Вы тут

У НАН сустрэлі ўдзельнікаў Беларускай антарктычнай экспедыцыі


Яна аказалася самай працяглай і доўжылася 184 дні. На думку старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра ГУСАКОВА, знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе і іх работу ў экстрэмальных кліматычных умовах можна параўнаць з палётам у космас.


«Нашы калегі шэсць месяцаў знаходзіліся на лядовым кантыненце, працягвалі нарошчванне Беларускай антарктычнай станцыі і выконвалі навуковыя даследаванні па дзяржаўнай праграме. Праведзены дзясяткі даследаванняў і эксперыментаў, выкананы тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў кантынента. І вось чарговая экспедыцыя завершана, усе яе ўдзельнікі, здаровыя, вярнуліся на радзіму. Мяркую, Беларуская антарктычная станцыя становіцца ўжо паўнацэнным філіялам Нацыянальнай акадэміі навук на Паўднёвым полюсе Зямлі», — падкрэсліў у сваім прывітальным слове Уладзімір Гусакоў.

Дарэчы, урачыстыя провады і сустрэча беларускіх палярнікаў у сценах Нацыянальнай акадэміі навук даўно сталі добрай традыцыяй. У камандзе 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі працавалі як вопытныя спецыялісты, якія ўжо пабывалі ў Антарктыдзе (восем чалавек), так і трое навічкоў: Аляксей Гайдашоў — начальнік экспедыцыі, Аляксей Хаткевіч — начальнік сезоннай палявой базы, Уладзімір Несцяровіч — спецыяліст, механік; Ягор Корзун — біёлаг-эколаг; Сяргей Люты — вядучы спецыяліст, загадчык вытворчасцю харчавання, Ігар Аляксееў — навуковы супрацоўнік (фізіка атмасферы), Сяргей Пунінскі — урач-хірург; Аляксандр Абатурын — электрык, спецыяліст па сродках УКХ і КВ-сувязі, Юрый Падшывалаў — навуковы супрацоўнік, метэаролаг; Мікалай Зінькевіч — праграміст і Артур Івашка — інжынер. 

Кіраўнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў лічыць, што з навуковага пункту гледжання сезон 2021-2022 гадоў выдаўся надзвычай плённым і эфектыўным. Сярод напрамкаў навуковых даследаванняў — комплексны наземны спадарожнікавы маніторынг атмасферы і падсцілаючай паверхні ў Антарктыдзе, гідрахімічныя, біялагічныя, экалагічныя даследаванні марскіх і прэснаводных экасістэм, маніторынг азонавага слою і ўльтрафіялетавай радыяцыі ў Антарктыцы, даследаванні змяненняў прыроднага асяроддзя і клімату, метэаралагічныя назіранні. Праводзіліся эксперыментальныя выпрабаванні прадуктаў харчавання, медыцынскія і псіхалагічныя даследаванні.

Таксама былі рэалізаваныя два міжнародныя праекты. Адзін з іх — беларуска-нямецкі праект «Нестабільнасць ледніковага шчыта Усходняй Антарктыкі». Даследчыкі працавалі ў галіне палеагеаграфіі і дакладнай геадэзічнай прывязкі леднікоў, якія знаходзяцца ў раёне базіравання Беларускай антарктычнай станцыі.

Мэтай жа беларуска-турэцкага праекта было вывучэнне магчымай міграцыі мікрапластыку ў прыроднае асяроддзе Антарктыкі. Аляксей Гайдашоў канстатаваў, што на жаль, негатыўныя наступствы дзейнасці чалавека дакаціліся ўжо і да ледзянога кантынента.

— Я хачу падкрэсліць, што дух таварыства, навуковага супрацоўніцтва і ўзаемадапамогі ў Антарктыцы захоўваецца, нягледзячы ні на якія палітычныя перыпетыі, — адзначыў Аляксей Гайдашоў. — Ён быў і ў савецкія часы, у разгар халоднай вайны, мы выдатна супрацоўнічалі па навуковых напрамках з усімі краінамі. Так адбываецца і зараз...

