Вы тут

Сціплая прывабнасць вядомых і маладых


Нацыянальная бібліятэка Беларусі пяты раз прымае штогадовы фестываль мастацтва «Арт-Мінск». Ён стаў адным з самых значных мастацкіх мерапрыемстваў краіны як для прадстаўнікоў прафесійнай суполкі, так і для многіх жыхароў і гасцей сталіцы. Маштабнае свята, як адзначаюць арганізатары, падпарадкавана адзінай мэце — падарыць гледачу асалоду ад мастацтва. 


Сёлета «Арт-Мінск» у НББ прысвечаны 955-годдзю горада. У экспазіцыі, якая размясцілася ў галерэі «Ракурс», — работы, здольныя адлюстраваць стылявую, культурную і гістарычную разнастайнасць сталіцы. «Творчая энергія, выканальніцкі талент і шчырая прыхільнасць да роднага горада аб’ядналі аўтараў розных пакаленняў і светапоглядаў, вядомых майстроў і маладых мастакоў. У выстаўцы сугучныя як класічныя жанры і стылі, так і сучаснае мастацтва. Пейзажы, партрэты, нацюрморты, абстракцыя і выяўленчыя эксперыменты прадставяць яскравую панараму сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва», — запрашаюць на выстаўку стваральнікі. Якім ж аўтарамі спрабуюць прывабіць? Генадзь Козел, Максім Бародзіч, Анатоль Лісоўскі, Сафія Піскун, Дзяніс Барсукоў, O.ZHE, Лілія Нішчык, Аксана Місан-Бастрова, Андрэй Савіцкі, Павел Масленікаў, Юлія Мацура, Уладзімір Шапавалаў. 

Галерэя «Ракурс» вельмі прасторная, таму спачатку можа падацца, што твораў у ёй не так шмат. Аднак пасля знаёмства з экспазіцыяй становіцца зразумела: паглядзець ёсць на што, хоць, у адрозненне ад асноўнай пляцоўкі, цэльнай выстаўкі не атрымалася. Толькі пра гэта пазней. Характэрна, што большасць работ някідкія, у нейкім сэнсе стрыманыя. Тычыцца гэта, напрыклад, такой акварэлі, як «Ціхі зімовы вечар. Заслаўе» (2022) Уладзіміра Шапавалава. Мяккі пейзаж, прыемная кампазіцыя, сціплае гучанне асабістага выказвання — што тут казаць, акварэль сама па сабе, як правіла, пяшчотная і далікатная. Вобразнымі эксперыментамі вылучаюцца работы Сафіі Піскун, у тым ліку «Стары сад» (2022) — таямнічы, змрочны і нават непрыемны. Таксама як прыклад — традыцыйнае ў плане задумы і ўвасаблення, у пэўным сэнсе «меладычнае» палатно «Адлюстраванні» (2021) Элеаноры Бубашкінай. 

Прысвячэнне праекта 955-годдзю Мінска можна лічыць намінальным. Па-першае, адразу кідаецца ў вочы «Плынь» (2022) Ганны Кохан, твор абсалютна не пра Мінск, а хутчэй супрацьпастаўленне яму. Зразумела, пэўныя паралелі з іншымі краінамі і народамі заўсёды напрошваюцца, аднак не ў гэтым выпадку. Тое ж можна сказаць і пра даволі прывабны пейзаж (і часткова нацюрморт) «Святло» (2022) Ільі Гічана. Нельга не вылучыць творы мастачкі O.ZHE «Кактус» (2017) і «Сагуара міні (кактус)») (2020) — батанічна-абстрактныя вобразы, якія б маглі стаць часткай асноўнай выстаўкі «Арт-Мінска». У дадзеным кантэксце яны выглядаюць лішнімі, хоць справа тут не ў абстрактнасці. Тыя ж нон-фігуратыўныя работы «Каля падножжа» (2017) Генадзя Козела ці «Вечаровае» (2018) Элеаноры Бубашкінай выдатна адлюстроўваюць канцэпцыю. 

Асобнай гутаркі заслугоўваюць патрэты, сярод якіх — сімвалічная «Вестка» (2021) Аляксандры Чудаковай, выразныя «Выявы сусветных цывілізацый. Дуалізм успрымання» (2021—2022) Ліліі Нішчык, «несур’ёзны» «Падрэ» (2022) Вольгі Паляковай, напаўрэальныя «Вясёлыя хлопцы» (2022) Мікіты Вайлупава… Аднак адразу чапляюць увагу менавіта «Партрэт Уладзіміра Панцялеева» (2015) і «Партрэт мастачкі Валянціны Шобы» (2014). Аўтар — Максім Бародзіч, які працуе над гэтай тэмай ужо некалькі гадоў. Між тым, калі раней творы прысвячаліся невядомым асобам ці людзям, якіх звычайны глядач ведаў у лепшым выпадку толькі па імені, то цяпер параўнаць героя і яго прататып, убачыць падабенства і зразумець ідэю будзе значна лягчэй. 

Крыху асобна ад агульнай экспазіцыі змешчана класічная графіка. На момант наведвання экспазіцыі аўтарам гэтага тэксту работы былі без звыклых подпісаў побач, аднак прыцягвалі нават больш увагі, чым іншыя. Пазнаюцца яны, натуральна, па аўтарскіх подпісах, хоць найперш, вядома, па стылі. Гаворка тут не ў апошнюю чаргу пра Уладзіміра Басалыгу з яго серыяй «Радзіма мая дарагая». Уваходзяць гэтыя работы ў экспазіцыю «Арт-Мінска» ці складаюць яе змест (бо, здаецца, нідзе пра гэта не гаворыцца), не так важна. Яны вартыя глядацкай увагі і адзнакі. 

Выстаўка «Арт-Мінск», згодна з інфармацыяй на сайце Нацыянальнай бібліятэкі, будзе працаваць да 29 чэрвеня. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?