Вы тут

Беларускія палярнікі завяршаюць падрыхтоўку да круглагадовых экспедыцый


6 чэрвеня ў 9 гадзін раніцы ў раёне размяшчэння Беларускай антарктычнай станцыі каля гары Вячэрняя было мінус 27 градусаў, вільготнасць паветра — 45 працэнтаў, хуткасць ветру складала 19 метраў за секунду з максімальнымі парывамі — да 24 метраў за секунду... Гэту інфармацыю паведаміў начальнік 14-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук. Урачыстыя провады і сустрэча беларускіх палярнікаў у сценах Акадэміі даўно сталі добрай традыцыяй.


Надзвычай плённы сезон

Трэба патлумачыць, што Беларускую антарктычную станцыю ўдзельнікі экспедыцыі пакінулі яшчэ 27 красавіка. Дарога дадому заняла цэлых 25 дзён і была вельмі мудрагелістай. Сёння на шостым кантыненце беларусаў няма, але метэаралагічная інфармацыя працягвае адтуль паступаць. Гэта стала магчымым дзякуючы ўвядзенню ў эксплуатацыю ў раёне базіравання нашай экспедыцыі аўтаматычнай метэастанцыі, якая па каналах спадарожнікавай сувязі чатыры разы ў суткі круглагадова будзе перадаваць цяпер на Вялікую зямлю актуальную метэаінфармацыю.

— Я параўнаў бы гэту падзею з запускам першага спадарожніка Зямлі, калі з космасу прыйшоў першы сігнал. Такіх станцый у Антарктыцы не больш за дзясятак, і адна з іх цяпер — наша. Яна закрывае вялізную белую пляму там, дзе не размешчана аналагічных станцый. Таму гэта насамрэч асаблівая падзея, якую цяжка пераацаніць, гэта не проста сігнал, а паўнавартасная навуковая інфармацыя, — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў.

Апошняя 14-я экспедыцыя аказалася самай працяглай і доўжылася 184 дні. «Мы тры- чатыры апошнія гады паступова павялічваем працягласць сезонных работ, — патлумачыў начальнік экспедыцыі. — Плануем і далей пашыраць часавыя рамкі сезона ў ходзе падрыхтоўкі да зімовачных мерапрыемстваў. Антарктыда ніколі не бывае ласкавай, але ў цэлым сезон выдаўся спрыяльны для правядзення навуковых даследаванняў і інжынерных работ, і з навуковага пункту погляду — надзвычай плённы. Заданні дзяржпраграмы выкананы ў поўным аб'ёме».

Сярод напрамкаў навуковых даследаванняў, над якімі працавалі палярнікі, — комплексны наземны спадарожнікавы маніторынг атмасферы і падсцілаючай паверхні ў Антарктыдзе, гідрахімічныя, біялагічныя, экалагічныя даследаванні марскіх і прэснаводных экасістэм, маніторынг азонавага слоя і ўльтрафіялетавай радыяцыі ў Антарктыцы, даследаванні змяненняў прыроднага асяроддзя і клімату, метэаралагічныя назіранні. Акрамя таго, было рэалізавана шэсць факультатыўных праграм.

Аляксей Гайдашоў з задавальненнем адзначыў, што цікавасць да ўдзелу ў антарктычных даследаваннях расце з боку самых розных акадэмічных арганізацый. Так, у складзе апошняй экспедыцыі шчыравалі навуковыя супрацоўнікі Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, Інстытута фізікі, Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі, Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах, Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы (БДУ). Акрамя асноўных навуковых даследаванняў па васьмі напрамках у рамках новай дзяржаўнай праграмы па вывучэнні Антарктыкі, яны выконвалі яшчэ і шэсць факультатыўных. Інтарэс праявілі Інстытут фізіялогіі НАН, РНПЦ па харчаванні, Інстытут мікрабіялогіі, Інстытут мяса-малочнай прамысловасці, Інстытут механікі металапалімерных сістэм.

Праводзіліся эксперыментальныя выпрабавані прадуктаў харчавання, медыцынскія, фізіялагічныя і псіхалагічныя даследаванні.

Акрамя таго, беларускія навукоўцы прынялі ўдзел у двух буйных міжнародных праектах. Адзін з іх — беларуска-нямецкі «Нестабільнасць ледніковага шчыта Усходняй Антарктыкі». Даследчыкі працавалі ў галіне палеагеаграфіі і дакладнай геадэзічнай прывязкі граніц леднікоў, якія знаходзяцца ў раёне базіравання Беларускай антарктычнай станцыі. «Палявое супрацоўніцтва працягвалася тры тыдні. Гэты дух таварыства, узаемадапамогі ў Антарктыцы, нягледзячы на ??знешнія фактары, захоўваецца і будзе захоўвацца. Ён быў і ў савецкія часы, у разгар халоднай вайны, мы выдатна супрацоўнічалі па навуковых напрамках з усімі краінамі. Спадзяёмся, што так і застанецца», — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў.

