Вы тут

Экспанаты камунальнага паходжання


Віктар Івулеў у сістэме Бялыніцкай ЖКГ працуе ўжо 34 гады, ведае ўсе тонкасці камунальнай справы. Пачынаў з майстра і дарос да дырэктара прадпрыемства. Пад яго кіраўніцтвам яно неаднаразова займала прызавыя месцы на ўсіх узроўнях, у кабінеце сцяна з дыпломамі і падзякамі. Сёлета Віктар Міхайлавіч быў адзначаны ганаровым званнем «Чалавек года Магілёўшчыны» па выніках работы за мінулы год. Засталося дадаць, што гэты прафесіянал з вялікай літары яшчэ і народны абраннік. У раённым Савеце дэпутатаў ён займае пасаду намесніка старшыні.


Калі размаўляла з ім пра паказчыкі і аб'ёмы, звярнула ўвагу на тое, што акрамя фота і грамат у кабінеце ёсць яшчэ і шафа з незразумелымі прадметамі, якія на першы погляд нагадваюць археалагічныя. Аказалася, гэта тое, што з'яўлялася ў свой час нагодай для скаргаў грамадзян, а для камунальнікаў — ледзь не дэтэктыўнага расследавання прычын непаладак. Бо задачы, якія ім даводзілася вырашаць, з разраду нестандартных.

Суразмоўца паказвае камень-гладыш быццам з марскога ўзбярэжжа і ўспамінае звязаную з ім гісторыю.

— Былі праблемы з ацяпленнем у жылым доме № 4 па вуліцы Калініна. Сталі прамываць сістэму, пачулі, як нешта барабаніць у трубах. Што, зразумець не маглі. Ледзь знайшлі прычыну — вось гэты каменьчык. Як толькі работа кацельнай прыпынялася, ён апускаўся на дно, а калі запускалі сістэму, ён з патокам вады падымаўся наверх і закупорваў клапан. Мяркуючы па ідэальнай форме каменя, праблема існавала не адзін год. За гэты час вунь як ён адшліфаваўся. Як толькі дасталі яго, усё пайшло як па масле.

Віктар Івулеў характэрызуе перыяд, калі ў сістэму ЖКГ перадавалі жыллё, кацельныя, цеплавыя і каналізацыйныя сеткі, як адзін з самых цяжкіх. Праблем было мора. Жылфонд зношаны, а патрабаванні да якасці аказання паслуг сталі больш жорсткія. Рухацца прыходзілася адначасова па ўсіх кірунках. У першую чаргу ўвагу ўдзялялі старым цеплакрыніцам, каб была бесперабойная падача цяпла. Падчас работ на адным з такіх аб'ектаў і быў знойдзены чарговы экспанат — тэнісны шарык, які я спачатку прыняла за невялічкае ядро часоў напалеонаўскай вайны.

— Пры будаўніцтве ён нейкім чынам трапіў у трубу, і батарэі ў доме то грэлі, то не грэлі, — расказвае падрабязнасці дырэктар. — Шарык то адкоціцца кудысьці, то зноў праход «падапрэ». Пакуль не разрэзалі трубу і не прамылі сістэму ацяплення дома, не маглі разабрацца, у чым справа. Ад уздзеяння высокай тэмпературы вады шарык так сціснуўся, што стаў падобны на камень.

Шмат падобных знаходак выяўляецца падчас капітальных рамонтаў і рэканструкцый. А апошніх, дзякуючы дзяржаўнай праграме «Камфортнае жыллё», было нямала. У Бялынічах, напрыклад, за грошы, якія выдзяляліся на мадэрнізацыю, штогод рамантавалі 5-6 дамоў (усяго 179). На працягу 10 гадоў мянялі рулонныя дахі, на працяканні якіх скардзіліся людзі, на больш камфортныя шатровыя. На сёння, дзякуючы дзяржпраграме, каля 75 % жыллёвага фонду адрамантавана. І гэта відаць па архітэктурнай выразнасці райцэнтра. Бялынічы зроблены ў стылістыцы камфортнага ўтульнага сонечнага гарадка. Асаблівасць населенага пункта яшчэ і ў тым, што па яго цэнтральных вуліцах, напэўна, праз кожныя сто метраў на слупах уздоўж дарогі размешчаны герб горада — ікона Бялыніцкай Божай Маці. З ёй звязана шматгадовая гісторыя горада, з яе ён і пачынаўся. Насельніцтва, у тым ліку моладзь, добра ведае гэты факт і вельмі ганарыцца ім.

А колькі зроблена работы, не заўважнай воку! Тыя ж цепласеткі, якія сёння на 90 % заменены на сучасную ПІ-трубу. Разам з цепласеткамі праводзілася мадэрнізацыя кацельных, якія сёння ў раёне на 46 % выкарыстоўваюць мясцовыя віды паліва.

Чарговы прадмет з шафы — нейкая хвалепадобная пласціна, як мне падалося, з пластмасы.

— А вось і памыляецеся, — усміхаецца дырэктар прадпрыемства. — Гэта — спрасаваныя солі калію, магнію, марганцу, жалеза і іншых адкладанняў, якія аселі на паверхні цеплаабменнікаў. Калі вада падаграваецца да вышэй чым 50 градусаў, гэта ўсё крышталізуецца. А вось ККД абсталявання падае. Зараз штогод праводзіцца хімпрамыўка цеплаабменнікаў, і такой праблемы не ўзнікае.

