Вы тут

У лагеры «Туроспалле» адбыўся другі педагагічны эдутон «Ушацкая хваля»


Ці думалі вы над тым, як можна цікава і запамінальна завяршыць навучальны год? А што калі зрабіць гэта на прыродзе ў кампаніі аднадумцаў, з вогнішчам на беразе ракі, ствараючы пры гэтым карысныя і цікавыя праекты? У апошнія майскія дні на базе аздараўленчага лагера «Туроспалле» на рацэ Дзіва адбыўся ўжо другі педагагічны эдутон «Ушацкая хваля».


Педагагічны эдутон — гэта марафон, прызначаны для стварэння сумесных праектаў для навучэнцаў і іх бацькоў, а таксама для педагогаў.

Натхненне і жаданне вучыцца кіравалі тымі, хто ехаў на эдутон з розных куточкаў нашай радзімы: Мінска, Бабруйска, Маладзечна, Полаччыны, Светлагорска...

Жаданне, імпэт, энтузіязм — важныя фактары, але без дасканалай арганізатарскай падрыхтоўкі не можа абысціся ні адно мерапрыемства. Вялікую ролю ў гэтым адыгралі не толькі гаспадары — Ушацкі раённы аддзел па адукацыі і настаўніцкі клуб «Інсайт» на чале з Вольгай Жыткай. Не менш важнай была і дапамога сяброў: Алены Озеравай, Кацярыны Куксо і Кацярыны Беразняцкай.

Важна адзначыць, што фінансавыя пытанні па арганізацыі мерапрыемства ўдзельнікі і арганізатары вырашылі дастаткова проста: дзеля гэтага быў арганізаваны тыднёвы анлайн- марафон «Педагагічная скарбонка», падчас якога педагогі праводзілі платныя майстар-класы і зараблялі грошы на эдутон, а яшчэ шукалі для яго новых удзельнікаў. Для спікераў гэта было своеасаблівае валанцёрства, а для слухачоў — укладанні ва ўласнае развіццё...

І вось доўгачаканыя выхадныя! Прыезд, цёплая сустрэча, рэгістрацыя і пачатак. Фармат мерапрыемства традыцыйны: ёсць ідэя — выходзь і прэзентуй, няма — далучайся да іншых. У выніку «галасавання нагамі» (гэта «фішка» эдутона) вызначылася пяць каманд, якія шчыравалі над сваімі праектамі. Не абышлося без сюрпрызаў: у гэтым годзе ўдзельнікі выстаўлялі балы праектам, каб выбраць пераможцу, які па ўмовах атрымліваў каштоўны падарунак на першыя крокі рэалізацыі свайго праекта.

Нягледзячы на вопыт і майстэрства ўдзельнікаў, пакінуць настаўнікаў сам-насам са сваімі праектамі арганізатары не маглі, таму была створана ментарская падтрымка. Кожны ментар падзяліўся ўласным праектным досведам, а Кацярына Куксо пазнаёміла яшчэ і з крытэрыямі паспяховага праекта. Першы дзень праляцеў нібыта гадзіна, а ўвечары ўдзельнікаў чакала мазгабойня, урокі танцаў і, вядома, вогнішча сяброўства са спевамі пад гітару.

Другі дзень — час прэзентаваць тое, над чым вялася руплівая праца. У выніку ўвазе калег былі прадстаўлены наступныя праекты. Мікола Атрахімовіч і настаўніцкая сям'я Кавалёвых прэзентавалі праект «Альтэрнатыўная гісторыя», скіраваны на вывучэнне гісторыі з дапамогай падарожжаў, работу з архівамі і рознымі крыніцамі інфармацыі.

Мэта праекта Алёны Кашко і Людмілы Крыловай «Вяртанне, або Крок наперад» — арганізацыя дзевяцідзённага летніка для бацькоў і настаўнікаў, дзе апошнія маглі б пашыраць веды ў вывучэнні роднай мовы, культуры, гістарычнай спадчыны, з практычнымі заняткамі і майстар-класамі па саломапляценні, касьбе, вывучэнне народных песень, танцаў і г. д.

Праект Алы Шыдлоўскай «Падарожжа Жорыка» — спроба стварыць рэсурс завочных падарожжаў для навучэнцаў з вывучэннем славутасцяў Радзімы, а потым — з наступнымі афлайн-вандроўкамі да мясцін, якія вывучаліся папярэдне.

Ідэя «Педагагічнага клуба «Белая варона» Нікі Юхноўскай — стварэнне анлайн-суполкі педагогаў дзеля распаўсюджвання прафесійнага вопыту, наладжвання камунікацыі сярод настаўнікаў розных рэгіёнаў і абмену ідэямі і напрацоўкамі.

Праект Алены Марозавай і Уладзіміра Хамёнка «Здубавецце» мае экалагічную скіраванасць. Яго мэта — стварэнне новых форм работы ў галіне экалагічнага выхавання, прыцягненне да гэтай тэмы бацькоў і грамадскасці, а таксама цеснае супрацоўніцтва ўстановы адукацыі з органамі мясцовай улады і зацікаўленымі арганізацыямі. Адным са шляхоў рэалізацыі стваральнікі праекта вызначылі гульнявы элемент, прынцып якога — «гуляй і вучыся». Дзеля прыкладу быў распрацаваны пілотны экалагічны квэст «Наваколле», падчас якога ўдзельнікі не толькі выконваюць заданні на асобных лакацыях, атрымліваюць карысныя веды, але і займаюцца навядзеннем чысціні на тэрыторыі. Менавіта гэты праект, над якім працаваў дуэт, і перамог.

Падвядзенне вынікаў мерапрыемства праходзіла пасля сумеснага выканання настаўніцкай песні і абмену думкамі, пачуццямі і ўражаннямі. Усе сышліся ў адзіным: эдутону «Ушацкая хваля» ў наступным годзе зноў быць!

Уладзімір ХАМЁНАК

Вольга ЖЫТКАЯ, настаўнікі Ушацкай сярэдняй школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».