Мэтай жа беларуска-турэцкага праекта было вывучыць магчымую міграцыю і знаходжанне ў прыродным асяроддзі Антарктыкі мікрапластыку. «Гэта вельмі актуальная тэма, таму што ўжо ёсць пацвярджэнне, што негатыўная антрапагенная дзейнасць чалавека дасягнула Антарктыды, — канстатаў Аляксей Гайдашоў. — Там таксама ўжо знаходзяць сляды мікрапластыку і гэта вельмі трывожныя сімптомы».

Гатоўнасць да зімоўкі № 1

Таксама ўдзельнікі 14-й экспедыцыі выканалі вялікі аб'ём інжынерных работ для развіцця другой чаргі інфраструктуры Беларускай антарктычнай станцыі. У строй былі ўведзены сучасныя гаражныя боксы з поўным наборам абсталявання для рамонту снегаходнай, усюдыходнай тэхнікі, а таксама радыёпразрыстае сховішча (купал) для антэны спадарожнікавай сувязі, якое дае магчымасць пасля завяршэння сезона не дэмантаваць антэну кожны раз. Сістэма раздачы сігналу Wі-Fі запушчана на ўсёй тэрыторыі станцыі. «Цяпер у навуковых, практычных, інжынерных мэтах і нават для таго, каб звязацца са сваімі блізкімі, не трэба бегаць да пэўнага вузла сувязі. Можна размаўляць на ўсёй тэрыторыі станцыі з любога пункта як у спрыяльныя метэаўмовы, так і ў неспрыяльныя. Гэта вельмі вялікі якасны крок наперад, у тым ліку з псіхалагічнага пункту гледжання», — падкрэсліў Аляксей Гайдашоў.

Працягваецца і нарошчванне транспартнага складніка. Сёлета беларускія палярнікі даставілі ў Антарктыду новы транспартны сродак — ратрак. Гэта гусенічны ўсюдыход, здольны выконваць мноства навуковых і тэхнічных функцый, забяспечваць далёкія паходы, расчышчаць снежныя завалы, падымаць і перавозіць цяжкія грузы, дастаўляць ваду і паліва. На цяперашнім этапе развіцця экспедыцыйнай інфрастуктуры гэта вельмі значны элемент.

Развіваюць палярнікі і сістэму інжынерных камунікацый. У гэтым сезоне зманціравалі стацыянарна сістэму вонкавага водаправода, які абаграваецца. Ён злучае некалькі збудаванняў нашай станцыі і пазбаўляе ад вельмі многіх клопатаў і праблем.

Таксама праводзілася праверка гатоўнасці асноўных сістэм энергазабеспячэння станцыі да будучых зімовачных мерапрыемстваў. «Нашы спецыялісты ў гэтым сезоне зманціравалі поўнасцю аўтаматызаваную сістэму кіравання, кантролю параметраў работы. Гэта значыць, што ўсе чатыры нашы дызель-электрастанцыі аб'яднаны адзінай сістэмай кіравання і кантролю плюс дублюючай. Мы разумеем, што нельга спадзявацца толькі на электроніку, таму ўсё прадубліраванае. Надзейнасць, аўтаномнасць і дубліраванне на выпадак крытычных сітуацый сістэм жыццезабеспячэння былі пацверджаны практычнымі мерапрыемствамі. Таксама былі створаны запасы паліва, арганізавана новая нафтабаза, — падкрэсліў начальнік экспедыцыі. — Мы планамерна, крок за крокам, завяршаем працэс падрыхтоўкі інфраструктуры станцыі да правядзення зімовачных мерапрыемстваў. У дзяржпраграме правядзенне пілотных зімовачных мерапрыемстваў запланавана на 2023 год. Давайце казаць прама: мы павінны перазімаваць, выявіць усе слабыя месцы, правесці работу над памылкамі і толькі пасля гэтага запускаць станцыю ў паўнавартасным круглагадовым рэжыме».

Змена пакаленняў

Яшчэ адзін важны складнік — кадры. За апошнія гады быў створаны істотны штатны састаў, як асноўны, так і дубліруючы. «Сёння ў нас няма дэфіцыту ў спецыялістах ні па навуковых напрамках, ні па тэхнічных, — кажа Аляксей Гайдашоў. — А конкурс у экспедыцыю, як у прэстыжнай ВНУ, — 4-5 чалавек на адно месца. Прызнаюся, што гэты паказчык вельмі радуе».

Дарэчы, як высветлілася, Аляксей Гайдашоў, самы вопытны беларускі палярнік, не любіць, калі яго называюць нязменным кіраўніком усіх беларускіх антарктычных экспедыцый, хоць гэта насамрэч так. Ён падкрэслівае, што павінна быць змена пакаленняў. І ён гэту змену якраз і рыхтуе. У складзе апошняй экспедыцыі былі трое навічкоў. Аляксей Гайдашоў кажа, што навічка навучыць досыць складана: ён можа быць суперпрафесіяналам на Вялікай зямлі, але ў Антарктыдзе вельмі шмат нюансаў, складанасцяў, асаблівыя ўмовы жыцця. Таму кожны пачынае там з чыстага ліста.