Яскравае пацвярджэнне таго, што хімпрамыўка неабходная, сведчыць металічная труха, якая калісьці была канвектыўнай часткай ацяпляльнага катла.

— З-за адсутнасці хімпрамыўкі ўся паверхня катла, які мы абследавалі, была пакрытая солямі, і метал расплавіўся, — расказвае падрабязнасці суразмоўца. — У момант аварыйнага спынення сістэмы сажа загарэлася. Пакуль тушылі, расплавілася канвектыўная частка, метал пераўтварыўся ў парахню. І захацеў бы зрабіць такое спецыяльна, не атрымалася б. А здарыўся тэхнічны момант, і вось вынік.

Віктар Івулеў спадзяецца, што такія экспанаты яму больш у рукі не трапяць. Для паляпшэння якасці пітной вады ў раёне пабудаваны водазабор Міхайлаў. А вось уцечкі, на жаль, здараюцца. Адзін прадмет з калекцыі — каменьчык з заглыбленнем.

— Неяк на прадпрыемстве «Сельгастэхніка» паскардзіліся, што ў іх недзе трубы цякуць, — успамінае той выпадак Віктар Івулеў. — Перакапалі ўсю тэрыторыю, а знайшлі прычыну ў будынку пад падлогай. Труба згніла і вада капала на гэты каменьчык. З часам утварылася ямка. Мяркуючы па яе памерах, цеча існавала гадоў дзесяць.

Не менш цікавая форма атрымалася з шамотнай цэглы.

— У катле з яе была зроблена адбойная задняя сценка, — удакладняе захавальнік калекцыі. — Ад высокай тэмпературы яна стала як слюда. Нават не верыцца, што калісьці гэта было цэглай.

На палічцы ляжыць разбухлы ад вады чаранок рыдлёўкі. А звязаная з ім гісторыя з разраду «наўмысна не прадумаеш».

— Мы яго знайшлі ў ацяпляльнай сістэме дзіцячага садка аграгарадка Вішоў, калі рабілі яе замену, — расказвае дырэктар. — Дыяметр трубы, дзе знаходзіўся гэты чаранок, 57 міліметраў. З часам ён разбух і амаль цалкам заняў усю гэтую прастору. А даўжыня яго болей чым метр. У выніку з ацяпленнем былі праблемы, але знайсці прычыну дапамог толькі капрамонт.

Акрамя прадметаў, дырэктар прадпрыемства захаваў на памяць некалькі не менш цікавых фота. На адным з іх воданапорная вежа ў ледзяным панцыры.

— Гэта не наш аб'ект, — адразу ж папярэджвае ён. — Знаходзіўся на балансе аднаго з калгасаў. Мы сфатаграфавалі, каб усе бачылі, да чаго прыводзіць безгаспадарчасць. Здымак зроблены прыкладна 10 гадоў таму.

На іншым фота конь па цэнтры горада вязе пакарабачанае аўто на металалом. Дырэктар убачыў гэта фота ў раёнцы і папрасіў падзяліцца. Наступны кадр прывезены з Прыбалтыкі, дзе Івулеў некалі пераймаў вопыт.

— Павезлі нас аднойчы на іхні водаканал і паказалі спілаванае дрэва даўжынёй метраў сем, — дэманструе суразмоўца фота. — Яны яго знайшлі, калі рамантавалі сваю сістэму. Гэта іх стары водаправод. Унутры спецыяльным бурам высвідравана адтуліна. Мяне здзівіла сама тэхніка. Гэта ж трэба было так пастарацца зрабіць адтуліну пасярэдзіне ды яшчэ даўжынёй сем метраў!

Віктар Міхайлавіч жартуе, што, калі пойдзе на пенсію, сумаваць не будзе. Цікавага матэрыялу, які ўжо для сённяшняй моладзі — гісторыя, шмат. Застанецца яго сістэматызаваць і стройна выказаць. А пакуль трэба ствараць сённяшнюю гісторыю. Хочацца, каб горад стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным. Асаблівы гонар бялыніцкіх камунальнікаў — азеляненне. У цяпліцах прадпрыемства вырошчваюцца аксаміткі, сальвіі, тагетысы, калы — болей чым 10 розных найменняў, усё гэта вясной і летам пікіруецца на клумбы. Штогод у горадзе толькі «Жылкамгас» высаджвае каля 40 тысяч кветак. І гэта без уліку арганізацый і прадпрыемстваў, якія самі для сябе вырошчваюць насенне. Акрамя кветак, у горадзе шмат дэкаратыўных кустоў і дрэў. Асноўныя пароды, якія можна сустрэць на вуліцах, — ліпа, дуб, сасна, елка, бяроза. У горадзе наогул шмат сквераў і паркаў. У тым ліку і звязаных з вядомымі прозвішчамі. У цэнтральным парку прадпрыемства ўстанавіла памятны знак, што там знаходзіўся маёнтак Агінскіх. Парк калісьці быў маёмасцю знакамітага сямейства. Старыя дрэвы прыйшлося спілаваць, бо яны сталі аварыйнымі. А замест іх высадзілі ліпы — іх сёння ў парку каля 70 %. Нездарма ён так і называецца — «Ліпавы гай».

Нэлі ЗІГУЛЯ

г. Бялынічы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?