Вы тут

Лета — найлепшы час кінуць курыць. Але як гэта зрабіць?


З пункту гледжання навуковых падыходаў пачатак лета з'яўляецца найлепшым часам года, каб кінуць курыць. Паводле даных, каля 20 % беларусаў задумваюцца аб адмове ад курэння і гатовы нешта рабіць, астатнія або ў стане нявызначанасці, або ўвогуле не ўсведамляюць такой неабходнасці (каля 40 % курцоў).


— Тытунь — гэта камерцыйны прадукт, ад прымянення якога гіне каля паловы яго пастаянных карыстальнікаў. Пры гэтым, каб кінуць курыць, патрэбны станоўчыя стымулы і матывацыя, а не сорам ці страх і абвінавачванні з боку навакольных, — кажа каардынатар праграм Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па грамадскім здароўі Валянцін Русовіч.

Вядома, што, калі чалавек кідае курыць у маладым і сярэднім узросце, ён амаль адразу зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых хвароб. Таксама змяншаецца рызыка у адносінах да 27 відаў раку да ўзроўню тых, хто зусім не курыць. Акрамя таго, зніжаецца імавернасць захварэць на хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх. Пры гэтым чалавек, які кінуў курыць, нясе карысць навакольнаму асяроддзю.

— Увесь жыццёвы цыкл цыгарэты патрабуе 3,7 літра вады. Сярэдні курыльшчык можа сэканоміць да 74 літраў вады ў дзень, калі кіне курыць. Штогод каля 4,7 трыльёна акуркаў выкідваецца ў навакольнае асяроддзе, выдзяляючы больш за 7 тысяч хімічных рэчываў, 70 з якіх з'яўляюцца вядомымі канцэрагенамі, якія забруджваюць тратуары, паркі, у рэшце рэшт, вадаёмы і атручваюць у тым ліку і марское жыццё, — прыводзіць лічбы Валянцін Русовіч.

Па спыненні распаўсюджанасці курэння ў Беларусі ёсць хоць і марудны, але адчувальны прагрэс. Паводле апошняга даследавання Steps, якое будзе апублікавана ў хуткім часе, распаўсюджанасць курэння сярод мужчын знізілася больш чым на 5 %. Сёння ў Беларусі кураць 42 % мужчын і 11 % жанчын. У лічбах гэта больш за 2 мільёны чалавек.

Пры гэтым курэнне сярод моладзі таксама становіцца менш папулярным. Даследаванне 2021 года па ўжыванні тытуню сярод моладзі сведчыць пра тое, што сярод 13—15-гадовых хлопчыкаў узровень курэння з 2004 года знізіўся амаль у 10 разоў — з 31 % да 4 %. Курэнне сярод дзяўчат за апошнія 18 гадоў таксама кардынальна знізілася — з 21 % да 5 %.

— Разам з тым выклікае занепакоенасць выкарыстанне моладдзю электронных цыгарэт. На пытанне «Ці выкарыстоўвалі вы электронныя цыгарэты за апошнія 30 дзён?» 15 % хлопчыкаў і 14 % дзяўчынак адказалі станоўча. Больш за 40 % падлеткаў 13—15 гадоў, якія ўжываюць тытунь, нягледзячы на ўзрост, маглі свабодна купіць яго ў магазінах і кіёсках, — кажа Валянцін Русовіч.

Пры гэтым суразмоўнік дадае, што электронныя цыгарэты не з'яўляюцца інструментам для спынення курэння, бо яны яго імітуюць. З іншага боку, СААЗ рэкамендуе ўсім краінам зарэгістраваць і забяспечыць доступ для нікацінзамяшчальтанай тэрапіі. Гэта лекавы сродак у выглядзе пластыра, жавальных гумак, спрэяў. Яны дапамагаюць людзям, якія маюць нікацінавую залежнасць і выкурваюць паўпачка цыгарэт у дзень і больш.

Сярод дзейсных мер, якія прымушаюць не пачынаць курыць, а тых, хто курыць, кінуць, — павышэнне акцызаў на тытунь. Цяпер акцыз складае 35 %, а па рэкамендацыях СААЗ ён мусіць быць павялічаны да 70 %. Побач з гэтым прапануюцца іншыя нікацінзамяшчальныя меры —пластыры і жавальныя гумкі. Яшчэ адна важная мера, якая была ўведзена ў Беларусі ў 2019 годзе, — поўная забарона курэння ў закрытых памяшканнях. За 40 гадоў гэта дазваляе знізіць распаўсюджанасць курэння на 11 %. Папераджальныя надпісы на пачках цыгарэт дазваляюць зменшыць колькасць курцоў на 5—7 %.

— Асноўныя прынцыпы спынення курэння даволі простыя: лепш за ўсё кідаць курыць адразу і назаўсёды і выбраць пэўны дзень на працягу найбліжэйшага месяца. Да гэтага два тыдні трэба рыхтавацца. Наступны крок — аб'явіць пра сваё рашэнне калегам на рабоце і дома. Да гэтага часу варта выкінуць усё, што нагадвае пра курэнне: попельніцы, цыгарэты і інш. Акрамя таго, пажадана паспрачацца на даволі вялікую суму, што вы кінеце курыць. Калі чалавек выкурвае больш за паўпачка цыгарэт, то яму, верагодна, давядзецца падрыхтавацца і прымяніць нікацінзамяшчальную тэрапію, — раіць Валянцін Русовіч.

— Мы гатовы працаваць на любым этапе, нават тады, калі вам здаецца, што вы шмат разоў кідалі і нічога не атрымаецца. Гэта комплексны падыход — фармакатэрапія, што значыць лячэнне прэпаратамі, псіхатэрапія і неабходнае кансультаванне і падтрымка, у тым ліку з дапамогай дадаткаў. Усё разам дапамагае цалкам адмовіцца ад курэння і ніколі да яго не вяртацца, — дадае галоўны ўрач Мінскага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія» Аляксей Аляксандраў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.