, што мая блізкая сваячка па матчынай лініі не проста так выконвала старажытны рытуал, а і напраўду ведала таемныя сакрэты вады…


У чым яе сакрэт?

Справа ў тым, што настоеная на кавалках крэменю вада робіцца біялагічна актыўнай, з нейтральнай рэакцыяй, падобнай да плазмы крыві і міжклеткавай вадкасці. Крэмневая вада мае смак і свежасць крынічнай вады з крэмніевых парод, чысціню і структуру адталай вады і бактэрыцыдныя ўласцівасці вады «срэбнай».

Паводле інфармацыі навукоўцаў, чорны крэмній крэйдавых парод уяўляе найбольшую цікавасць для лекавых мэтаў. З чорнага крэмнію перадаюцца ў ваду гамеапатычныя дозы злучэнняў двухвокісу крэмнію з вадой, пры гэтым узнікаюць умовы, неабходныя для аднаўлення сістэмы жыццезабеспячэння. Арганічныя рэшткі ў крэмені могуць паскараць акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі ў водных растворах нашага цела. Водныя растворы, якія ўзнікаюць вакол крэмнію, дабратворна ўплываюць на арганізм. Цуда-каменьчык бывае цёмна-шэрага колеру (такі крэмній змяшчае ў сабе магній) і чырванаватага (там прысутнічае жалеза).

Жывая вада абараняе?

Самыя масавыя заляжы чорнага і шэрага крэмнію існуюць у Беларусі ў раёне Навагрудскага і Мінскага ўзвышша і ў крэйдавых кар’ерах Брэстчыны. Даследаванні узораў цёмна-шэрага крэмнію з кар’ераў Руба, Гралева, Бярозы, Кабакі і іншыя, акрамя галоўнага элемента — крэмнію, паказалі наяўнасць калію, кальцыю, алюмінію, тытану, медзі і цынку. Больш маладыя па ўзросце заляжы крэмнію Брэстчыны ўтрымліваюць больш кальцыю і менш жалеза.

Калі ўзяць любы гістарычны перыяд, то мы не знойдзем у Беларусі эпідэмій воспы, чумы, халеры, тыфу, інфекцыйнага гепатыту, якія касілі людзей у суседніх рэгіёнах і краінах. Спецыялісты лічаць, што ў тыя часы нам дапамагала актываваная крэмніем вада, якую нашы продкі бралі ў глыбокіх калодзежах.

Яна дапаможа, але дакладна не нашкодзіць

Крэмніевая лячэбная вада ў хатніх умовах робіцца наступным чынам: некалькі каменьчыкаў (чорнага ці цёмнага колеру) пакласці ў трохлітровы слоік з адстаялай сырой або халоднай гатаванай вадой на адны суткі (да сямі дзён).

Ужо праз двое-трое сутак актываванай крэмніем вадой можна мыцца і проста спаталяць смагу. З дапамогай крэмніевай вады аднавіла імунную сістэму адна мая знаёмая. Больш за 20 гадоў таму яна пераехала жыць у сталіцу, у Заводскі раён, дзе вада была не лепшай якасці. Ад той штучнай вады «зарабіла» жанчына алергію. Ніякія лекі не дапамагалі, а крэмніевая вада выратавала.

Лекар старажытнасці Парацэльс з дапамогай крэмнію лячыў апёкі і глыбокія раны, захворванні нырак і мачавога пузыра, затрымкі мачаадлучэння і нават нервовыя расстройствы.

Для кветак і агуркоў

Сёння ў Беларусі даволі шмат людзей усё ведаюць пра гэтыя цуда-камяні і актыўна выкарыстоўваюць іх для сваіх патрэб. Асобныя дачнікі паліваюць такой вадой расаду памідораў, якая пры гэтым лепш расце і не хварэе «чорнай ножкай». Лічыцца, што карысна апрацоўваць крамянёвай вадой насенне перад пасевам. Вынікі ўражваюць: з’яўляюцца амаль 100-працэнтныя ўсходы, да якіх не чапляюцца грыбковыя захворванні. Паспяхова выкарыстоўваецца крэмній і пры кансерваванні. Мае бацькі ў Ляхавічах (раённы цэнтр у Брэсцкай вобласці), а таксама і я, кладзём кавалачкі крэмнію ў бочачкі пры засолцы агуркоў, каб апошнія не перакісалі. Дома, калі я прыношу жывыя кветкі, то жонка ў збаночак з вадой абавязкова кладзе невялікі кавалачак крэмнію. Тады кветкі стаяць свежымі некалькі тыдняў. Неверагодна, але факт — камень і кветкам дапамагае.

Сяргей КУРКАЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.