Вы тут

Якія гарантыі маюць непаўналетнія падчас часовай працы летам?


У бягучым годзе плануецца часова працаўладкаваць 25 тысяч навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў і школьнікаў. Для юнакоў і дзяўчат гэта магчымасць атрымаць у вольны ад вучобы час уласны заробак. Не супраць працаўладкавання і многія бацькі: няхай падлетак нарэшце адчуе цану заробленых грошай. Хто мае прыярытэтнае права на працаўладкаванне? Ці можа наймальнік прызначаць выпрабавальны перыяд непаўналетняму работніку і ці трэба працаваць цэлы дзень? Ці можна звольніць такога работніка? Пра гэтыя і іншыя нюансы расказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.


Менавіта гэта ведамства сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам праводзяць работу па арганізацыі часовай занятасці моладзі і забяспечваюць магчымасць непаўналетнім працаваць, пачынаючы з 14 гадоў. Мерапрыемствы па арганізацыі занятасці непаўналетніх і неабходныя для гэтага фінансавыя рэсурсы ўключаны ў дзяржпраграму «Рынак працы і садзейнічанне занятасці на 2021—2025 гады».

— У краіне створана сістэма па арганізацыі круглагадовай часовай працоўнай занятасці моладзі, якая вучыцца ва ўстановах адукацыі, у вольны ад вучобы час. Прыярытэтнае права на часовае працаўладкаванне мае моладзь з няпоўных, шматдзетных, малазабяспечаных сем'яў і непаўналетнія, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх, — тлумачыць кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Коваль.

На часовую занятасць у 2022 годзе органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне плануюць працаўладкаваць не менш за 25 тысяч маладых людзей. Выдаткаваць на гэтыя мэты плануецца больш за сем мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў.

Сёлета ў студзені-красавіку ўжо заключана 500 дагавораў з наймальнікамі, акрамя таго, служба занятасці аказала садзейнічанне ў працаўладкаванні ў вольны ад вучобы час 4,3 тысячам маладых чалавек, якія вучацца. Выкарыстаны бюджэтныя сродкі на суму 605 тысяч рублёў.

Акрамя таго, органаны па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сфарміравалі пералік арганізацый, якія гатовы прыняць на работу моладзь без фінансавай падтрымкі дзяржавы. Гэты спіс актуальны на інфармацыйным партале дзяржаўнай службы занятасці. Дарэчы, у красавіку 2022 года на партале дзяржаўнай службы занятасці распрацаваны тэматычны раздзел «Часовая занятасць», які ўтрымлівае звесткі аб магчымасці працаўладкавання навучэнцаў у вольны ад вучобы час на ўмовах найму.

У цяперашні час аб магчымасці забяспечыць часовую занятасць моладзі праінфармавала больш за 500 арганізацый, якія гатовы прапанаваць для гэтых мэт больш за 8 тысяч вакансій.

Пытанні рэгулявання працы моладзі замацаваны ў працоўным кодэксе. І тут ёсць шэраг нюансаў, якія мусяць ведаць і самі непаўналетнія, і іх бацькі.

— Заключэнне працоўнай дамовы дапускаецца з асобамі, якія дасягнулі 16 гадоў. Разам з тым устаноўлены ніжні парог узросту работніка — не менш за 14 гадоў. З асобамі ад 14 да 16 гадоў заключэнне працоўнага дагавора дапускаецца толькі з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў, усынавіцеля ці папячыцеля, — расказвае Святлана Коваль. — Непаўналетнія работнікі ў працоўных праваадносінах прыраўноўваюцца ў правах да паўналетніх, а ў галіне аховы працы, працоўнага часу, адпачынку і некаторых іншых умоў працы карыстаюцца гарантыямі, устаноўленымі заканадаўствам.

Важна ведаць, што прыём на работу асоб, маладзейшых за 18 гадоў, магчымы толькі пасля папярэдняга медыцынскага агляду. Пры заключэнні працоўнага дагавора з непаўналетнімі наймальнік не ў праве ўстанаўліваць ім папярэдняе выпрабаванне. Асобам, маладзейшым за 18 гадоў, забаронена работа па сумяшчальніцтве. Таксама заканадаўства забараняе прымяняць працу непаўналетніх на цяжкіх работах і работах з небяспечнымі ці шкоднымі ўмовамі працы, а таксама на падземных і горных работах.

— Для работнікаў, маладзейшых за 18 гадоў, устанаўліваецца скарочаная працягласць працоўнага часу. Для непаўналетніх ад 14 да 16 гадоў яна складае не больш за 23 гадзіны ў тыдзень, ад 16 да 18 — не больш за 35 гадзін у тыдзень, — нагадвае суразмоўца. — Работнікі да 18 гадоў не дапускаюцца да работы ў начны час — з 22 да 6 гадзін, а таксама да звышурочных работ, работ у дзяржаўныя святы і святочныя дні. Непаўналетнім не ўстанаўліваецца ненармаваны рабочы дзень. Таксама важна, што аплата працы работніка да 18 гадоў пры скарочанай працягласці штодзённай працы адбываецца ў тым жа памеры, як аплата працы работніка адпаведных катэгорый пры поўнай працягласці рабочага дня.

Звольніць непаўналетняга таксама не так проста. Заканадаўства ўтрымлівае шэраг гарантый пры скасаванні дагавораў з работнікамі да 18 гадоў. Звальненне па некаторых падставах дапушчальнае толькі са згоды камісіі па справах непаўналетніх.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?