Вы тут

Лецішча: купіць або арандаваць на сезон? У Беларусі набірае папулярнасць арэнда


У маім дачным чаце за апошні час з'явілася тры аб'явы аб тым, што людзі хочуць зняць лецішча на сезон, і адна аб тым, што хочуць купіць, можна ў дрэнным стане. З гэтай прыватнай статыстыкі зразумела, што набірае папулярнасць арэнда.


Цікавасць да змены месцаў

«Шмат гадоў нам здавалася, што лецішча не патрэбна: бацькі родам з вёскі і заўсёды разам з намі маглі прыехаць да сваіх продкаў. Аднак старыя паміраюць, а іх дзеці-ўнукі, якія стала жылі ў вёсцы, гасцям з горада ўжо не рады. Сваякі таты ў такой сітуацыі выплацілі яму кампенсацыю, а вось матуліны паводзілі сябе вельмі агрэсіўна: маўляў, забудзься пра сваю долю спадчыны. Яна і забылася, — распавядае 37-гадовы Сяргей. — У 2020 годзе з-за каранавіруса прыйшлося адпачываць дома. Вырашылі арандаваць лецішча.

Знайшлі сціплы, але дыхтоўны дом, праўда, без гарадскіх выгод. Быў толькі летні душ, вулічная прыбіральня, вада на ўчастку. Маму і сыноў гэта задаволіла, а мы з жонкай прыязджалі на выхадныя. Цана за месяц склаў у эквіваленце 150 долараў плюс аплата вады і электрычнасці. Гаспадар, прыкладна мой аднагодак, дазволіў карыстацца садам, займаць градкі. Траву мы касілі самі трымерам гаспадара. Лецішча поўнасцю гатовае для жыцця: ад посуду і пасцельнай бялізны да сучаснай бытавой тэхнікі. І ўсяго толькі за 20 кіламетраў ад Мінска, таму мы засталіся задаволеныя.

Летась да нас далучылася цешча. Вырашылі, што дом патрэбны большы і з санвузлом. Гэта ўжо каштавала 350 долараў у эквіваленце плюс электрычнасць. Зноў жа сад-агарод у выглядзе бонусу.

З гаспадарамі сустракаліся, калі заключалі дагаворы, яшчэ ў дзень засялення і высялення. Грошы штомесяц пераводзіў на карты.

Сёлета знайшлі домік, размешчаны ў вёсцы. Бабулі пераехалі ў маі, хацелі невялікі агародзік зладзіць. Мы прыязджалі на выхадныя — гэта супер: шмат месца, суседзяў не бачыш і не чуеш у адрозненне ад лецішча.

Пасля другога года арэнды (а там быў дом на 100 метраў) жанчыны сказалі: трэба шукаць меншую плошчу, каб менш марнаваць часу і сіл.

Кажуць, што ў беларусаў ёсць імкненне да прыватнай уласнасці: няхай маленькае, але сваё. У сям'і Сяргея пакуль што ўсе, у тым ліку бабулі, якім 60+, галасуюць за арэнду лецішча. Цікава мяняць месцы, знаёміцца з новымі людзьмі. Дарэчы, з гаспадарамі двух мінулых лецішчаў Сяргей падтрымлівае зносіны.

І яшчэ адзін аргумент за арэнду. У першае дачнае лета, міжволі назіраючы, як за суседнім плотам брат з сястрой, якія атрымалі ў роўных долях спадчыну, высвятлялі адносіны, Сяргей сур'ёзна задумаўся: а ці трэба абцяжарваць сябе лішняй нерухомасцю? «Там сястра буяніла: маўляў, аддай тэрмінова палову грошай за лецішча, прычым кошт яна сама прыдумала, — успамінае Сяргей. — Але больш за ўсё мяне ўразіў яе муж, які хацеў завалодаць газонакасілкай гаспадара. Той яму чэк паказаў, што купіў яе пасля смерці маці. Дык не, гарлапаніць: «Усё, што знаходзіцца на лецішчы, напалову». І вось я думаю, а як сябе павядуць мае сыны ў аналагічным становішчы, а якія ў іх будуць жонкі? Меншая спадчына — лепшыя адносіны родных».

Па прыкідках мужчыны, арэнда больш выгадная, чым купля гатовага лецішча або будоўля з нуля. Арандуеш толькі тады, калі гэта трэба, а нерухомасць ва ўласнасці — гэта пастаянныя выдаткі і клопаты.

Але не ва ўсіх такі пазітыўны досвед. Сям'я 40-гадовай Ірыны таксама два гады арандавала лецішчы. Жанчына кажа, што вельмі не шанцавала з гаспадарамі: то яны без папярэджання прыязджалі зняць ураджай ягад, то былі незадаволеныя, што «ў вас дзеці шумныя», то не там павесілі сушыць бялізну. «А колькі даводзілася хлусіць суседзям, маўляў, мы — сваякі, бо заключаць афіцыйны дагавор гаспадары не хацелі», — успамінае Ірына. Сёлета сям'я прыцэньваецца, каб купіць уласнае лецішча.

Што ўплывае на кошт арэнды

Адзін з галоўных крытэрыяў — аддаленасць ад горада: чым бліжэй, тым даражэй. Для адных важна наяўнасць грамадскага транспарту, для іншых — добрыя дарогі, каб не псаваўся аўтамабіль. Уплываюць на кошт арэнды прыродныя выгоды: ці ёсць побач лес, вадаём. Метраж і дагледжанасць дома, наяўнасць санвузла ў ім, пляцоўка для шашлыкоў, лазня, дзіцячая пляцоўка, ландшафтны дызайн ці агарод — усё гэта ўлічваецца пры фарміраванні кошту.

