Вы тут

Як маладыя таленавітыя музыкі ўтварылі ўнікальны арганны дуэт


Вялікі арган, які нагадвае касмічны карабель, на сцэне філармоніі. Узвышаная духоўная музыка. І дзве далікатныя дзяўчыны за інструментам. Такі эфектны дуэт выклікае цікавасць самых розных гледачоў. 


Музыка іх звязала

Лізавета Марозава і Ганна Горбач знаёмыя 8 гадоў. Ліза з Гомеля, Ганна з Мінска. Абедзве нарадзіліся ў адзін дзень (11 жніўня) з розніцай у два гады. Скончылі акадэмію музыкі па класе фартэпіяна і аргана. І вось ужо тры гады выступаюць разам. За гэты час унікальны для Беларусі інструментальны ансамбль атрымаў першую прэмію VII Міжнароднага конкурсу арганных дуэтаў «Organo Duo» імя В.А.Федэрмесера (Петразаводск) і знайшоў сваіх шчырых прыхільнікаў. 

— Я з сям’і, дзе традыцыйна прытрымліваліся каталіцкага веравызнання, — расказвае Ганна Горбач. — З дзяцінства наведвала касцёл Святога Роха на Залатой Горцы. Яшчэ калі вучылася ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, сёстры-манашкі бачылі мяне ў будучыні арганісткай храма. Паступіўшы ў акадэмію музыкі ў клас фартэпіяна да дацэнта В.А.Дулава, дакладна ведала, што з другога курса пачну займацца яшчэ і ў класе аргана ў У.В. Неўдаха. 

— У мяне іншая гісторыя. Ужо стаўшы студэнткай БДАМ, аднойчы наведала канцэрт класа аргана, у якім удзельнічала і мая, на курс старэйшая, суседка па пакоі ў інтэрнаце, — далучаецца да размовы Лізавета Марозава. — Гэта зрабіла на мяне велізарнае ўражанне, адразу захацелася асвоіць такі неверагодны інструмент. Разумела, што будзе складана вучыцца адразу па дзвюх спецыяльнасцях, і ўсё ж папрасілася ў клас да Уладзіміра Васільевіча Неўдаха. Яшчэ скончыла факультатыўны курс «Мастацтва звону» і адначасова аж да 5 курса займалася на факультатыве «Аўтэнтычная манера выканання старадаўняй музыкі на гістарычных флейтах».

Адраджэнне арганнай культуры пачалося ў Беларусі толькі ў канцы XX стагоддзя. Клас, якім кіруе дацэнт БДАМ У. В.Неўдах, сёлета адзначае сваё 20-годдзе. Арганістаў у нашай краіне пакуль няшмат, а дуэтаў яшчэ менш. І гэта зразумела. Музыкі, як правіла, вялікія індывідуалісты. Для таго каб аб’яднацца ў ансамбль, творчыя асобы павінны быць зацікаўлены ў супрацоўніцтве, шмат у чым супадаць. Дуэт Лізаветы Марозавай і Ганны Горбач вырас з сяброўскіх адносін, няўрымслівасці, творчай прагнасці і рызыкі. Абедзве перакананыя: «Самае страшнае ў дуэце — таемныя крыўды. Адносіны павінны быць адкрытымі і сумленнымі».

За тры гады дзяўчыны выдатна «сыграліся», напрацавалі цэлую сістэму адмысловых знакаў, якія падаюць адна адной у выпадку няштатных сітуацый падчас выступаў.

Прэм’ера іх дуэту адбылася на канцэрце ў Верхнім горадзе. Поспех у публікі вельмі натхніў абедзвюх. Неўзабаве іх запрасілі на канцэрт з нагоды адкрыцця адноўленага аргана ў касцёле святых Пятра і Паўла ў вёсцы Мядзведзічы. Пасля гэтага выконвалі фугі, прэлюдыі, п’есы і ў іншых касцёлах Беларусі.

Ганна Горбач і Лізавета Марозава лічаць: арган падыходзіць ім па мысленні і характары. Ён вельмі няпросты. Зусім не выпадкова яго завуць каралём сярод музычных інструментаў. Падчас выканання ў музыкаў «уключаюцца» усе зоны мозгу. У адрозненне ад фартэпіяна сіла гуку ў аргане не залежыць ад сілы націску. Гэты клавішна-духавы інструмент патрабуе выдатнай каардынацыі — бо пры выкананні задзейнічаны не толькі рукі, але і ногі.

— Мастацтва арганіста не толькі ў тым, каб правільна сыграць ноты, — тлумачыць Ганна Горбач. — Трэба выдатна ведаць музычны твор, добра валодаць тэорыяй — інакш не падбярэш рэгістры (шэраг труб аргана аднолькавага тэмбру. — Заўв. аўт.) для канкрэтнай залы.

Арганістам, як шахмацістам, патрэбна прадумаць будучую музычную «партыю». Забыўся прапісаць адзін рэгістр для асістэнта, і твор загучыць зусім інакш. Таму нараўне з творчым тэмпераментам і палкасцю так важна развіваць у сабе «матэматыка».

— Абавязкова трэба разумець, што адбываецца ўнутры інструмента, улічваць акустычныя магчымасці залы і набор рэгістраў канкрэтнага аргана, каб уяўляць, як музыка прагучыць менавіта ў гэтым памяшканні, — дапаўняе Лізавета. — У нейкай меры арганіст — сааўтар твора. Адну і тую ж фугу ці п’есу на аргане можна выканаць вельмі па-рознаму.

Аня і Ліза свядома выбіраюць музыку розных эпох, стыляў, жанраў. Яны адчуваюць цікавасць да аргана з боку не толькі прафесійных музыкаў і вернікаў, якія прыходзяць на службу ў касцёлы, але і людзей самых розных прафесій і поглядаў.

