Вы тут

Сучасны сэрвіс уздоўж дарог Беларусі павялічвае прапановы


Беларускія транспартнікі імкнуцца да комплекснага развіцця аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу, дзе можна было б адпачыць усёй сям'ёй, а забаўкі для сябе маглі б знайсці і дзеці, і хатнія гадаванцы. Аднак пакуль такія аб'екты найчасцей утылітарныя: прыехаў-заправіўся-паеў-паехаў. А вось сучасныя аўтазаправачныя станцыі краіны сёння ўжо становяцца не проста месцам для запраўкі, а шматфункцыянальнымі комплексамі. Сёлета ў сталічным рэгіёне з'явяцца дзве новыя АЗС, каля дзясятка аб'ектаў у краіне будуць маштабна рэканструяваны, а насамрэч — амаль збудаваны нанова, каля 40 — мадэрнізуюць. Як развіваецца прыдарожны сэрвіс у Беларусі, расказалі эксперты.


Крытэрыі зручнасці

Яшчэ ў 2011 годзе абавязковым патрабаваннем да аб'екта прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі стала наяўнасць умоў для перасоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Такое патрабаванне існуе не ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Цяпер гэтыя правілы выконваюцца на новых і тых, якія рэканструіруюцца, аб'ектах — як на іх тэрыторыі (стаянкі, паркоўкі, падыходы), так і ўнутры будынкаў і санітарных збудаванняў, расказаў Сяргей Лявончык, начальнік упраўлення развіцця аўтамабільных дарог галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый.

— Мы пайшлі па нямецкім шляху развіцця аўтабанаў, калі праз кожныя 50—60 кіламетраў будуецца аб'ект з максімальным наборам паслуг, пачынаючы ад звычайнага адпачынку на шляху прыпынку да набыцця тавараў у дарогу і магчымасці пераначаваць у гасцініцы. На галоўных магістралях краіны цяпер працуе 387 аўтазаправак, 50 гасцініц, 43 аўтамыйкі, 19 матэляў (кемпінгаў), 537 аб'ектаў харчавання, 70 пунктаў тэхнічнага абслугоўвання.

Сярод абавязковых патрабаванняў да аб'ектаў — наяўнасць стаянак: не менш як пяці месцаў для велікагрузаў, пяці — для легкавых аўтамабіляў, двух — для аўтобусаў турыстычнага класа.

Любы прадпрымальнік, пачынаючы сваю справу, павінен разумець, у якіх умовах ён будзе працаваць, таму Міністэрства транспарту выступае за стабільную заканадаўчую базу ў гэтым кірунку, а значыць, існуючую базу трэба захаваць.

— Чалавек, які ўкладвае свае сродкі, павінен ведаць, што яму будзе цалкам належаць пэўны аб'ект. Зямельны ўчастак выдзяляецца для выкарыстання на тэрмін ад 50 да 99 гадоў без аўкцыёну, за выключэннем прыгарада Мінска і абласных цэнтраў, дзе падобных аб'ектаў дастаткова.

У межах дарожнай карты па развіцці дарожнай інфраструктуры спецыялісты правялі своеасаблівае тэсціраванне дзясяткаў аб'ектаў, наведваючы іх як звычайныя асобы. Разглядалі аб'екты з пункту гледжання зручнасці па васьмі асноўных крытэрыях: ад лёгкасці арыентавання на аб'екце, яго абазначэння і якасці абслугоўвання да чысціні санітарных збудаванняў, у тым ліку наяўнасці ў апошніх бескантактных сродкаў (дазатараў, рукамыйнікаў, сушылак). Палова прыдарожных аб'ектаў у краіне, дарэчы, належыць замежным ці прыватным арганізацыям.

Раней людзі часцей бралі ежу з сабой у дарогу. Цяпер жа яны прыходзяць на аб'екты і хочуць паспрабаваць нейкія новыя стравы, параўнаць гатункі кавы, жадаюць нейкага руху, напрыклад, атрымаць цікавую забаву, заўважыў Сяргей Лявончык.

Планаграмы для крам і стаянкі для караванераў

На аўтазапраўках увага найперш удзяляецца якасці паліва і яго пастаяннай наяўнасці, кантралюецца яго дастаўка на ўсіх этапах руху: ад нафтаперапрацоўчага завода да нафтабазы і непасрэдна да АЗС. Аднак тут прапануецца і шэраг іншых паслуг, бо кіроўца на шляху хоча адпачыць, пад'есці, выпіць кавы, прывесці сябе ў парадак, заўважыў Сяргей Каморнікаў, намеснік генеральнага дырэктара па забеспячэнні вуглевадароднай сыравінай і рэалізацыі прадукцыі «Беларуснафты»:

— У аб'яднанні «Беларуснафта» функцыянуе 575 аўтазаправачных комплексаў (больш як 300 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу і аб'екты, якія змешчаны ў гарадах, раённых і абласных цэнтрах). Актыўна развіваецца сістэма грамадскага харчавання — на 360 АЗС ужо ёсць кафетэрыі, а пяць гадоў таму іх было толькі 215.

