Вы тут

Жыццё і блог са смакам мёду, або «Шлюбны вулей» для бакфастаў


34-гадовы пчаляр з Дрыбінскага раёна з больш чым дваццацігадовым стажам Міхаіл Грашчанка — асоба даволі вядомая і рознабаковая: трымае пчальнік на больш чым тысячу пчаласем'яў, чытае лекцыі па пчалярстве на семінарах, навучае сваёй прафесіі стажораў, акрамя таго, вядзе YouTube-канал, дзе зараз ужо 21 тысяча падпісчыкаў. Суразмоўнік добра ведае, як зрабіць так, каб атрымліваць карысны смачны мёд і весці бізнес з добрымі вынікамі.


— Адразу пасля нараджэння мяне забралі ў дзіцячы дом, а праз некаторы час я трапіў да апекуна. У яго быў свой пчальнік, і ён пачаў паступова ўводзіць мяне ў курс справы. Расказваў, як паводзяць сябе пчолы ў той ці іншай абстаноўцы, чым матка адрозніваецца ад трутняў, што такое вулей і гэтак далей. Мне гэта было цікава. Аднойчы мы з бацькам ставілі пасткі, і ў свой дзень нараджэння я злавіў першы дзікі рой. З таго часу і пачаўся адлік майго паглыблення ў пчалярства. І калі паўстаў выбар — ісці на якую-небудзь працу або займацца пчоламі — спыніўся на другім варыянце.

Міхаіл кажа, што для пчол трэба, каб па перыметры пчальніка быў пылок і нектар.

— Тэрыторыя нашай краіны, можна сказаць, уся залітая нектарам. Гэта мала зараз выкарыстоўваюць, але спадзяюся, што ў будучыні сітуацыя зменіцца. Важна, каб каля пчол не было зайздрасці. Да іх варта ставіцца як да сябра, і тады будзе аддача. Пчалярства — гэта цяжкая праца, ад захаду сонца да світання, і патрабуе пунктуальнасці. Каманда вельмі важная ў такой справе: адзін не зможаш доўга трымаць шматлікія сем'і пчол. У нас працуе пяць чалавек: я, жонка, брат і некалькі іншых спецыялістаў. Мы займаемся шматвектарным пчалярствам: ад продажу пчол да мёду. Працоўныя дні не падобныя адзін да аднаго. Летась сабралі каля 15 тон мёду, але гэта не мяжа. На гэты сезон плануем узяць больш. Калі падумаеш: пачынаў пчалярства ўсяго з аднаго вулля, а зараз трымаем больш за тысячу пчаласем'яў. Крута!

Першы яго вулей пяць гадоў таму пагніў, і пчальнік загінуў... «Паўстаў выбар: або кінуць гэтую справу і заняцца чымсьці іншым, або аднавіць усё, залазячы ў даўгі. Я выбраў другі варыянт — і не пашкадаваў пра гэта ні разу. Не разгубіўся: самастойна з камандай мы зрабілі новы вулей з падсобных матэрыялаў, які стаіць і дагэтуль. Паабяцаў сам сабе, што ў будучыні падару яго свайму сыну», — падзяліўся 34-гадовы герой.

Замест звычайных вулляў у Міхаіла стаіць нуклеусны парк. Нуклеус — міні-вулей, у якім утрымліваецца невялікая калонія пчол. У Германіі, напрыклад, ён завецца «шлюбным вуллем». Нуклеусы, устаноўленыя адзін на аднаго, нагадваюць канструктар. У ім адбываецца апладненне матак. Такая тэхналогія дапамагае атрымліваць максімальную выгаду пры мінімальных выдатках.

