Вы тут

Юнак з далёкіх дваццатых


Верш Уладзіміра Дубоўкі «Памяці Паўлы Жука» — не з тых твораў, якія б добра ведалі прыхільнікі творчасці аднаго з найвыдатнейшых беларускіх паэтаў. Наўрад ці што гаворыць сучаснікам і прозвішча таго, каму ён прысвечаны. Прычына такой невядомасці ў тым, што гэты верш быў апублікаваны ў кнізе «Жук Паўлюк. Яго жыццё і творчасць», што выйшла ў 1925 годзе не ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, створаным у студзені чатырма гадамі раней (цяперашняе выдавецтва «Беларусь»), а, як пазначана ў выхадных даных, — гэта «Выданне групы аграномаў БССР». Аднак кніга гэтая, калі дакладней — невялікі зборнічак, захавалася. Не загубілася: не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло.


Тайну прыадкрыў «спецхран»

Чытачы малодшага пакалення наўрад ці ведаюць, што раней у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У. І. Леніна (сённяшняя Нацыянальная бібліятэка Беларусі) быў так званы «спецхран». У ім захоўваліся выданні — кнігі, газеты, часопісы, доступ да якіх, паводле рашэння партыйнай наменклатуры, быў абмежаваны. Калі пачалася так званая перабудова, забарона гэтая была знята. Неяк праглядаючы ў аддзеле беларускай літаратуры каталог іх, я і натрапіў на картку (ніякага электроннага варыянта на той час яшчэ не было, бо і камп’ютары адсутнічалі), на якой значылася: «Жук Паўлюк. Яго жыццё і творчасць». Мне на той час гэтае імя таксама нічога не гаварыла. Зразумела, што адразу захацелася як мага хутчэй даведацца, хто гэты журналіст, а можа, і забыты пісьменнік. А яшчэ мільганула думка, што няйначай родам са слуцкіх краёў, бо на Случчыне гэтае прозвішча распаўсюджана. 

Час быў ранні, да таго ж суботні, у аддзеле лічаныя чытачы, таму мой заказ выканалі хутка, за некалькі мінут. З хваляваннем адгортваю вокладку: «Гэты сшытачак, — гаворыцца ў прадмове, — змяшчае толькі частку выступленняў у друку Паўлюка Жука, студэнта Ціміразеўскай с.-г. акадэміі без пары памершага 2-га снежня 1924 года ад наскоку трамваю. Тут згуртавана тое, што, здавалася, паказвала шырэй яго багатую натуру. Але і гэта ўжо выразна сведчыць аб глыбокім захапленні і жаданні П. Жука працаваць на карысць працоўных Беларусі». 

Далей паведамляецца, што 7 снежня 1924 года аграномы, былыя студэнты Ціміразеўкі, сабраўшыся разам, вырашылі ўстанавіць стыпендыю імя П. Жука ў памеры 240 рублёў і выплачваць яе «аднаму з выдатнейшых студэнтаў-беларусаў Ціміразеўскай с.-г. Акадэміі». У фонды стыпендыі меркавалася пералічыць і сродкі ад продажу гэтага зборніка.

Наклад не такі малы — адна тысяча асобнікаў. І выйшаў ён не ў Мінску, а ў Бабруйску, у друкарні акруговай газеты «Камуніст». Чаму складальнікі выбралі гэты горад — здагадацца няцяжка. У 1925 годзе адказным сакратаром-рэдактарам «Камуніста» пачаў працаваць Міхась Лынькоў. Міхась Ціханавіч зрабіў вельмі шмат для падтрымкі маладых літаратараў, надаваў вялікую ўвагу асвятленню на старонках газеты пытанняў культуры, тых адраджэнскіх працэсаў, што адбываліся ў Савецкай Беларусі. 

