Вы тут

Якім павінен быць настаўнік? Педкласы — праект з даказанай эфектыўнасцю


Якія якасці, што характарызуюць індывідуальнасць настаўніка, вы лічыце найбольш значнымі: дабрыню, высокі інтэлект, акуратнасць, адказнасць, агульную культуру, маральнасць, арганізаванасць, самастойнасць, энергічнасць ці эмацыянальнасць? А якія якасці найбольш важныя для стасункаў з навучэнцамі? Любоў да дзяцей, спагадлівасць, шчырасць, тактоўнасць, цярплівасць, знешняя прывабнасць, назіральнасць, артыстычнасць... І, нарэшце, якія якасці дазваляюць педагогу ў найбольшай ступені ўплываць на іншых людзей, змяняць іх свядомасць? Мэтанакіраванасць, аўтарытэтнасць, гарманічнасць характару, прафкампетэнтнасць, добрасумленнасць, праніклівасць, самабытнасць, імкненне да творчасці... Паразважаць над гэтымі пытаннямі прапанавалі ўдзельнікам ток-шоу «Дыялог пакаленняў», які арганізавалі для навучэнцаў педкласаў адзінаццацікласніцы гімназіі Белаазёрска Ангеліна Зайцава, Вольга Кулак і намеснік дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце Алена Кавалевіч.


Удзельнікі ток-шоў «Дылог пакаленняў» малявалі на паперы педагога, якога чакаюць школьнікі: абстрактнага ці рэальнага.

Без выпадковых людзей у прафесіі

Стала ўжо добрай традыцыяй збірацца кожны год у сценах Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, каб падзяліцца адно з адным сваім досведам функцыянавання педкласаў і абмеркаваць перспектывы гэтай формы прафарыентацыйнай работы.

Сёлета ў міжнароднай канферэнцыі прынялі вочны ўдзел больш за 300 чалавек: педагогі і навучэнцы педагагічных класаў, спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, якія курыруюць арганізацыю профільнай педагагічнай падрыхтоўкі, навукоўцы, вядучыя спецыялісты і практыкі ў галіне профільнай і прафесійнай педагагічнай адукацыі, у тым ліку з краін блізкага замежжа: розных рэгіёнаў Расіі, Арменіі і Казахстана. Трэба заўважыць, што беларускі вопыт функцыянавання педагагічных класаў цікавіць і натхняе сёння многіх. Так, у Расійскай Федэрацыі міністрам асветы было даручана адкрыць пяць тысяч такіх класаў.

У Беларусі калісьці пачыналі са 100 педагагічных класаў, а цяпер у нас іх па краіне ўжо 556. У педагагічным профілі навучаюцца 5100 чалавек, і 30 працэнтаў з іх паступаюць пасля заканчэння школы на педагагічныя спецыяльнасці. Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай назваў стварэнне профільных педагагічных класаў праектам з даказанай эфектыўнасцю. Менавіта ўвядзенне педагагічнага профілю ў старшых класах істотна змяніла сітуацыю з кантынгентам тых, хто паступае на педагагічныя спецыяльнасці ў ВНУ: колькасць выпадковых людзей значна зменшылася, а колькасць матываваных студэнтаў, наадварот, узрасла.

У БДПУ імя Максіма Танка атрымліваюць сёння адукацыю 744 выпускнікі профільных класаў — гэта кожны пяты студэнт дзённай формы навучання. Летась універсітэт выпусціў 110 маладых спецыялістаў, якія навучаліся ў педкласах, а сёлета дыпломы атрымаюць удвая больш былых педкласаўцаў — 220 чалавек.

Настаўнікі і іх будучыя калегі

Адзінаццацікласніца сталічнай гімназіі № 20 Дар'я Сакалоўская таксама два апошнія гады навучалася ў педкласе.

— Мая маці — настаўніца пачатковых класаў, бацька — выкладчык па класе духавых інструментаў у музычнай школе. Бабуля і прабабуля таксама былі педагогамі, а агульны педагагічны стаж маёй сям'і складае ўжо больш за 100 гадоў, — расказвае дзяўчына. — Таму, калі я рабіла свой выбар, родныя мяне падтрымалі. Лічу, што мая педагагічная дзейнасць распачалася яшчэ ў сёмым класе, калі мне прапанавалі стаць важатай у пяцікласнікаў. Падрыхтоўка маіх падапечных да Дня гімназіста, сумесныя паходы, экскурсіі, рэпетыцыі дазволілі не толькі адчуць сябе памочнікам класнага кіраўніка, але і спазнаць сябе.

