Вы тут

Што робіцца ў Беларусі для памяншэння аб'ёму пластыкавых адходаў


16 рэгіянальных аб'ектаў па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў сумарнай магутнасцю каля 1,2 млн тоны адходаў у год будуць створаны ў Беларусі да 2025 года. Міністэрства ЖКГ да 2024 года плануе ўкараніць дэпазітную закладную сістэму абарачэння спажывецкай упакоўкі. На думку экспертаў, гэта дазволіць у два-тры разы павялічыць збор адходаў упакоўкі, найперш пластыкавых бутэлек. А на Гродзеншчыне да снежня 2022-га павінна з'явіцца новая вытворчасць па выпуску больш як 242 млн штук шклатары ў год. Пра гэтыя і іншыя напрамкі барацьбы з пластыкам расказалі эксперты.


Новыя колеры і формы

Беларусь таксама скіравана на змяншэнне выкарыстання палімернай упакоўкі і павелічэнне ўжывання экалагічна бяспечнай, у тым ліку біяраскладальнай, таму ў Беларусі дзейнічае пашыраная адказнасць вытворцаў і пастаўшчыкоў асобных відаў тавараў.

Прынцып пашыранай адказнасці абавязвае вытворцаў і пастаўшчыкоў несці адказнасць за ўтылізацыю ўпакоўкі, у якой пастаўляецца тавар. Сёлета прадугледжана пашырэнне відаў адходаў, за якія вытворцы і пастаўшчыкі выплачваюць кампенсацыю, — у пералік уключаны адходы паперы і кардону з прамочваннем і пакрыццём, накшталт упакоўкі тэтра-пак і пюр-пак. Кампенсацыя за іх складзе 150 рублёў за тону адходаў, расказаў Максім Тарасаў, начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— Прадугледжана таксама пашырэнне пераліку прадукцыі, для вытворчасці якой прымяняецца шкляная бутэлька, і павелічэнне памеру кампенсацыі расходаў (з 15 да 17 капеек за штуку) за прымяненне шкляных бутэлек пры вытворчасці і розліве ўсіх відаў пітной вады (газіраванай, негазіраванай, мінеральнай).

Каб павялічыць вытворчасць шкляной тары і пашырыць яе асартымент, прадугледжаны «аблегчаныя» бутэлькі з больш шырокім асартыментам колераў і форм такой тары. На Гродзенскім шклозаводзе, напрыклад, рэалізоўваецца інвестпраект па стварэнні вытворчасці шкляной тары з выкарыстаннем інавацыйных энергаэфектыўных і энергазберагальных тэхналогій, падкрэсліў эксперт:

— Прадугледжана будаўніцтва новай сучаснай вытворчасці шклатары на трох лініях шклаварнай печы прадукцыйнасцю 220 тон шкламасы ў суткі. Гэта дазволіць выпускаць больш за 242 млн штук шклатары ў год, у тым ліку асвоіць выпуск аблегчанай шкляной бутэлькі. На заводзе летась ужо асвоілі выпуск новых відаў шклатары для розліву піва і лікёра-гарэлачных вырабаў.

Абгортачная папера і біяраскладальны посуд

У НАН Беларусі распрацоўваюць тэхналогіі вырабу біяраскладальнай упакоўкі з расліннай сыравіны. Поўнасцю выкананы праект па распрацоўцы саставаў і метадаў атрымання дабавак для функцыяналізацыі цэлюлозна-папяровых матэрыялаў з павышанымі антымікробнымі і антыаксідантнымі бар'ернымі ўласцівасцямі.

— Распрацавана два тыпы актыўных саставаў і метады атрымання бяспечных упаковак для ўдасканалення абгортачнай паперы і іншых матэрыялаў. А на базе Інстытута агульнай неарганічнай хіміі НАН плануецца арганізаваць вопытную вытворчасць распрацаваных актыўных саставаў, якія павялічваюць тэрміны захоўвання ўпакаванай у паперу харчовай прадукцыі, — падзяліўся Максім Тарасаў. — А ў Інстытуце жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН ствараюць лабараторыі па сертыфікацыі біяраскладальнай упакоўкі.

Інстытут мікрабіялогіі НАН і навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем БДУ рэалізуюць асобны праект — распрацоўку тэхналогіі атрымання лактыду і полілактыду, заснаванай на малочнай ферментацыі вугляроднай сыравіны. Па выніках праекта будзе створана тэхналогія атрымання біяраскладальнага палімера — полілактыду, які з'яўляецца сыравінай для біяраскладальнай плёнкі, іншых упаковачных матэрыялаў і посуду.

У Беларусі налічваецца каля 160 вытворцаў і імпарцёраў тары і ўпаковачнай прадукцыі, аднаразовага посуду са шкла, паперы, кардону і біяраскладальнай сыравіны. Не менш за 40 з іх — гэта вытворцы і пастаўшчыкі аднаразовага посуду з паперы, кардону, дрэва і біяраскладальнага посуду з цукровага трыснягу і кукурузнага крухмалу.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.