Два лёсы — дзве трагедыі

Дык чым усё ж цікавы гэты Павел Жук, што было вырашана так увекавечыць яго памяць? З «кароткага жыццяпісу» даведваюся, што інтуіцыя мяне не падвяла. Ён сапраўды родам са слуцкіх краёў. Нарадзіўся ў лістападзе 1899 года ў вёсцы Падліпцы, а гэта цяперашні Слуцкі раён, у сям’і незаможнага селяніна. Вучыўся ў Слуцкай камерцыйнай школе. У 1920 годзе «праслухаў Слуцкія курсы беларусазнаўства», дзе пазнаёміўся з маладой беларускай літаратурай. У пачатку 1921-га паехаў у Маскву. Спачатку вучыўся на рабфаку пры Ціміразеўскай сельскагаспадарчай акадэміі, а, стаўшы студэнтам, чатыры гады «з’яўляўся адным з упартых і выдатных працаўнікоў сярод беларускага студэнцтва».

Гэта быў усебакова развіты малады чалавек, які, вітаючы змены ў жыцці грамадства і акрылены імі, не толькі літаратурай цікавіўся, але і эканамічнымі магчымасцямі Беларусі. Сярод сяброў стаў крылатым яго выраз: «Балоты — наша нацыянальнае багацце; наш лес — гэта золата балот беларускіх». Рэгулярна друкаваўся ў часопісах «Беларускі гаспадар», «Полымя», «Маладая Беларусь», газетах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», а таксама ў выданнях Гомеля, Віцебска, Магілёва. 

Аднак жыццё яго рана забраў трагічны выпадак. Трапіў пад трамвай «у пяці мінутах ходу» ад акадэміі і «праз дзве гадзіны памёр у Бутырскай бальніцы». Пахавалі яго на могілках Галовінскага манастыра поруч з сястрой Максіма Гарэцкага Ганнай, таксама студэнткай Ціміразеўкі, якую трагічны лёс напаткаў у верасні 1922 года. Пазнаць сябе — пазнаць свой край

Біяграфія Паўла Жука, як бачым, тыповая для першых гадоў савецкай улады. Многія сялянскія дзеці рваліся ў гарады, шукаючы пуцявіны для авалодвання ведамі. Аднак ён належаў і да тых, хто быў асабліва апантаны ідэямі нацыянальнага адраджэння. Перакананы ў тым, што для пабудовы новай Беларусі неабходна «зарганізаваць усе нашы інтэлігентныя сілы», у гэтай важнай і няпростай справе вялікую ролю адводзіў нацыянальна свядомай моладзі. 

Такімі думкамі, у прыватнасці, прасякнуты яго артыкул «Аб беларускім студэнцтве», апублікаваны ў 1922 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь». Адзначыўшы нябачную раней цягу юнакоў і дзяўчат да ведаў (толькі з аднаго тагачаснага Слуцкага павета разам з ім у акадэміі вучылася дванаццаць чалавек), ён пісаў: «Цяпер наш святы абавязак перад адраджэннем Беларусі і яе прагрэсам зрабіць так, каб усе гэтыя жывыя, маладыя, поўныя творчай сілы не зыходзілі на бок, не лезлі туды, дзе жывецца весялей і вальготней, чым у “спрадвечна заплаканым краю”, а працавалі дома. На гэта павінна звярнуць асаблівую ўвагу наша Савецкая Беларусь, як Рэспубліка, паставіўшая сваёй мэтай адраджэнне беларускай культуры і яе гаспадарчасці, нашы грамадзянскія і дзяржаўныя ўстановы, асабліва Народны Камісарыят Асветы, Народны Камісарыят Земляробства».

Быў перакананы, што «Беларусі патрэбны абавязкова сыны свае, узброеныя шырокімі пазнаннямі ва ўсіх напрамках, ва ўсіх галінах навукі. Нашым дэвізам павінна быць высунутая жыццём і пацверджаная гісторыяй ісціна: “Пазнай самога сябе — пазнай свой край”».

Умеў Павел Жук адчуваць перспектыву, урастаў ва ўсе нацыянальныя праблемы: «Шмат багаццяў ёсць у нас, ніхто пра іх не ведае і не хоча ведаць. Трэба толькі ўмець ім знаць, як скарыстаць гэтыя багацці, а ці страшна работа такому працавітаму народу, як беларускі, і мы зробім з забытае і забітае Беларусі эканамічна багатую і культурна развітую Данію, а з “пагарджанага век сляпога, глухога”, пакорнага ўсякаму начальству беларуса — добрага гаспадара, свядомага грамадзяніна». 