Я стала больш чуллівай, уважлівай, упэўненай, таму што даводзілася вырашаць праблемы — і чужыя, і свае, — я адчула радасць ад прыналежнасці да вучнёўскай супольнасці. А першы ўрок, які праводзіла як сапраўдны настаўнік, — руская мова ў шостым класе. Прызнаюся, я вельмі хвалявалася, хваляваўся і педагог, з якім рыхтавалася да ўрока, але веды, якія мы атрымліваем у рамках факультатыўнага курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію», мне вельмі дапамаглі. Праз пару хвілін хваляванне знікла. Маім поспехам радавалася сям'я, педагогі, а я ўсё больш пераконвалася ў тым, што здзейсніла правільны прафесійны выбар.

Яшчэ больш я ўмацавалася ў гэтай думцы, калі ў адзінаццатым класе стала ўдзельніцай агульнагімназічнага праекта «Навучэнец профільнага класа — студэнт профільнай ВНУ — настаўнік профільнага прадмета». Супрацоўніцтва са студэнтамі БДПУ, сумесная распрацоўка з імі ўрокаў і ўдзел у іх дазволілі пераканацца, што мая падрыхтоўка ў профільным пед-
класе часам не саступае ведам студэнтам у галінах псіхалогіі, педагогікі і метадычных аспектаў выкладання прадмета. А яшчэ хацелася б падзякаваць нашым настаўнікам профільных прадметаў, якія не толькі цярпліва дапамагаюць нам у напісанні плана-канспекта ўрока, але і кантактуюць з намі як з будучымі калегамі без перавагі, што дазваляе выяўляць праблемныя моманты ў арганізацыі ўрока без страху дапусціць памылку. Канешне, усе мы дапускаем памылкі, але пры гэтым упэўнены, што нам дадуць магчымасць іх выправіць.

Сінквейн, прысвечаны прафесіі педагога, ад «маладых спецыялістаў» Дар’і Карповіч (злева) і Вікторыі Бельцюковай (справа).

Па словах дзяўчыны, падчас навучання ў педкласе яна зразумела, што прафесія настаўніка не дазваляе стаяць на месцы, а патрабуе творчасці, самаадданасці, пастаяннага ўдасканалення прафесійных уменняў. І гэта выдатна! «Я ўпэўнена, што пройдзе зусім няшмат часу, і для мяне адчыніць свае дзверы адна з самых прэстыжных беларускіх ВНУ — Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, які будзе спрыяць прафесійнаму станаўленню, дапамагаць мне і маім равеснікам стаць сапраўднымі майстрамі ў настаўніцкай прафесіі, — кажа Дар'я Сакалоўская. — І калі я бачу, як працуюць педагогі маёй гімназіі, хочацца падхапіць і несці запалены імі факел прафесіяналізму далей...»

«Навучым! Падтрымаем! Натхнім!»

— А для мяне дзверы БДПУ расчыніліся два гады таму, — расказвае студэнт другога курса факультэта прыродазнаўства Андрэй Роскач, старшыня студэнцкага клуба выпускнікоў профільных класаў «ПРОФіль+». — Я таксама навучаўся ў педагагічным класе сярэдняй школы № 3 у Любані. Навучанне ў педкласе дало мне першы прафесійны вопыт і, галоўнае, магчымасць прыняць свядомае рашэнне аб паступленні на педагагічную спецыяльнасць. Цяпер я дакладна разумею, што менавіта ў педкласе былі закладзены асновы маёй паспяховай вучобы ва ўніверсітэце. Паколькі мы вывучалі факультатыўны курс «Уводзіны ў педагагічную прафесію», мне прасцей, чым іншым, асвойваць педагогіку і псіхалогію. Яшчэ школьнікам я праходзіў першыя педагагічныя пробы, таму цяпер мне лягчэй выконваць заданні па педпрактыцы. У школе ў мяне быў вопыт праектнай і даследчай работы, мы стваралі сваё партфоліа «Я — педагог». Увогуле, лічу, што выпускнікі педкласаў больш ініцыятыўныя, камунікабельныя і адказныя студэнты. З іншага боку, падчас навучання ў педкласе ў мяне было шмат сумненняў і пытанняў, напэўна, як і ва ўсіх, напрыклад, па запаўненні партфоліа, па выбары спецыяльнасці, розных нюансаў паступлення ва ўніверсітэт і вучобы ў ім. І вось тады я задумаўся, як было б здорава, калі б я мог задаць свае пытанні равесніку, які ўжо прайшоў шлях ад выпускніка педкласа да студэнта.

