Вы тут

Ганна Іванова: Стаю зараз на сцэне… І ўсё гэта не сон!


На пачатку чэрвеня ў Мінску прайшоў фінал рэспубліканскага конкурсу грацыі і таленту «Каралева студэнцтва 2022», заснавальнікам якога з'яўляецца БРСМ. Найлепшай стала студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ганна Іванова. Дзяўчына вядзе актыўны лад жыцця — займаецца творчасцю, спортам і навуковай дзейнасцю, а таксама прымае ўдзел у гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах. Ганна распавяла «Чырвонцы. Чырвонай змене» аб тым, як справілася з хваляваннем і чаму ўпэўненасць у сабе — далёка не галоўны складнік перамогі.


— Ужо на першым курсе ў складзе групы падтрымкі ты прымала ўдзел у конкурсах «Студэнт года» і «Каралева студэнцтва». Адкуль узнікла зацікаўленасць у такіх мерапрыемствах?

— Я адразу вырашыла, што хачу прысвяціць сябе не толькі вучобе, але і актыўнай творчай дзейнасці. Даведалася, што на базе ВДТУ ёсць розныя калектывы, і, не разважаючы, запісалася ў студыю эстраднага танца «V.І.P.». І вось ужо на канцэрце, прысвечаным пачатку навучальнага года, разам з іншымі першакурснікамі выступіла з танцам. Хвалявалася, бо з першых дзён хацела зарэкамендаваць сябе з добрага боку. З гэтага і пачалося маё актыўнае студэнцкае жыццё. Мы ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, рэпеціравалі пасля вучобы, а потым беглі дадому рыхтавацца да заняткаў. Я пазнаёмілася са старшакурснікамі і даведалася ад іх пра такія праекты БРСМ, як «Студэнт года» і «Каралева студэнцтва», у якіх яны тады бралі ўдзел. Мяне ўсё больш сталі цікавіць падрабязнасці, якімі ўдзельнікі з задавальненнем дзяліліся.

Пасля паездкі ў Мінск на фінал рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года Беларусі 2020» у складзе танцавальнай групы, дзе студэнт нашага ўніверсітэта Уладзіслаў Мірончык заняў другое месца, я зразумела, што хачу паспрабаваць сябе ў гэтым мерапрыемстве. Літаральна праз некалькі месяцаў прайшоў абласны і рэспубліканскі этапы «Каралевы студэнцтва Беларусі», дзе я таксама была ў танцавальнай групе прадстаўніц ВДТУ, і было вельмі прыемна адчуць сам працэс падрыхтоўкі, а таксама ўсе перажыванні і эмоцыі ад перамог. У 2021 годзе дзве прадстаўніцы ВДТУ, Лера Фомчанка і Віка Вараб'ёва, занялі першае і другое месцы. Так напрыканцы першага курса я зразумела, што зрабіла правільны выбар і гатова далей працаваць для сябе, калектыву і ўніверсітэта.

— Хто дапамагаў рыхтавацца да конкурсу?

— Падрыхтоўка да «Каралевы студэнцтва Беларусі» пачалася яшчэ з універсітэцкага этапу. На рэпетыцыях адпрацоўвалася дэфіле, а гэта і прыгожая паходка, і постаць, і акцёрскае майстэрства. Работа над маўленнем, пазбаўленне ад сарамлівасці і доўгіх паўзаў для конкурсу прамоўніцкага майстэрства. І, вядома ж, работа над сабой, эмоцыямі і перажываннямі.

З усім гэтым мне дапамагалі спраўляцца мая кіраўніца Алеся Анатольеўна Чыслова, якая ўсяліла веру і ўпэўненасць, сябры, падтрымка якіх адчувалася літаральна кожную секунду, харэографы, якія адточвалі са мной кожны рух. Кіраўніцтва ўніверсітэта, дэканат і выкладчыкі шчыра верылі ў мяне і падтрымлівалі нават на адлегласці. Уклад унеслі і прадстаўнікі БРСМ. Асобны «дзякуй» арганізатарам і рэжысёрскай групе за тое, наколькі прафесійна, творча і з любоўю яны падыходзяць да сваёй працы. І, вядома ж, велізарныя словы падзякі бацькам, якія пражывалі са мной усе цяжкасці і страхі, падзялялі радасць ад перамог, верылі ў мяне і атулілі любоўю і клопатам

— Які конкурсны нумар стаў для цябе самым важны?

