Вы тут

Лічбавая будучыня ў сённяшніх здабытках форуму ТІБА


Перадавы вопыт у ІT-індустрыі, найлепшыя сусветныя практыкі ў лічбавай сферы, перспектывы прымянення найноўшых тэхналагічных трэндаў у эканоміцы і развіццё ўмоў для лічбавых пераўтварэнняў Беларусі — усё гэта могуць пабачыць эксперты і наведвальнікі міжнароднага форуму ТІБА-2022, які праходзіць у Мінску. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць найбуйнейшыя айчынныя і замежныя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, апаратных сродкаў і праграмнага забеспячэння, кампаніі-аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сэрвісаў для масавага і карпаратыўнага сегментаў, якія адзначаюць, што многія здабыткі Беларусі ў лічбавай сферы могуць быць узорам для выкарыстання на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы і краін Еўразійскай садружнасці.


У межах ЕўрАзЭС і Саюзнай дзяржавы

Міжнародны форум — адно з мерапрыемстваў, якое падводзіць пэўную мяжу ІT-развіцця ў краіне не толькі ў сферы эканомікі, але і ў сацыяльным кірунку, мяркуе міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган:

— Гэта паказ ужо распрацаваных праектаў, сустрэчы экспертаў, якія падчас круглых сталоў выпрацоўваюць рашэнні для далейшага развіцця. Аналізуючы гэтыя сустрэчы, мы будзем фарміраваць далейшы план развіцця і рыхтаваць мерапрыемствы, якія перавядуць ідэі ў практыку.

Беларусь сямімільнымі крокамі рухаецца па шляху лічбавай трансфармацыі сваёй эканомікі, з'яўляючыся адным з лідараў на еўразійскай прасторы, адзначыў Варас СІМАНЯН, член калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях Еўразійскай эканамічнай камісіі:

— У краіне актыўна развіваецца нацыянальная інфармацыйная камунікацыйная інфраструктура, усе ўстановы адукацыі і аховы здароўя маюць шырокапалосны доступ да інтэрнэту, што дазваляе рэалізоўваць праекты па ўкараненні тэхналогій электроннай адукацыі і аховы здароўя, вядуцца работы па развіцці тэхналогій электроннага ўрада, створаны нацыянальны сегмент інтэграванай інфармацыйнай сістэмы Еўразійскага эканамічнага саюза, распрацаваны нацыянальны партал адкрытых даных.

Пэўныя тэхналогіі, якія яшчэ не ўкараняліся ў некаторых краінах, у Беларусі ўжо з'яўляюцца інструментамі будаўніцтва інфармацыйнага грамадства, дадаў Нурудзін Мухітдзінаў, генеральны дырэктар выканаўчага камітэта рэгіянальнай садружнасці ў галіне сувязі:

— Гэта, прынамсі, рэалізацыя праграм лічбавай эканомікі ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі. Яшчэ падчас першых выстаў ТІБА іх арганізатары разумелі, што тэлекамунікацыі — інструмент, які павінен існаваць, каб у краіне ўкаранялася лічбавая эканоміка. А яе не можа быць без фінансаў, то-бок банкаўскага сектара. Таму аб'яднанне тэлекамунікацыйных і банкаўскіх структур — залог рэалізацыі мэт устойлівага развіцця 2030. Нездарма гэтае аб'яднанне закладзена ў самой назве форуму ТІБА — тэлекамунікацыя і банкаўскае абсталяванне.

Лічбавую будучыню мадэлююць прафесіяналы і кампетэнцыі, якія яны маюць, таму сёння самае важнае — выпрацоўваць алгарытмы дзеянняў па далейшым развіцці. На сучасным этапе асаблівае значэнне маюць перспектывы лічбавага развіцця Саюзнай дзяржавы, падкрэсліла Мар'яна ШЧОТКІНА, кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску:

— Лічбавая трансфармацыя ўнутраных рынкаў, транспартных калідораў, выкарыстанне лічбавых тэхналогій пры канструяванні разумных гарадоў і рэгіёнаў — важна. Але яшчэ важней — імпартанезалежнасць ІT-галіны.

Імпартазамяшчэнне, выклікі, сумеснае развіццё

Межы міжнароднага форуму пашыраюцца, сёлета да яго ўпершыню далучылася Чувашыя, якая прывезла на выставу свае найлепшыя дасягненні ў ІT-сферы і гатовая актыўна дзяліцца вопытам.

— Чувашыя актыўна ўдзельнічае ў федэральных пілотных праектах па лічбе, уваходзіць у топ-20 рэгіёнаў Расіі па ўзроўні лічбавай спеласці, займае першае месца па лічбавізацыі спорту, — ахарактарызавала дасягненні краіны Крысціна Майніна, міністр лічбавага развіцця, інфармацыйнай палітыкі і масавых камунікацый Чувашскай Рэспублікі.