— Ужо восем гадоў мы працуем з пародай пчол «бакфаст». Гэта прадказальная пчала, вельмі працавітая, міралюбівая, добра пераносіць зіму. Матка вонкава адрозніваецца ад астатніх асобін і выконвае адну функцыю: адкладае яйкі, з якіх развіваюцца і працоўныя пчолы, і трутні, і маладыя маткі. У натуральных умовах яна спарваецца з трутнямі толькі ў паветры. А ў нас ёсць свая лабараторыя, дзе ўстаноўлены чатыры мікраскопы і іншае абсталяванне. Дзякуючы гэтаму мы маем магчымасць весці ў чысціні лініі і пароды пчол, захоўваем і аднаўляем генафонд. За сезон каля тысячы пчаламатак з нашага пчальніка рассылаюцца па ўсёй постсавецкай прасторы і ў Еўропу. Адпраўляем іх у пластмасавых скрынках з празрыстай накрыўкай. Зразумела, каб дабіцца такіх вынікаў, мне спачатку прыйшлося шмат вывучаць спецыялізаваную літаратуру, наведваць розныя майстар-класы і лекцыі ад прафесіяналаў у гэтай сферы, а цяпер ужо мы дзелімся сваім вопытам і ведамі з іншымі зацікаўленымі ў пчалярстве.

Суразмоўнік падкрэслівае: галоўнае — ставіцца да справы з любоўю. «На працягу свайго доўгага шляху я рабіў памылкі ў працы і раблю іх дагэтуль. Лічу, што, калі не памыляешся, — не расцеш. Зразумела, з цягам часу становішся больш асцярожным. Напрыклад, раней мяне пчолы маглі пакусаць 30 разоў на дзень, зараз жа — два-тры» (усміхаецца).

На YouTube-канале Міхаіла 21 тысяча падпісчыкаў. Што цікавіць і падабаецца яго аўдыторыі? — пытаюся ў суразмоўніка.

— Майму каналу дзевяць гадоў. У 2016 годзе прыехаў сябар і зняў пра мяне відэа «Прамысловы пчальнік: ад «А» да «Я». Убачыў, што шмат хто адгукнуўся на гэтую тэму, таму і завёў свой канал. На ім дзялюся вопытам, распавядаю, як зрабіць правільна і чаго не трэба рабіць, каб захаваць і прымножыць вынікі ў пчалярстве. Увесь кантэнт з камандай здымаем на мабільны тэлефон. Нешта спрабуем самі — і толькі пасля паказваем глядачам. Некаторыя пчаляры кажуць: навошта ты паказваеш і распавядаеш, што на такой дзейнасці можна добра зарабляць? А я ганаруся, што я — пчаляр, мне мой занятак па душы. Калі ёсць канкурэнцыя ў прафесіі — гэта вельмі добра. Людзі павінны ведаць: пчалярства можа карміць усё жыццё і вас, і вашых дзяцей. Яно дае незалежнасць ва ўсім. Штомесяц мне прыходзяць дзясяткі лістоў з розных краін з падзякамі за тое, што мой вопыт мяняе жыццё іншых у лепшы бок. Мяне запрашаюць у якасці спікера на семінары, майстар-класы, у сябе таксама праводзім навучальныя курсы. Да мяне прыязджаюць стажоры.

Дарэчы, у свой час уся вёска адгаворвала Міхаіла ісці вучыцца на пчаляра. Маўляў, гэта несур'ёзны і неперспектыўны занятак...

— Я паслухаў іншых і пайшоў вучыцца ў сферу лясной гаспадаркі. Але пасля завочна адвучыўся на пчаляра. Зразумеў, што памыліўся, — трэба было адразу слухаць толькі сябе і сваё жаданне. Пасля таго, як адвучыўся, ажаніўся, чатыры гады мы з сям'ёй пражылі ў горадзе, але пасля перабраліся ў вёску і тут адчуваем сябе цалкам камфортна. Кажуць, што ў горадзе больш магчымасцяў, я ж лічу, што ў вёсцы іх таксама шмат. Калі хочаш штосьці пачаць з нуля, вёска — добрае для гэтага месца. Тут ніколі не застанешся галодным, галоўнае — не ленавацца. Не буду прымушаць свайго сына, займацца пчалярствам, але прыкладу максімум намаганняў, каб яго гэта справа захапіла.

Дар'я ЕЎСЯВІЦКАЯ

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.