Паступіўшы ва ўніверсітэт, зразумеў, што так думаю не толькі я. Адным з тых, хто прапанаваў ідэю стварэння клуба, была студэнтка другога курса філалагічнага факультэта Дар'я Астапчук. Як ужо казалі раней, сёння кожны пяты студэнт нашага ўніверсітэта — выпускнік педкласа. Таму мы вырашылі аб'яднацца і стварыць студэнцкую супольнасць, якая будзе карысная цяперашнім навучэнцам і выпускнікам педкласаў. Так сфарміраваўся клуб «ПРОФіль+» Адкуль такая назва? «Профіль» мае шмат значэнняў: профільны, прафесія, прафесіянал... Мы з вамі з'яўляемся ўдзельнікамі ўнікальнага рэспубліканскага праекта па функцыянаванні профільных педагагічных класаў. А «плюс» — гэта дабаўленне новых магчымасцяў і перспектыў.

У намінацыі «Лепшы маскот» перамагла работа вучаніцы 10 класа івацэвіцкай сярэдняй школы № 1 Паліны Радзюк.

Нашаму клубу ўжо два гады. На першай сустрэчы абмеркавалі, чым можам быць карысныя для педкласаўцаў, і вызначылі чатыры напрамкі: можам кансультаваць, навучаць натхняць і распрацоўваць. Напрыклад, адукацыйная група займаецца распрацоўкай і правядзеннем самых розных адукацыйных актыўнасцяў: прэзентацый, мітапаў, вэбінараў, семінараў і гэтак далей. Хлопцы і дзяўчаты з валанцёрскай групы арганізоўваюць для навучэнцаў педкласаў нефармальныя сустрэчы і натхняюць іх сваім прыкладам, гатовы расказваць не толькі пра радасці і складанасці студэнцкіх будняў і экзаменацыйных сесій, але і адказваць на сур'ёзныя пытанні аб прыёмнай кампаніі, падзяліцца сваей гісторыяй паступлення. Атрымліваецца прафарыентацыйная падзея «з падвойным плюсам».

Група прасоўвання займаецца інфармацыйнай і творчай падтрымкай, нашай прысутнасцю ў сацыяльных сетках і гэтак далей.

Летась мы вырашылі падтрымаць выпускнікоў педкласаў, якія паступаюць па сумоўі без экзаменаў, і арганізавалі для іх «Зону «ПРОФільнай» падтрымкі» — месца, дзе абітурыенты могуць пагутарыць з нашымі валанцёрамі, пракансультавацца наконт праходжання такой гутаркі і прэзентацыі свайго партфоліа. Спадзяёмся, што гэта дапамагло ім адчуць сябе больш упэўнена. У перыяд уступнай кампаніі бягучага года члены клуба вырашылі зноў забяспечыць маральную і кансультацыйную падтрымку выпускнікам педкласаў, якія паступаюць у наш універсітэт.

Для нас, студэнтаў БДПУ, удзел у клубе — гэта новы, ужо прафесійны вопыт, магчымасць прапампаваць свае камунікатыўныя навыкі, уменні выбудоўваць адносіны, супрацоўнічаць, узаемадзейнічаць, працаваць у камандзе.

У клуба «ПРОФіль+» ёсць свой мерч: календары, блакноты, ручкі, цішоткі, кепкі з лагатыпам клуба. У гэтым годзе сумесна з Цэнтрам неперарыўнай педагагічнай адукацыі быў аб'яўлены конкурс на маскот (талісман клуба) і слоган. Усяго было даслана 113 распрацовак. Пераможцай у намінацыі «Найлепшы слоган» стала Дар'я Буйко, дзесяцікласніца сярэдняй школы № 1 з гарадскога пасёлка Шаркаўшчына, са слоганам «ПРОФіль+: Навучым! Падтрымаем! Натхнім!». А ў намінацыі «Найлепшы маскот» перамагла вучаніца 10 класа івацэвіцкай сярэдняй школы № 1 Паліна Радзюк.