Алтайскі край ужо мае традыцыйна моцныя сувязі з Беларуссю ў галіне сельскай гаспадаркі і сельгастэхнікі, перапрацоўчай прамысловасці, машынабудаўніцтве. І развіццё гэтых галін немагчыма без укаранення лічбавых тэхналогій, а форум — аснова для такой работы, упэўнены Яўген ЗРУМАЎ, міністр лічбавага развіцця і сувязі Алтайскага краю:

— Праграмныя дакументы, якія служаць асновай развіцця галіны ў Расіі і Беларусі, добра сінхранізаваны і маюць рэперныя кропкі, якія дазволяць сумесна рухацца далей. Гэта развіццё інфармацыйнай інфраструктуры, элементаў лічбавага дзяржаўнага кіравання, уплыў інфармацыйнай бяспекі з упорам на імпартазамяшчэнне.

Сёлетні форум адбываецца ва ўмовах новых выклікаў, таму пытанні інфармацыйнай бяспекі, незалежнасці, міжнароднага супрацоўніцтва праходзяць стадыю пераацэнкі, лічыць Уладзімір Маслаў, дырэктар Дэпартамента лічбавага развіцця Гандлёва-прамысловай палаты Расійскай Федэрацыі:

— Прадпрымальніцкая суполка развівае новыя рашэнні, скіраваныя на рост і развіццё, вынікам якіх стане запуск новых праектаў, а таксама павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі і дабрабыту грамадзян нашых краін. Лічбавізацыя большасці жыццёвых працэсаў — пытанне, неабходнае ў новай рэальнасці, а новыя выклікі сведчаць пра неабходнасць мець і ўкараняць уласныя лічбавыя тэхналогіі для павышэння эфектыўнасці ўсіх галін эканомікі і незалежнасці.

Перагледзець бізнес-працэсы

У межах даручэння ўрада Беларусі — шэраг важных задач, у тым ліку з ухілам на лічбавую трансфармацыю. Прынамсі, летась у снежні створана агенцтва сэрвісізацыі і інжынірынгу, якое дапамагае зніжэнню адміністрацыйнай нагрузкі.

— Каб выканаць гэту задачу, мы хочам перагледзець усе бізнес-працэсы, якія задзейнічаны ў адміністрацыйных працэдурах і скіраваны на дапамогу айчыннаму бізнесу, каб скараціць час, які траціць бізнес на атрыманне канчатковай мэты, — расказаў Арцём Мароз, выканаўчы дырэктар Банка развіцця. — За некалькі месяцаў мы сабралі высокакваліфікаваную каманду спецыялістаў з усёй краіны. Гэта людзі, якія дакладна разбіраюцца ў бізнес-працэсах. Мы шукаем ланцужкі, патрэбныя для дасягнення канчатковых мэт, каб бізнес змог прыйсці ў пэўную кропку, зрабіўшы адзін зварот і атрымаўшы максімальна хуткі вынік.

Пра перавагі лічбавай сферы расказаў і Юрый Петручэня, генеральны дырэктар «Белтэлекам», які нагадаў, што сёлета «Белтэлекам» стаў лаўрэатам прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці.

— Кампанія працягне работу, каб самыя перадавыя сэрвісы працавалі на павышэнне якасці жыцця людзей і стымулявалі ўстойлівы рост усіх галін эканомікі, — паабяцаў ён. — Аснова сёлетняй экспазіцыі кампаніі — праекты разумнага горада, стварэнне і развіццё якога — адзін з кірункаў лічбавай эканомікі. Асноўная ідэя канцэпцыі — павышэнне якасці жыцця, шырокае прымянення інфармацыйных тэхналогій ва ўсіх сферах жыццядзейнасці, для чаго спатрэбіцца комплекс лічбавых рашэнняў. Сярод навінак таксама — мабільны дадатак «Мой універсітэт», уласная інтэрнэт-крама і тэматычная зона тэлевізійнага канала ЯСНАе ТV.

«Белтэлекам» ужо стварыў разгалінаваную інфраструктуру валаконна-аптычных ліній сувязі і інфраструктуру сеткі Wі-Fі. А сёлета кампанія атрымала ліцэнзію аператара сотавай рухомай электрасувязі (сотавыя паслугі, як мяркуюць у Белтэлекам, з'явяцца ў 2023-м). Каб пашыраць спектр сваіх сэрвісаў, кампанія плануе працаваць па мадэлі «віртуальнага аператара». Ужо сёлета мабільныя рашэнні будуць выкарыстаны для аказання канвергентных паслуг сувязі жыхарам невялікіх сельскіх населеных пунктаў і абанентам, якія не маюць доступу да правадной інфраструктуры.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.