— Выдзеліць нешта адно складана. Кожнае з выступленняў прэзентуе ўдзельніцу па-рознаму. У дэфіле раскрываецца зграбнасць, лёгкасць, павольнасць. Прамоўніцкае майстэрства дазваляе ацаніць вобразнасць маўлення і арыгінальнасць падачы матэрыялу. А творчы конкурс дэманструе твой найлепшы навык або любімае хобі і, канешне, ты атрымліваеш задавальненне на сцэне ад таго, што займаешся любімай справай.

— Ганна, што ты адчула, калі цябе абвясцілі пераможцай?

— Пасля аб'яўлення вынікаў мяне накрылі эмоцыі радасці, шчасця, гонару. Гэта ўсведамленне таго, што прайшоўшы такі шлях, я дамаглася ганаровага тытула, стаю зараз на сцэне перад шматлікімі гледачамі, перад сваёй групай падтрымкі, роднымі, а за кулісамі — мая кіраўніца, якая адчувае тое ж. І ўсё гэта не сон. Побач стаяла студэнтка нашага ўніверсітэта Лера Фомчанка, яна перадала мне карону «Каралевы студэнцтва», якую я прывязу назад у ВНУ. У той момант разумееш, што дзеля гэтага варта працаваць і нішто не заменіць такіх пачуццяў.

— Якая атмасфера панавала сярод канкурсантак? Ці паспелі пасябраваць?

— Знаёмства з удзельніцамі адбылося яшчэ да фінальнага тыдня падрыхтоўкі да конкурсу. Калі мы на два дні прыязджалі ў Мінск, было відаць, што стасункі больш наладжаны ў мікрагрупах. Гэта зразумела, бо некаторыя былі знаёмы яшчэ з абласнога этапу. Аднак да канца першага дня стала зразумела, што ўсе дзяўчынкі таварыскія, пазітыўна настроены і адкрыты да камунікацыі. За тыдзень падрыхтоўкі да конкурсу мы даведаліся столькі цікавых і ўнікальных фактаў адзін пра аднаго! З кожным днём мы збліжаліся, і ў цяжкія моманты кожная была гатова дапамагчы, выручыць і падтрымаць. Падчас фіналу мы абняліся і пажадалі проста атрымаць задавальненне ад выхаду на сцэну, ад працы і ад атмасферы ў зале.

— Ёсць меркаванне, што для таго, каб удзельнічаць у такіх конкурсах, трэба валодаць вельмі высокай самаацэнкай і быць упэўненай у сабе асобай. Ці згодная ты з гэтым? А яшчэ якую параду ты магла б даць дзяўчатам і хлопцам, якім не хапае ўпэўненасці, каб рэалізаваць свой патэнцыял.

— Не зусім. Безумоўна, гэта адыгрывае нейкую ролю, але мінімальна. Упэўненасць нараджаецца дзякуючы плённай працы, падтрымцы блізкіх і разуменню, што цябе любяць. А каб не саромецца, уяўляйце нешта прыемнае або каго-небудзь з блізкіх. Я, напрыклад, думала пра маму, і на твары адразу з'яўлялася шчырая ўсмешка.

— Зараз ты вучышся на другім курсе факультэта эканомікі і бізнес-кіравання. Ужо разважала, з якой сферай звяжыш жыццё?

— У мяне няма канкрэтных планаў пасля заканчэння ўніверсітэта. Ёсць думка аб паступленні ў магістратуру. Разумею, што жыццё больш складанае і варыятыўнае, чым мы можам уявіць, і з кожным днём усё мяняецца, прагрэс не стаіць на месцы. Ужо неактуальна быць спецыялістам у вузкай сферы, за выключэннем некаторых спецыяльнасцяў. Зараз важна развівацца ў розных напрамках, быць амбіцыйным і гатовым да перамен.

— Ганна, што падабаецца ў студэнцкім жыцці больш за ўсё?

— Магу сказаць, што гэта самы яскравы і цікавы перыяд у жыцці, пастаянны рух, калі ты знаёмішся з мноствам людзей, вучышся новаму і, вядома ж, знаходзіш сяброў.

Арына КАРПОВІЧ

Фота дадзены гераіняй і БРСМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?