Без энцыклапедыі як без рук

Беларусь жыла ў яго душы. Не толькі тая, сучаснікам якой з’яўляўся і на адраджэнне якой часам, магчыма, глядзеў празмерна рамантычна, выдаючы жаданае за рэальнае. Павел Жук задумваўся і аб дні наступным. Ён верыў, што ў Беларусі незалежнай, сапраўднай суверэннай дзяржаве яму жыць. Значыць, ужо трэба ўсё рабіць дзеля таго, каб паспяхова развівалася нацыянальная літаратура, культура.

Клопатам аб нацыянальным адраджэнні прасякнуты і артыкул «Аб беларускай тэрміналогіі». Рашуча адстойваў права народа на сваё нацыянальнае жыццё: «Аб беларускай мове, як такой, не можа быць ніякай спрэчкі. Яна атрымала поўнае грамадзянскае раўнапраўе паміж усімі нашымі культурнымі мовамі… Праца на ўзбагачэнне мовы, збіранне народных слоў, сказаў ды зваротаў яшчэ не пачата. Патрэба пэўна ўстаноўленай, зразумелай нашаму народу тэрміналогіі ўсім відавочна і не патрабуе тлумачэння. За падмогаю ў гэтай справе мы павінны звярнуцца да тварца мовы — к беларускаму народу. Толькі там, у тварца мовы павінны чэрпаць усе словы і ўсе тыя, хто піша свае творы, выдае газеты і кніжкі на беларускай мове». 

Яшчэ толькі 1922 год, а ён, усяго толькі студэнт, марыць ужо аб тым, аб чым рупіліся вядомыя навукоўцы. Быў упэўнены, што неабходна паклапаціцца аб «выданні беларускай энцыклапедыі». Калі вялікая ўвага надавалася нацыянальнаму адраджэнню, разумеў, што поспех магчымы толькі тады, калі яна стане па-сапраўднаму ўсенароднай справай. Гэтаксама разумеў, якая вялікая роля належыць мастацкаму слову: «У кожным беларускім горадзе, у кожным мястэчку, у кожнай ваколіцы, пры кожнай хаце-чытальні трэба мець беларускую бібліятэку… Трэба таксама адчыніць, дзе ёсць магчымасць, беларускія кнігарні, або распачаць продаж беларускіх кніг пры працуючых кнігарнях. Грошай на стварэнне беларускіх бібліятэк шкадаваць не трэба, іх з працэнтам верне культурная і свядомая грамада».

Запісы на будучыню

У блакнотах Паўла Жука засталося нямала запісаў, якія б, калі б не яго такая ранняя смерць, безумоўна, знайшлі сваё ўвасабленне ў крытычных артыкулах, выступленнях. Аднак і ў пачатковым выглядзе яны ўяўляюць цікавасць скандэнсаванасцю думкі, важнасцю ўзнятых пытанняў. Вось, напрыклад, развагі «Аб дзіцячых гульнях»: «…настаўніку варта заняцца вывучэннем мясцовых гульняў дзяцей, запісаць іх, адмеціць, што ў іх кепскага, што добрага, што развівае ў дзяцей лоўкасць, што карысна для арыфметыкі, што патрэбна для гімнастыкі памяці і г. д.» Ці возьмем такую занатоўку: «Заданне — як найлепей і паўней скарыстаць агранамічныя сілы — будзе вырашана толькі тады, калі агранамічныя веды пацякуць у вёску не толькі шляхам прапаганды словам і справай, але і шляхам жывога пісанага слова — праз вясковую гаворку і сельскагаспадарчы часопіс, папулярную агранамічную літаратуру». У яго блакнотах захаваліся і перапісаныя ад рукі любімыя вершы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Цішкі Гартнага… «Штотыднёвік П. Жука» захаваў і выказванні знакамітых людзей, якія імпанавалі яму. 

Можна толькі гадаць, кім бы стаў Павел Жук. У адным няма сумнення: на якую б жыццёвую, прафесійную сцяжыну ён ні ступіў, застаўся б сапраўдным беларусам. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.