Вывучыўшы аб'явы на спецыялізаваных сайтах, адзначым, што цэны стартуюць ад 250 рублёў. За 350—450 долараў у эквіваленце можна зняць лецішча з выгодамі. Гэта сярэдні кошт, а далей — цэннік вышэйшы, зручнасцяў больш.

Бываюць і ўнікальныя выпадкі, калі здаюць лецішча бясплатна пры ўмове, што арандатар будзе займацца агародам, яшчэ нейкім уладкаваннем учаска ці дома.

Калега маёй сяброўкі ў мінулым годзе шукаў маме кампаньёнку для жыцця на лецішчы. Эксперымент аказаўся ўдалы. Па-першае, пажылыя дамы пасябравалі, па-другое, паветра, садавіна, натуральныя прадукты з найбліжэйшай вёскі і зносіны пазітыўна адбіліся на фізічным і псіхалагічным стане абедзвюх жанчын. У гэтым годзе яны ўжо зноў перабраліся на лецішча.

Здаць «оптам»

Сёння можна казаць, што ўжо сфарміраваўся рынак кватэр, якія куплялі менавіта з мэтай інвестыцый, гэта значыць, каб здаваць у арэнду. Аб лецішчах пакуль такога не скажаш. Выключэнне — некаторая частка дарагой загараднай нерухомасці і курортныя месцы.

Часцей за ўсё гаспадары аддаюць перавагу аднаму арандатару на ўвесь сезон. І гэта нездарма. Справа ў тым, што трэба заключыць дамову з арандатарам да моманту фактычнага засялення і аплаціць падатак. Таму, каб пазбегнуць штомесячных паходаў у падатковую інспекцыю, людзі хочуць здаць лецішча «оптам».

Але некаторых задавальняе і варыянт, калі арандатары мяняюцца праз месяц-два, галоўнае, каб лецішча не пуставала.

У курортных месцах, там, дзе ўжо не першае пакаленне здае пакоі адпачывальнікам, арандатары спыняюцца на тыдзень-два. Гэта як водпуск «дзікуном». Не блытаць з аграсядзібамі, у якіх акрамя пражывання і харчавання, дадаюцца ўсякага роду забаўляльныя праграмы.

Уласнае лецішча: купіць або пабудаваць

Патэлефанаваўшы ў некалькі агенцтваў, якія спецыялізуюцца на загараднай нерухомасці, высветлілася, што «ўзрост пакупніка стаў прыкметна маладзейшы».

Раней лецішчы куплялі гадоў за дзесяць да выхаду на пенсію, зараз сярэдні ўзрост пакупніка — 35—40 гадоў. У цяперашніх саракагадовых дзецям ад 5 да 12 гадоў. Як правіла, гэта забяспечаныя людзі, якія жадаюць купіць гатовы да камфортнага пражывання аб'ект нерухомасці. Пачатковая цана такіх лецішчаў — 20—25 тысяч долараў і даходзіць прыкладна да 40—45.

Не сказаць, што разбіраюцца як гарачыя піражкі, але ёсць попыт на старыя лецішчы, цэны на якія стартуюць ад 5 тысяч долараў. Часцей за ўсё гэта плата за ўчастак, а дом будуюць новы. Гэта выбар тых, каго прыцягвае абжытае месца, інфраструктура.

Напрыклад, ёсць садаводчыя таварыствы, у якіх у сезон працуе крама, ёсць тыя, куды прыязджае аўтакрама, а да кагосьці — толькі індывідуальная дастаўка прадуктаў.

За 7—12 тысяч долараў можна купіць лецішча ў прыдатным для жыцця стане.

Яшчэ адзін варыянт стаць дачнікам — купіць зямельны ўчастак з аўкцыёну.

Але купіць і пабудаваць — гэта толькі пачатак гісторыі. У далейшым лецішча трэба даглядаць.

На што варта звярнуць увагу пры набыцці гатовага лецішча? Прырода, стан дома — гэта, вядома, важна. А яшчэ магутнасць падстанцыі, якасць вады... І абавязкова пацікаўцеся, якая атмасфера ў таварыстве, хто вашы найбліжэйшыя суседзі. Як гэта зрабіць? Ды проста. Прайдзіцеся па розных вуліцах і паразмаўляйце з людзьмі. Гэтае ж правіла дзейнічае для тых, хто арандуе лецішчы, каб не сапсаваць адпачынак клопатамі аб дастаўцы вады ці жыццём пад акампанемент будоўлі на суседнім участку.

Карысныя парады арандатарам

1. Перш за ўсё пераканайцеся, што лецішча здае ўласнік або асоба, якая мае даверанасць на распараджэнне гэтай маёмасцю.

2. Агаворвайце ўсе нюансы пражывання. Як і арандадаўцы кватэр, не ўсе гаспадары рады чужым дзецям і жывёлам. Важна: будзеце вы прыязджаць на выхадныя ці жыць там усё лета. Ці можна пасадзіць градкі, карыстацца ўраджаем з фруктовых дрэў, кустоў, хто будзе касіць траву.

3. У дадатку да дагавора складзіце падрабязны пералік маёмасці, пазначце ў якім яна стане, можна і сфатаграфаваць.

4. У дагаворы вызначце парадак аплаты за арэнду, электрычнасць, ваду, ацяпленне, сігналізацыю і інш.

5. У дагаворы трэба адлюстраваць і такі момант, як візіты гаспадароў. Адна справа, калі прыезде раз на месяц па аплату, іншая — калі які-небудзь клапатлівы гаспадар будзе наведваць вас часта і без папярэджання.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».