Вы тут

Беларускія тканіны, адзенне і абутак заваёўваюць рынкі Расіі


Тавары беларускай лёгкай прамысловасці будуць больш актыўна выходзіць на рынкі Расіі, у прыватнасці, у такія гарады, як Навасібірск, Екацярынбург, Барнаул, Іркуцк. Гэта дазволіць прадпрыемствам пераарыентаваць экспарт. Адгрузкі ў рэгіёны Расіі ужо ідуць больш актыўна, чым летась: за чатыры месяцы іх рост складае 15-28%.


Як расказала старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, у 2021 годзе беларуская легкая прамысловасць спрацавала добра: аб’ём вытворчасці склаў 110%, экспарт — 120%, прадпрыемствы атрымалі 202 мільёны рублёў прыбытку. Сёлета стратэгія прысутнасці на рынках тых ці іншых краін змянілася.

— Рынак Украіны, Заходняй Еўропы, Амерыкі займаў немалую долю ў нашым экспарце — каля 22%. У прыватнасці, рынак Украіны складаў 12%. Цяпер стаіць задача па замяшчэнні іх на іншыя рынкі. І дарожныя карты, падпісаныя летась з Расіяй, адыгрываюць сваю ролю ў хуткасці наладжвання бізнес-працэсаў. Найперш мы разглядаем Заўралле, як рэгіён, дзе нашы прадпрыемствы маглі б быць лепш прадстаўлены, хоць з-за складанай лагістыкі і прысутнасці там кітайскага і турэцкага тавару гэта няпроста. У нашых прадпрыемстваў быў вопыт працы ў гэтым рэгіёне. Аднак апошнія 10-15 гадоў там было прадстаўлена 6-7 прадпрыемтваў — у рознічным гандлі гэта як правіла, «Мілавіца», «Контэ», «Белвест», «Марко», «Маркфармэль». Цяпер стаіць задача прыбываць масава брэндамі, каб гэта былі нашы аптовыя цэнтры, і мы іх самі кантралявалі. Гэта мусіць быць 12-14 прадпрыемстваў у адной кропцы, — расказала Таццяна Лугіна.

Акрамя таго, як адзначыла старшыня канцэрна, на рынках Казахстана, Арменіі, Азербайджана таксама ёсць нішы, якія могуць заняць беларускія тавары.

Фота БелТА

— Рынак Кітая яшчэ не адкрыўся пасля лакдаўна, але мы таксама бачым задачу, акрамя сыравіннага складніка, уваход на яго з нейкай сваёй, беларускай гісторыяй, — расказала Таццяна Лугіна.

Што датычыцца санкцый, якія паўплывалі на рамонт і абнаўленне вытворчага абсталявання, якое на шэрагу прадпрыемстваў еўрапейскае, то большасць праблем вырашана.

— Пастаўкі наладжваюцца, магчыма, не так хутка, як раней, бо з’яўляюцца дадатковыя ланцужкі ў лагістыцы, але, як паказаў вопыт, усё можна вырашыць. Пакуль у нас пытанне толькі з заменай украінскай гліны, з якой працуе Добрушскі фарфоравы завод. Усе 16 узораў, якія мы атрымалі з паўднёвых рэгіёнаў Расіі, з Турцыі, Узбекістана не маюць той белізны, якая нам неабходная. Але мы над гэтым працуем, — расказала кіраўнік канцэрна.

Пры гэтым яна падкрэсліла, што сітуацыя прымусіла выявіць шэраг пазіцый для імпартазамяшчэння:

— Кожны месяц на «Віцебскія дываны» мы завозілі з Саудаўскай Аравіі 12 фур грунтовай тканкі — гэта вялікія аб’ёмы. Прааналізавалі, што перашкаджае нам яе вырабляць, і высветлілася, што ўся справа толькі ў шырыні ткацкага станка. Працуем над тым, каб паставіць неабходнае абсталяванне і вырабляць яе ў сябе.

У краіне працуе каля 2 тысяч прадпрыемстваў, якія вырабляюць тавары лёгкай прамысловасці, з іх 54 уваходзіць у склад канэрна «Беллегпрам». Штогод на экспарт яны пастаўляюць прадукцыі на 1 мільярд 800 мільёнаў долараў, з іх канцэрнаўскія прадпрыемствы — на 500 мільёнаў. У галіне лёгкай прамысловасці занята каля 55 тысяч работнікаў, 80% з іх — жанчыны. Летась прадпрыемтсвы лёгкай прамысловасці на аднаго беларуса вырабілі 15 м2 тканіны, 2,3 м дывановых вырабаў, 16 пар панчох і шкарпэтак, 1 пару абутку.

— Лёгкая прамысловасць займае 1,2% ВУП. І не ў кожнай краіне дзяржава надае ёй столькі ўвагі. У нас дзякуючы ўвазе кіраўніка дзяржавы і урада наша галіна развіваецца. Ніводнае прадпрыемства ў нас не спынілася, — падкрэсліла Таццяна Лугіна.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?