Другі напрамак развіцця — гандаль. На запраўках працуе 425 крам. Для іх распрацаваны адзіныя планаграмы, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад месцазнаходжання запраўкі (на трасе ці ў горадзе). Асартымент і попыт на пэўных аб'ектах адрозніваюцца. Але абавязкова ёсць тэхнічныя вадкасці і нават пэўныя запчасткі, а таксама перакусы ў дарогу і вада.

Амаль на ўсіх запраўках (400 аб'ектах) абавязкова прысутнічае бясплатная кропка Wі-Fі і такія базавыя паcлугі, як пыласос і падпампоўка шын. Хаця з апошнім існуюць пэўныя праблемы ўзімку, калі тэмпература значна паніжаецца, і не ўсё абсталяванне здольнае працаваць. Сучасныя аб'екты камплектуюць такім чынам, каб нават пры тэмпературы мінус 10 і 15 °С падпампоўка колаў і пыласос працавалі, запэўніў спецыяліст.

Спрабавалі развіваць і стаянкі для караванераў — асоб, якія падарожнічаюць на «дамах на колах». У Беларусі 19 такіх месцаў, дзе можна зарадзіць акумулятар, зліць і заправіць ваду. На некаторых запраўках ёсць аўтамыйкі і СТА, аднак гэта больш справа малога бізнесу — такія аб'екты з'яўляюцца побач з запраўкамі. На асобных АЗС ёсць пункты-дазатары, дзе можна заліць у велікагрузы вадкасць AdBlue ці яго аналагі, што патрабуецца міжнароднымі перавозкамі.

Канкурэнцыя і мадэрнізацыя

Практычна ўся тэрыторыя краіны пакрыта сеткай заправак, каб забяспечыць палівам усіх аўтамабілістаў. Аб'екты знаходзяцца на адлегласці 25—30 кіламетраў, таму новыя АЗС будуюцца, як правіла, калі з'яўляюцца новыя дарогі ці павялічваецца горад. Спецыялісты больш скіраваны на мадэрнізацыю аб'ектаў і абсталявання на іх, падкрэсліў Сяргей Каморнікаў.

Ёсць прыдарожныя аб'екты, якія існуюць шмат гадоў, набор паслуг у якіх не надта павялічваецца, і пэўны час людзей гэта задавальняе. Аднак калі адбываецца рэканструкцыя АЗС на гэтым участку дарогі, то людзям хочацца больш якаснага, сучаснага, чыстага дызайну і прасторы. І падарожнікі адразу пераключаюцца на аб'екты ў складзе АЗС. Тут і стаянка, і асвятленне, і магчымасць адпачыць у вячэрні час. Фактычна, такія аб'екты становяцца пунктамі для баўлення часу месцічамі, а старыя аб'екты адыходзяць на другі план, дадалі эксперты.

Калі ёсць канкурэнцыя, ёсць і якасць паслуг, бо ад стаўлення да спажыўца залежыць і напаўняльнасць, і запатрабаванасць імі аб'ектаў. Калі з'яўляецца новая АЗС, то некаторыя прыдарожныя аб'екты, якія маральна састарэлі, выводзяцца з ужытку, і кліенты пераключаюцца на новыя. Інфармацыю пра месцазнаходжанне, кошт і віды паліва на АЗС падарожнікі могуць, дарэчы, знайсці праз інтэрнэт, каб выбудаваць сабе адпаведны маршрут.

Дарожнікі вывучаюць трафік на дарогах, каб зразумець, ці ёсць сэнс інвеставаць грошы ў пэўныя аб'екты. Пралічваецца і грузапаток, і набыццё тавараў, і якасць абслугоўвання (для работнікаў АЗС ствараюць спецыяльныя навучальныя ролікі пра тое, як прыгатаваць страву, заправіць бак, расставіць тавар на паліцах). Калі відаць, што мадэрнізацыя аб'екта акупіцца праз сем гадоў, у яго ўкладуць грошы. Галоўная задача — развіваць сэрвіс так, каб людзі, праязджаючы па дарогах, ганарыліся ім, адзначаюць спецыялісты дарожнай галіны.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».