Партрэт ідэальнага педагога

Для навучэнцаў і студэнтаў-выпускнікоў педагагічных класаў у рамках канферэнцыі былі арганізаваны разнастайныя крэатыўныя мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці. Многія з іх правялі самі навучэнцы. Як, напрыклад, ток-шоу «Дыялог пакаленняў». Як заўважыла намеснік дырэктара гімназіі Белаазёрска Алена Кавалевіч, у школу часта запрашаюцца прадстаўнікі розных прафесій. Яны хочуць быць цікавымі і карыснымі, але не ведаюць, як гэта зрабіць, асабліва калі ад удзельнікаў сустрэчы не паступае пытанняў. Каб гасцей разняволіць, трэба сур'ёзна рыхтавацца. Такая форма работы, як ток-шоу, дазваляе прайсці на практыцы некаторыя тэмы факультатыва, што вывучаецца ў педкласах.

Гасцямі ток-шоу сталі «маладыя настаўнікі», роля якіх дасталася Дар'і Карповіч, вучаніцы дзясятага класа мінскай гімназіі № 174, і Вікторыі Бельцюковай, адзінаццацікласніцы сярэдняй школы № 2 г. п. Смілавічы Чэрвенскага раёна. Наваспечаным «маладым спецыялістам» прапанавалі прайсці па «зорнай дарожцы», паўдзельнічаць у бліц-апытанні, адказваючы на шэраг пытанняў. Напрыклад, што вас засмучае ў цяперашніх дзецях? Ці часта вы самі спазняліся на ўрокі, калі былі школьнікамі? Калі вам дрэнна, як вы спраўляецеся з гэтым станам? А як ставіцеся да шпаргалак і ЦТ? Прыгадайце самы смешны выпадак з вашага школьнага жыцця...

Творчасць навучэнцаў педкласаў: вось такім павінен быць настаўнік!

Потым усе разам спрабавалі апісаць тыповы дзень педагога, выкарыстоўваючы толькі назоўнікі, малявалі на паперы педагога, якога чакаюць школьнікі: абстрактнага ці рэальнага. Разбуралі міфы вакол настаўніцкай прафесіі. Складалі партрэт ідэальнага педагога. Вердыкт аўдыторыі: ідэальны педагог — добры, мэтанакіраваны і любіць дзяцей! Гэта чалавек, які заўсёды зможа дапамагчы, вырашыць любую праблему і стане для цябе сябрам! Вішанькай на торце стала заданне для «маладых спецыялістаў» скласці сінквейн наконт сутнасці прафесіі настаўніка. Сінквейн — гэта метадычны прыём, які ўяўляе сабой складанне верша з пяці радкоў. У яго ёсць свае законы. Першы радок верша — яго тэма. Яна павінна быць прадстаўлена ўсяго адным словам і абавязкова назоўнікам. Другі радок складаецца з двух слоў, якія раскрываюць асноўную тэму. Гэта павінны быць прыметнікі. Трэці — тры дзеясловы, якія характарызуюць дзеянні па дадзенай тэме. Чацвёрты радок — словы, пры дапамозе якіх выказваецца стаўленне да тэмы. І пяты радок — усяго адно слова, якое ўяўляе сабой нейкі вынік, рэзюмэ. У «маладых педагогаў» атрымаўся наступны сінквейн «Педагог. Адукаваны і добры. Любіць, вучыць, аддаваць. Адказны, мэтанакіраваны, цярплівы. Веды».

Да старту прыёмнай кампаніі застаюцца лічаныя дні. Вікторыя Бельцюкова марыць стаць настаўніцай пачатковых класаў. Яна проста абажае дзяцей. І вельмі хочацца, каб у яе ўсё атрымалася, а клуб «ПРОФіль+» займеў яшчэ аднаго крэатыўнага і ініцыятыўнага сябра.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і БДПУ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.