Аляксей Гайдашоў з задавальненнем адзначыў, што цікавасць да ўдзелу ў антарктычных даследаваннях расце з боку самых розных арганізацый. Так, у складзе апошняй экспедыцыі шчыравалі навуковыя супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы (БДУ). Акрамя асноўных навуковых даследаванняў па васьмі напрамках у рамках новай дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі, яны выконвалі яшчэ і шэсць факультатыўных . Інтарэс праявілі Інстытут фізіялогіі НАН , РНПЦ па харчаванні, Інстытут мікрабіялогіі, Інстытут мяса-малочнай прамысловасці, Інстытут механікі маталапалімерных сістэм.

Адлік навейшай гісторыі палярных даследаванняў у гісторыі суверэннай Беларусі вядзецца з 2006 года. У 2013 годзе ўрад, Нацыянальная акадэмія навук і Мінпрыроды па ўзгадненні з Мінфінам зацвердзілі план будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі. Два гады распрацоўвалася дакументацыя, вяліся падрыхтоўчыя работы. І ў 2015–2016 гадах пачалося ўзвядзенне першай яе чаргі. Створаная інфраструктура каля гары Вячэрняя дазваляе цяпер планаваць у найбліжэйшыя гады пашырэнне навуковай дзейнасці і пераход Беларускай антарктычнай станцыі ў рэжым круглагадовай работы, у тым ліку з прыцягненнем замежных навукоўцаў.

У гэтым сезоне ўведзены некалькі новых аб’ектаў: арганізаваны сучасныя гаражныя боксы з поўным наборам абсталявання для рамонту снегаходнай, усюдыходнай тэхнікі, а таксама радыёпразрыстае сховішча для антэны спадарожнікавай сувязі, якое дае магчымасць пасля завяршэння сезона не дэмантаваць антэну кожны раз. Запушчана сістэма раздачы сігналу Wi-Fi на ўсёй тэрыторыі станцыі. Вельмі значнай падзеяй стаў мантаж і ўвод у эксплуатацыю аўтаматычнай метэастанцыі. Упершыню ў гісторыі беларускіх антарктычных даследаванняў у месцы базіравання экспедыцыі аўтаматычная метэастанцыя па каналах спадарожнікавай сувязі чатыры разы на суткі перадае актуальную інфармацыю круглы год. «Такіх станцый у Антарктыцы не больш за дзясятак, адна з іх цяпер наша, — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў. — Яна закрывае вялізную белую пляму там, дзе не размешчана аналагічных станцый. Акрамя таго, зараз мы зможам не фрагментарна, а круглы год атрымліваць кліматычную і метэаралагічную інфармацыю. Так што для нас гэта асаблівая падзея».

Каб сустрэцца з удзельнікамі 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі ў Акадэміі навук сабраліся ўдзельнікі экспедыцый розных гадоў, супрацоўнікі арганізацый аддзяленняў біялагічных навук, фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, хіміі і навук аб Зямлі НАН, якія ўдзельнічаюць у антарктычнай тэматыцы, кіраўнікі навуковых арганізацый.

На выставе «Беларусь у Антарктыцы» можна было ўбачыць унікальныя гістарычныя фотаматэрыялы аб удзеле беларускіх палярнікаў у складзе Савецкіх і Беларускіх антарктычных экспедыцый, фатаграфіі і макет Беларускай антарктычнай станцыі «Гара Вячэрняя». Тэматычная экспазіцыя была прадстаўлена экспанатамі і ілюстрацыйнымі матэрыяламі па напрамках навуковых даследаванняў, якія праводзяцца ў Антарктыцы беларускімі вучонымі, навуковым абсталяваннем, якое выкарыстоўваецца ў Антарктыцы. Удзельнікам сустрэчы прадэманстравалі фільм-справаздачу, які знялі самі ўдзельнікі 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Іванец назваў умовы дасягнення заробку педагогаў у памеры 135-140% ад сярэдняга па краіне

Іванец назваў умовы дасягнення заробку педагогаў у памеры 135-140% ад сярэдняга па краіне

На пленуме прафсаюза работнікаў адукацыі абмеркавалі надзённыя праблемы.