Для палярнікаў, якія доўгі час знаходзяцца ва ўмовах ізаляцыі, вельмі важны псіхалагічны складнік. Сёлета экспедыцыі папярэднічаў двухтыднёвы каранцін у Кейптаўне. Знаходжанне ў замкнёнай прасторы стала своеасаблівай трэніроўкай, праверкай псіхафізіялагічнага стану ўдзельнікаў. Усе аказаліся на вышыні. Падчас знаходжання ў Антарктыдзе хлопцы перыядычна праходзілі псіхалагічнае тэсціраванне, іх стан аналізавалі спецыялісты на Вялікай зямлі, што дазволіла папярэджваць непажаданыя сітуацыі і найбольш рацыянальна задзейнічаць іх у розных відах работ. Трэба заўважыць, што апошняя экспедыцыя прадугледжвала шмат менавіта індвідуальнай работы.

Канешне, пасля запуску інтэрнэт-сістэмы новага пакалення знаходжанне ў ізаляцыі значна спрасцілася. Яна дазваляе перадаваць вялікія аб'емы навуковай інфармацыі, фота- і відэаінфармацыі, карыстацца сучаснай тэлемедыцынай. А члены экспедыцыі могуць без праблем кантактаваць са сваімі роднымі ў месенджарах, прычым быць з імі на відэасувязі. «Гэта вельмі якасны крок наперад: як тэхнічны, так і псіхалагічны, — кажа Аляксей Гайдашоў. — Асабліва для пакалення, якое не можа абыходзіцца без гаджэтаў»

Натуральна, усіх цікавіць, як можна трапіць у Антарктыду, бо гэта ж не звычайнае падарожжа і нават не экстрэмальны турызм. Сярод патрабаванняў — добрае здароўе, прафесіяналізм і адказнае стаўленне да справы. Кожны ўдзельнік павінен быць спецыялістам у якой-небудзь з навуковых сфер, прычым вельмі высокага ўзроўню. Акрамя таго, ён мусіць выконваць і работу па іншых профілях. Але галоўнае ва ўмовах ізаляцыі ад Вялікай зямлі — усё ж поўная псіхалагічная сумяшчальнасць удзельнікаў экспедыцыі, іх кантактнасць, камунікабельнасць і маральна-валявыя якасці: каб можна было цалкам давяраць чалавеку, што знаходзіцца побач з табой.

Аляксей Гайдашоў запэўнівае, што дарога ў Антарктыду не закрытая і для жанчын: «Яны працуюць у многіх міжнародных экспедыцыях: хімікамі, біёлагамі, медыкамі... Але, заключыўшы кантракт на работу ў Антарктыцы, жанчына, умоўна кажучы, страчвае свой пол і становіцца проста супрацоўнікам, без усялякіх скідак.. Можа быць, яшчэ наконт прысутнасці жанчын у круглагадовай экспедыцыі я б засумняваўся, але для сезонных экспедыцый гэта нармальная практыка. Дарэчы, калісьці калегі з Вялікабрытаніі, паглядзеўшы фота беларускай палярнай станцыі, вырашылі зрабіць нам заўвагу. Маўляў, вы не захоўваеце гендарную роўнасць. Але мы ім даказалі, што на нашай новай станцыі і для жанчын створаны ўсе бытавыя ўмовы...»


У ка­ман­дзе 14-й Бе­ла­рус­кай ан­тарк­тыч­най экс­пе­ды­цыі пра­ца­ва­лі: Аляк­сей Гай­да­шоў — на­чаль­нік экс­пе­ды­цыі, Аляк­сей Хат­ке­віч — на­чаль­нік се­зон­най па­ля­вой ба­зы, Ула­дзі­мір Не­сця­ро­віч — спе­цы­я­ліст, ме­ха­нік; Ягор Кор­зун — бі­ё­лаг-эко­лаг; Сяр­гей Лю­ты — вя­ду­чы спе­цы­я­ліст, за­гад­чык вы­твор­час­цю хар­ча­ван­ня, Ігар Аляк­се­еў — на­ву­ко­вы су­пра­цоў­нік (фі­зі­ка ат­мас­фе­ры), Сяр­гей Пу­нін­скі — урач-хі­рург; Аляк­сандр Аба­ту­рын — элект­рык, спе­цы­я­ліст па срод­ках УКХ і КВ-су­вя­зі, Юрый Пад­шы­ва­лаў — на­ву­ко­вы су­пра­цоў­нік, ме­тэа­ро­лаг; Мі­ка­лай Зінь­ке­віч — пра­гра­міст і Ар­тур Іваш­ка — ін­жы­нер.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота НАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.