— Часам саджуся ў зале і назіраю за слухачамі, — дзеліцца Лізавета Марозава. — Мне здаецца, публіка маладзее. Цешыць, што паслухаць арган прыходзяць юнакі і дзяўчаты, бацькі з дзецьмі школьнага ўзросту. Памятаю, як на нашым трохгадзінным канцэрце гледачы сядзелі да самага завяршэння і праводзілі нас авацыямі. Пры знаёмстве з новымі людзьмі таксама адчуваю цікавасць, калі расказваю, на якім інструменце граю. Усе творы для аргана — і рэлігійныя, і свецкія — напоўнены духоўнымі сэнсамі. Калі выконваеш іх, быццам узвышаешся над усім мірскім, становішся крышачку бліжэй да Бога.

— Падчас выканання ў касцёле часта адчуваю, што ўзнікае нейкая аўра, сфера духоўнасці, нешта незямное, і ад вернікаў праз мяне ідзе нейкае пасланне, зварот да Бога, — прызнаецца Ганна. — Часам звычайныя людзі прыходзяць на арганны канцэрт у касцёл і пачынаюць цікавіцца яго жыццём. А ёсць прыхаджане касцёла, аматары арганнай музыкі, якія рэгулярна наведваюць нашыя канцэрты ў філармоніі.

Вучыць іншых — удасканальваць сябе

Абедзве выканаўцы не толькі граюць у храмах і канцэртных залах Беларусі, але і навучаюць гэтаму іншых. Ганна Віктараўна Горбач — старэйшы выкладчык на кафедры спецыяльнага фартэпіяна БДАМ. Лізавета Вячаславаўна Марозава выкладала ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры БДАМ, цяпер дае прыватныя ўрокі (у тым ліку анлайн) па ўсім свеце.

— Калі вучыш іншых, лепш бачыш недахопы і імкнешся сам іх не дапушчаць. Гэта развівае, удасканальвае цябе прафесійна, — упэўнена Лізавета Марозава. — Але калі шмат выкладаеш, то мала часу застаецца на свае выступы. Таму стараюся захоўваць баланс паміж уласнай канцэртнай дзейнасцю і настаўніцтвам. Сваім вучням імкнуся быць сябрам. Для мяне не так важна, ці абяруць яны музыку сваёй прафесіяй, галоўнае, каб нашыя заняткі ўспаміналіся імі з радасцю, каб музыка назаўжды пасялілася ў іх сэрцы.

— Выкладанне — гэта самаахвяраванне, — перакананая Ганна Горбач. — Сваім вучням аддаеш энергію і веды. Разам з тым у творчых зносінах з імі, ва ўзаемным абмене думкамі, часта адкрывеш новыя магчымасці выканання, новыя сэнсы, якія заклалі кампазітары ў свае творы, — вельмі верагодна, у адзіночку іх не заўважыла б.

Дзяўчаты да гэтага часу звяртаюцца да сваіх педагогаў, жадаючы пачуць іх меркаванне, дзе і што ў іх не атрымліваецца. Выступаючы на канцэртах разам з Уладзімірам Васільевічам Неўдахам, заўсёды цікавяцца яго ацэнкай іх выканання. 

Гаючая сіла

Лізавета Марозава і Ганна Горбач не прывыклі сядзець на адным месцы, яны лёгкія на ўздым, ім падабаецца рухацца наперад, падарожнічаць. Абедзве бываюць запальчывыя, але ўмеюць і саступаць. Яны адкрытыя і таварыскія, але калі стамляюцца, любяць трохі пабыць у цішыні і адзіноце. Духоўная блізкасць, падабенства характараў, не перашкаджаюць ім захоўваць індывідуальнасць.

Ліза апроч фартэпіяна, аргана, клавесіна і званоў, вучыцца зараз граць яшчэ на ўкулеле і блокфлейце. Марыць асвоіць скрыпку і карыльён. Вучыцца на курсах ваджэння. Яшчэ любіць смачна гатаваць і маляваць. У дарогу заўсёды бярэ фарбы і пэндзлікі. Ганне падабаецца падарожнічаць па гарадах і мястэчках Беларусі, знаёміцца з архітэктурнымі і гістарычнымі славутасцямі. Лепшае месца адпачынку для яе — якая-небудзь глуш. У мінулым годзе разам з сябрамі адправілася на Палессе і ўспамінае гэтыя дні з захапленнем. Штодня дабіраецца з загараднага дома ў Мінск на ровары, выконваючы ўсе дэдлайны. 

Распавядаць пра сваё асабістае жыццё мае суразмоўніцы не пажадалі. Але запэўнілі: з ім у іх усё ў парадку.

Сучасныя маладыя дзяўчаты — мэтанакіраваныя, працавітыя, арганізаваныя, энергічныя, цэняць адукацыю і культуру, маюць шырокае кола інтарэсаў. А яшчэ любяць музыку і чуюць яе літаральна ва ўсім — у кроплях дажджу, якія стукаюць па асфальце, у спевах птушак і мяўканні коткі, у гуках аўтамабіляў, у шуме дрэў, у размовах з сябрамі. І Лізавета, і Ганна сумняваюцца ў тым, што музыка выратуе ўвесь свет, як бы гэтага асабіста ім не хацелася б. Але пры гэтым вераць у гаючую сілу мастацтва, у яго здольнасць акультурваць людзей, узвышаць іх. Няхай не ўсіх і незаўсёды. Хай хаця б кагосьці, хаця б на той час, пакуль яны граюць. Пакуль гучыць арган.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіву суразмоўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».