Вы тут

Беларуская чыгунка і БРСМ падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве


Беларуская чыгунка і БРСМ падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Мэта дакумента — фарміраванне і прыцягненне студэнцкіх атрадаў для работы ў арганізацыях магістралі.


Фота: pixabay.com

Беларуская чыгунка ўжо мае станоўчы вопыт па арганізацыі студэнцкіх атрадаў з ліку навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Я. П. Юшкевіча і студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту для работы ў Мінскім аддзяленні Беларускай чыгункі.

Сёлета сэрвісныя і будаўнічыя студэнцкія атрады будуць сфарміраваны ў вагонных участках і дыстанцыях пуці Мінскага і Гомельскага аддзяленняў Беларускай чыгункі. Гэта каля дзесяці атрадаў, у якіх будзе задзейнічана больш за сто студэнтаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Яны будуць працаваць праваднікамі пасажырскіх вагонаў і манцёрамі пуці. Акрамя таго, будуць створаны два педагагічныя студэнцкія атрады з ліку навучэнцаў Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага каледжа імя Л. С. Выгоцкага, якія будуць працаваць выхавальнікамі ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Лясныя далі» Гомельскага аддзялення дарогі. У 2023 годзе плануецца, што такія атрады будуць створаны і на іншых аддзяленнях БЧ.

Кіраўніцтва Беларускай чыгункі падтрымлівае ініцыятыву больш шырокага прыцягнення студэнцкіх атрадаў для работы ў арганізацыях магістралі і спадзяецца, што супрацоўніцтва з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі будзе актыўна гэтаму садзейнічаць. Студэнцкія атрады адыгрываюць вялікую ролю ў забеспячэнні занятасці моладзі, уцягванні яе ў сацыяльна-эканамічнае жыццё грамадства, фарміраванні ў маладога пакалення актыўнай грамадзянскай пазіцыі і пачуцця патрыятызму. Работа ў студатрадзе садзейнічае не толькі прафесійнаму развіццю, набыццю працоўнага вопыту, але і рэалізацыі інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу маладых людзей, вучыць іх уменню працаваць у камандзе, развівае пачуццё асабістай і калектыўнай адказнасці за вынікі сваёй працы.

Удзел у студэнцкіх атрадах уключае забеспячэнне занятасці моладзі з розных рэгіёнаў краіны, прадугледжвае культурную, спартыўную, экскурсійную праграму, а таксама спаборніцтвы па вытворчых паказчыках. Адбор навучэнцаў і студэнтаў у студэнцкія атрады вядзецца на конкурснай аснове.

Сімвалічна, што падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускай чыгункай і Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі адбылося ў год 160-годдзя беларускай магістралі і 20-годдзя ГА «БРСМ».

Сяргей РАСОЛЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».